Раство палітарыштанта / адрыўкі нататак, малюнкі, фота/

/НЕПАЎНАГАДОВЫМ ДА ЧЫТАНЬНЯ НЕ РЭКАМАНДУЕЦЦА!!!/
Гвалт, хлусьня, зьбіцьцё, фальсыфікацыі, нецэнзурная лаянка, ілжэсьведчаньні, хамства, незаконныя дзеяньні – такі-ж твар мясцовай міліцыі сёньня, як і бруд, недастатковае асьвятленьне й ацяпленьне, паразыты, адсутнасьць добрае вэнтыляцыі й рэгулярных прагулак на сьвежым паветры, жабрацкі рацыён – твар постсавецкае турмы для сучасных беларускіх арыштантоў.




Проста хоць з хаты не выходзь – адразу на Акрэсьціна вязуць))) Каляж з фота ля дзьвярэй Акрэсьціна зроблены Тасяй Таполяй.

Частка І. Усё, як і заўжды. Бамжатнік.

Як я й абяцаў, працяг гісторыі не змусіў вас доўга чакаць)))




Сацыяльнабліскія калгаснага рэжыму. Фота, зробленыя схаванай камэрай.

Забіраю нарэшце рэчы ў участковага.

- Вось вы меня ад дому 19-га цягнулі на 15 сутак цьвярозага, няўжо ня бачылі кампанію п'янтусаў, якія штодня там пад вокнамі, лаючыся ўголас, на дзіцячай пляцоўцы "чарнілы" глытаюць? Калі ўжо вы іх ў ЛПП накіруеце???

- Пусть стаят! Эта харошыя люди. Ани листовак ни клеют, на митинги ни ходят...


Новае затрыманьне, як і заўжды, было адвольным. Гэным разом "узялі" проста ля хаты, на прыпынку грамацкага транспарту, прапанавалі праехаць у ленінскі РУЎС. Спрацаваў сабачы інстынкт: бачыш палітычнага, 19-га (гадавіна прэзыдэнцкіх выбароў-2011) – хапай любога – атрымаеш прэмію, зорку на пагон і падзяку высокага начальства.




1. Товарищ, пройдемте для выяснения наличности!))) Адвольнае затрыманьне на прыпынку грамацкага транспарту ля ўласнай хаты.

2. Напружлівае складаньне шасьці ці сямі (!) сакрэтных сфальсыфікаваных пратаколоў і рапортоў у ленінскім РУЎСе. Вось яшчэ прыклад дробнай пацучынай помсты – у паперах час затрыманьня быў пазначаны як 23.50!!!

1-2 – Фота, зробленыя схаванай камэрай.


Трымалі вечар і ноч у РУЎСе, набітым гопнікамі й злодзеямі, сямейнымі дэбошырамі й проста апівохамі. Вечарам, за прозьбу аб вывадзе ў санвузел неадэкват-падпалкоўнік міліцыі паставіў мяне на расьцяжку (дарэчы, у Сеціве выкладзены аўдыёзапіс затрыманьня й утрыманьня ў РУЎСе, які фігураваў на працэсе ў якасьці фактычнага доказу атсутнасьці нецэнзурнай лаянкі з боку затрыманых). Калі я папрасіў падпалкоўніка прадставіцца, той з дапамогай падначаленага афіцэра НЕЗАКОННА адабраў ад мяне акуляры, пакінуўшы мяне амаль сьляпым.




Сакрэтны пратакол, дзе фігуруюць незаконна адабраныя акуляры. Фота, зробленае схаванай камэрай.

Каб не назаляў, укінулі ў камору N1 РУЎСа, г.зв. "клёпоўнік", дзе з-за згаданых паразытоў на сьцянах затрыманыя ў перапоўненым памяшканьні спалі проста на падлозе. Санапрацоўка затрыманых і каморы не праводзілася. У каморы адсутнічала вэнтыляцыя, было горача, таму людзі распраналіся да саколак, нягледзечы на клёпоў. Па целе беглі поцекі гарачага поту. Я ня мог спаць седзечы, таму сеў пры сьцяне, пасунуўшы іншых, і ад няма чаго рабіць пачаў душыць налітых крывёй клёпоў – яны, адчуўшы ўспацелае цела, адразу актывізаваліся. Вошай, пра якіх вялі затрыманыя, без акуляроў я ня бачыў, а клёп – рэч іншая, яны былі даволі вялікіх памероў. Раздушыш такога – з бакоў на сьвежую кроў бягуць іншыя. Карацей, дадаў я чырвоных памазоў на дошках вускага ўслону пры сьцяне. У лістападзе-ж таксама сядзеў тут, таму цалком дапушчальна, што вошы, выяўленыя пазьней у ЦІПе (своечасовай санапрацоўкі там па прыйме таксама не рабілася), былі менавіта ленінскага паходжаньня.




Клёп. Малюнок Навіцкі.

Ночай укінулі маладзёна-гопніка (за мабільнік), які ўсчаў са мной бойку. Мне пашаньціла выштурхнуць яго з каморы, атрымаўшы колькі ўдароў нагамі ад міліцыянтоў. Празь нейкі час гопнік вярнуўся, відавочна навучаны міліцыянтамі, бо проста з парога кінуўся на мяне з кулачкамі. Зноў-жа няўдала, праўда, моцна я го біць ня стаў, бо бачыў правакацыю. Таму го замянілі на 'гонага падзельніка, які меўся "разруліць" сытуацыю, але ўжо біцца не палез. За такімі трэба вока. У каморы сядзелі й іншыя гопнікі. Да ранку давялося зноўку цярпець бяз вываду ў санвузёл, таму затрыманыя мачыліся на дзьверы каморы.




Лёгальны пратакол адабраньня рэчаў. Заўважце, акуляроў у ім няма, затое фігуруе "НОШ ЗАТОЧКА"smile;))) Фота, зробленае схаванай камэрай.

Ранком я-такі дамогся нарэшце вываду ў прыбіральню. Але толькі пасьпеў уладкавацца на брудным унітазе, як у незачыненую (так у іх заведзена) прыбіральню ўварваўся ўсё той-жа невядомы падпалкоўнік і пачаў мяне зьбіваць! Зьбіцьцё цягнулася колькі хвілінаў, пакуль у мяне атрымалася з крыкам "Ратуйце! Міліцыя!" вырвацца са спушчанымі да каленяў споднімі й падбегчы да брыгады хуткай дапамогі, якая якраз дасьледавала аднаго з затрыманых. Але тут мяне ўжо міліцыянты скруцілі, заціснулі ў кайданкі, ня даўшы атрымаць мэдычнай дапамогі ці агледзець пабоі (потым у турэмным душы я забачыў на правым плячы вялікую сьвежую драпіну), і выцягнулі падалей ад лекароў, у файе, дзе й паклалі тварам на брудную бэтонную падлогу й пачалі па мне хадзіць. Калі пад'ехаў нарэшце "боханчык" ("бобік" -УАЗік), яны паставілі мяне туды ў кут НА ГОЛАЎ і такім чыном давезьлі да судзьдзі.




Рэкляма соку ДОБРЫ-2008. Малюнок Навіцкі.

Трэба тут прыдаць, што яшчэ да прыбіральні "праваахоўнікі" АДМОВІЛІСЯ патлумачыць мне правы (а ці-ж яны іх ведаюць!?), прычыну затрыманьня й азнаёміць з якімі-то-ні-было паперамі, таго датычнымі. Прыпомніце, што акуляры былі ўжо адабраныя – у такі спосаб я быў цалком пазбаўлены права на абарону, бо ад пачатку затрыманьня 19.12.11. да 05.01.12 ня мог ані азнаёміцца ані з водным дакумантом, ані абскардзіць незаконных дзеяньняў міліцыянтоў, такога-ж прысуду, турэмнага рэжыму ці неналежных умоў утрыманьня. У судзе, натуральна, я таксама ня быў азнаёмлены судзьдзёй Запасьнічыхай ані з водным дакумантом і, зноў-жа, ня мог адбараніцца. Адное выявілася, што за 2011 рок я ўжо асуджаны чацьвёртым разом, бо летам мяне судзілі без майго ведама за нібы ўдзел у акцыі "пляскаючых", ды й тое, што "дала" судзьдзя гэным разом 15 добаў арышту.




Неатрыманыя нібы позвы на суд па справе "пляскаючых". Фота, зробленыя схаванай камэрай.

Турэмная байка

Карысная гэна рэч – дамафон: за тры дні не прапусьціў да мяне Ніхто, Каня Ў Паліто, два Дзеда Піхто й адну Агнію Барто)))

/Працяг будзе./

Юрась Навіцкі, хронікёр, адбыў чарговае, 15-сутачнае, пакараньне нібыта за "нецэнзурную лаянку". Уўсей тэрмін зьняволеньня галадаваў на пратэст супраць незаконнага арышту й неналежных умоў утрыманьня, палову тэрміну – "насуха".


21.01.12 0:05
загружаются комментарии

Юрась Навіцкі