Пакуль яны за кратамі, мы ўсе несвабодныя

Большай любові ні ў кога няма, як тая, калі хто душу сваю паложыць за сяброў сваіх. Ін 15:13


Ганна Шапуцька не выпускае з рук партрэта палітзьняволеных.

1 лютага 2013-га аб’яднаньне няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў і грамадзянскіх ініцыятываў «Асамблея НДА» уручыла прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці-2012». Імпрэза адбылася ў перапоўненай людзьмі Галерэі «Ў». У намінацыі найлепшая «Новая ініцыятыва году» перамог Маратон Салідарнасьці "Свабоду палітвязьням". Кампанія была зладжаная каардынацыйнай групай "За Волю"*.

Пераможцаў вызначылі па вынікох супольнага падліку галасоў, пададзеных за намінантаў сябрамі Рабочай групы Асамблеі (44 прадстаўнікі арганізацыяў), а таксама 25 спэцыяльна запрошанымі экспэртамі зь ліку лідэроў НДА ды леташніх пераможцаў прэміі(Радыё Свабода).


Прыз Маратона.

Арганізатары Маратону лічаць гэтую перамогу ўзнагародай усім палітвязьням, усім творцам - музыкам, паэтам, мастакам, кінарэжысэрам, якія не збаяліся адкрыта выказаць сваю падтрымку, сваю салідарнасць, палітвязьням, нягледзечы на магчымыя рэпрэсыі, ахвяруючы сваім часам, сваім дабрабытам, сваей працай, а таксама усім неабыякавым  людзям, якія лічылі ўдзел у кампаніі справай гонару, справай сумленьня. Трэба адзначыць, што за час правядзеньня Маратону Салідарнасьці людзі ахвяравалі больш за тысячу даляраў, якія пайшлі на дапамогу сям’і Аўтуховіча, на падтрымку Малчанаву, Васьковічу, дапамаглі матэрыяльна сям’і Крутога Алеся і г.д. 



Ледзь прымусіў усьміхнуцца - пераможцы-ж усё-ткі)

Усяго за пэрыяд зь 10 верасня 2012 года, калі Маратон Салідарнасьці распачалі сваймі выступамі знакаміты бард Зьміцер Бартосік і былы палітвязень і палітэмігрант, паэта Алесь Адамовіч, да Юбілейнай, 25-ай вечарыны 26 студзеня 2013-га, зь ня менш ужо вядомым музыкам Алесям Дзянісавым, у кампаніі прынялі ўдзел таленавітыя музыкі й паэты Ўладзімер Някляеў, Андрэй Мельнікаў, Лявон Вольскі, Роман Абрамчук, Тацяна Беланогая, Марыя Новікава, Наталя Бордак, Ігар Сімбіроў, Аляксандар Памідораў, Юля Фралова, Зьміцер Вайцюшкевіч, Алесь Галіч, Роман Яраш, Сяргей Касцень, Андрэй Хадановіч, Марыя Баравік, Алесь Наркевіч, цэлы шэраг вядомых беларускіх кінарэжысэроў - Віктар Дашук, Валер Мазынскі, Вольга Мікалайчык, Сяргей Ісакаў, гісторыкоў, былых савецкіх і цяперашніх палітвязьняў, і "іншых славутасьцяў"(Эўрорадыё). Маратон Салідарнасьці быў актыўна падтрыманы і за межамі Беларусі. У ягоных рамках у Беларусі было таксама рэалізавана колькі паасобных праектоў "Намалюй (дапішэ, зрабе, падпішэ, дашле) паштоўку для палітвязьня" і тры мастацкія выставы: Алеся Пушкіна, былога палітвязьня Алеся Квяткевіча і блёгера navicki.


Дыплём.

*ГЗВ, даведка аўтора: група "За Волю" нарадзілася 19 сьнежня 2010 года зь вернікоў рожных канфэсыяў, пазьней да яе далучыліся сямейнікі палітвязьняў, праваабаронцы, прадстаўнікі ад рожных грамацкіх арганізацыяў і палітычных партыяў. 

Адкрытая суполка Каардынацыйная група "За Волю", была створаная неабыякавымі людзьмі дзеля аб'яднаньня й каардынацыі высілкоў па вызваленьню палітвязьняў. Стварэньне ГЗВ ухваліў і легендарны сёнешні палітвязень Павал Севярынец. Удзельнікі групы прапануюць грамадзянам нашай краіны не заставацца ў баку, бо кожны можа ўнесьці сваю долю ў агульную справу вызваленьня палітвязьняў.

Першы круглы стол па пытаньнях вызваленьня палітвязьняў і іх колькасьці на Беларусі адбыўся 25 студзеня 2012 года. Быў прыняты зварот да палітыкоў і праваабаронцоў - аб’яднаць свае высілкі ў справе вызваленьня палітвязьняў. 


Каардынацыйнай групой "За волю" быў выпрацаваны й прыняты дакумант "Аб'ектыўныя крытэры палітычна матываваных перасьледаў у Беларусі". Гэта было неабходна, бо ў Рэспубліцы Беларусь да таго часу не існавала крытэроў вызначэньня палітычных зьняволеных і ўлады Беларусі заяўлялі пра адсутнасьць палітвязьняў, фабрыкуючы супроць іх крымінальныя справы. 

ГЗВ таксама былі распачатыя сэсыі “Грамадскага Трыбунала”, дзе, напрыклад, было выстаўленае абвінавачваньне ўладам у катаваньні палітвязьняў - лідэра “Маладога Фронту” Зьмітра Дашкевіча й кандыдата ў Прэзыдэнты Андрэя Саннікава, катаваньня іншых грамадзянаў падчас адміністрацыйнага арышту і адбываньня імі пакараньня ў ЦІПе “Акрэсьціна”.

Таксама былі сабраны сведчаньні людзей аб катаваньнях у ЦІПе, а кінарэжысерам Вольгай Мікалайчык быў зроблены фільм-хроніка “Катавальня Акрэсьціна”, адбыўся прагляд і абмеркаваньне гэтага фільма. У межах Трыбунала адбылася вялікая міжнародная выстава турэмных малюнкаў блёгера navicki. ГЗВ накіравала ўладам зварот з патрабаваньнем зачыніць гэтую турму-катавальню, да зварота былі прыкладзеныя дыскі з фільмам і, дзякуючы агульным намаганьням, акрэсьцінская турма была зачыненая на капітальны рамонт.

Маратон Салідарнасьці - толькі адна з апошніх ініцыятыў групы. Дзякуючы МС выказаць сваю падтрымку можа кожны неабыякавы да лесу палітвязьняў творца, будзь то музыка, паэта, мастак, рэжысер. Удзельнікамі Марафону зьяўляюцца ўсе наведнікі, якія не толькі могуць выказаць падтрымку палітвязьням сваей прысутнасьцяй, але-ж і ахвяраваць сродкі на дапамогу сем’ям апошніх, ім самім. 

Далучайцеся дзеля хутчэйшага вызваленьня беларускіх палітвязьняў і дапамогі ім сёньня!

.
02.02.13 1:35
загружаются комментарии

Юрась Навіцкі