Нежартоўная вайна

Матэрыял падрыхтаваў Juraś NavickiФота й малюнкі аўтора.

Гэную праблему грамацтва звычайна імкнецца абыйсьці бокам - каму прыемна корпацца ва ўласных заганах?
                                                                    
 *** 

А хто ня пье??? 
Рытарычнае пытаньне. Мастацкая стужка "Покровские ворота".

Дзякуючы каму шмат у чым я кінуў піць? Дзякуючы таму-ж Караткевічу, Стральцову, Сысу. Я бачыў, да чаго гэта можа прывесьці. Ідучы ў офіс праз вагзал, спыняюся, калі бачу пьяных, страшных бамжоў. Кажу сабе, што не хачу такім быць. 
Адам Глёбус. Інтэрвію. 

Выпівалі мы ў камандзе? Ну так, здаралася. Я выпіваў, Пракапенка – здаралася, Кандрацьцьеў – можа, крыху гарэзіў, Пудышаў – была справа. Атрымліваецца, Малафееў, Пудышаў і Пракапенка... 
Эдуард Малафееў, успамінаючы менскае “Дынама” ўзору 1982-га году. 

З такой, мякка кажучы, непрыгожай, сацыяльнай зьявай, як ледзьве не татальнае пьянства, мне, як тутэйшаму жыхару, даводзіцца сустракацца штодня. Асабліва летам. 
Вось цэлая пьяная кампанія, сем чалавек, сварыцца з тутэйшымі жанкамі за сваё "месца пад сонцам", то бок пад маім вакном, і сагнаць іх адтуль здольнае толькі драбаценьне помпы кампрэсара й адбойнага малатка ямачных рэмонтнікоў. Я называю іх "каралямі памыек і зассаных пад'ездоў".
Вось іду з рынку з торбамі, абганяе маладая пара, на бягу сілкуючыся "харошым-недарагім". Вось працоўнік ЖЭСу ўлучыў хвілінку, прысеўшы сярод двара, каб высмактаць запаветную "Вермуть".
Вось у закуце за крамай ці за трансфарматарнай будкай цэлая гурма пітухоў цэдзіць проста з гарла аднае пляшкі ўлюбёнае "Панское" - самае таннае ў раёне "бырла". 
Вось проста на сьцежцы ў калюжыне нямаведама чаго ляжыць, відавочна, зусім не на працы прысталы чалавек. "Паднімайся, бо патруль ухопіць! (Патруля тут і разу ня бачыў.)"  "А мне пох..."
Вось трох сядзяць пад галубятняй ці пад плоцікам дзіцячага садку, трымаючы ў руках плястыкавыя келіхі са сьветла-жоўтай вадкасьцяй. 
Вось за рагом 15-ай школкі трох займаюцца сэксам. Паміж ног стаіць, як вы думаеце, што? - недапітая пляшка зь легендарным "пладова-выгадным"...

Але-ж гэна толькі меншая частка, тое, што навідавоку. З побытавым, сямейным, кватэрным піцьцём "бырла" сустракаецца ня кожны. Да таго-ж, паводле дадзеных Белстату ў агульным аб'ёме спажываньня алькаголю палову складае гарэлка, а яна, як вядома, патрабуе іншых умоваў, то бок падвалоў, пад'ездоў, трансфарматарных будак ці бытовак. Прынамсі, пра бытоўкі. Ніхто, пэўна, так шмат ня пье, як будаўнікі, бо ўмовы дазваляюць схавацца ад начальства. Адсюль і траўматызм, і сьмяротныя выпадкі на вытворчасьці.  
   
Выбары скончыліся, можна крыху й разняволіцца. 24.09.2012. 
 
                                               *** 

Добра быць ні бацькам і ні сынам, 
I ні дзядзькам, і ні братам быць. 
Анікому нічарта не вінным 
Жыць у краме,    у адзьдзеле вінным, 
Дзе ў чарзе - уся радня стаіць. 
 Уладзімер Някляеў. Вершы. 

 "Разбудуем хлявы ў палацы, навядзем у адстойнікох шык..." 
А у вёсцы лясной Габітацыя на сем баб адзін пьяны мужык...
 Алесь Наркевіч. Песьні на ўласныя вершы. 

Усе пад'ём! Ну что, алкаголікі, хуліганы, хішчнікі (так міліцыянты называюць дробных злодзеяў), зноў патрапіліся? (Далей ідзе паасобнае пералічэньне заслугаў кожнага заўсёдніка.) Навіцкі, выйдзеце сюды, калі ласка. Вось паглядзеце на чалавека: можа ён тысячу разоў мае рацыю... можа, наадварот, але ў яго ёсьці нешта за душою, ідэя якаясь. А вы што такое? Што ў вас ё? Скраў-выпіў-у вязьніцу? Пьяныя, абассаныя... Якія дзеці ў вас могуць быць??? Тьху, пазьнішчылі ўсей генафонд краіны... 
(Паводле дадзеных Мінздрава на 9,5 мільёнаў насельніцтва не хапае мільёна мужчынаў.) 
Начная выхаваўчая праца ў гарацкім адзьдзеле міліцыі.

 Вядома, алькагалізм патрабуе зашмат грошай, а дзе іх браць? Хвароба прымушае аматароў моцных і ня вельмі напояў ісьці на крадзеж дзяржаўнай альбо асабістай уласнасьці, а гэна - наўпроставы шлях у калёнію ці турму. Нават у "прадбаньніку" калёніі, на Акрэсьціна, алькаголікі складаюць большасьць тамтэйшых абываталяў. Іх адразу можна пазнаць па скрыўленых насох, па шматлікіх драпінах і шнарох, набытых у бойках з таварышамі па пляшцы. Сваеасаблівы такі кантынгент.
  
Частка галерэі партрэтоў акрэсьцінскіх тубыльцоў. 2011-2012. З выставы "Код Акрэсьціна", 2012. Турэмныя малюнкі.

                                                *** 

Кожны жыхар Беларусі, ад немаўляці да старога, выпівае 50 бутэлек гарэлкі за год. 
Галоўны нарколяг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Аляксей Аляксандраў. Інтэрвію. Кожны пяты чалавек у краінах СНД памірае ад ужываньня алькаголю. СААЗ. 

Паводле  дадзеных Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) у рэйтынгу краінаў, жыхары якіх пьюць найбольш, Беларусь стабільна займае 9-10-е месца. Жыхар нашай краіны, старэйшы ад 18 гадоў, выпівае ў сярэднім больш за пятнаццаць (15,13-15,26) літраў абсалютнага алькаголю (альбо 12 літраў на душу насельніцтва), што ў два с паловай разы больш за сярэдні глябальны паказьнік (6,1 літра алкаголю). Па стандартох СААЗ крытычным для здароўя нацыі зьяўляецца спажываньне 8 літраў алькаголю на кожнага жыхара краіны, старэйшых ад 18 гадоў.   СААЗ таксама адзначае, што ў бюджэце шэрагу краін, напрыклад, у Малдове, Ізрайлі, Харватыі ці ва Ўкрайне, закладзены адмысловы разьдзел па лячэньні ад алькагалізму, а 126 краін нават фармальна праводзяць праграмы лячэньня ад злоўжываньня алькаголю. 
  
Нічога не мяняецца. Фота 2010-2012.  

                                              *** 

У 90-х усе бухалі, асабліва на расейскай сцэне. Я кінуў піць, бо ўсё выпіў, мне стала проста нецікава. Я ўпаў на самае дно ды паглядзеў што там наўкол. І напісаў нават пра гэта кнігу — "Памаранчавыя дзьверы". Нехта зь сябраў афіцыйнага Саюзу пісьменьнікоў прачытаў яе ды сказаў, што яе нельга выдаваць. 
Лэсьлі Ножык, "Gods Tower". Інтэрвію. 

Читаю Ж. Назаралиева, «Избавь и прости». "Доктор Жизнь", "человек в черном", "ледокол" - так в мире называют человека, открыто заявившего, что героиновая наркомания и алкоголизм излечимы... 
Iya Kaponirova, псыхоляг. Фэйсбук. 

Чаму кніга "сіняя"? А чаму не? Ёсьць-жа ў брудных судзьдзяў і міліцыянтоў "чорная кніга", у расьлін і жывёл "чырвоная", дык чаму ў алькаголікоў не павіна быць "сваёй" кнігі? Пад колер уласных насоў))) 
Іван Чацьвярцінкін. Інтэрвію. 

Галоўная праблема алькагалізму, як мне здаецца, хаваецца ў тым, што ў грамацтве, дзе спажываньне алькаголю — гэна сацыяльная норма, абсалютная большасьць людзей, якія выпіваюць, катэгарычна не жадае прызнаваць сябе хворымі на алькагалізм і зьвяртацца па дапамогу, у тым ліку й мэдычную. Такім чынам, патрэбны быў прэцэдэнт, прычым пажадана было-б, каб прыклад паказаў нехта са знаных людзей, які карыстаецца нейкім аўтарытэтом у грамацтве.  Таму, калі я даведаўся быў, што мой стары знаёмец, пісьменьнік Анатоль Астапенка, напісаў аці ня першую на літаратурнай прасторы Беларусі аўтобіяграфічную (не мастацкую) кнігу пра тое, як ён выйшаў на сьцяжыну вайны са сваёй ўласнай хваробай і здолеў яе перамагчы, я палічыў гэна падзеяй, вартай пільнай увагі з боку грамацтва. 

На прэзэнтацыю "“Сіняй кнігі беларускага алькаголіка”, каб падтрымаць Анатоля (альбо Антона Кулона, былога фізыка) прыйшло шмат сяброў, якія, не хаваючы вачэй, распавядалі пра свой досьвед змаганьня зь зялёным зьміем і зладзілі нават невялічкую сцэнку, дзе ролю "Сіняй Кнігі" (пэўна, каб адразу палюбілася, што ня пье) заграла паэтэса Аксана Спрынчан, а ролю Белай гарачкі, ня менш натуральна (відаць, каб усе ўпэўніліся, як непрыгожа выпіваць) - паэта й перакладчык Сяржук Вераціла, які падарыў герою рондаль салоных груздоў у якасьці ўзнагароды. Калегі жартам пачыталі вершы на "сараматлівую" тэму, Алесь Камоцкі сьпяяў колькі песень. Карацей, вечарына ўдалася. Малачына й аўтор: перамог двойчы - і хваробу, і сябе, калі згадаў пра гэную зусім не жартоўную вайну. Добры прыклад грамадзе.
  
Клюб знакамітых алькаголікаў. У кожным жарце ёсьць доля жарту, астатняе - праўда. І часта - горкая. 

Алькагольная залежнасьць – сур’ёзнае захворваньне, алькаголік – гэта ня нейкі там чужы, сьметнікавы бомж, а ваш бліскі сябра, ваш знаёмы пісьменьнік, мастак, славуты рок-музыка ці оперны спявак. А мажліва – гэта вы.  
Анатоль Астапенка. “Сіняя кніга беларускага алькаголіка”. 

/>.
26.09.12 18:53
загружаются комментарии

Юрась Навіцкі