Тыдзень салідарнасьці

Прайшоў першы тыдзень Маратона салідарнасьці з палітвязьнямі. Ці ня стане ён і апошнім?  Аб гэным мы й пагутарылі з адной з арганізатароў Маратону, Ганнай Шапуцькай. Юрась Навіцкі: Ці плянуеце Вы працягваць свае акцыі надалей? Ганна Шапуцька: Канешне будзем, бо патэнцыял Марафону вельмі высокі і трэба яго абавязкова выкарыстоўваць.  ЮН: Відавочна, што кульмінацыя акцыі прайшла - гэна быў, адназначна, выступ акустычнай групы "Крамбамбуля". Дык аці мае сэнс працягваць Маратон, які болей не зьбярэ ані людзей, ані грошай? Цікаўнасьць да акцыі згасла ды й рэсурсы андэграўнда ня надта вялікія. ГШ: Я катэгарычна з Вамі ня згодная. Усё цалком наадварот. У нас яшчэ шмат плянаў, задумак. У аўторак адбудзецца выступ вядомага музыкі, шоў-мэна легендарнага Аляксандра Памідорава. Крыху пазьней мы хочам зрабіць вечар салідарнасьці былых палітвязьняў зь сёнешнімі, вечар салідарнасьці маладых паэтаў з палітвязьнямі, хацелі-б, каб да нас далучыліся й беларусы замежжа і мы разам зарганізавалі-б канцэрты Салідарнасьці ў Варшаве, Вільне, Кіеве, Чэхіі й г.д. Але-ж для гэтага нам трэба больш моцная падтрымка ўсіх неабыякавых людзей, усіх беларусаў, як тут, на Радзіме, так і па-за яе межамі. Трэба, каб тэма палітвязьняў сталася самай галоўнай тэмай сучаснасьці. ЮН: Чаму вашыя акцыі так ані разу не наведала ані адна знакавая фігура беларускай палітычнай апазыцыі, апроч Міколы Дземідзенкі з "Маладога Фронту"? Ці зварачаліся да некага зь лідэроў асабіста? ГШ: Чаму не прыходзяць нашыя палітыкі, грамадскія дзеячы? Мы запрашаем усіх, а асабіста толькі выступоўцаў. Палітыкі – частка грамадства, такія ж людзі, як і мы з вамі, і я ўпэўненая, што яны павінныя прыходзіць самі, сядзець побач з людзьмі, адчуваць іх энергетыку, тады і людзі будуць іх па-іншаму ўспрымаць, людзі заўважаць і зробяць для сябе вывады. Нядаўна Аляксей Янукевіч, старшыня Партыі БНФ, прыходзіў на канцэрт Андрэя Мельнікава і інш., спадзяюся, што й астатнія самі далучацца без асабістага запрашэньня. ЮН: Вы здолелі працягнуць даволі доўга, цэлы тыдзень, зараз перапынак - час падвесьці рахунак, абмяркаваць памылкі. Падзялецеся ўражаньнямі, што было добра, што кепска, зь якім вынікам вы падыйшлі да выходных? ГШ: Уражаньні самыя станоўчыя. І назва нашаму Марафону пасьля канцэрта Зьмітра Вайцюшкевіча знайшлася вельмі трапная: "Разбуры Турмы Муры". Сваёй акцыяй мы мацуем хвалю салідарнасьці ў нашым грамадстве. Канешне, не ўсе адбываецца так, як хацелася-б. Я маю на ўвазе, што большасьць людзей прыходзіць паслухаць сваіх улюбёных артыстоў -  і падтрымаць палітвязьняў. А павіна быць наадварот - выказаць падтрымку палітвязьням і паслухаць улюбёных артыстоў. Трэба разглядаць гэты Марафон, як падтрымку ня толькі з боку музыкаў, творцаў, але-ж у першую чаргу гэта - акцыя салідарнасьці нашага грамадства з палітвязьнямі. Не хапае інфармацыйнай падтрымкі з боку СьМІ. Хацелася-б, каб пра Марафон Салідарнасьці людзі маглі чуць штодня, каб газеты, сайты больш актыўна друкавалі інфармацыю пра гэтую падзею. Крыху здзіўляе сёнешняя пазыцыя рэдактароў СьМІ. Лічу, што ім таксама трэба вучыцца быць салідарнымі! Зразумела, што нехта баіцца, нехта ня мае часу, нехта думае, што нічога не дапаможа і г.д. Але-ж галоўнае зараз – вызваліць нашых палітвязьняў. І тут трэба ахвяраваць - і часам, і адкласьці справы, і перамагчы свой страх. Нас павіннае быць шмат.  ЮН: Посьпеху вам у любым выпадку. У акцыі салідарнасьці з палітзьняволенымі ўжо прынялі ўдзел навукоўцы, паэты, музыкі, сьпевакі, мастакі, палітыкі й фільм Вольгі Мікалайчык "Палітвязьні". Гэна Леанід Лыч, Лявон Вольскі, Славамір Адамовіч, Аляксей Галіч, Зьміцер Вайцюшкевіч, Алег Гарус, Мікола Дземідзенка, Павал Аракелян, Алесь Пушкін, Алесь Наркевіч, Зьміцер Бартосік, Андрэй Мельнікоў. У офісе, дзе адбыўся тыдзень Салідарнасьці, адначасова праходзіць і выстава гераічнай тэматыкі вядомых беларускіх мастакоў.  Фота Навіцкі..
16.09.12 18:03
загружаются комментарии

Юрась Навіцкі