Мы ня мусім забывацца на іх!

Паштоўка для палітвязьняў. Яны будуць з аўтографамі. Прашоў чарговы, ужо трынаццаты дзень Маратону Салідарнасьці. Мы пагаворым аб гэным з адной зь ягоных арганізатараў, грамацкай дзяячкай Ганнай Шапуцькай.  Юрась Навіцкі: Ганна, напачатку раскажэце крыху, як прасоўваюцца справы з Маратонам? Ганна Шапуцька: Як вы ведаеце, Марафон Салідарнасьці з палітвязьнямі Беларусі распачаўся па ініцыятыве каардынацыйнай групы “За Волю” 10 верасьня 2012 года. Сваёй акцыяй мы меліся зьвярнуць увагу грамацтва на наяўнасьць у краіне палітычных зьняволеных, выказваем ім сваю падтрымку, вучымся быць салідарнымі. Першы тыдзень вядомыя музыкі й паэты выступалі на сядзібе Партыі БНФ у Менску штовечар -  ад панядзелка да пятніцы. Надалей Марафон Салідарнасьці з палітвязьнямі штотыднёва праходзіць па аўторках і чацвяргох.  ЮН: Нехта зь вядомых людзей ужо прыняў удзел у вашае акцыі салідарнасьці? ГШ: Але. У Марафоне Салідарнасьці з палітвязьнямі ўжо прынялі ўдзел: гісторык, прафэсар Ланід Лыч,  вядомы кінарэжысэр Віктар Дашук, паэты Уладзімір Някляеў, Марыя Баравік, Славамір Адамовіч,  мастак Алесь Пушкін,  музыкі Зьміцер Бартосік, Зьміцер Вайцюшкевіч, Лявон Вольскі, Павал Аракелян, Алег Гарус, Андрэй Мельнікаў, Алесь Наркевіч, Аляксей Галіч, Аляксандр Памідораў, Марыя Новікава, Раман Яраш, Андрэй Касьцень, Віктар Сямашка,  былыя палітвязьні часоў СССР Сяргей Ханжанкоў і Ўладзімір Раманоўскі. Шмат цікавых сустрэч чакае яшчэ нас наперадзе.  Тацяна Беланогая -- бард. Нарадзілася ў 1984 годзе ў Менску, сярэднюю школу закончыла ў Маладзечне. Мае дзьве вышэйшыя адукацыі -- геаграфічную і пэдагагічную (выкладчыца ангельскай мовы). Пераможца конкурсу "Бардаўская восень" у Бельску Падляскім, конкурсу "ОРРА-2006" у Варшаве. Выдала альбомы: "Там, дзе мы" (2004), "Пабачыць сьвет"(2006), "Дзьвюхкроп'е"(2007), "Ніткі"(2011). Аўтарка многіх-многіх-многіх песень. ЮН: Ганна, у мяне да вас цэлы блёк пытаньняў: аці цяжка вам знаходзіць выканаўцаў для канцэртоў, ці шмат хто адмаўляецца і чаму так мала людзей прыходзіць на зладжаныя вамі канцэрты? Вось сёньня на канцэрт вядомых беларускіх бардаў прыйшло адно колькі дзясяткоў салідарных.  ГШ: Выканаўцаў знаходзіць не цяжка. Пакуль адмовіўся толькі адзін чалавек, некаторыя папрасілі патэлефанаваць крыху пазьней, бо зараз яны задзейнічаныя ў канцэртах. Выступоўцы ўсе вельмі шчырыя ў сваім жаданьні дапамагчы палітвязьням, іх родным. Дзякуй ім вялікі за салідарнасьць і нізкі паклон. А вось заля часам бывае напалову пустой і гэта незразумела. Канешне, недахоп інфармацыі грае сваю ролю, але-ж мы распаўсюджваем праз Фэйсбук, Аднакласьнікаў, празь сяброў і знаемых, шмат людзей проста ня могуць ня ведаць пра Марафон Салідарнасьці, але-ж ахвяраваць сваім часам, сваімі справамі ў гэтыя дні могуць далека ня ўсе. Ня ўсе разумеюць, што прыйсці на сядзібу і падтрымаць сваей прысутнасьцю палітвязьняў -гэта паўдзельнічаць у акцыі ў іхнюю падтрымку, а таксама выказаць тым самым свой пратэст супроць пануючага рэжыму гвалту й беззаконьня. ЮН: Якія пытаньні яшчэ паўсталі перад вамі пад час правядзеньня Маратона Салідарнасьці? Паштоўка для палітвязьняў. ГШ: Галоўнае пытаньне, якое нам пакуль не атрымалася вырашыць – гэта інфармацыйная падтрымка нашых "незалежных" СМІ. Вельмі мала інфармацыі пра Марафон Салідарнасьці, людзі скардзяцца, што не могуць даведацца, што не друкуюць газеты. Няма інфы й на сайтох. Мы вельмі зьдзіўленыя, не чакалі такіх праблем, бо пытаньне вызваленьня палітвязьняў – галоўнае пытаньне на сёнешні дзень. Людзі сядзяць за кратамі, любая падтрымка ім вельмі неабходная. Ім вельмі важна ведаць, што грамадства не забылася пра іх, што столькі вядомых таленавітых беларусаў падтрымлівае іх у гэтыя цяжкія хвіліны. Мы робім рассылку СМІ праз прэсавую службу БХД, мы запрашаем журналістаў на ўсе нашыя сустрэчы, мы просім нават палітвязьня Паўла Севярынца, каб ён сваім аўтарытэтным словам дапамог, дагрукаўся да нашых СМІ. Але ж акрамя “Радые Свабода” больш ніхто, ні "НН", ні "Хартыя", ні "Народная Воля" і г.д. не агучвае належным вобразам акцыю салідарнасьці з палітвязьнямі... і гэта вельмі прыкра й балюча. Хочацца зьвярнуцца да рэдактароў вядомых газет, сайтоў – далучайцеся да Марафону. Будзьма Салідарнымі. Ад кожнага з нас залежыць лес нашых палітвязьняў, лес нашай краіны. ЮН: Ну а што пазытыўнага можаце згадаць? Вострыя моманты? ГШ: Прыемна адзначыць, што Марафон Салідарнасці падхапілі і ў замежжы, так, 26 кастрычніка ў Варшаве пройдзе дабрачынны канцэрт "Свабоду Беларусі" у падтрымку беларускіх палітвязьняў. Спадзяемся, што й іншыя краіны падхопяць гэтую ініцыятыву. і шмат людзей па за межамі нашай краіны даведаюцца пра лес беларускіх палітвязняў, выкажуць ім сваю падтрымку. Наша Салідарнасць – наша Перамога. Далучайцесь. Свабоду палітвязьням! Вельмі было прыемна, што палітвязень Васіль Парфянкоў атрымаў ліст з аўтографамі Вайцюшкевіча й Пушкіна, быў удзячны ўсім удзельнікам Марафону. Востры момант - павінны быў на прэзэнтацыі новага фільма Дашука прысутнічаць галоўны герой фільма - мастак Алесь Пушкін, але-ж перад самай прэзэнтацыяй мы дазналіся, што яго кінулі на 10 сутак за краты , пра што паведамілі сябры Алеся, што прыехалі на Марафон са Смаргоні. Удзельнікі Марафону прапанавалі годна сустрэць Пушкіна пасля адсідкі, што мы і зрабілі) Ігар Сімбіроў, карэнны асіпаўчук, беларус. Па адукацыі актэр тэатра лялек. Мультыінструменталісты: грае на гітары, бас-гітары, дудках, баяне, губным гармоніку. За актыўную грамадзянскую пазіцыю шмат разоў арыштоўваўся. Апошні раз адседзеў 25 сутак запар. Прычынай сталася актыўнае змаганьне з КГБ, каб той вярнуў забраную гітару, нэтбук і дзёньнікі пэрыяду Крывавай Нядзелі (19 снежня 2010 года). Актыўна канцэртуе з уласным музычным праектам, які пазіцыянуе як псіха-фольк-рок-бард-сьпевы і маналёгі пад гітару. Юрась Навіцкі: Спадар Ігар, а чаму Вы прынялі ўдзел у Маратоне? Ігар Сімбіроў: Ведаеце… гэта такое дзіўнае пытаньне! Калі не мне прымаць удзел у падобных акцыях, дык тады каму-ж? Я на сваёй скуры адчуў падчас сваіх адседак, што такое,  калі цябе не “грэюць” з волі, калі на цябе нібыта забыліся. Зразумела, што такую сітуацыю штучна ствараюць тыя паск*ды ў міліцыянцкіх пагонах, каб псіхалагічна цябе зламаць. Яны часам не перадаюць перадачы, каб чалавек падумаў, што на яго забыліся і ён нікому не патрэбны. І таму любая зьвестачка, што аб табе памятаюць, цябе чакаюць, табе спачуваюць і табой ганарацца – гэта надае львінай долі пазытыву і дапамагае вытрываць. Сам праз гэта шматкроць праходзіў. Таму я тут, каб засьведчыць сваю салідарнасьць з маімі паплечнікамі, і каб паказаць крывавай гебне і паскуднаму рэжыму, што НАШ ДУХ ЖЫВЫ! ЮН: Вы кагосьці асабіста ведаеце зь цяперашніх палітзьняволеных? ІС: А як жа! Паўлюк Севярынец, Зьміцер Дашкевіч. Зь імі мы вельмі добра прыяцельствавалі. Плячом да пляча на барыкадах неаднойчы стаялі. З астатнімі знаёмы фрагментальна. ЮН: Ігар, сярод палітычна зьняволеных таксама знаходзіцца вашая гітара))) ІС: О-о! Гэта вы трапна заўважылі! Так, гітара ў засьценкох КГБ. Камітэт дзяржаўнага БАНДЫТЫЗМУ яе пасьпяхова прыхватызаваў і аддаваць не зьбіраецца. Яны разам з фрунзенскім судом Менска і Упраўленьнем папярэдніх расьледваньняў кідаюць мяне, як мячык, адзін аднаму, маўляў, ідзі шукай у КГБ. Задтуль мяне накіроўваюць шукаць ў суд, з суда да міліцыянтаў… А потым у адзін момант, калі я актыўна пачынаю хадзіць па гэтых установах, мяне хапаюць і судзяць за тое, што я нібыта мацюгаюся, прыстаю да мінакоў, махаю рукамі і зьневажаю супрацоўнікаў міліцыі. Гэты набор цягне на 15 сутак.  ЮН: Што вы пажадаеце палітвязьням і іхным сваякам? ІС: Вытрываць. Гэта выпрабаваньне. Чымсьці за волю Бацькаўшчыны трэба ахвяраваць. Тыя, хто зараз за кратамі, многае на сябе ўсклалі. І зь іх многа і спаганяецца. Яны сапраўдныя героі. Я шчыра жадаю ім такімі і заставацца, вытрываць, захаваць гонар і годнасьць. А сваякам пажадаю тое самае – вытрываць, дачакацца, не ўпадаць у адчай і не апускаць рукі. Усё роўна мы пераможам, бо іначай мы проста не можам) Паштоўка для палітвязьняў..
12.10.12 19:12
загружаются комментарии

Юрась Навіцкі