"У ЛЮБЫХ УМОВАХ АБСТАНОЎКІ" 02.12.2016 5

30 лістапада на сумесным паседжанні Праграмнай і Арганізацыйнай камісій Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу было прынятае рашэнне даслаць міністру абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнанту А. Раўкову наступны ліст.

 

«Мы, сябры Рады Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, занепакоеныя інфармацыяй, якая змешчаная ў інтэрвью расійскага палітолага Валерыя Салаў'я карэспандэнту "Еўрарадыё" Змітру Лукашуку.

http://euroradio.fm/…/dazhe-na-vozvrashchenie-belo-krasno-b…

Паводле слоў расійскага палітолага, сярод афіцэрскага складу Ўзброеных Сіл Рэспублікі Беларусь было праведзенае "закрытае апытанне".

Па выніках апытання сярод беларускіх афіцэраў: "... 70-80% хотели бы не формального, а фактического объединения России и Беларуси...".

Калі гэтыя звесткі праўдзівыя, дык выходзіць, што большасць афіцэраў беларускага войска прытрымліваецца антыдзяржаўных поглядаў, жадае ліквідацыі незалежнасці нашай краіны.

Як грамадзяне Беларусі і яе патрыёты, як падаткаплацельшчыкі, на грошы якіх утрымоўваюцца Ўзброеныя Сілы, мы патрабуем адказу на наступныя пытанні:

1. Ці праводзілася ўзгаданае вышэй "закрытае апытанне"? Калі праводзілася, то кім і якія яго сапраўдныя вынікі?

2. Як кіраўніцтва Міністэрства абароны і Вы асабіста ацэньваеце настроі афіцэрскага складу ў адносінах да "фактычнага аб'яднання Беларусі і Расіі"?

3. Ці плануеце Вы нейкія захады па патрыятычным выхаванні афіцэраў Узброеных Сіл дзеля бясспрэчнага прыярытэту незалежнасці Беларусі, абарона якой складае сэнс іх службы?

Мы чакаем канкрэтных і прамых адказаў на гэтыя пытанні. Ад іх будзе залежыць адказ на галоўнае: ці з'яўляюцца Беларускім Войскам падначаленыя Вам фармаванні, якія ўтрымлівае наш народ.

Па даручэнні Рады БНК: Вацлаў Арэшка, Яўген Афнагель, Мікалай Герасіменка, Уладзімір Някляеў, Вячаслаў Сіўчык, Мікалай Статкевіч.

30 лістапада 2016 г.»

 

2 снежня, гэта значыць усяго пра дзень, прыйшоў адказ.

 

№ 1/1029 ж / 130 п ад 02.12.2016.

Учора мною атрыманы Ваш зварот.На пытанні, накіраваныя Вамі ў адрас Міністэрства абароны, паведамляю наступнае:1. Рэспубліка Беларусь – суверэнная незалежная дзяржава са сваімі нацыянальнымі інтарэсамі, сярод якіх адным з галоўных, стратэгічных з’яўляецца забеспячэнне незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту, непахіснасці канстытуцыйнага ладу краіны. Інфармацыя аб правядзенні сярод афіцэраў беларускай арміі апытання на тэму аб’яднання Беларусі і Расіі з'яўляецца вымыслам. Падобныя апытанні супярэчаць нацыянальным інтарэсам краіны і ніколі ва Узброеных Сілах не праводзіліся.2. Беларуская армія – арганічная непадзельная частка свайго народа. Яе афіцэрскі корпус адданы Беларусі і гатоў абараняць суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць краіны, непахіснасць яе канстытуцыйнага ладу ў любых умовах абстаноўкі. Гэта адна з прычын, чаму Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь карыстаюцца высокім даверам у грамадстве, а іх афіцэрскі корпус – надзейны і здатны выканаць задачы па ўзброенай абароне Рэспублікі Беларусь.3. Сістэма ідэалагічнай работы, у тым ліку патрыятычнае выхаванне ваеннаслужачых, уключаючы афіцэраў, забяспечвае падтрыманне высокага маральнага духу ваеннаслужачых і іх гатоўнасць абараняць суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць краіны, непахіснасць яе канстытуцыйнага ладу.4. Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь – гэта армія беларускага народа. І ні ў каго не павінна быць сумненняў, што пад кіраўніцтвам нашага Прэзідэнта, Галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі, у Беларусі і надалей будуць надзейна абаронены галоўныя каштоўнасці беларускага народа: суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльная цэласнасць краіны, непахіснасць яе канстытуцыйнага ладу, а значыць – мір, стабільнасць і бяспека.Такім чынам, выказаныя Вамі сумненні наконт адданасці беларускіх афіцэраў сваёй Радзіме, беспадстаўныя. Такія сумненні ва ўласнай арміі не служаць справе забеспячэння бяспекі суверэннай незалежнай Беларусі.

Міністр абароны

Рэспублiкi Беларусь

генерал-лейтэнант А.А.Раўкоў».

 

Рабіць высновы з ліста міністра (асабліва з улікам аператыўнасці адказу) кожна вольны сам…

КАГО НА ШТО МЯНЯЕ ЕЎРАЗВЯЗ? 23.11.2016 1

24 лістапада — 20-я гадавіна рэферэндума 1996-га года. Юбілей дзяржаўнага перавароту.

Напярэдадні ў Мінск прыбыла прадстаўнічая дэлегацыя Еўразвязу, на сустрэчу з якой я збіраўся з Міколам Статкевічам, але пайшоў адзін.

Чаму?..

Найпершае, што зрабілі мы са Статкевічам, калі ён выйшаў з турмы, — прааналізавалі падзеі на Плошчы-2010 і падчас прэзідэнцкіх выбараў 2015 года. Калі факты і доказы, якія меў ён, склаліся з тым, што было вядома мне, на нашай агульнай прэсавай канферэнцыі прагучала заява адносна Андрэя Дзмітрыева. Пра ягоную сувязь са спецслужбамі.

“Тое разуменне чалавечай годнасці, якое я маю, не дазваляе мне сядзець за адным сталом са здраднікам”, — адказаў Статкевіч першаму дарадцу адной з амбасадаў на пытанне: “Чаму вы адмовіліся прыйсці на сустрэчу нашага амбасадара з беларускай апазіцыяй?” Пасля гэтага Дзмітрыева на сустрэчы, дзе прысутнічаў Статкевіч, не запрашалі.

Да апошняга часу...

На нядаўнюю сустрэчу апазіцыі з дэлегацыяй Камітэту палітыкі і бяспекі Рады Еўразвязу запрасілі і Статкевіча, і Дзмітрыева. Статкевіч падзякаваў за запрашэнне, сказаўшы, што на сустрэчы ў такім фармаце быць не можа. Тым не менш рашэнне па Дзмітрыеву адмененае не было, што выключала прысутнасць Статкевіча.

Безумоўна, каго і на якія сустрэчы запрашаць, вырашаюць арганізатары. Пра гэта й казаць не варта было б, калі б не прынцыповасць, сімптаматычнасць падмены аднаго ўдзельніка сустрэчы на іншага, што наўпрост звязана з правядзеннем цяперашняй палітыкі ЕС у адносінах з беларускім рэжымам, у якую ўключылася большасць апазіцыі. Да таго дружна пляжылі кампанію «Гавары праўду», а тут загукалі: «Мы за мірныя перамены! Мы за мірныя перамены!» — бо гэта тое, што называецца трэндам, а прасцей — уменнем трымаць нос па ветры.

І, круцячы носам, апазіцыя закруцілася амаль да страты галавы. Ці ва ўсякім разе — да страты паслядоўнасці, логікі дзеянняў. Ну ўзяць хоць бы тое, што, не прызнаючы легітымнасць прызначага Лукашэнкам «парламента», апазіцыя ў той жа час прызнае правамоцнымі дэпутатамі таго ж «парламента» двух сваіх прадстаўнікоў, прызначаных тым жа Лукашэнкам. І намагаецца падаць гэта палітыкам Еўразвязу, якім жаліцца і жаліцца на тое, што ў краіне няма сапраўдных выбараў, як свой электаральны поспех, перамогу, першыя крокі па дарозе да мірных перамен…

Бо гэтакі трэнд.

Пазіцыя Беларускага нацыянальнага кангрэсу ў цяперашні трэнд ніяк не ўпісваецца. І ўсе выступы прадстаўнікоў БНК на падобных сустрэчах — як шыла ў мыле. У мыльнай оперы пад назвай «дэмакратызацыя», якую ставіць Лукашэнка, прызначаючы апазіцыю ў кардэбалет.

Да чаго гэта прывяло? Да таго, што еўрапейскія палітыкі сустракаюцца і размаўляюць сёння з беларускай апазіцыяй толькі рытуальна. Каб не пакрыўдзіць. А рэальна — з уладай. З рэжымам.

І ў чарговы раз я пераканаўся ў тым на сустрэчы з кіраўніцтвам і чальцамі Камітэту палітыкі і бяспекі Рады Еўразвязу, на якую пайшоў як праз павагу да гэтай арганізацыі, высновы і рэкамендацыі якой шмат у чым вырашаюць накірункі ўсёй знешняй палітыкі ЕС, гэтак і праз неабходнасць давесці прынцыповую пазіцыю БНК. І пазіцыя гэтая была агучаная ў адказе на асноўнае пытанне чальцоў Камітэту:

— Рэформы, якія абяцае правесці беларуская ўлада, гэта рэальнасць, ці ілюзіі?

— Ілюзіі. Усе патрэбныя яму «рэформы» Лукашэнка правёў яшчэ 20 год таму, праз рэферэндум 1996 года, падгробшы ўсю уладу, разам з заканадаўчай і судовай, пад сябе. Ён прызначае парламент, а не парламент прызначае яго, ён судзіць, а не яго судзяць. І не збіраецца ён свае «рэформы» адмяняць. А сярод гэтых «рэформаў» проста няма месца ніякім новым. Найперш палітычным, без якіх немагчымыя эканамічныя. Таму рэальнымі яны могуць стаць толькі праз сыход рэжыму, чаго й мусіць дамагацца дэмакратычная беларуская апазіцыя, якая ўжо й забылася на тое, што найпершая яе палітычная мэта — прыход да ўлады.

Пытанне пра тое, магчымыя насамрэч рэформы, ці гэта ілюзія, карэннае. Ад адказу на яго залежыць тое, як выбудоўваць усю далейшую палітыку. Якімі метадамі дзейнічаць...

Я перакананы, што ні на якія істотныя рэформы Лукашэнка не здольны. Хоць тыя, хто верыць у такую магчымасць, гатовыя лічыць рэформай нават чарговую абіралаўку пенсіянераў, на якіх вырашыла ўлада сэканоміць.

А калі я памыляюся, калі раптам акажацца, што Лукашэнка здольны падняцца над сваімі страхамі, фобіямі, што ён гатовы паступіццца нечым сваім, асабістым дзеля краіны, народа, я першы папрашу ў яго прабачэння. Паэму напішу як пра дзяржаўнага дзеяча, якога не зразумеў. Але інтуіцыя — і палітычная, і паэтычная — падказвае мне, што такое творчае шчасце мець я наўрад ці буду.

Большасць апазіцыі не прымае тое, што прапануе БНК. Кіраўнікамі апазіцыйных структур адвергнутая ідэя аб'яднаўчага кангрэсу. І зусім не па ідэйных меркаваннях, а таму што Статкевіч у такім выпадку мог не толькі сутнасна, але і фармальна стаць лідэрам апазіцыі. А гэтага нікому не хочацца. Дый як, маўляў, такое можа быць, калі нашы партыі і рухі, нашы структуры большыя за ягоныя?..

Ну дык давайце падменім Статкевіча Дзмітрыевым. Там «структура» большая за ўсе вашы разам узятыя. Калі верыць Лукашэнку, 10 000 байцоў «нябачнага фронту», які ў Беларусі ўсім відаць.

Дарэчы, мне і перад Дзмітрыевым перапрасіцца (да якога напачатку амаль па-бацькоўску адносіўся), — капялюш не зваліцца. Калі выйдзе, што памыляўся, што ўсё ягоныя скокі з куратарамі — хітрая, як даводзіў мне адзін з кіраўнікоў кампаніі «Гавары праўду», гульня, скіраваная на падман рэжыму і на карысць дэмакратычнага руху. Але пакуль выглядае ўсё роўненька наадварот. Перпендыкулярна.

А ўвогуле — пра якія партыі размова ў краіне, дзе няма палітыкі? Хто і што пра іх ведае? Ведаюць асобаў. Ім давяраюць. І за імі йдуць.

У Радзе Беларускага нацыянальнага кангрэсу — першы кіраўнік незалежнай Беларусі. Чатыры кандыдаты ў прэзідэнты. Большасць беларускіх вязняў сумлення. Рэгіянальныя лідары. У руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць!», які ўваходзць у БНК, — нацыянальная эліта: вядомыя, уключна з нобелеўскаў лаўрэаткай Святланай Алексіевіч, літаратары, прэм'ер міністр Рэспублікі Беларусь Міхаіл Чыгір, мастакі, музыкі, якія асцерагаюцца, што палітыка «зменаў праз збліжэнне» не зменіць, а закансервуе рэжым, які канчаткова зжыве са свету беларускую мову, нацыянальную культуру, а ўрэшце — нацыянальную свядомасць.

Яны — не дзеці, ім не дастаткова вышыванак, стужак з нацыянальным арнаментам, яны адстойваюць паўнавартасную Беларусь. Яны гатовыя за яе змагацца. І можна не лічыцца з іх меркаваннем, з іх пазіцыяй, бо яны не ў трэндзе?..

Апазіцыя так раздрабілася, гэтак падзялілася, што ўжо не здольная нават (што раней не было праблемай) праводзіць сумесныя пратэстныя акцыі. То нейкія акцыі прызначаюццца, то іх адмяняюць. Клічуць людзей прыходзіць у розныя дні, у розныя месцы. Дык вось мы заклікаем (дзеля яднання) скончыць хоць з гэтым! Тут, а не за сталамі такімі круглымі, што за іх не зачапіцца, быць разам.

Дзяржаўны пераварот, здзейснены 20 год таму, служкі рэжыму (да прыкладу, Ярмошына) ужо называюць цалкам законным, канстытуцыйным! І ён можа стаць такім, і ўвогуле рэжым можа быць адбелены ў грамадстве, асабліва ў вачах моладзі, калі мы ўсімі сіламі не будзем пратэставаць супраць ягоных злачынстваў! Гэта наўпроставы абавязак дэмакратычнай апазіцыі.

24 лістапада мы ладзім такі пратэст на плошчы Свабоды ў Мінску а 18:00. І надалей гарантуем сваю прысутнасць і прысутнасць нашых актывістаў на ўсіх пратэстных акцыях, арганізаваных іншымі апазіцыйнымі структурамі. Нам проста неабходна разам рыхтаваць беларускае грамадства да актыўных дзеянняў, бо можа стацца так, што давядзецца змагацца не толькі за дэмакратыю ў Беларусі, але і бараніць саму Беларусь.

 http://naviny.by/article/20161123/1479905831-uladzimir-nyaklyaeu-prauda-kago-na-shto-myanyae-eurazvyaz

ПРАДУМОВА НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ДРАМЫ 02.11.2016 7

На сайце “Нашай Нівы” прайшла даволі эмацыйная дыскусія з нагоды змены поглядаў аднаго з аўтараў кнігі пра этнагенэз беларусаў, у якой сцвярджалася, што наш нацыянальны радавод мае балцкі пачатак.

Сутнасць змены поглядаў сааўтара кнігі (А. Дзерманта) — у дзвюх тэзах.

Першая. Нягледзячы на тое, што беларусы маюць балцкія карані, з’явіліся яны пасля 1917 года.

Тэза цалкам у духу “гісторыкаў і філасофаў” абодвух аўтарытарных рэжымаў. Беларускага і расейскага. Хоць сцвярджаць, што беларусы з’явіліся толькі ў 1994-м, аўтар не стаў. Пакуль.

Другая тэза. “Усюды, дзе нацыяналістычныя і ўльтраправыя сілы прыходзяць да ўлады, пачынаюцца войны і разруха. Украіна — самы блізкі і наглядны прыклад».

Нацыяналізм ва Ўкраіне, вынікае, сам сябе скончыў. А ў Беларусі, не прышоўшы да ўлады, проста (як прыдуманы) скончыўся.

Нацыяналізм — рэч не прыдуманая, як, да прыкладу, камунізм, а натуральная. Ён — не тэорыя, у яго іншая прырода. Жывая, пачуццёвая. Ён — адчуванне прыналежнасці да сям’і, роду, народу. Такое не сканчаецца...

Скончыўся не нацыяналізм. Час рамантызму ў сучаснай беларускай гісторыі скончыўся. Ён і так (па мерках чалавечага жыцця: чвэрць стагоддзя!) надта зацягнуўся. Таму й пачаўся, калі скарыстаць (без ніякай абразы) прозвішча сааўтара кнігі пра паходжанне беларусаў, час дзермантызму.

Дзермантызм — не асобны выпадак, а з 'ява. Як і чаму яна ўзнікла?..

Некалі вёў я заняткі ў літаратурным аб’яднанні пры газеце “Знамя юности”. Займаліся там пераважна рускамоўныя (бо газета рускамоўная) маладыя паэты, якіх я акуратна, але настойліва спрабаваў схіляць да беларушчыны. Не надта ўдавалася, але тут 80-я гады, перабудова, Гарбачоў — і “працэс пайшоў”. Пачалі схіляцца. Адзін гэтак «схіліўся», што ад пачатку 90-х ніводная пратэстная акцыя не абыходзілася без ягонага ўдзелу.

Ён шмат ператрываў. Выключалі з інстытута, выганялі з працы. Жыў, бо жытла свайго не меў, у сястры. Трываў: “Гэта барацьба!”

Міналі гады, барацьба нічога не давала. А ўжо жонка, дзіця… І ў пазамінулым годзе прыйшоў ён да мяне нібыта вершы паказаць. “Даўно не пісаў — і вось…”

Паказаў, але казаў зусім пра іншае. Пра расчараванне ў нацыяналізме. Маўляў, праз нацыяналізм — вайна ва Ўкраіне. Ну і, як вядома, з нацыяналізму выйшаў Гітлер…

Вядомая страшылка. Нібыта з камунізму не выйшаў Сталін.

І на Данбас, між іншым, напалі, Крым захапілі не ўкраінскія нацыяналісты. А вось баранілі Ўкраіну — яны.

Я спытаў майго госця: “Табе нешта прапанавалі?..” І ўгадаў. “Але справа не ў тым, — даводзіў ён, — што праца, кватэра. Гэта змена светапогляду, філасофіі… Хіба так не бывае?”

Каб апраўдаць свае ўчынкі, дзеянні (некаму — слабасць, некаму — подласць), у кожнага знойдзецца свая “філасофія”.

Яму было няёмка. І ён прыйшоў, бо ўсё адно ж дазнаюся…

Што ж, так сапраўды бывае. Нават назва, тэрмін для гэтага ёсць: рэсацыялізацыя. Але не ў дадзеным выпадку. У дадзеным выпадку куды больш падыходзіць тэрмін дзермантызм.

У бліжэйшым часе рэсацыялізацыя (дзермантызм), як з’ява, будзе пашырацца. Гэтаксама як эміграцыя. Праз шмат якія чыннікі, але найперш праз палітыку кансервацыі (спачатку з усходу, а зараз яшчэ і з захаду) цяперашняга палітычнага рэжыму. Перспектыва зменаў настолькі аддалілася, што як бы ўвогуле знікла. Таму адны будуць пакідаць Беларусь і заставацца недзе там, у еўропах і амерыках, іншыя будуць пакідаць яе, застаючыся тут. Ну, ці ў Расіі, гатовай праглынуць Беларусь разам з яе нацыяналізмам у вышыванках.

Дзермантызм, а не нацыяналізм — перадумова нашай чарговай (зусім магчымай) нацыянальнай драмы.

Што рабіць, каб яе не сталася? Што рабіць беларусам, якія не збіраюцца пакідаць Беларусь ні пры якіх умовах?

Яднацца ў тым, што ёсць спрадвечна беларускае. Сціскацца ў кулак, набіраць нацыянальную моц. Тады — перамога.

Нацыянальная слабасць — параза.

http://naviny.by/article/20161102/1478088024

 

 

ІВАН ШЭГА 04.10.2016

Івана Шэгі не стала. На 64-м годзе жыцця.

Рак.

Ён быў доктар. Разумеў, што да чаго. І надзіва мужна трымаўся.

Ужо моцна хворы, пасля некалькіх “хімій”, вырашыў удзельнічаць у парламенцкіх выбарах. І перамог, што пацвердзіць вам любы чалавек у Слоніме, дзе ні ў каго не было такога аўтарытэту, як у Шэгі. Але перамогу яму не залічылі. Вось цяпер тым, хто сфальсіфікаваў вынікі "выбараў", падмануў тысячы людей - самы час пакаяцца. Перад памяццю Івана Шэгі. Перад Богам, калі яны баяцца Бога.

КАСТРЫЧНІЦКАЯ ПЛОШЧА, 18.00 12.09.2016 9

Некалі жыў я пад горадам Уладзівастокам у бараку з расканваіраванымі зэкамі. Наглядзеўся там на многае - у тым ліку на тое, як пахан вучыў насельнікаў барака цвіркаць слінай скрозь шчыліну між залатымі фіксамі. “Ну што ты плюеш, як вярблюд? Цвіркаць трэба “ізячна”. І цвіркаў, каб запомнілі, у твар.
Вось так “ізячна” цвіркнуў пахан беларускага барака ягоным насельнікам на сёлетніх парламенцкіх “выбарах”. Усім, найперш палітыкам. І не толькі “барачным”, але і многім еўрапейскім, якія таньчылі з ім “польку з выбарамі”. “Вы хацелі ў маім парламенце вашай апазіцыі? Вось вам дзве штукі! Заадно закрыем гендарную цему. Какой вапрос астался? Казьні смертнай? І его рашым, пару чалавек не казьнім...”
Пасля пляўка ў твар насельнікі барака пад Уладзівастокам паводзілі сябе па-рознаму. У большасці выціраліся і гэтак жа, як жылі раней, жылі далей. Як людзі без годнасці... 



Той, у каго ёсць годнасць, не вытрыцца - і не будзе гэтак жа, як жыў раней, жыць далей. 
12 кастрычніка - мірная акцыя з патрабаваннем свабодных, справядлівых, сапраўдных выбараў!
Мінск, Кастрычніцкая плошча, 18.00

12 ВЕРАСНЯ - КАСТРЫЧНІЦКАЯ ПЛОШЧА 08.09.2016 18

ЗАЯВА

Рады грамадскага руху

“За дзяржаўнасць і незалежнасць!”

 

6 верасня ў Беларусі пачалося датэрміновае галасаванне на так званых парламенцкіх “выбарах”, чарговую імітацыю якіх улада спрабуе выдаць за “волевыяўленне народа”.

Яшчэ да пачатку выбарчай кампаніі, у падрыхтоўцы і правядзенні якой беларускімі ўладамі былі адхіленыя практычна ўсе рэкамендацыі БДІПЧ/АБСЕ, стала відавочна, што сапраўдных выбараў праводзіць рэжым не збіраецца. Між тым свабодныя, справядлівыя выбары краіне проста жыццёва неабходныя. Толькі сапраўдны парламент, сфармаваны праз сапраўдныя выбары, здольны прыняць законы, якія дадуць магчымасць правесці палітычныя і эканамічныя рэформы, акрэсліць перспектывы дэмакратычнага развіцця Беларусі.

Сярод усіх чыннікаў, якія пагражаюць нашай дзяржаўнасці і незалежнасці, найпершы і найнебяспечны - узурпацыя ўлады. Гістарычны досвед сведчыць: дыктатура, аўтарытарызм непазбежна прыводзяць да нацыянальнай паразы. Каб гэтага пазбегнуць, захавацца як нацыі і дзяржаве, трэба вярнуць уладу народу.

Рада руху “За дзяржаўнасць і незалежнасць!” заклікае сваіх актывістаў, прыхільнікаў руху, усіх, хто ўсведамляе сваю асабістую, грамадзянскую адказнасць за захаванне дзяржаўнасці і незалежнасці Беларусі, на мірную акцыю з патрабаваннем свабодных, справядлівых, сапраўдных выбараў!

Права на выяўленне нашай грамадзянскай пазіцыі гарантаванае Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Беларускія ўлады аб правядзенні акцыі ўведамленыя.

Усе - на КАСТРЫЧНІЦКУЮ ПЛОШЧУ МІНСКА 12 ВЕРАСНЯ а 18.00.

Жыве Беларусь!

«Застанецца на роднай мове радок…» 28.08.2016 2

ГЕНАДЗЮ БУРАЎКІНУ - 80!


На фота: 2003 год. Яшчэ жывы Быкаў...


«Застанецца на роднай мове радок…»

Генадзь Бураўкін

 

Некалі бацька, хаваючы свайго старэйшага сябра, сказаў мне: «Не сябруйся са старэйшымі. Яны будуць паміраць на тваіх вачах, а ты не будзеш ведаць, што з гэтым рабіць…»

Я сапраўды не ведаю, што рабіць з гэтым. Не магу звыкнуць да таго, што іх не стала. Генадзя… Рыгора… Не хапае іх фізічна, днём і ўночы, калі можно было патэлефанаваць: «Ты не спіш?..»

Я амаль ва ўсім раіўся з імі, прымаючы рашэнні. Барадулін казаў: «Калі цябе абрала паэзія, а ты абярэш палітыку, гэта будзе ў табе, як вайна». А Бураўкін яму: «Рыгор, мы ўсе, як на вайне…»

Яны насамрэч пражылі жыццё, як на вайне. У няспынным змаганні за Беларусь. За яе мову, культуру, мінуўшчыну, будучыню. У меншасці супраць агрэсіўнай большасці. Сілы былі няроўныя, дык чым яны маглі ўзяць? Неверагоднымі намаганнямі і талентам. Тым і ўзялі.

Паэты такога ўзроўню не паміраюць. Але тое, што яны вечна жывыя, мала суцяшае. 

Лепш бы проста жылі…

 

КАЛЫХАНКА

 

Памяці Генадзя Бураўкіна

Па маёй ці тваёй,

не па нечай па нашай віне

Беларусь, як чужая, у крэўнай сваёй старане.

І калі памірае праз роспач і скруху паэт,

Ён не той пакідае, у якім нарадзіўся, сусвет.

 

Той сусвет быў Айчынай. Калыскай ягонаю быў.

Ён паэта люляў, малаком белай мовы паіў,

Баіў байкі яму – 

Там у кожным паэтавым сне 

Бай хадзіў па сцяне

У чырвонам сваім каптане...

 

Баю-бай, баю-бай. Спяць, раскінуўшы рукі, сыны. 

Сняцца некаму рускія, некаму польскія сны.

А каму беларускія – той прачынаецца ў снах

І крычыць! І не чуе! Не бачыць! Бо прывід! Бо жах!

 

Спіце, воі. Мужчыны. Далёка яшчэ да відна. 

Вы праспалі Айчыну! І ў снах беларускіх яна

Не Пагоняй ляціць, а ваўчыцай на бруху паўзе

І сама сабе лапу, каб вырвацца з пасткі, грызе.

 

Баю-бай, баю-бай. Спіце, дзеткі, бяспамятным сном.

Маладыя ваўкі! Піце матчыну кроў з малаком!..

Даганяйце па следзе, што ў кожным паэтавым сне

Чырванее на лёсе,

на лёне,

на белым, як смерць, палатне...

 

Культуру танцуюць усе 27.07.2016 19


Лукашэнка падпісаў “Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры”. 



Шматгадовымі стараннямі ўлады нацыянальная культура, беларуская мова даведзеныя да крызіснага стану, знаходзяцца на мяжы выжывання. Страціўшы іх, мы страцім Беларусь. Што ў такіх варунках можна было б чакаць ад закона, падпісанага кіраўніком дзяржавы?

Правільна: палажэнняў, выразна прапісаных артыкулаў, якія былі б скіраваныя на выпраўленне сітуацыі, на выратаванне культуры і мовы. Напрыклад, артыкула, які б абавязваў усіх, хто працуе ў дзяржаўных установах культуры, увогуле ў гуманітарнай сферы, карыстацца беларускай мовай. Без гэтага, без выкарыстання БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАВАЙ, яе не ўратаваць. 



Гэта ўсе разумеюць — і што?.. Мяркуеце, гэтакі артыкул, ці падобныя да яго, якія б сведчылі пра рэальныя намеры ўлады захаваць нацыянальную культуру, мову, зберагчы для нашых нашчадкаў Беларусь, у Кодэксе ёсць?.. 



Няма. Амаль 230 старонак чынавенскай працы скіраваныя не на тое, каб дапамагаць, спрыяць культуры, а пераважна на тое, каб кіраваць. Усім, усімі і кожным паасобку. 



Перапісаўшы “Закон аб культуры” 1991 года, аўтары Кодэкса творча “ўдасканалілі” яго, суаднеслі з патрабаваннямі часу. Вось асноўны артыкул Кодэкса, на якім і вакол якога базуюцца ці не ўсе астатнія прынцыповыя палажэнні: 



“Артыкул 10. Дзяржаўнае кіраванне ў сферы культуры. 


Дзяржаўнае кіраванне ў сферы культуры ажыццяўляюць Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь, Савет Міністраў Рэспублiкi Беларусь, Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь, мясцовыя выканаўчыя i распарадчыя органы і iншыя дзяржаўныя органы ў адпаведнасцi з iх кампетэнцыяй”. 


Культуру “танцуюць усе”. 



Параўнайце назву гэтага артыкула з тым, як ён быў названы ў папярэднім “Законе аб культуры”, прынятым у 1991 годзе: 



“Артыкул 10. Асноўныя мэты і прыярытэты дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры”. 



Калі нехта не бачыць розніцы між дзяржаўнай палітыкай у галіне культуры і дзяржаўным кіраваннем ёй, што ж… Праз пяць гадоў, як запісана ў Кодэксе, вас паклічуць на пераатэстацыю. 



Мысленне аўтараў Кодэкса палягае на савецкім разуменні культуры як часткі ідэялогіі, апошняй цалкам падпарадкаванай. Таму кіруюць культурай ідэялагічныя аддзелы, якія й вырашаюць, што ёсць культура, а што не. Культура разглядаецца імі як сфера сцверджання ўлады — і якая ў нас улада ёсць, тое яна і сцвярджае, гэткія піша і падпісвае законы, кодэксы, указы.

 

ЗАБІЛІ ПАЎЛА ШАРАМЕТА! 20.07.2016 2


Машына, у якой ён ехаў, выбухнула на рагу вуліцы Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка ў Кіеве, піша "Украінская праўда".

Гэтая машына належала кіраўніку "Украінскай праўды" Алёне Прытуле, яе ў машыне не было.

Выбух адбыўся у 7:45 раніцы, калі Шарамет выехаў з дому і праехаў некалькі дзесяткаў метраў.

Стваральнік партала "Беларускі партызан" Шарамет апошнія пяць гадоў жыў у Кіеве, працаваў ва "Ўкраінскай праўдзе", быў вядучым на радыё "Весці".

У Беларусі Павел Шарамет быў арыштаваны 23 ліпеня 1997 года - такія вось драматычныя, трагічныя ліпеньскія супадзенні...

З Мінска ў Маскву ён з'ехаў як непрымірымы праціўнік рэжыму Лукашэнкі, з Масквы ў Кіеў - як непрымірымы праціўнік рэжыму Пуціна, якога лічыў віноўнікам вайны на ўкраінскай зямлі, быў цалкам на баку Украіны.

У Паўла засталося двое дзяцей...

Найглыбокія спачуванні родным і блізкім...

ДОЎГАГА ЖЫЦЦЯ НЕ БЫВАЕ 14.07.2016 1

ЗА КУБАЧКАМ КАВЫ З МАРЫНАЙ КОКТЫШ

 

Уладзімір НЯКЛЯЕЎ:

“Доўгага жыцця не бывае”

Адзін са сваіх сумесных фотаздымкаў з Уладзімірам Някляевым паэт Андрэй Хадановіч падпісаў так: “Не вельмі святы, але вельмі сімпатычны Пракопавіч”.

Ён сапраўды вельмі сімпатычны. Шчыры. Глыбокі. І ў той жа час вельмі лёгкі на пад’ём і розныя авантуры.

З сённяшняга дня адзін з лепшых беларускіх паэтаў Уладзімір Някляеў пачынае святкаваць свой 70-гадовы юбілей.

 

Уладзімір Пракопавіч, у сваіх кнігах і аўтабіяграфіях вы пішаце, што нарадзіліся 9 ліпеня, але ва ўсіх афіцыйных дакументах і даведніках пазначана, што 11-га. Дык насамрэч калі? І ці праўда, што два дні заўсёды святкуеце?

— Са слоў маці нарадзіўся — 9-га. Бацька сведчыў, што 11-га. Ну, я меркаваў: два дні гуляў, а на трэці ўспомніў, з якой нагоды. Сын, аказваецца, нарадзіўся.

Але ёсць яшчэ адзін сведка майго з’яўлення на свет — Павел Васільевіч Іваненка. Цяпер яго, сівабародага, можна бачыць амаль на ўсіх вулічных акцыях апазіцыі. А ў 1946 годзе па сканчэнні медычнай вучэльні яго накіравалі акушэрам у Смаргонскую раённую лякарню. Дык вось ён кажа, што прывезлі маці ў радзільню 9-га, а нарадзіла яна, два дні прамучаўшыся, 11-га. “Надта вялікая, — кажа, — была ў цябе галава”.

Справа яшчэ больш заблыталася — і я вырашыў болей не разбірацца ў ёй, не крыўдзіць ні маці, ні бацьку, ні акушэра. А тым больш Бога, па волі якога... Таму святкую абодва дні, не прапускаючы той, які паміж імі.

Зрэшты, я не надаю гэтаму дню, вельмі ўмоўна, каляндарна пазначанаму ў часе, асаблівага значэння. Любы чалавек нараджаецца ўчора — і памірае заўтра. Істотна тое, што ён здзяйсняе, што паспявае здзейсніць між гэтымі днямі. У бліскавічнае імгненне быцця.

Як на мой погляд, то вы файна выглядаеце. Падцягнуты, без зморшчын, заўсёды ў гуморы. Мне падаецца, апошнія гадоў 20 знешне вы ўвогуле не мяняецеся. А што самі думаеце пра свой ўзрост? Ціснуць гады?

— Ціснуць новыя туфлі. Таму я стараюся іх не мяняць, доўга нашу адны і тыя — вось і выгляд не мяняецца.

А калі ўсур’ёз: не сціскайце сэрца сваё нянавісцю да іншых, інакшых, не такіх, як вы, не мучайце душу сваю зайздрасцю да тых, хто штодня можа мяняць туфлі — і не будзе ў вас зморшчын.

Не так даўно некалькі разоў бачыла, як вы з жонкай выходзілі з 2-га шпіталю. Потым прайшла чутка, што вам зрабілі складаную аперацыю…

Ну. Зморшчыны выразалі.

— Вы ўсё ж пражылі даволі доўгае жыццё. А якой уяўляеце сваю старасць?

— Адзін з маіх вершаў сканчаецца так:

“Прайсці праз лёс, нібы праз жыта,

Праз поле, поўнае трысця,

І зразумець, што ўсё пражыта,

Спазнана ўсё, апроч жыцця.”

Доўгага жыцця не бывае. Кожны з нас, як я ўжо казаў напачатку, нараджаецца ўчора і памірае заўтра. І гэта, бадай, адзінае, што я дакладна магу сказаць пра жыццё.

Можна вызначыць яго жанрава. Як у літаратуры: раман, аповесць, апавяданне. У залежнасці ад колькасці эпізодаў, што нанізваюцца на нітку лёсу, як пацеркі. Жывеш, перабіраеш...

Дарэчы, калі пішаш, ніколі не ведаеш, у якім месцы нітка парвецца. Калі жывеш таксама.

Літаратура гэта запісанае жыццё.

Што ж да старасці... Ёсць у мяне кніга, якая называецца “Знакі прыпынку”. Апошні запіс там такі: “Я б хацеў састарыцца i памерцi разам з маiм жыццём. Не раней i не пазней”.

Некаторыя вашы творы лічацца ўзорамі беларускай літаратуры. Філосаф Валянцін Акудовіч назваў вашу паэму “Ложак для пчалы” найлепшай ва ўсёй беларускай паэзіі. Гэтага дастаткова, каб, як вы напісалі ў адным з вершаў, “апраўдаць сваё жыццё”?

Сам цуд жыцця значна большы за ўсе цуды, якія здольны здзейсніць чалавек. Верагоднасць нашага з’яўлення ў свеце гэткая мізэрная, што нікога з нас не мусіла быць. Вас, мяне... Нікога! І тым не менш мы ёсць. Выйгралі ў такой латэрэі, у якой немагчыма выйграць. А радуемся, калі выйграем у спортлато. Вось гэта неадчуванне сапраўднага цуда, свята, неверагоднасці жыцця мяне найбольш у людзях здзіўляе. І, мяркую, менавіта праз гэта Бог нам кажа, што паныласць грэх.

Я ўдзячны Богу і людзям за ўсё, што ў жыцці маім сталася. Можна было б, вядома, нешта ў ім з’іначыць, але гэта калі б можна было. Ды нельга. Таму я не рэфлесую праз тое, чаго не сталася, а жыву тым, што яшчэ можа быць.

 

— Напярэдадні юбілея звычайна кажуць пра нейкія пазітыўныя вынікі. Маўляў зроблена тое і тое, магу пахваліцца гэтым. А я, наадварот, хачу спытаць пра касякі і памылкі, якіх вы нарабілі за свае 70. Шмат іх? І ці ёсць тыя, якія падчас не даюць спакойна спаць па начах?

— Ва ўжо згаданай кнізе “Знакі прыпынку” ёсць такі запіс: “Чалавек і сам памылка — і створаны для памылак”. Ну, у нечым тут, можа быць, перабольшванне, але...

Памылкамі нашымі найчасцей бывае тое, што мы імі не лічам. Вучэльня, праца, жонка ці муж, сябры — усё гэта, магчыма (і найчасцей гэтак і ёсць) памылкі. Усё мусіла быць не тое і не так. Менавіта праз гэта большасць людзей, азіраючыся назад, пытае сябе пра сваё жыццё: “А што гэта было? Мусіла ж быць нешта зусім іншае...”

Вы паэт ад Бога, а народным так і не сталі. Былі старшынём Саюза пісьменнікаў, прэзідэнтам ПЭН-цэнтра, галоўным рэдактарам часопіса “Крыніца”, лідарам кампаніі “Гавары праўду” адусюль сышлі. Былі кандыдатам у прэзідэнты, але крэсла кіраўніка дзяржавы не занялі. Карацей, адны няўдачы, процьма не даведзеных да канца спраў! А вы ўзяліся за новую, ствараеце рух “За дзяржаўнасць і незалежнасць”. Гэта такі стыль жыцця?

— Гэта, па-вашаму, кепска? Лепш было б, калі б я ніадкуль не сыходзіў? Да гэтай пары ў Саюзе пісьменнікаў сядзеў? А дзе б тады цяперашні старшыня Саюза быў? Ці цяперашні прэзідэнт ПЭН-цэнтра?.. А так: я сышоў яны прыйшлі.

У нас і без мяне хапае седуноў. Сядзяць і сядзяць. Ва ўладзе, у апазіцыі...

Усё, што ў вашым пытанні названае: Саюз пісьменнікаў, ПЭН-цэнтр, рэдакцыя “Крыніцы” (была яшчэ рэдакцыя штотыднёвіка “Літаратура і масттацтва”) , кампанія “Гавары праўду”, прэзідэнцкія выбары, цяперашні рух “За дзяржаўнасць і незалежнасць” і г.д. — знешнія выявы біяграфіі. Тое, што пішацца ў анкетах. Да біяграфіі ўнутранай, да таго, што пішацца ў душы (а гэта і ёсць сапраўдная чалавечая біяграфія), яны калі і маюць дачыненне, дык аддаленае. За выключэннем выпадкаў, калі пранікаюць са знешней біяграфіі ва ўнутраную. Ну, да прыкладу, стварыў я рэдакцыю “Крыніцы” і спаткаў у ёй Вольгу. Каханне. Лёс. Вось за гэта я ўхапіўся. Учапіўся, бо ёсць за што! А нехта чапляўся б за рэдакцыю, за рэдактарскае крэсла... Кожнаму сваё.

Зрэшты, сыход з “Крыніцы”, бадай, адзіны, пра які я не тое што шкадую, а... Як бы гэта дакладней сказаць?.. Смуткую іншым разам па той “Крыніцы”. Бо той час быў напоўнены “Крыніцай”, якая пакінула ў ім след. Сваімі асобамі, тэкстамі, уплывам. І нават цяпер яна, як бы перастаўшы быць, не страцілася. І не страціўся ніхто з тых, хто ў ёй быў, хто разам са мной яе ствараў. Валянцін Акудовіч, Уладзімір Арлоў, Алесь Асташонак (хоць фізічна яго й не стала), Леанід Дранько-Майсюк, Алесь Разанаў, мастак Кастусь Вашчанка... Мы разыйшліся, але засталіся.

Там насамрэч быў стыль. Пазней я паспрабаваў аднавіць яго ў кампаніі “Гавары праўду”. У іншых умовах, іншай дзейнасці. І напачатку гэта ўдавалася. Пакуль не ўмяшаліся “стылісты” з камітэта дзяржбяспекі — і гаварыць праўду пачалі здраднікі, махляры, сексоты.

У час трэба прыходзіць і ў час сыходзіць.

Між іншым, амаль усе месцы, з якіх я сыходзіў, былі, так бы мовіць, гнёздамі з яйкамі. На іх бы сядзець і сядзець. Але калі б я нават заняў месца прэзідэнта Беларусі, я б і з яго своечасова сышоў, пра што наўпрост казаў падчас выбарчай кампаніі. А то вунь як Аляксандр Рыгоравіч рассеўся...

Вось гэта не мой стыль. Я ніколі б не хацеў быць нечым кшталту куфра, які стаіць пасярод хаты і ўсім замінае, але якога не выкінуць, бо ён цяжкі. Ці ўвогуле, як зэдаль у пакоі для допытаў, да падлогі прыкручаны.

За вамі цягнецца шлейф самых розных скандалаў. У 1999 годзе вы з’ехалі з краіны. Нехта кажа, што праз канфлікт з тагачасным віцэ-прэм’ерам Уладзімірам Замяталіным, нехта -- праз абвастрэнне адносінаў з Лукашэнкам. З кампаніі “Гавары праўду” сышлі так, што дагэтуль незразумела, што там да чаго. Вам такая рэзкасць пасля не замінае жыць?

— Так, у мяне былі складаныя адносіны і Лукашэнкам, і з Замяталіным, і з іншымі большымі і меншымі чыноўнікамі, і з апазіцыяй, і сапраўды ў 1999 годзе я змушаны быў з’ехаць, але нічога з гэтага я не назваў бы скандаламі. Канфліктамі — так, але гэта нармальна ў тых умовах, якія склаліся, і ў тых стасунках з людзьмі, найперш людзьмі з улады, якія яны ёсць. Скажам, калі я, беларус, да таго ж беларускі паэт, жыву ў сваёй краіне як іншаземец, калі міліцыянты на вуліцах вучаць мяне гаварыць на “чэлавечэскам языке”, дык ненармальна было б сукаць ножкамі і рабіць выгляд, нібы ўсё нармальна. Я так не рабіў і рабіць не збіраюся, незалежна ад таго, як яно пасля мне нашкодзіць і як будзе замінаць жыць. “Горай не будзе, бо лепш не было”, — напісалася некалі ў адным з вершаў. Усе свае рэзкія і не рэзкія рашэннні я прымаў і прымаю дзеля таго, каб усяму беларускаму ў Беларусі ўсё ж стала лепш. А праз тое і мне, бо ў не беларускай Беларусі я ледзь трываю.

Наўмысна не хачу задаваць шмат пытанняў пра палітыку, але ўсё ж удакладню некалькі прынцыповых момантаў. Вас называлі чалавекам, які мог аб’яднаць апазіцыю. Чаму не атрымалася гэта зрабіць?

— Я ўжо не аднойчы тлумачыў сітуацыю напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2015 года, калі былі спадзевы на адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмсіл і на адзіны сцэнар дзеянняў, а значыць, на аб’яднанне беларускай дэмакратычнай апазіцыі. Дзеля гэтага я зняў (хаця зноў можаце сказаць “сышоў”) сваю кандыдатуру з ліку тых, хто прэтэндаваў на месца адзінага кандадата, але нават гэта не дапамагло. Спачатку Кангрэс дэмактатычных сіл, на якім можна было вылучыць адзінага кандытата і прыняць адзіную праграму, блакавалі Лябедзька з Калякіным, а пад канец, калі да пагаднення заставаўся адзін крок, сарвалі Дзмітрыеў і Янукевіч. Як бачыце, паўдзельнічалі ў гэтым, паспрыялі ўладзе правесці выбары па яе сцэнары амаль усе кіраўнікі апазіцыйных структур, так што нейкага адзінства, можна сказаць, я ўсё ж дасягнуў.

— Гадоў дзесяць таму мне ў інтэрв’ю вы казалі: “З палiтыкай у мяне выйшла, як з нялюбай, але страснай жанчынай: чым мацней я ад яе адпiхваўся, тым мацней яна мяне абдымала...” Я так разумею, задушыла яна вас у сваіх абдымках?

З чаго раптам?.. Ніхто мяне, як ні душыў, не задушыў. Іншая рэч, што спадзяванні, якія меў я, ідучы ў палітыку, не спраўдзіліся.

— А якімі яны былі?

Я быў перакананы, што мне ўдасца зрабіць тое, чаго не ўдавалася іншым. Арганізаваць людзей на Плошчу, на такі пратэст, вынікам якога стаў бы сыход рэжыму. Толькі дзеля гэта я пайшоў на прэзідэнцкія выбары 2010 года, іначай не стаў бы ў іх удзельнічаць.

— Зараз многія спрабуюць прадказаць вынікі парламенцкіх выбараў. Па вашых прагнозах, ці трапіць нехта з апазіцыянераў у Палату прадстаўнікоў? Напрыклад, тая ж Таццяна Караткевіч?

— Адносна гэтага — ніякіх прагнозаў. Я ў гэтым не ўдзельнічаю. Проста не разумею, як пасля выбараў 2010 года, дзе было пабоішча, кроў, пасля выбараў 2015 года з іх непрыхаваным цынізмам, нібы наўмысным здзекам не толькі над апазіцыяй, але над усёй краінай, народам, можна прыняць ад рэжыма прапанову на прызначэнне ў парламент? Га?.. Ну няхай групавыя і асабістыя інтарэсы, няхай такая, якая ёсць, тутэйшая палітыка, але ж чалавечая годнасць і ў тым дзярме, у якім існуем, мусіць выяўляцца! Ці не?..

Добра, няхай наклалі на годнасць. Тады якая верагоднасць? Не выбараў, пра якія наперад вядома (прынятыя толькі 2 з 30 рэкамендацый АБСЕ), што іх не будзе, а верагоднасць прызначэння? Двух там, ці трох, на што ледзьве не ў таталізатары стаўкі робяць, дэпутатаў ад апазіцыі? Ніякай! А галоўнае: які толк ад гэтых прызначэнняў? Ніякага! Проста падачка, міласціна, костка са стала — і ўсё адно ўсе шчэмяцца: падай! І даводзяць, што гэта дыялог з уладай.

— А што з вашага гледзішча ёсць дыялог з уладай?

У кожны гістарычны момант напоўненасць яго розная. Сёння дыялог з уладай гэта патрабаванне свабодных, справядлівых выбараў. І ўдзел у іх толькі на гэтых умовах. Тады насамрэч будзем мець парламент, тады распачнуцца палітычныя, як прадумова эканамічных, рэформы. Тады — развіццё краіны, надзея на захаванне яе дзяржаўнасці, незалежнасці. Інакш толькі на ўсход і на захад лукашэнкава “падайце” — і зваротным рэхам да яго ўсебеларускае “падай”.

І, калі ласка, досыць на тым пра палітыку. Іншым разам.

— Складаецца ўражанне, што Някляеў як той кот, які ўвесь час гуляе сам па сабе: ад пісьменніцкіх тусовак трымаецца на дыстанцыі, з палітыкамі моцна не сябруе… Гэта адпавядае рэальнасці?

— У нечым так.

Сяброў сярод палітыкаў у мяне сапраўды няма, палітыка — не месца для сяброўства. А тыя найблізкія, найдарагія сябры, якіх меў я ў літаратуры, адыйшлі... Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін... Іх не замяніць, пустату пасля іх сыходу не запоўніць... І не тое, што няма кім проста яны не замяняюцца.

Безумоўна, тут і ўзроставыя прычыны. Ігар Шклярэўскі, адзін з найлепшых сучасных рускіх паэтаў і нямногіх маіх даўніх сяброў, якія засталіся, тэлефануе ўночы, чытае: “Друзья мешают слушать шум дождя...”

Разумееце?..

Такое не напішаш, калі табе дваццаць.

Узрост — гэта калі наўкол цябе ўсё болей цішыні, і ты ўжо не хочаш, каб яна парушалася.

Мне распавядалі, быццам вы ў свой час вельмі балюча перажывалі адсутнасць грошай. Але калі яны з’яўляліся, маглі не задумваючыся некалькі тысяч долараў аддаць за карціну вядомага мастака і падарыць прыгожай жанчыне. Сёння можаце пахваліцца вялікімі даходамі?

—Па-першае, трэба не перажываць, а зарабляць.

Па-другое, нейкія грошы ў мяне заўсёды былі. Часамі большыя, як, напрыклад, тады, калі пісаў песні і меў аўтарскія адлічэнні за іх з усіх канцэртных пляцовак і рэстаранаў ад Сахаліна да Брэста, часамі меншыя, але да “балючых перажыванняў” справа ніколі не даходзіла. Іншая рэч, што ніякія грошы ў мяне доўга не затрымліваліся — я ўмеў хутка ад іх пазбаўляцца. Рознымі спосабамі, у тым ліку такімі, пра якія вы чулі.

Яшчэ адно пытанне, як кажуць, у лоб. Нядобразычліўцы кажуць, быццам бы вы маеце (ці мелі) сур’ёзныя праблемы з алкаголем…

— Не менш як палову свайго жыцця я навідавоку. І калі б меў сур’ёзныя праблемы з алкаголем — гэта былі б відавочныя праблемы. Тут ніякага “быццам бы” не бывае.

Гэта адна з плётак, якіх пра мяне шмат. І пачалася яна з верша, прысвечанага паэту Міхасю Стральцову, якога я, як мала каго, любіў, і ў якога з алкаголем насамрэч была праблема. Верш сканчаўся радкамі: “Будзь! Як той казаў, хай скажуць дзякуй нам, што мы пілі!”

Гэтак Стральцоў пра графаманаў казаў: “Пакуль паэты п’юць, графаманы тым часам паспяваюць нейкія кніжкі выдаць, нейкія медалі, прэміі займець, дык няхай яны дзякуй нам скажуць за тое, што мы пілі! І тым самым давалі ім магчымасць як бы замест нас лічыцца паэтамі”. Пра верш пісалі, яго цытавалі і графаманы прыдумалі мне алкагольныя праблемы.

Колькі даносаў напісалі!

Неяк заходжу ў рэдакцыю аднаго часопіса — сядзіць адзін такі. Сумны, панылы. “Чаго сумуеш?” “Ат, вершы не пішуцца”. “Дык ты, кажу, пішаш іх, мусібыць, не правільна”. “А як правільна пісаць?” “А так, кажу, —як Дзюма свае раманы пісаў. Адна голая мадэлька на адным калене, другая на другім, пад нагамі скрыня шампанскага... І калі ласка: «Тры мушкецёры».

Было гэта якраз тады, калі мяне на прэмію Ўсесаюзгага камсамола вылучалі за кнігу “Вынаходцы вятроў” і паэму “Дарога дарог”. Сур’ёзная такая прэмія, трэцяя па значнасці ў краіне. І на мяне пішуць данос, сутнасць якога такая. Вось вылучаюць Някляева на прэмію за паэму “Дарога дарог”, а як ён яе пісаў? У п’янцы і распусце. Адна голая баба на адным калене, другая на другім, скрыня шампанскага пад нагамі...

— Уладзімір Пракопавіч, а вам шанцуе па жыцці?

Калі мець на ўвазе латарэю, карты, казіно, да чаго я праз азартнасць натуры дасюль схільны, дык не. Скажам, на рулетцы, калі ставіў на чырвонае/чорнае, на крыж, здаралася выйграваць, а ў намур не выпадала. Але калі мець на ўвазе не кола, на якім жыццё круціцца, а тое, на чым стаіць жыццё: каханне, сяброўства, сэнс, прадвызначэнне, —дык грэх жаліцца. З большага шанцуе.

Дзесяць гадоў таму вы нечакана прызналіся: толькі зараз адчуў, што такое сапраўднае каханне. Але ж у вас слава бабніка. Дагэтуль кажуць, што няма той жанчыны, якую нават зараз не можа спакусіць Някляеў…

Праўда?.. І хто гэтак кажа?.. Калі жанчыны, дык быў бы ўдзячны, калі б рэдакцыя вашай газеты іх фатаграфавала і дасылала мне фотаздымкі.

На сваёй старонцы ў Фэйсбуку вы выкладваеце шмат фотаздымкаў у абдымках прыгожых жанчын. Жонка не ладзіць вам скандалаў?

Па-першае, гэта не столькі я выкладваю, колькі яны. Па-другое, у мяне не магло быць такой жонкі, якая б праз гэта ладзіла скандалы.

— Вы падтрымліваеце сяброўскія адносіны са сваёй першай жонкай, з якой пражылі больш за 30 гадоў?

Я шмат за што, вельмі за многае ўдзячны Людміле. З нашага жыцця мы адно адное не выкрэслівалі. Нават спробы такой не рабілі. Разыйшліся, але засталіся. Яна кажа, што адносіны нашы зараз нават лепшыя, чым былі раней. “Ведала б, — кажа яна, — дык даўно б развялася”.

— У вас з цяперашняй жонкай розніца ў 30 гадоў. Вас хвалюе, як Вольга будзе жыць потым, калі вас не стане? Абмяркоўвалі з ёй гэтую тэму?

— Абмяркоўвалі. Дамовіліся не паміраць.

А ўвогуле каханне пра смерць не думае.

Калі я думаю пра Вольгу, я думаю пра святочнае. Яна — штодзённае свята.

Шчыра сказаць, напачатку не выглядала, што свята гэтае, назваўшыся Вольгай, будзе столькі трываць. Але вось трывае. І ведаеце, чаму? Бо як толькі мне пачынае здавацца, што я спазнаў усе яе таямніцы, глыбіні, яна пачынае адкрывацца глыбінямі новымі. Часам зусім нечаканымі, такімі, якім, здавалася б, у ёй, такой маленькай, няма дзе й змясціцца. Як гэта было, скажам, у 2010 годзе, калі ўсплыла і ўсю яе запоўніла мужнасць. Неверагодная мужнасць. І выявілася яна не толькі ў тым, што Вольга была побач са мной па дарозе на Плошчу, што яна — толькі ўявіце гэта!  кідалася на спецназаўцаў, якія выкрадалі мяне са шпіталя, але і ў штодзённай, штоночнай (яна амаль дзесяць сутак, бо не ведала, жывы я ці мёртвы, вачэй не сплюшчыла) барацьбе за маё жыццё, за маё вызваленне. Зараз мала хто памятае, але гэта яна 20 снежня, калі ўвесь Мінск быў скаваны марозам і страхам, нічога і нікога не пабаяўшыся, склікала замежных журналістаў, назіральнікаў, дыпламатаў, заявіла пра злачынства, здзейсненае рэжымам у дзень галасавання на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі — і менавіта з гэтага ўзнялася ў свеце хваля падтрымкі палітвязняў, пачаўся палітычны і эканамічны ціск на рэжым. Яшчэ б дзень, міжнародныя назіральнікі, журналісты раз’ехаліся б — і рэзананс падзей у Мінску бы зусім не такі. “Ці вы супакоіце вашу жонку, ці мы аддадзім яе ментам, а ўжо яны яе...”, — казаў мне, сярод ночы на допыт выцягнуўшы, старшыня КДБ, і я баяўся, што сапраўды могуць “аддаць ментам”, а яна нічога не баялася і, цяпер пра гэта ўжо можна казаць, урэшце дамаглася свайго, на той час немагчымага, неверагоднага: змусіла паказаць ёй мужа ў турме, каб ведаць, што ён жывы.

І гэта ўсё пры тым, што яна зусім не публічная. Як толькі я апынуўся няхай пад хатнім арыштам, але ўсё ж у сваёй хаце, яна тут жа стала адмаўляцца ад любых інтэрв’ю, замежных паездак, перастала сустракацца з журналістымі, палітыкамі — палічыла сваю місію завершанай. Нічым са свайго “зоркавага часу” не скарысталася для сябе.

Яна шмат ад чаго дзеля мяне адмовілася. Нават занадта шмат ад чаго. Па сутнасці яна ахвяравала мне сваё жыццё. Не быць за гэта ўдзячным немагчыма.

— Вы прысвяцілі ёй кнігу“Лісты да Волі”, напісаную ў турме. Лісты да Каханай і да Свабоды...

І за гэтую кнігу я мушу быць удзячным ёй. Калі кніга перакладалася на шведскую мову, я перачытаў яе. Там у паэме “Турма” такая неверагодная энергія, што старонняму не зразумець, адкуль яна ў чалавеку, кінутаму за краты, магла ўзяцца?

Ад Вольгі гэтак я адчуваў яе скрозь турэмныя сцены.

Дарэчы, у шведскім выданні ўпершыню надрукаваныя мае лісты з турмы. Не вершы звычайныя лісты да Вольгі. Пісьмы. На беларускай мове друкаваць іх яна катэгарычна не дазволіла. “Гэта не літаратура, гэта маё жыццё”. А вось каб па-шведску, а пасля і па-польску надрукаваць, згадзілася. “Там ніхто мяне не ведае, там гэта літаратура”.

Гэтакі характар.

— Да свайго 70-годдзя вы выдалі кнігу “Толькі вершы”. Давайце завершым размову якімі-небудзь радкамі адтуль пра “бліскавічныя імгненні быцця”. Можа быць, ў гэтых “бліскавічках” і крыецца тая жыццёвая мудрасць, пра якія я пыталася ў вас напачатку нашай размовы?

— У кнізе шмат вершаў з прысвячэннямі. Іх, мусібыць, болей, чым ва ўсіх маіх папярэдніх кнігах разам узятых. Чаму?..

Яўген Еўтушэнка, яшчэ адзін з маіх даўніх сяброў, якія, дзякуй Богу, засталіся, не так даўно напісаў: "Я мир не делю на талантливых или бездарных, а на благодарных и неблагодарных".

Варта доўга пажыць на гэтым свеце хоць бы дзеля таго, каб зразумець, хто ў ім хто і што ў ім што.

На чалавечай удзячнасці трымаецца свет. На ўдзячнасці Богу, бацькам, родным, сябрам, блізкім, таму незнаёмцу, які на дарозе, дзе ты паслізнуўся, падхапіў цябе пад руку... На ўдзячнасці тым, хто падараваў табе шчасце любові, цуд кахання, радасць сяброўства, падзяляў твае святы і страты, дапамагаў табе і тваім родным, калі сам ты не мог ім дапамагчы. І калі насамрэч ёсць у свеце нешта такое, што называецца жыццёвая мудрасць, дык гэта яна.

Калі я выйшаў з турмы, мае сябры прыйшлі на мой дзень народзінаў. І Генадзь Бураўкін падараваў мне саламяную скрыпку. Сказаў, што выбраў яе ў падарунак не таму Някляеву, які палітыкай заняўся, а таму, які ў паэзіі застаўся. Які напісаў “Паланэз”. І яшчэ сказаў, што калі б я ўмеў граць на скрыпцы, ён падараваў бы мне скрыпку звычайную, а паколькі не ўмею, дык выбраў у падарунак чароўную. Каб грала сама.

Пакуль Генадзь быў, скрыпка маўчала. Калі яго не стала, аднойчы ўночы ціха-ціха, нібы ветрыку ў фортцы гукнулася, зайграла...

У адказ на гэтую музыку я напісаў верш, прысвечаны памяці Генадзя Бураўкіна. Гэта адзін з вершаў, якімі пачынаецца кніга.

 

КАЛЫХАНКА

Па маёй ці тваёй,

не па нечай — па нашай віне

Беларусь, як чужая, у крэўнай сваёй старане.

І калі памірае праз роспач і скруху паэт,

Ён не той пакідае, у якім нарадзіўся, сусвет.

 

Той сусвет быў Айчынай. Калыскай ягонаю быў.

Ён паэта люляў, малаком белай мовы паіў,

Баіў байкі яму — 

Там у кожным паэтавым сне 

Бай хадзіў па сцяне

У чырвонам сваім каптане...

 

Баю-бай, баю-бай. Спяць, раскінуўшы рукі, сыны. 

Сняцца некаму рускія, некаму польскія сны.

А каму беларускія — той прачынаецца ў снах

І крычыць! І не чуе! Не бачыць! Бо прывід! Бо жах!

 

Спіце, воі. Мужчыны. Далёка яшчэ да відна. 

Вы праспалі Айчыну! І ў снах беларускіх яна

Н е Пагоняй ляціць, а ваўчыцай на бруху паўзе

І сама сабе лапу, каб вырвацца з пасткі, грызе.

 

Баю-бай, баю-бай. Спіце, дзеткі, бяспамятным сном.

Маладыя ваўкі! Піце матчыну кроў з малаком!..

Даганяйце па следзе, што ў кожным паэтавым сне

Чырванее на лёсе,

на лёне,

на белым, як смерць, палатне...

 

(«Народная Воля», №52)

ЛЮДЗЬМІ ЗВАЦЦА!
 12.07.2016 2

Дарагія людзі, дзякую за свята, прынесенае 11 ліпеня да помніка Янку Купалу разам з кветкамі!


Мне сказалі, што відаць было, як на прэзентацыі кнігі “Толькі вершы” я хваляваўся. Не стану гэтага аспрэчваць. Так, хваляваўся. Бо ніхто не мог гарантаваць, што не набягуць міліцыянты, не пачнуць складаць пратаколы на штрафы ці затрымліваць людзей. І ніхто з тых, хто прыйшоў у Купалаўскі сквер, не ведаў, чым усё скончыцца. 


Шмат хто з маіх знаёмых тэлефанаваў і прабачаўся, што не можа прыйсці, бо штрафу, большага за зарплату, не пацягне. Таму я вельмі ўдзячны ўсім тым, хто, нягледзячы на магчымыя рэпрэсіі, усё ж прыйшоў. 


Вы прыйшлі - і мы разам паказалі, што мы свабодныя людзі, гаспадары ў сваім горадзе. Прадэманстравалі, што не прымаем паліцэйшчыну з яе ідыёцкімі законамі, што ніхто нам не будзе ўказваць, дзе нам чытаць вершы, спяваць песні. 


Вы прыйшлі, як пісаў Купала, ЛЮДЗЬМІ ЗВАЦЦА!


Самае галоўнае, што выявілі вы каля помніка Купалу - чалавечая годнасць. Гэта найпершае, што я асабіста цаню ў кожным - і стараюся не страціць у сабе. Нідзе, ні ў якіх умовах. Без годнасці няма чалавека, няма без годнасці народа. І ў каторы раз я пераконваюся, што яна ў нас, у беларусах, ёсць. Таму й жыве Беларусь!

Бясконца наша мара аб свабодзе


Вядзе нас па зямлі і па вадзе,


Як сонца, што ніколі не заходзе,


Як зорка, што ніколі не ўпадзе!


Яшчэ раз дзякуй вам за свята!

 

 

 

 

 

Читать другие новости