Праўда пра рэферэндум-96

Праўда пра рэферэндум, альбо Як гэна адбывалася на самой справе*


Надоечы пачуў, як Лукашэнка ў Дзярждуме Расеі зноў хваліўся ўсеагульнай народнай падтрымкай сваіх асабістых паўнамоцтваў, што быццам бы надаў яму Рэферэндум 96-га года. Сяньні, калі наступствы гэных паўнамоцтваў убачыў на ўласныя вочы кожны беларус, трэба прыпомніць і ў якіх умовах праводзілі гэны рэферэндум. Напярэдадні яго паўстала дылема: праігнараваць гэнае нелегітымнае мерапрыемства, ці наадварот, узяць ў ім удзел з тым, каб адмоўна адказаць на ўзьнятыя пытаньні. Павагаўшыся крыху, я, як сумленны грамадзянін, вырашыў-такі зрабіць спробу прыняць удзел у сваім лёсе і ў лёсе сваіх суайчыньнікаў, якіх даўно ўжо нічога не цікавіць апроч “шкваркі й чаркі” і “каб ня было вайны”.

Ня памятаю дакладнай даты (дзесьці напрыканцы “рэферэндума”), але добра памятаю абставіны, у якіх давялося “выказваць сваю волю”. “Працэс” адбываўся ў памяшканьні ГПТВ-14, што на пасёлку аўтазаводу імя Кірава, куды я і зькіраваўся прыблізна а пятай вечара. Першае, што мяне непрыемна зьдзівіла, гэна тое, што ў памяшканьні, дзе павінна было зьдзяйсьняцца “галасаваньне”, знаходзіўся ўсяго толькі адзін чалавек, які і быў там, відаць, гаспадаром. Аніякіх табе ка-місій, назіральнікаў, міліцыянтаў, нікога!

Па-другое, скрынка для “галасаваньня” ня была апячатаная! Вось табе і дзяржаўная справа, на якую былі выдаткаваны вялізарныя сродкі з нашых кішэняў! Пакуль я аглядаўся, у залю ўвайшоў яшчэ адзін мужчына і ўвага гаспадара пераключылася на таго. Мужчына як і я павітаўся, спытаў, дзе ён можа “прагаласаваць”. Гаспадар тыцнуў у бок кабінкі, якая ня мела сэнсу ўжо таму, што ў ёй адсутнічала шторка. Затым гаспадар даў мужчыне ўзор, як трэба запаўняць картку. Гэныя ўзоры ў тыя дні кожны бачыў паўсюдна: на сьценах, слупах, прыпынках грамадскага транспарту. Акрамя таго, тэлебачаньне й радыё сотні разоў на дзень распавядалі несьвядомым, як трэба галасаваць.

Аднак вернемся да мужчыны. Ён, на маё зьдзіўленьне, ня стаў спрачацца і, хітнуўшы галавою, пайшоў да кабінкі. Відаць было, што ён зрабіў менавіта так, як ад яго патрабавалася, “на аўтаматы”.

Прыйшла чарга і мне выканаць свой грамадзянскі абавязак. Гаспадар даў і мне такую картку-ўзор, на якой птушкі стаялі менавіта там, дзе патрэбна. Я зрабіў выгляд, што азнаёмляюся зь яе зьместам, а потым запытаўся: што-ж рабіць тым, хто ня згодны з такім пунктам гледжаньня? На што пачуў: справа, маўляў, малая, хоцькі-няхоцькі, а трэба рабіць так, як кажуць па тэлевізары й радыё. Калі-ж я моўчкі пайшоў да кабінкі, гаспадар павалокся ўсьлед і ўваткнуў-ткі сваё “джала”(прабачце мой дрэнны французкі) у кабінку. Я ня ўпэўнены наконт ягонай злараднай усь-мешкі. Затое ўпэўнены ў іншым: у выніках свайго “галасаваньня”.


Ня было аніякай рожніцы, прыйшоў я на рэферэндум ці не. Адно, маё сумленьне засталося чыстым. Я прагаласаваў супроць: пашырэньня надужаньняў (і бяз таго бязконцых) прэзыдэнта, зьнішчэньня парэшткаў законнасьці і правоў грамадзян, падаўжэньня тэрміна знаход-жаньня ва ўладзе Лукашэнкі, вертыкаляў, ценявых бюджэтаў ды фондаў, карупцыі ўладаў і чы-навенства, згаленьня, спойваньня, дэградацыі і выміраньня нацыі. Супроць пераноса Дня абвяшчэньня незалежнасьці ў 1990 годзе на дзень выгнаньня зь Менску нямецкіх акупантаў расейскімі. Упэўнены, што так прагаласаваў кожны беларус з цьвярозым розумам. На жаль, пасьля рэферэндума ў Беларусі адбылося адваротнае. Але гэнае ўжо зусім іншая гісторыя, і яна яшчэ будзе.

14.01.13 17:04

Юрась Навіцкі