Раство палітарыштанта / адрыўкі нататак, малюнкі, фота/ Частка 6-я, заключная.

Некалькі парадаў небываламу)
Ня вер, ня бойся, не прыніжайся.
Усё, што-б вы не сказалі міліцыянтом ці сукаморніком, можа быць выкарыстана супроць вас.


Турэмны гумор Навіцкі. Камора 1-я.


Папярэдне, як ісьці кудысь, паварушыце хoць крыху рухавікамі Інтэрнэту – людзей затрымліваюць не ўпершыню, досьведу ў сеціве назьбіралася нямала. Будзеце ведаць, як сябе паводзіць у рожных сытуацыях.

Майце пры сабе пашпарт ці ягоную копію, завераную на працы ці натарыяльна.

Скарыстайце ўсе магчымасьці, каб паведаміць аб сваем затрыманьні зацікаўленым у вашым лёсе асобам. Да афармленьня пратаколу патэлефануйце ім з неадабранага мабільніка. Адабралі – вакол людзі: пакуль не зьмясьцілі ў камору, папрасеце мабільнік у іншых, ніхто вам не адмовіць.

Дайце міліцыянтом магчымасьць шчыра зарабляць хоць невялічкую частку ад вашых падаткоў: прывезьлі ў РУЎС – патрабуйце, каб далі тэрмінова паведаміць родным аб вашым затрыманьні ці хаця-б на вашых вачах ніхай патэлефануюць і растлумачаць, дзе, калі, кім і завошта затрымалі, дзе знаходзіцеся. Прывезьлі ў ЦІП ці яшчэ куды – тое-ж самае, паўторна. Ваш маршрут мусібыць адсочаны. Вывялі на прагулянку – паведамьце пра сябе іншым палітычным, дайце свае дадзеныя, падзялецеся цыгарэтамі. Зь вязьніцы штодня выходзяць на волю людзі – папрасеце, каб патэлефанавалі вашым, што прынесьць, як вы пачуваецеся – ніхто не адмовіць. Я сам карыстаў з гэнага шматкроць.

Уважліва азнаёмцеся з правіламі ўтрыманьня, якія мусяць вам прапанаваць для агляду. Дарэчы, пры ўладкаваньні ў ЦІП патрабуйце санапрацоўку, мыла, паперу для прыбіральні – пакуль перадачы, яно вам прыдасца.




"Ірыска" мыла паняволенага. Як кажа Роман, "ірыска" "прыналежыць толькі палітычным, прычым на 15 сутак арышту". Фота Тасі Таполі.

Часьцей мыйцеся ў турме. Многія з нас, у тым ліку й аўтор, падхоплівалі ў турме вошай, сустракалася часотка, захворваньні скуры. Калі ўзьнікаюць сумнівы, патрабуйце тэрміновай санітарнай апрацоўкі апраткі й памыўкі.

Патрабуйце штодзённых прагулянак. Каб бавіць час, патрабуйце шашкі, яны ў ЦІПе зараз зьявіліся.

Пакуль не прынесьлі пітную воду, можэце ў неабмежаванай колькасьці карыстацца прыгатаванай вадой, трэба толькі напісаць заяўку й аддаць дзяжурнаму (сачэце за якасьцяй вады).




Турэмны гумор. Малюнок Навіцкі.

Парады тым, хто застаўся на волі

Для сан-гіг. працэдур перадайце мыла, вадкае мыла, шампунь, зубную пасту, шчотку, пару невялікіх рушнікоў, рулён туалетнае паперы. Калі вы ня хочаце, каб ваш сябар мыў посуд рукой, а сьпіну цёр шкарпэткамі й майткамі, адначасова мыючы й іх, перадайце яму дзьве губкі, меншую й велькшую. Абавязкова віетнамкі, якія можна мачыць, інакш арыштант можа набрацца грыбка ў дУшы, ад бамжоў. І не забудзьцеся на аднаразавы станок, інакш будзеце сустракаць дзікабраза)))

Улічваючы, што палітарыштантоў часта перакідаюць з рэпрэсыйнымі мэтамі з каморы ў камору, ня трэба перадаваць ім зашмат непатрэбных рэчаў – іх цяжка цягаць) Для чытаньня пры дрэнным асьвятленьні перадавайце акуляры й красворды з вялікім шрыфтом, для піцьця – пітную ваду й сокі ці кампоты ў бутэльках з-пад мінералкі, цыгарэты. Для спаньня (калі вы на леккавіку) паспрабуйце перадаць падушку, коўдру, цёплую куртку – гэныя рэчы мусяць быць у арыштанта па Законе. Абавязкова перадайце вязаную шапку, т.зв. "прэзэрватыў", адкасаўшы якую, можна закрыць ноччы вочы ад дзяжурнае лямпачкі.




Малюнок Навіцкі, зроблены ў 4-е каморы.

Галоўная парада – беражэцеся)))





30.01.12 3:00
загружаются комментарии