На дне: без рамантыкі /з штодзённіка палітарыштанта, частка 4/





У нас всё согласно нормам... /З пісьмовага адказу на скаргу./

А папера із Эўропы – радасць кожнай бруднай попы))) Акрэсцінская рэкляма)

Сёння блізу 8-ай раніцы я звярнуўся да дзяжурнага супрацоўніка турмы, дзе я ўтрымліваюся, з просьбаю аб прадстаўленні мне магчымасці напісання заўвагі ў турэмнае кнізе скаргаў і прапановаў. Міліцыянт, які зноў-жа ня меў бэджа й адмовіўся прадстаўляцца, мне безпадстаўна адмовіў. Са скаргі начальніку ЦІП м-ру м-і Сакалоўскаму Юрыю Йванавічу.


09.11.11. Нарэшце пасля "прасмажвання" і "памыўкі" я трапляю ў "хату" N21 на 3-ім паверсе. Яна выглядае прыблізна так.

Згодна Правілаў унутранага раскладу для спецустановаў ВУС, дзе ўтрымліваюцца "адміністратыўнікі", апошнія павінныя забяспечвацца ў тым ліку, цытую, "спальнымі месцамі з пасцельнымі прыналежнасцямі, месцамі для захавання сродкаў асабістай гігіены... мылам гаспадарчым, паперай туалетнай... настольнымі гульнямі (шашкі, шахматы, даміно)... каморы мусяць быць абсталяваныя сталамі й лавамі з адпаведнай колькасцяй месцаў, тумбачкай, сецевым радыёпрыймачом, тэлевізарам (пры магчымасці)... " і рознымі іншымі рэчамі. Калі вы іх тут заўважылі, значыць, вы міліцыянты)))


Камора, калі не памыляюся, N23.

Што тычыцца туалетнай паперы ці мыла, яны сапраўды выдаюцца... палітычным, прычым пазней мне гэнага дабра прапанавалі ў неабмежаванай колькасці... за кошт астатніх арыштантоў, якія нават не імкнуліся іх атрымаць (ці яны проста ня ведалі пра існаванне падобных рэчаў?)))


Я адмовіўся, бо мне далі колькі перадач, дзе было і вадкае мыла, і вільготныя сурвэткі, да таго-ж, навошта перадаваць галадаючаму столькі туалетнай паперы? Хапіла-б на дзясяток негаладаючых)))

Арыштанты ў гэнай вашыва-часотачнай, бруднай, халоднай, цёмнай і г.д. (я пералічваў яеныя якасці вышэй) акрэсцінскае турме пазбаўленыя ня толькі волі. Але й шэрагу правоў: права на лiставанне з роднымі й сваякамі, сябрамі, на сустрэчы з імі; права на інфармацыю (бо ў каморы няма нават радыёкропкі, ня кажучы ўжо пра хаця-б дзяржаўную прэсу ці тэлебачанне); права на асабістую прастору (бо часта каморы папросту перапоўненыя і людзям давозіцца спаць наўпрост на бэтоннай падлозе); асабісты ложак, пасцелю, мэблю; права на тэлефанаванне (хаця таксафоны ПАВІННЫЯ быць усталяваныя ў турме). Маёй цяжкахворай жонцы не было патэлефанавана ў шпіталь аб тым, што я не магу наведваць яе з прычыны знаходжання ў турме, толькі на тых падставах, што я ўказаў яе мабільны тэлефон... Нават паўлітра пітноe вады ці аркуша з асадкаю штораз даводзілася чакаць па поўдня. Што тут ужо казаць пра нейкія осты, сніпы ці санпіны, пра якія турэмшчыкі й вогуле ніколі ня чулі... як-жа яны мoгуць сцвяржаць пра "нормы"?




"Абмяжаваны кантынгент"

-Паглядзеце вось на чалавека, устаньце, Навіцкі. Яго можна паважаць хаця-б за тое, што ў яго ёсць ідэя, мае ён рацыю аці 1000 разоў не. А ў вас што за душою? "Скраў-напіўся-у турму"??? Увесь генафонд Беларусі панішчаны. СУЦЭЛЬНАЯ ДЭГРАДАЦЫЯ, адно можна сказаць... З начной выхаваўчай эмвэдоўскае размовы ў перапоўненым арыштантамі ГАМе.






У перапоўненых РАЎСе, ГАМе, судзе й ЦІПе мне давялося сустракацца з рознымі затрыманымі й арыштантамі. Большасць іх складалі звычайна дробныя злодзеі, потым ішлі п'яныя хуліганы, дэпартанты, алькаголікі, бамжы. Злодзеі (часта нападпітку) затрымліваліся звычайна падчас крадзяжу выпіўкі й заедкаў, зрэдку калі "паддатая"моладзь здымала колы, уганяла ці "чысціла" аўто. Хуліганяць таксама большай часткай нападпітку. П'яныя-ж дэбашыраць і дома, і ў гасцёх. За дзень у ленінскім судзе (апроч мяне) такіх судзілі ажна 48 чалавек. Дарэчы, п'яныя хуліганы й злодзеі выглядаюць, ды й апранутыя, лепей за астатніх, алькаголікоў ці бамжоў, часта пабітых, aбассаных і смярдзючых. Натуральна, што цёмныя й неацепленыя, перагружаныя каморы РАЎСа ці ГАМа часта таксама-ж абассаныя й смуродныя. І ў першым, і ў другім выпадку ў каморах быці калюжыны мачы ці, што ня шмат лепей, вільготныя куты. У ГАМе, у такой калюжыне, напрыклад, спаў чалавек. Выявілася, што некаторыя з асуджаных пабывалі тут колькі разоў за тыдзень і нават за дзень, былі адпушчаныя й вярнуліся зноў. Той, што на падлозе, увогуле знойдзены быў на прыпынку грамацкага транспарту, таму не замёрз. Шалёны народ, беларускі народ!!!)))

Яшчэ колькі партрэтоў з "акрэсцінскае галерэі".
















/Працяг будзе./

Невысокая якасць турэмных малюнкоў тлумачыцца складанымі ўмовамі іхняга выраблення ў цемры, на каленьках ці нават стоючы ў дрэнна асветленай зоне, часта па начах. Зробленае Навіцкім турэмнаю асадкай у школьным сшытку.

Юрась Навіцкі, хронікёр, адбыў 12-сутачнае пакаранне за "нецэнзурную лаянку", з іх сем сутак – у "карцэры". Усе 12 сутак галадаў на пратэст супраць незаконнага арышту й нечалавечых умоў утрымання.
03.12.11 17:24
загружаются комментарии

Юрась Навіцкі