РУЖА ДЛЯ ПАНІ ВІСЛАВЫ


Памерла Віслава Шымборска... Вялікая жанчына. Бліскучая, як паэзія, у якой яна была вялікай. Усёй сваёй творчасцю яна пацвердзіла сусветную славу польскай лірыкі.



Яе раўнялі з Моцартам. Вобразы яе лёгкія і светлыя, як мелодыі геніяльнага немца. З адной адрознасцю: яе вобразы ⎯ з жаночым пачуццём. Не такім, як у Моцарта, касмічна ўсеабдымным ⎯ увасобленым у ёй самой. Але яна, як і ён, абдымалася з сонцам. Ён ⎯ у небе, яна ⎯ на зямлі.

Пра што яе вершы? Пра ўсё, што ёсць жыццё. І ў вялікіх яго выявах, і ў драбязе. Яна ўмела адчуваць, бачыць і цаніць простыя рэчы. Траву каля сцежкі і лістабой над ёй. Пяшчоту дзіцячай рукі. Позірк мудрай старасці. Усё, што між з'яўленнем і знікненнем. Усё, што яна кахала, любіла. Так кахала, гэтак любіла, што немагчыма было не кахаць, не любіць яе ўзаемна. Менавіта праз гэта словы яе набывалі магічную сілу. Праз гэта свет, які ва ўсіх, хто праходзіць свой шлях, застаецца звычайна за спінай, ад яе не аддаляўся. Яна азіралася на яго, называла ўсе ягоныя шматлікія імёны ⎯ і свет ішоў за ёй.

Як усе сапраўдныя паэты, Віслава Шымборска ў гэтым свеце найбольш цаніла і любіла свабоду. Волю. І я па скон буду помніць, што яна падтрымала мяне, стала ў абарону Волі асабіста незнаёмага з ёй беларускага паэта. Я меў спадзяванне, што прыеду ў стары Кракаў, прыду да яе з ружай, пацалую з удзячнасцю руку...

Пані Віслава, даруйце мне, што я не паспеў даехаць да Кракава! Не па сваёй віне ⎯ па віне тых, хто трымае сёння за кратамі Волю Беларусі. Але Воля вырвецца з-за кратаў ⎯ і я прыду да Вас з ружай...



02.02.12 10:33
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў