30-га красавіка – апошні дзень выставы турэмных малюнкаў у сядзібе БНФ
"Код Акрэсьціна/турэмныя малюнкі" - мая першая і, спадзяюся, апошняя пэрсанальная выстава падобнага кшталту. На ёй прадстаўленыя дзевяноста два малюнкі (частка зь іх каляровыя), выкананыя ў якасьці ілюстрацыяў да дзёньнікаў і зробленыя аўтарам гэных радкоў непасрэдна ў турэмнае каморы. Згаданыя малюнкі невялічкімі часткамі ўжо прэзэнтаваліся на выставах у Менску*, Варшаве*, Празе*, Кіеве** і Тбілісі**, публікаваліся газэтамі, сайтамі й нават трансляваліся трыма тэлеканаламі, віселі на Бэсттудэй. Ру, удзельнічалі ў конкурсох (у двох - кампаніяў "Сыходзь!" і "Ня бойся!" - перамаглі), перапошчваліся і нават набылі даволі папулярнасьці ў дэмакратычным асяродку, але такой колькасьцю (амаль што ўсе) і самастойна - прэзэнтаваныя былі толькі зараз. Можна сьмела сказаць, што падобная вялікая экспазыцыя турэмнай тэматыкі выстаўляецца ўпершыню на ўсёй пастсавецкай прасторы.
*у рамках выставы "Салідарнасьць"
**у рамках фэстывалю "Беларуская Вясна-2011"
Выбітнасьць Выставы яшчэ й у тым, што малюнкі да яе рабіў журналіст, блёгер, фатограф-хранікёр, якому давялося ўзяць у рукі асадку замест адабранай бруднымі эмвэдамі фотакамэры. Таму дэвізам Выставы зьяўляецца фраза: “Тое, што нельга сфатаграфаваць, можна нарысаваць".
Справа ў тым, што цягам усяго аднаго году (з 19.12.10. – 19.12.11.) мне давялося на сабе адчуць “бесстароннасьць” менскіх судзьдзяў ажно чатыры разы – выкананьне журналісцкіх абавязкаў (я здымаў на камэру менскія падзеі) яны кваліфікавалі як парушэньне закону аб сходах, правілаў дарожнага руху (акцыя пляскаючых) і нецэнзурныя лаянкі, за што я й атрымаў штраф і 37 сутак арышту. У турме я пісаў дзёньнікі, аздабляючы іх малюнкамі, а паколькі падзеяў ў цёмнай, халоднай і смуроднай каморы адбывалася замала, то малюнкоў атрымалася нашмат болей за сотню. Зараз яны ў Фэйсбуку, у альбоме, прыступным для прагляду.
Выстава праводзілася з падтрымкаю Каардынацыйна-праваабарончай групы “За Волю”, Руху За Свабоду і Беларускага Народнага Фронту.