На дне: без рамантыкі /з штодзённіка палітарыштанта, частка 3/



Брудны судздзя.

Смешны суд і нясмешны прысуд

06.11.2011 года в 13.25 часов на ул. Чижевских, 1, выражался нецензурной бранью в общественном месте, вёл себя вызывающе, на неоднократные замечания не реагировал, чем нарушал общественный порядок, выражая явное неуважение к обществу.

Протокол N0262542.

08.11.11. Мяне, стомленага ад бяссоннай халоднай ночы, вашывага, бруднага й няголенага, прывезлі ў "бохане" (УАЗіку) у суд Ленінскага раёну Менска. Там маю справу аддалі Хоме. Судздзя Міхаіл Іванавіч Хома – "правільны" судздзя. Ён вядомы сваімі бруднымі судамі па ўсім свеце. Ён асудзіў прафэсара Казуліна за "лаянку", а паэту Някляева – за "выступ". Ён асудзіў пэнсыянэрак Аліеву й Напорку за "распаўсюд незалежнай газэты "Вольная Серабранка"". Ён нават змудрыўся асудзіць за "крадзеж" даўно памерлага пасля допыту ленінскімі міліцыянтамі Аксяневіча. Ён асудзіў усіх "ворагоў прызыдэнта" – "декабристов", "маўклівых", "салідарных з палітвязнямі", журналістых. Ён сёння – твар рэжыму. Гэна ён асудзіў мяне на 12 сутак бруднага, халоднага й цёмнага бамжатніка, дзе я атрымаў вошы, за "нецэнзурную лаянку", якой і быці не магло на могілках ахвяраў НКВД.




Да суду даўмецца, у чым я абвінавачваюся, было немагчыма. Затрымліваўся я невядомымі, у цывільнай апратцы, без бэджаў, без тлумачэння правоў і прычынаў затрымання. Абвінавачанне базавалася адно на двух ілжэсведчаннях, як выявілася, эмвэдаў, якія мяне й збівалі, прычым перапісаных слова ў слова. Доказы маёй віны адсутнічалі, нягледзечы на сотню сведкаў і дзясятак відэёкамэр! Я адразу заявіў хадайніцтва на дзяжурнага адваката, выклік у суд абодвух ілжэсведкаў абвінавачання й незалежных сведкаў. З боку абвінавачання выступіў толькі Іваноў, які нават ня здолеў прыпомніць акалічнасцяў, нават знешняга выгляду й колькасці людзей, якіх я нібыта аблаяў. На пытанні, чаму нібыта аблаяныя мною людзі саме не даюць на мяне паказанняў і ня пішуць заяў, чаму ягоныя словы не пацвяржаюцца ані водным фактычным доказам, эмвэд адказу не знайшоў.




Хадайніцтвы наконт дзяжурнага адваката й выкліку другога ілжэсведкі, якога можна было-б злавіць на рознасцях хлусні, судздзя Хома-ж не задаволіў і, як выявілася, нават у пратакол паседжання ня ўнёс. Не ўлічыў Хома й маю заяву пра абсурднасць абвінавачання ў лаянцы на могілках, якія грамада, у тым ліку й я, штогодна прыходзіць шанаваць, і каторыя я асабіста штогодна прыбіраю, доказамі чаго могуць з'яўляцца шматлікія фота ў СМІ. Хома таксама ня стаў улічваць, што я ўпершыню прыцягваюся да адказнасці па дадзеным артыкуле, а тым болей за "брудную лаянку". Дый ці можна было-б караць мяне за тое, чым штодня карыстаецца ў жыцці пэўная частка расейскамоўнага насельніцтва, у тым ліку, саме эмвэды? У РАЎС*е, ГАМ*е й ЦІП*е, дзе мяне ўтрымлівалі, я апытаў ледзь ня сотню арыштантоў, і ніхто пра пакаранні за лаянку нават ня чуў. За п'яны тэрор жонкі й дзяцей, за разбіцце вітрыны ў краме ў п'яным стане, за крадзеж – давалі 3-7 сутак! Мне-ж смелы судздзя Хома за нібыта лаянку адважыў ледзь не "на ўсю катушку" – 12 сутак! І гэна пры тым, што сведка Ўладзімер Юхо цалком пацьвердзіў маю невінаватасць)))




Грукайце, і адчыніцца вам

-Калі ў вас тут быў рэмонт апошнім разом?

-Плянавалі яшчэ летась, але-ж, разумееце, эканамічны крызыс...

-Дык-жа-ж у вас тут адныя парушэнні! Ня можэце ўтрымліваць людзей у гарантаваных законам умовах – зачыняйце сваю халабуду!

З перагавораў з заступнікам начальніка ЦІПу.



Парэпаная столь турэмнае каморы.

Прагулянкі для арыштантоў тут мусілі быць штодзённа, але адпачатку мае турэмшчыкі пачалі тлумачыцца адсутнасцяй прагулачнага дворыка. Пасля шматразовых зварачэнняў, праз тыдзень няволі-такі пачалі нарэшце выводзіць. Але ўсё-ж вывялі разом толькі чатыры разы з дванаццаці. Разом са мною выводзілі толькі сукаморнікоў, яшчэ пару палітычных ды замежнікоў з Усходу. Давялося дзяліцца з імі цыгарэтамі, якімі мяне са сваех перадачак шчодра надзялялі зноў-жа палітычныя, бо ў "адміністрацыйнікоў" нічога не было. Часам мяне, як ізаляванага, зачынялі ў дворыку аднаго.




-Ну што, цуцыкі, змерзлі? Пойдзем у "цёплую" камору?

З другога дворыка: -Да! Да!

-А што нам скажа таварышч Навіцкі?

-Гуляць, гуляць, і яшчэ раз гуляць!!! Тыдзень у смуродзе трымалі!

З размовы з канвойным.

Дамагчыся прагулянак на свежым паветры нікому не ўдавалася, нават палітычным, дый, відаць, ніхто да гэнага надта й ня мкнуўся. У любым выпадку, я пакуль пра падобнае ня чуў, хоць і апытваў акрэсцінскіх заўсёднікоў. Насамрэч, дворыка ў "сутачнікоў" няма (!), таму й вадзілі мяне гуляць на тэрыторыю ІЧУ*. Нуй "на халяву" дыхалі марозным паветрам яшчэ колькі чалавек) Так, давялося за скаргі адбыць сем сутак у карцэры, але-ж пачалі выводзіць людзей! А каб гэнага дамагаліся іншыя арыштанты – зрабілі-б і дворык! Можна-ж заўсёды дамовіцца – дамовіліся-ж мы з Юхом аб супольнай галадоўцы і ўтрымалі яе да канца! Не, мы саме сабе ствараем нейкія штучныя бар'еры. Памятаю, глядзеў такі фільм "Добэрман" з Монікай Бэлючы й Вінсаном Касэлем. Там ёсць такі эпізод. Тры чалавекі нібы здымаюць хату, дзе на столі праглядаюць нейкія крывавыя плямы. Адзін тлумачыць, што тут раней жыў бізнэсовец, якога абнішчылі, дык вось ён узяў стрэльбу й забіў жону й дзяцей дый сам застрэліўся. Другі адмаўляецца разумець сэнс зробленага. Чаму, маўляў, чалавек помсціцца сваёй сям'і? Калі й трэба было некага караць, дык таго, хто яго абнішчыў!!! Хіба-ж ён не вар'ят? Гэнтак і мы. Пакуль ляжым ці тонем ва ўласных слязах, скардзімся на лёс ці дыктатуру, ніхто нам НІЧОГА на талерцы не прынясе. Штурхнеце дзверы й увайдзеце! Усе думаюць, што дзверы зачыненыя на 100 замкоў, а-ж яны даўно струхлі ў чаканні на тых, хто хаця-б туды пагрукае.




Дарэчы, каб ня здацца несправядлівым, згадаю-такі два выпадкі каморнай "бучы". Першы раз гэнае адбылася, калі я некалькі гадзін безвынікова патрабаваў сваёй санапрацоўкі, а потым прадэманстраваў сукаморнікам колькі здаравеных вошай з ліку тых, якімі мяне "узнагародзілі" на 3-ім паверсе, і сказаў, што я ўжо не маю моцы стаяць і зараз уціснуся сярод іх.

Другі, калі мяне трымалі ў адстойніку аднаго, на што ня мелі права, я запатрабаваў, каб мяне перавялі ў "хату". Замест таго мне самому падкінулі парачку хуліганаў і на карцэр забыліся даці ежу – я-ж галадаваў. Бачылі-б вы, як трэсліся дзверы, калі мае суседзі па каморы засталіся без абеду!!!

У абодвух выпадкох, натуральна, мае суседзі разумелі, што я, як палітычны, замяць скандал не дазволю, таму былі празмерна смелымі)))


Пра "кантынгент" Акрэсціна – у наступнае частцы.

РАЎС* -раённы адздзел унутраных справаў.

ГАМ* – гарацкі адздзел міліцыі.

ЦІП* – цэнтр ізаляцыі правапарушальнікоў.

]ІЧУ* – ізалятар часовага ўтрымання.


Юрась Навіцкі, хранікёр, адбыў 12-сутачнае пакаранне за "нецэнзурную лаянку", з іх сем сутак – у "карцэры". Усе 12 сутак галадаў на протэст супраць незаконнага арышту й нечалавечых умоў утрымання.
02.12.11 9:27
загружаются комментарии