СПРАВА ГОНАРУ

У Сяргея Каваленкі ⎯ абвостранае пачуццё нацыянальнага гонару. Такіх людзей немагчыма зламаць ⎯ на іх стаялі ўсё франты. Пад Варшавай ⎯ у 1920-ым, пад Сталінградам ⎯ у 1942-ім. На гэтым стаяў і Беларускі Народны Фронт, пакуль у ім не пераважылі тыя, хто вырашыў: ёсць нешта (так і засталося невядомым: што?), дзеля чаго залішнім нацыянальным гонарам можна паступіцца. Паступіліся залішнім ⎯ не засталося ніякага. Менавіта нацыянальны гонар узняў сябар КХП БНФ Сяргей Каваленка 7 студзеня 2010 на каляндую ёлку ў Віцебску. Бел-чырвона-белы сцяг ёсць выява гэтага гонару. І за гэта яго судзіць?... Судзіць трэба тых (і судзіць іх будуць!), хто ў 1995 годзе бел-чырвога-белы сцяг, выяву нашага нацыянальнага гонару, падраў на шматкі. Хто адмяніў у беларускай дзяржаве беларускую мову, на якой (бо на іншай мове ён не размаўляе) нібыта "нецэнзурна лаяўся" Сяргей Каваленка, за што суддзя Вольга Іванова пакарала яго штрафам. Спадарыня Іванова! Да вашага ведама: у беларускай мове няма слоў, якімі можна "нецэнзурна лаяцца". Крыштальная чысціня нашай мовы ⎯ гэта таксама выява нашага нацыянальнага гонару. Гэта выява беларускай народнай культуры, шляхетнасці, годнасці, якую хочуць падраць на шматкі. Гэта высокае... Тое, што на каляднай ёлцы лунае бел-чырвона-белым сцягам... А што пад ёлкай ды вакол яе?... А пад ёлкай ды вакол яе ⎯ карагод! Маскі-шоў! Амапаўцы, якія лупяць свой народ! Дэпутаты, якія бароняць амапаўцаў! Суддзі, якія караюць нявінных!... І ўсё гэта з гіканем, музыкай, песнямі, скокамі ⎯ "Славянскі базар" у Віцебску!... Азірніцеся, спадарыня Іванова... Як, у якім свеце мы жывем?... Давайце ўсе азірнемся... І ўбачым ва ўсім гэтым жаху ні ў чым не вінаватага чалавека, якога ўжо судзілі і зноў збіраюцца судзіць за тое, што ён стаіць на сваім: "Гонар маю!" Галадаю, але гонар маю! Паміраю, але гонар маю!... Лунае, нескароны, На векавых вятрах Наш, ад крыві чырвоны, Ад болю белы, сцяг! Сітуацыя з Сяргеем Каваленкам блізкая да непапраўнай: ён можа памерці. Калі, крый Божа, такое станецца, вінаватых у гэтым нельга будзе назваць інакш як забойцамі. І сказаць дзецям іх: "Вашы бацькі ⎯ забойцы!" Я ўдзячны дэпутату Еўрапарламента Марэку Мігальскаму, усім еўрапейскім палітыкам, якія заклапочаныя лёсам Сяргея Каваленкі. Але яму патрэбная нашая падтрымка! Гэта справа гонару!... У тым ліку і вашага, спадарыня Іванова..
12.02.12 19:22
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў