Код мазаіка, альбо Як да Сірожы прыйшло прызнаньне.

Праўдзівая гісторыя, якой магло й ня быць. Дзяцінства ў Сяргея Маткова было ня вельмі. Нарадзіўся ён на рабочай ускрайне, зачаты быў у п'яным куродыме. Назвалі модным тады ў шырокім завадскІм асяродзьдзі ймём сялянскага паэты, творы якога вывучалі ў вячэрняй рабочай школе. Нават прымаўка была: што ні рожа, то Сірожа. Ня вельмі было ймя. І прозьвішча не задалося.  У школе зь Сяргеям ня вельмі сябравалі. Хлопец быў ціхі, трымаўся асобна, каб ня надта сьмяяліся. Мала дапамагала. Мянушку яму ў школе далі "Моця", часам увогуле клікалі "Моця - забітая жэншчына Вастока". Дзяўчаты насьмешліва звалі "Сірожа". Не любіў Сяргей дзевак. Навукі Сяргею даваліся ня вельмі. Ён чамусьці часта рабіў памылкі ў словах. Мог нават сваё нелюбімае прозьвішча напісаць калі-небудзь "Мадков". Добра, падсадзілі да Дзімкі Шпака, у якога можна было сьпісаць. Даводзілася, высалапіўшы язык і скасавурыўшы вочы, пасьпяваць за таварышам па парце. Праўда почырк у таго быў ня вельмі. Таму, калі Дзімка пісаў дыктант на пяцёрку, Сяргей атрымліваў траяк, а ўжо калі, ня дай, Божа, на чатыры... Не любіў Сяргей навукі й Дзімку. Сачыненьні нашаму герою ня вельмі ўдаваліся. Ужо першае было адзначанае настаўніцай расейскай мовы й нават зачытанае перад клясай: "Я устаю рана мыю морду и пашол у школу". Усе сьмяяліся, быццам ня робяць тое-ж самае. Сачыненьні Сяргей пісаў коратка, каб менш кпілі з памылак й "вабшчэ". Але ўсё роўна чапляліся. Вось зачытвалі сачыненьне "Как я правёл этим летам": "Этим летам мы с батькай ездели у себир", дык настаўніца пачала пытацца, куды ў Сібір, а ён ня здолеў адказаць. Не любіў Сяргей надта разумных. У школе Сяргея прызнавалі ня вельмі, а дзеўкі ўвогуле аббягалі бокам. А па-ранейшаму хацелася прызнаньня. У восьмай клясе, у сачыненьні на вольную тэму, пра Сібір ён пісаць ня стаў. Напісаў, нібы як езьдзіў у вёску да бабулі, то меў ізврашчонный сэкс за калгасным клюбам з адной дзеўкай. Замест павагі яго высьмяялі.  Вось ужо й выпускныя экзамены. Сяргей перапароў купленыя ў старшакоў шпоры і адпаведнай тэмы не знайшоў. Давялося, як заўжды, прасіць Дзімку, хоць і не любіў таго. Надта разумны той Дзімка. Хай пасабляе. Той, пачухаўшы патыліцу й пагартаўшы лісьцікі, прыраіў пісаць на вольную тэму "Моя любимая книга". Пішэ, маўляў, "Моя любимая книга - "Иван Грозный - собиратель земель русских"" і надалей перапісвай сваю шпору "36,4-летие освоения целины". Так Сяргей і зрабіў. Атрымаў траяк, пасьведчаньне аб сканчэньні васьмігодкі і запомніў на ўсё жыцьцё правіла: упісаў у любую белібярду вядомае ўсім імя - і прыйдзе посьпех! З далейшай адукацыяй у Сяргея нешта не задалася. Чаму яго не прыняли, невядома, але пазьней ў школу вярнулася Моціна заява, якую перад усёй школай зачытаў сам дырэктар: "Директару страительнаму технику прашу принять миня вус." Дзімка зь Сяргеям "вус" не пайшоў. Так разыйшліся шляхі былых сяброў. Дзімка Шпак паступіў ва ўнівэр і "Малады Фронт", а Сяргей паехаў у вёску і напісаў яшчэ адну заяву. Цяпер у КГБ. У КГБ яго чамусьці не ўзялІ, але на ўлік паставілі. Прыраілі, каб яшчэ штось напісаў. Сяргей знайшоў свой лепшы школьны твор пра ўяўны вясковы сэкс, напісаў зьверху шапку: "ВладИмиръ. Уникалная исторея пра преключение Малдафронтавки у беларусее" і адаслаў. Празь нейкі час "исторея", перакладзеная на беларускую мову й крыху падпрацаваная, зьявілася ў Нашай Ніве. Дарэчы, сталася бэстсэлером. А раней не ацанілі. Усе ймёны выдуманыя, а супадзеньні выпадковыя..
15.10.12 13:02
загружаются комментарии

Юрась Навіцкі