ВІВАТ, ФРАНЦЫЯ!

Французская пракуратура заявіла, што паміж Францыяй і Інтэрполам існуе пагадненне пра дыпламатычны імунітэт для іншаземных службовых асобаў, якія знаходзяцца ў краіне па запрашэнні Інтэрпола. Праз тое пракуратура адмовіла адвакату Вільяму Бурдону ў ягоным пазове арыштаваць па падазрэнні ў датычнасці да катаванняў міністра ўнутраных спраў Беларусі Анатоля Куляшова. Між іншым, да гэтага французскую пракуратуру абавязвала Канвенцыя супраць катаванняў, прынятая ААН 10 снежня 1984 году. Аднак ведамаснае пагадненне займела перавагу над Канвенцыяй, якую ратыфікавалі 146 дзяржаваў – у тым ліку ўсе 47 сяброў Рады Еўропы ўключна з Францыяй. Шкада. Не палітычна нават шкада, бо палітычна нічога іншага ніхто не чакаў. Шкада, так бы мовіць, паэтычна. Літаратурна. Бо глядзіце, які мы страцілі сюжэт. Амбасада Францыі ў Мінску, якая дакладна ведае (бо супрацоўнікі яе гэтаму сведкі) пра злачынныя дзеянні падпарадкаваных генералу Куляшову ўзброеных фармаванняў, дамаўляецца з Інтэрполам, каб беларускага міністра тэрмінова паклікалі на нараду ў Ліён. Прычым, на нараду такую важную, на якой без міністра ўнутраных спраў Беларусі (дзе пануе дыктатура, дзе ў турмах катуюць палітвязняў) нібы не абыйсціся. Каб на тое, што Куляшоў знаходзіцца ў спісе асобаў, якім забаронена перасякаць мяжу Еўразвязу, можна было не зважаць ⎯ і французы маглі выдаць генералу візу. Такая вось нечаканка ў самай завязцы сюжэту. З візай у пашпарце генерал бягом да галоўнакамандуючага: "Банзай гезунд!" І чуе ў адказ: "Базай, банзай... Рэчы збірай..." Генералу сабрацца ⎯ толькі падперазацца. Пытаецца ў жонкі: "Што табе, мон шэр, прывезці з Францыі?" А тая, як нешта адчуваючы, кажа: "Нічога, Толя, толькі сам вяртайся". Ён не разумее: "Ты пра што?..." Адкуль жа ведаць унутранаму міністру пра знешнія сілы, якія вырашаюць ягоны лёс... Галоўнакамандуючы не аднойчы раіўся са знешнімі сіламі: як пазбавіцца ад міністра, які замінае працэсу дэмакратызацыі? З палкай стаіць на шляху палітычных і эканамічных рэформаў. Адабраць палку? Выгнаць яго, як выгнаў ягоных намеснікаў? Банальна. Дый нібы несправядліва: усё ж служыў. І раптам французы, схільныя да дэтэктыўных і прыгодніцкіх сюжэтаў, параілі: а ў Еўропу яго выправіць! І ў адпаведнасці з канвенцыяй ААН мы зробім з яго гадоў на дваццаць графа Монтэ- Крыста... Шкада, што ў фінале сюжэта нешта не звязалася, каб можна было крыкнуць: "Віват, Францыя!".
21.01.12 12:01
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў