На дне: без рамантыкі /з штодзённіка палітарыштанта/

Тым, каго выхоўвалі савецкія фільмы, скажу адразу: няма тут ані шашлыкоў, ані кампоту)

Дзяржава для народа! – "крычалка" ўраду.

Міліцыя з народам! – "крычалка" апазыцыі.





У адстойніку

Сёння, 14 лістапада, 8-ы дзень галадоўкі й майго зняволення, трое сутак, як я ў пакаранне за шматлікія скаргі й патрабаванні, сяджу ў "адстойніку" (камора N1). Адстойнік – гэна невялічкая, 4Х4м, самая брудная й смуродная, вільготная, цёмная й халодная камора ў турме. Адстойнік настолькі змрочны, што ня толькі чытаць, але-й нават напісаць скаргу тут немагчыма, не спаліўшы зроку. Звычайна п'яніцы й дэбашыры цверазеюць тут, чакаючы на канвой у суд. Камора кутняя, на 1-ым паверсе турмы, проста над падвалам і насупраць уваходных дзвярэй й часта адчыненага міліцыянтамі вакна. Батарэі-ж ацяплення тут адмыслова зашытыя дошкамі й ДГ-плітамі, якія на дотык ХАЛОДНЫЯ! Калі яны нешта й грэюць, то хіба толькі cцены. Калі мяне аднаго прывялі сюды ўпершыню, у пустую камору, ногі закалелі за дзясятак хвілін. Думаў, да ранку не дацярплю) Нічога, выжыў і працягваю радавацца жыццю.




Тое, што "хата" нежылая, пацвяржаюць і наступныя факты: тут немагчыма жыць – нельга пасушыць памытыя шкарпэткі ці бялізну, зрабіць з "чарнушкі" "сухарыкі" да чаю, няма палічкі, каморнага агульнага кубка, аніразу тут не далі ня тое, што швабры, але й нават мяцёлкі з саўком, няма чым мыць посуд.

Зараз глыбокая ноч. Мае сукаморнікі, а іх шэсць, спяць. Яны проста перада мною, ляжаць упокат на адным, агульным, халодным драўляным насціле, без пасцеляў, на голых дошках. Спяць, шчыльна датыкаючыся адзін да днаго, беларусы-браты: Саша-напаўбамж-напаўалкаш, Роман-маладафронтавец і тры злодзея, якіх тут яшчэ называюць "мелкие хищники"), Саша, Ігар і Саша. Чацверты злодзей, таксама Саша, з-за недахопу месца на драўляных подмасцях спіць сярод смецця, вільготнага абутку й "кешароў" на бруднай, згнілай і праламанай ля "ачка", падлозе. Мы літасціва насцялілі яму "гняздо" – пасцелю з газэтаў (перададзеным сваякамі й сябрамі палітвязняў), ад якіх тут няма іншае карысці.




Насамрэч, у каморы каштоўнае ўсё, тым больш для непалітычных арыштантаў, якім (за вельмі рэдкім выключэннем) ніхто анякіх перадачаў ніколі не прыносіць. Саша-IV чакае на суд за тое, што выпіўшы "з гарла" две бутэлькі яблычнага пуншу (0,7), пайшоў у найбліжэйшую краму й скраў там двохлітровую бутэльку піваса. Роман закідаў яйкамі статуй расейскага камуністычнага правадыра-ката Леніна ў дзяржаўнае свята дыктатарскае Беларусі – "День Великой Российской Октябрьской Социалистической Революции", які нідзе ў свеце болей не святкуецца. Я прысвячаю гэнаму "святу" верш-пародыю на песьню Каслукі "Красный день календаря – это Родина моя".

"Нужная" вещь

День Седьмого Ноября -

Это Родина моя.

Двадцать Третье Февраля -

Вместо папы у меня.

А Восьмое Мартабря -

Это матушка моя.

Знает пусть любая тварь -

Я – СОВЕТСКИЙ КАЛЕНДАРЬ!

Я в сортире вишу на стене.

Моя миссия нравится мне.

Я собою безмерно горжусь.

ЗАХОДИ- И ТЕБЕ ПРИГОЖУСЬ!




З нас сямі – трох санітарна не апрацаваныя. Асабліва смуродзіць моцна збіты Саша-алкаш. Ды й што весці пра яго, калі ўспомніць, што прывялі мяне ў адстойнік, ня толькі санітарна не апрацаваны, але нат засмеччаны, з заваленым гарой лайна "ачком". Ды й шчэ ў дадатак укінулі бамжа, якога ня проста ня мылі – яму нат, прабачце, дамы, нават лайно з калашын ня вытрэслі! Той борзенька ўскочыў і ўлёгся на падмосці (якое тутэйшыя называюць яшчэ "сцэнаю") і праз колькі хвілінаў па й без таго смярдзючай маленькай каморы распаўсюдзіўся такі моцны салодка-прытарна-ванітаўтваральны смурод, што дых ужо цалкам адняло. Я, памятуючы, як мяне ўжо ў першы дзень заразілі вошамі памерамі ледзь не з каня), што называецца, "ламануўся на кармушку". Праз некалькі гадзін грукання й скандалаў, бамжа некуды звялі (здаецца, яго папросту выкінулі), а я запаліў у каморы газэту, каб хоць крыху перабіць смурод. Дарэчы, аб тым, што тут і раней старажытныя сідзельцы грэліся, сведчыла й цёмная пляма пасярод "сцэны", на якой і спалі ў апратцы й абутку, і якая служыла адначасова й сталом для прыйма ежы. Карацей, сумаваць мне тут не даюць)))

Лермантаву й ня снілася

Сяджу за сцянамі

Цямніцы вільготнай

Халоднай і цеснай

І брудна-смуроднай...

(Працяг будзе.)




Юрась Навіцкі, хронікёр, адбыў 12-сутачнае пакаранне за "нецэнзурную лаянку", з іх сем сутак – у "карцэры". Усе 12 сутак галадаў на пратэст супраць незаконнага арышту й нечалавечых умоў утрымання.
21.11.11 16:29
загружаются комментарии

Юрась Навіцкі