Сьвяты Мікола й вязьні /гісторыя зь геаграфіяй/

Надыходзіць Раство й Новы год, якія за кратамі сустрэнуць нашыя палітвязьні, а магчыма, і палітарыштанты. Хацелася-б, каб яны ведалі, што мы памятаем пра іхні няўдзячны й незайздросны лёс. Таму я й намаляваў колькі паштовак на тэму сьвята пад патранатам сьвятога Міколы. Спытаеце, якая сувязь паміж ім і людзьмі, якія зараз церпяць катаваньні й прыніжэньні ў беларускіх вязьніцах? Справа у тым, што некалі Мікола, які тады яшчэ ня быў сьвятым, сам неаднойчы сядзеў за кратамі, таму на сабе адчуў, што такое несправядлівасьць, няволя й турэмны "камфорт", пра які зараз заліхвацкі распавядае рэжымнае тэлебачаньне. Пра гэны "камфорт" ведае праўду толькі той, хто сам адбываў пакараньне ў нашых турмах. Нядаўна 12 сутак адбыў там і я. Але-ж вернемся да галоўнага гэроя сёнешняга расповяду.




Калі верыць навукоўцам, якія займаліся абмерамі ягоных мошчаў і рэканструкцыяй (у тым ліку й трохмернай, спасылаюся тутака на Бі-Бі-Сі), то наш сьвяты меў замалы рост, моцную мускулятуру й суворае аблічча – моцную ніжнюю ськівіцу й зламаны нос. Справа ў тым, што Мікола зь дзяцінства не цярпеў несправядлівасьцяў і, хоць паданьні сцьвяржаюць, што ён меў вялікі талент прыміраць супроцьлеглыя бакі, бывала, што й прыходзілася яму ўжываць фізычную сілу, сваем прыкладом даводзячы слушнасьць прынцыпу "дабро мусіць умець абараняцца" (суворы выгляд ягоны, дарэчы, адбіўся й на ягоных выявах на абразох). Гэна, натуральна, адлюстравалася ў легендах пра тое, што сьвяты Мікола ўзнагароджвае падарункамі толькі паслухмяных дзяцей, а неслухоў карае розгамі (апошняе пацьвяржэньня ў жыцьці не знайшло))).




Дакладна вядома, што сядзеў Мікола ў вязьніцах, як мінімум, двойчы. Першым разом, восем гадоў – за абарону хрысьціянства й ягоных прынцыпоў, прычым тады сам зазнаў катаваньні, што ня змусіла яго адмовіцца ад свае праўды. Другім разом наш Мікола патрапіў у вязьніцу ўжо ў сталым узросьце, у чыне біскупа – як бы сказалі зараз, за дробнае хуліганства – ня здолеўшы Божым словам пераканаць суразмоўцу, пабіў таго. Сэнс яго ўчынку для вернікаў зусім не ва ўсёдазволенасці, але ў актыўным непрыманьні любой няпраўды: рэзкасьць біскупа была выкліканая тым жа пачуцьцём, якое некалі заахвоціла яго вырваць меч з рук ката, пра што й пойдзе гаворка зараз.




Відаць, уласныя турэмныя адсідкі наклалі-такі адбітак на ягоныя паводзіны ў далейшым, бо паданьні сцьвяржаюць, што сьвяты Мікола НЕАДНАРАЗОВА ўступаўся за абгавораных, часта ратаваў ад суворага лёсу нявінна асуджаных (з гісторычных крыніцаў вядома, што біскуп Мікола выступіў абаронцам трох несправядліва асуджаных да смерці бізантыйцаў). Зараз ён лічыцца ўціхамірвальніком добрым словам і ўгаворам, без ужываньня ваеннай сілы, варагуючых, абаронцам нявінна асуджаных і збаўцам ад марнай сьмерці. Вось як апісвае адзін з подзьвігаў сьвятога Міколы шматвяковая легенда.




...У Міры прыбываюць яны ў самы момант пакараньня. Кат ужо заносіць меч, каб абезгаловіць няшчасных, але сьвяціцель Мікола ўладнай рукой вырывае ў яго меч і загадвае вызваліць нявінна асуджаных. Ніхто з прысутных не адважаецца пярэчыць яму: усё разумеюць, што дзеецца воля Божая. Трое царскіх вайскаводаў, дарожных і баявых сяброў Міколы, дзівуюцца гэнаму, не падазраючы, што неўзабаве й ім самім спатрэбіцца цудоўнае заступніцтва сьвяціцеля...




Далей сьвяты Мікола дараваў кіраўніка горада, што за хабар зганіў нявінных, і не стаў скардзіцца на яго цару. Гэна тлумачыцца тым, што сьвяты выяўляў міласэрнасьць нават да чалавека, які ўчынiў страшны грэх, калі той глыбока й шчыра павінаваціўся. Яшчэ далей наш гэрой ратуе й згаданых сяброў, якіх абгаварылі зайздросьнікі й паклёпнікі. Гэным разом ён зьяўляецца да цара й гарадцкога галавы ў сьне і, пагражаючы падняць мяцеж і пазбавіць абодвух улады, патрабуе адпусьціць вязьняў. І невінаватыя зноў выходзяць на волю.




Вось такая, як-бы мовіць, калядная казачка з глыбокім сэнсом. Дык давайце-ж пасьпяшаемся сваемі лістамі ці паштоўкамі павіншаваць нашых сяброў, сваякоў, знаёмых ці проста добрых людзей, якія знаходзяцца цяпер за кратамі за свае погляды ці проста без віны, зь Міколавым сьвятам. І памагай нам сьвяты Мікола!



Адрасы, якія мне вядомыя з Нашай Нівы, http://nn.by/index.php?c=ar&i=64581&p=1&c2=calmonprev&combo_calmonth=12&combo_calyear=2011 />
Мікалай Статкевіч, Арцём Пракапенка: 213004, Магілёўская вобл., г. Шклоў, папраўчая калонія N17;

Андрэй Саннікаў: 211300, Віцебская вобл., Віцебскі р-н, п.Віцьба, ПК N3;

Дзмітрый Бандарэнка, Мікалай Дзядок: 213105 г.Магілёў, Слаўгарадская шаша, п/а Вейна, ПК N15;

Эдуард Лобаў, Аляксандр Францкевіч: 225295 Брэсцкая вобл., г. Івацэвічы, "Воўчыя норы", а/с 20, ПК N22;

Зміцер Дашкевіч: 211791, Віцебская вобл., г.Глыбокае, вул. Савецкая, 205, ПК N13;

Павел Севярынец: 225143, Брэсцкая вобл., Пружанскі р-н, в. Куплін, ПУАТ-7;

Ігар Аліневіч: 211440, Віцебская вобл., г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, ПК N10;

Алесь Бяляцкі: 222160, Мінская вобл., г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, турма N8;

Мікалай Аўтуховіч: 225293, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ПК-5;

Яўген Васьковіч: 212011, г. Магілёў, вул.Крупскай, 99а, турма N4;

Павел Сырамалотаў: 213030, г. Магілёў, Слаўгарадская шаша, 3 км, ПК N19.
15.12.11 19:59
загружаются комментарии

Юрась Навіцкі