Лошыцкая аўтарыя: Узьлёт і падзеньне

   Рабочы назоў: Узьлёт і падзеньне маленькага касьцёла /Няма таго, што раньш было/

   Ёсьць у Менску мой улюбёны куточак, ахутаны паданьнямі й годны ўспаміну ня менш за Кальварыю, Камароўку ці нават легендарнае Траецкае прадмесьце. Я вяду пра таямнічую й рамантычную некалі Лошыцкую княска-графскую сядзібу. Хто толькі не наведваў лошыцкі маёнтак ці ня жыў у ім, згодна паданьням і фактычным матэрыялом! Апошні Кароль Польскі й Вялікі Князь Літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі; губернатар памежнай Магіляўскай губерні, генэрал Кахоўскі; расейскі імпэратар Павал I; удзельнікі вызвольных паўстаньняў; князі й шляхта; расейскія "дзекабрыстыя"; змоўшчыкі супроць мінскіх губэрнатара й паліцмайстра; менскі культурніцкі бамонд, сярод якога Вінцэнты Дунін-Марцінкевіч і Валеньці Ваньковіч; эсэры; чыкістыя, навукоўцы, чырвоныя тэрарыстыя, вярхоўка гітлероўцоў, гаўляйтэр Вільгельм Кубэ, камуністычныя падпольшчыкі, савецкія партызаны, камандзеры  якіх праходзілі тут праз сьмершаўскі фільтрацыйны пункт, амэрыканцы зь місыі УННРА...

лошыцкая капліца
   1-4. Аўтарыя(алтарыя), капліца, радавая пахавальня, часоўня, фамільны ськлеп - гэна ўсё слушныя назовы аднаго й таго-ж збору - касьцёла Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі. Сьцены яго чулі ня толькі шлюбныя гімны і цудоўную ігру на касьцёльным аргане Станіслава Манюшкі, але й малітвы удзельнікоў паўстаньняў супроць расейскай акупацыі, і гукі масавых сталінскіх растрэлоў, і стогны ахвяраў чыкісцкіх катаў.

   А калі ўжо казаць пра Лошыцкую сядзібу, то немагчыма не згадаць і пра тутэйшую рымска-каталіцкую аўтарыю*(зараз ужо жывапісныя руіны), раьзмешчаную на высокім месцы з правага боку ўязной алеі, блізу ўязной брамы ў атачэньні дрэваў хвоі чорнай. Заснаваная яна была ў 1787 г. і кансэкраваная пад тытулам Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі. Пабудаваны быў збор у стылі позьняга беларускага (віленскага) барока, якому былі ўласьцівыя "надзвычайная маляўнічасьць і плястычнасьць формаў, шматплянавая прасторавая структура фасадаў, багацьце светлаценю, стромкасьць і лёгкасьць, якія надавалі збудаваньням вытанчаныя прапорцыі; мудрагелістыя скразныя праёмы, крывалінейныя абрысы вежаў і франтонаў". У нашай краіне станаўленьне мастацкіх асаблівасьцяў гэнага стылю зьвязанае з творчасьцяй выдатнага віленскага архітэктара Ёгана Крыштофа Глаўбіца (1700 - 1767). Лошыцкая аўтарыя ўяўляла сабой мураванае, крывалінейнай 8-сьценнай канфігурацыі збудаваньне, завершанае шаломападобным купалам на глухім барабане, пад шатровым дахам. Сьцены былі атынкаваныя, аздобленыя пілястрамі. Капліца, трэба дадаць, незвычайна эфэктна глядзелася сярод зеляніва парку. 

лошыцкая капліца
   5. Лошыца, панарама(Losyca. J.Pieska, XIX). Акварэль, мастак Юзаф Пешка, поўны назоў твора "Лошыца, сядзіба Прушынскіх у паўмілі ад Менска", захоўваецца ў адзьдзеле мастацтваў Ільвоўскай навуковай бібліятэкі імя В. Стэфаніка. На далейшым пляне відаць абрысы капліцы, пра якую вядзецца ў блёгу.
   6. Капліца Панны Марыі ў былой в. Лошыца. Фота 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя. 

   Адметнасьць зальнага інтэр'еру складала наяўнасьць аргана й двох багата дэкараваных, аздобленых унікальнай разьбой аўтароў - Сьвятой Панны Марыі й Сьвятога Мікалая. Увогуле, наяўнасьць у касьцёлах некалькіх дадатковых аўтароў, апроч галоўнага, разьмешчанага ў прэсбітэрыі (аўтарнай частцы) - зьява даволі распаўсюджаная, але каб гэта было падкрэсленае ў назове самога каталіцкага збору - факт даволі рэдкі. Цікава, што ў апісаньні прыхода Каралішчавіцкага рымска-каталіцкага касьцёла за 1856 г., да якога належала тады Лошыцкая аўтарыя, ужо значыцца, што "столец у ёй адзін у імя Найсвятой Багародзіцы". Трэба меркаваць, гэта былі пэўныя водгукі той унутранай палітыкі, якая ажыцьцяўлялася Мікалаем I пасля новага антырасейскага паўстаньня ў 1830-1831 гг. Царскі ўрад тады пачаў змагацца "з духам краю", у выніку чаго адбылося ўвядзеньне паўсюдна расейскай мовы ў справаводства й замацаваньне за асноўнымі беларускімі губернямі афіцыйнай назвы "Паўночна-Заходні край". Прыніжаўся статус касьцёлаў, зьмяншалася іхняя колькасьць. Так, паводле М. Доўнар-Запольскага, "у 1832 г. за ўдзел у паўстаньні быў зьліквідаваны 191 кляштар з 304, зь ператварэньнем іх пераважнай часткай у прыходскія касьцёлы". 

Ядзьвіга Любанская
  7-8. Графіня Ядзьвіга Любанская(1870-1905), архіўныя фота(сёмае фота - 1898г). Як тут ня прыпомніць легендарны радок:
   Ёсьць у графскім парку чорны стаў. Лілеі там цвітуць. Лілеі там цвітуць. Квітнеюць.
   There is a black pond in the ducal park. There lilies bloom. They bloom.

   Тым не менш, нягледзячы на ўсе пераўтварэньні, Лошыцкая аўтарыя захавала свой назоў і надалей(пакуль не была зачыненая пасьля чарговага вызвольнага паўстаньня 1863-1864гг.), служачы па-ранейшаму адначасова й фамільным ськлепом роду Прушынскіх. Тут былі пахаваныя многія пакаленьні ўладальнікоў маёнтка. Апошняй была маладая графіня Ядзьвіга Любанская, якая ў чэрвені 1905-га ўтапілася ў Сьвіслачы. В памяць аб каханай жонцы Яўстах Любанскі замураваў і затынкаваў вакно ў яе пакоі на першым паверсе. На тым месцы, дзе знайшлі цела Ядвісі, пасадзіў абрыкосавае дрэва. Самую няшчасную пані забальзамавалі й паклалі ў сьвінцовую труну, у якой на месцы твару была зробленае вечка са шкла. Кажуць, ляжала Ядзьвіга, нібы жывая.

Ядзьвіга Любанская
   Фота 9-11. 
   9. Граф Аляксандр Мусін-Пушкін (1856-1907), менскі губэрнатар (мастак В.Н Курбак, 2001). 11. Граф Карэл Гутэн-Чапскі (1860-1904), гарадскі галава(архіўнае фота). Гэным асобам прыпісваюцца непацьвержаныя адюльтэры зь Ядзьвігаю Любанскай, якія нібы прывялі да яе заўчаснай сьмерці. У шматлікіх мясцовых паданьнях і казаньнях, вершах і паэмах, аповядох і цэлых кніжках, прысьвечаных гэнай вядомай красуні й вельмі чулай да чужых бедаў і рамантычнай асобе, фігуруюць і бедны студэнт, і муж-Сіняя Барада, і самазабойства ці нават забойства, і перадсьмяротныя запіскі, і нават ненароджаныя дзеці. Усяму нельга цалком верыць. Гэна ўсё роўна, як цалком верыць ў белую здань каня Ўсяслава Чарадзея, якая дасюль прыплывае з Лошы ці ў дыназаўроў, якія і цяпер водзяцца ў рэліктавым парку. Ці ў тое, што Лошыцкая аўтарыя пабудаваная на гары на месцы колішняга паганскага капішча старажытнага паселішча ліцьвіноў-русіноў, знойдзенага непадалёк. Кожны можа выбраць сабе гісторыю па душы. Хоць пра неандэртальцаў. Але ўжо тое добра, што яны ёсьць.

   Пасля 1905 касьцёл аднавіў сваю дзейнасьць, але яе перапынілі ўжо савецкія ўлады ў 1920-х гадах, калі ў Лошыцкай сядзібе размясцілася ГПУ Беларусі. Спачатку капліцу прыстасавалі пад склад сельгасінвентара, а потым паспрабавалі ўзарваць. Тады будынак выстаяў, але застаўся без купалу. Да канца 1925 года чэкістыя рыхтавалі ў былым доме млынара тэрарыстычныя брыгады, якія засылаліся ў Польшчу. А потым адкрылі там сакрэтную школу для актыву кампартыі і камсамола Заходняй Беларусі, пад ідэяльным прыкрыцьцём Беларускага адзьдзяленьня Ўсесаюзнага інстытута расьлінаводства (пазьней - досьледная гаспадарка БелНДІ бульбаводства й плодаагародніцтва). Падчас чарговай хвалі сталінскага генацыду беларусоў, у 1937-ым, чыкістыя растралялі на краю парку непадалёк, у Чорным Яру, блізу дзесяці тысячаў сваіх ахвяраў. А на іхняй магіле зрабілі звалку сьмецьця й гаражны капэратыў.

Зянон Пазьняк: “Людзей прывозілі ў “хапунах” і часам на бартавых грузавіках, зьвязаных і пад наглядам аховы. Як правіла, прывозілі рана (у 5-6 раніцы) па некалькі машынаў і тут жа расстрэльвалі. Некаторыя з лошыцкіх старажылаў расказвалі мне ў 80-х, што бачылі, як вазілі й нават як расстрэльвалі. Сказаныя на сьмерць былі бедна апранутыя, простыя людзі. Зафіксаваныя таксама асобныя факты, калі мясцовыя камсамольцы-сексоты НКВД і лошыцкія падонкі (сексоты) удзельнічалі ў расстрэлах “ворагаў народа” тут, у Лошыцкім Яры. Яны напрошваліся
пастраляць” і за кожны стрэл ім плацілі 50 капеек (відаць, такса была).”

лошыцкая капліца
   Фота 12-15. 
   14. Я й сам быў так моцна ўражаны гісторыяй Ядвісі, што, стоячы проста пад гарой, зрабіў гэны накід асадкай: Белая Панна Лошыцы блукае па маёнтку, не знаходзячы свайго месца - пакой замураваны, а магіла разбураная...

   У 1930 г. з радавой пахавальні вывезлі ўсё труны, якія зьмяшчалі свінец, у тым ліку труну з парэшткамі графіні Ядзьвігі Любанскай, і адправілі на пераплаўку для акумулятараў у машынна-трактарную станцыю, заарганізаваную тут жа. Парэшткі памерлай, роўна як і іншых гаспадароў маёнтка, пры гэтым былі закапаныя непадалёк, а затым разрабаваныя. Косткі былі раскіданыя па парку, пазней іх аддалі зямлі мясцовыя жыхары. А капліцу ў 1935-ым яшчэ раз ўзарвалі. Часткова, таму што не хапіла выбухоўкі, каб разбурыць тоўстыя сцены. Людзям сказалі, што Чырвоная Армія, праводзячы спэцвученьні, памылкова зьнішчыла ня той аб'ект...

   На сёнешні дзень, як вы ўжо бачылі на фотах вышэй, сутарэньні Лошыцкай аўтарыі засыпаныя грунтом, ад тоўстых сьценаў засталася адна чвэрць.

лошыцкая капліца
   16. У 2011-ым я трапіў сюды якраз падчас раскопак падмурку і быў ўражаны грубасьцяй сьцен аўтарыі. З прычыны таго, што ні ў мяне, ані ў рабочага, што там разьбіраў, ня мелася з сабой вымяральнага інструмэнту, я паклаў на падмурак ягоную рыдлёўку, каб вы маглі параўнаць грубасьць сьцяны з даўжынёй тронка.

   Падрыхтаванаe й перакладзенаe navicki. Большасьць аўторскіх фота зробленыя на пачатку 2000-ых.
.
04.02.13 9:00
загружаются комментарии

Юрась Навіцкі