Красный день календаря – это родина моя? альбо Крыху пра сапраўдныя нацыянальныя сьвяты

Рабочы назоў: Яны пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына

Красный день календаря – это родина моя.
/Сучасная дзяржаўная папса./

 
Палонныя чырвоныя. Архіўнае фота.

Ёсьць у беларусоў сьвяты, але гэна не 23 лютага як расейска-камуністычны "праздник"

8 верасьня – дата, якая з канца 1980-х адзначаецца беларускімі патрыётамі як Дзень беларускай вайсковай славы – сьвята Варшанскай перамогі. У 1514 годзе маскоўскі цар Васіль ІІІ кінуў на захоп Беларусі (тады яе звалі Вялікім Княствам Літоўскім) 80-тысячнае коннае войска, якое пасьля акупацыі Смаленска ськіравалася ў самае сэрца нашай краіны. “Бліцкрыг” маскоўцоў-расейцоў (якія тады яшчэ ня ведалі, што яны нашы браты, ды яшчэ й “без знака якасьці”) спыніла 30-тысячная Пагоня пад кіраўніцтвом князя Канстанціна Йванавіча Астроскага. Вялічэзная па тых часох варожая раць, прайграўшы беларусом-ліцьвіном баі на Бярэзіне, Бабры й руці, адступіла за Дняпро, дзе для генеральнай бітвы заняла зручныя пазыцыі паміж Воршаю й Дуброўнай. Амаль тройчая колькасная перавага захопнікоў вымушала Астроскага разлічваць толькі на патрыятызм свайго невялікага войска. Князь зьвярнуўся да рэлігійных пачуцьцяў рыцароў, заклікаўшы іх да бою й перамогі “над непрыяцелем і супастатам праваслаўнай царквы”, як ён называў маскоўскага агрэсара. І ўзьняўшы харугвы з выявамі Сьвятога Юрая (Пагоні) і Божай Маці, пад бел-чырвона-белымі штандарамі пешыя й конныя абаронцы рушылі на ўсходнюю арду…

Пра гэны подзьвіг беларусоў-ліцьвіноў будзе гаварыць усяя Эўропа, напішуць газэты, мэнэстрэлі складуць песьні, летапісцы й гісторыкі занясуць тую дату ў аналы гісторыі й у энцыкляпэдыі як узор вайсковай чыннасьці, а князя Acтроскага эўропейцы будуць называць “князем, найбольш вартым сьветлай памяці”“Ромулам”, “Сцыпіёнам”, “другім Ганібалам”. Беларускі народ славу Воршы апеў, а самому гетману склаў “пахвалу” – сапрадны гімн пераможцу й ягоным віцязям за тое, што хіжых расейцоў-маскоўцоў разграміў, а “цэрквы Божыя хрысьціянскія і многіх мужоў і жон іх ад насільства абараніў”. Дарэчы, суадносіны ў згаданай бітве нашага й маскоўскага войскаў як 30 да 80 не аспрэчваюць ня толькі заходнія, але й найбольш слынныя расейскія гісторыкі Карамзін і Салаўёў. Разыходжаньне ёсьць толькі ў падліку стратаў сярод захопнікоў. Расейцы сцьвяржаюць: “мы страцілі 30 тысячаў воінаў”. Пагоня-ж недалічыла ў сваіх шэрагох каля 500 рыцароў.
Вечная слава героям, абаронцом Айчыны!

Што-ж тычыцца расейска-сталінскага сьвята, накіненага нам у савецкія часы, то гэную падзею сьледам за расейскім пісьменьніком Сьцяпанавым (аўтором рамана “Порт-Артур”) пільна дасьледаваў у 2005 годзе й вядомы беларускі гісторык доктар Анатоль Грыцкевіч. Гаворка йдзе аб “Дні савецкай (з 1946-га) арміі й ваенна-марскога флёту”, прысьвечанага “усеагульнай мабілізацыі, масаваму ўздыму ды мужнаму супраціву чырвонай арміі нямецкім захопнікам” (савецкія энцыкляпэдыі). Мала таго, што выявілася адсутнасьць якогась дачыненьня гэтага “праздника” да Ўзброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь, дык і ўвогуле аніводзін са згаданых фактаў (тым больш у прывязцы да 23 лютага) не атрымаў дакумэнтальнага пацьвержаньня ані ў архівох, ані ў тагачасных газэтных публікацыях. На абсурднасьць гэнай даты наракаў ў свой час і наркам Клімент Варашылаў. Карацей кажучы, сытуацыя з расейскім сьвятам нагадвае агульнавядомую гэбрайскую байку. Неяк у Рабіновіча спыталі, ці праўда, што той выйграў у Беразоўскага ў покер мільён даляраў. Насамрэч так і было, згадзіўся Рабіновіч. Толькі не ў карты, а ў шахматы. І не выйграў, а прайграў. І не Беразоўскаму, бо дзе таго найдзеш, а суседу. Добра адно, што толькі дваццаць капеек…

Абапіраючыся на тагачасныя зьвесткі, зьмешчаныя ў газэтах “Известия” і “Правда”, архіўныя дакумэнты, працы савецкіх гісторыкаў і вайскоўцоў (былога камандуючага 3-яй арміяй чырвоных М.Какурына, генэрал-лейтэнанта М.Бонч-Бруевіча й генэрал-маёра прафэсара С.Найды), мэмуары Э.Вайніловіча, прафэсар Грыцкевіч пераканаўча давеў міфалягічнасьць згаданай даты. Нідзе не згадваецца ані баёў, ані нават спробаў найменшага супроціву немцам, якія перасунуліся тады на ўсход цэлым фронтам. Народны ўздым, паўсюдны запіс у чырвонае войска й  “ашаламляльныя” перамогі пад Нарваю й Псковам, як высьветлілася, былі адно выніком неўтаймаванай фантазыі камуністычных ідыёлягізатараў гісторыі й мастацтва. Пры падыходзе нават невялічкіх нямецкіх частак рэвалюцыйныя салдаты й матросы, ня кажучы ўжо пра камісараў, разьбягаліся без жаднага стрэлу. Гэтак было пад Нарваю, куды фронт папросту не сягнуў, і ў Пскове, салдаты гарнізону якога згодна з паведамленьнем “Правды” “не прынялі ніякіх крокаў да адпору”. Як тут адмахнешся ад асацыяцыі зь “гераічнай абаронай” сёнешняй высмактанай з пальца “лініі сталіна”?

/Дарэчы, вывучаючы архіўныя дакумэнты, спадар Анатоль знайшоў-такі сувязь паміж беларускім войскам і датаю 23 лютага. Праўда, не 1918-га, а 1944-га года. Тады нямецкія акупацыйныя ўлады дазволілі ўрэшце мясцовай цывільнай адміністрацыі стварыць Беларускую Краёвую Абарону/БКА/ – ледзь не першае нацыянальнае вайсковае злучэньне за апошнія 150 гадоў!/

Калі ўжо прыводзіць прыклад заарганізацыі баяздольных беларускіх вайсковых адзьдзелаў у найкарацейшы тэрмін, то шукаць яго доўга не давядзецца нават у найноўшай гісторыі. Гэта – Слуцкі Фронт Беларускай Народнай Рэспублікі /БНР/ (некаторыя гісторыкі называюць яго “слуцкім збройным чынам”), распачаты 27 лістапада 1920-га й раздушаны “братамі” расейцамі з дапамогай “братоў” палякоў 30 сьнежня таго-ж года. Тады цягам некалькіх дзён створаная з дабравольцоў чатырохтысячная пяхотная брыгада жаўнэроў Войска БНР, заняўшы баявую лінію даўжынёю блізу 60 кілямэтроў, болей за месяц абараняла свой край ад ласай да чужога дабра й жанок набрыдзі. Ня толькі расейская артылерыя, чырвоныя кітайцы ці рэвалюцыйныя кіргізы выбівалі слуцкіх стралкоў. Не ставала мэдыкамэнтоў для параненых, перабег тыфус. У патрыётаў бракавала стрэльбаў, набояў, часам нават проста ежы. Некаторыя населеныя пункты пераходзілі з рук у рукі шматкроць, частка беларускіх адзьдзелаў са зброяю ў руках цалком палягла тут у дарагую сваю зямельку. Дзіўна было бачыць, як моцна прарэжаныя шэрагі пазасталых беларускіх ротаў і батальёноў меюцца супроцьстаяць цэлай 16-й арміі чырвоных. Але яны стаялі!!! І нават пасьля, калі Слуцкі фронт быў зьнішчаны, актыўная партызанская барацьба з захопнікамі не згасала цягам наступнага года. А з таго-ж 1921 года беларусы ўсяго сьвету пачалі адзначаць Нацыянальны Дзень Герояў.
Жыве Беларусь - героям слава!
.
23.02.13 10:45
загружаются комментарии

Юрась Навіцкі