ДЗЕНЬ ПРАЎДЫ

25 лютага ⎯ другая гадавіна грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" Два гады ⎯ нібыта й не юбілей. Па звыклых мерках. Калі ж улічыць умовы, у якіх дзейнічае грамадзянская кампанія "Гавары праўду!", калі са снежня 2010 года не было амаль ні дня, каб абыходзілася без рэспрэсій, каб некага з актывістаў кампаніі не затрымлівалі (вось і сёння за кратамі Павел Вінаградаў і Аляксандр Арцыбашаў), дык можна лічыць дзень не за два і нават не за тры, а за ўсе дзесяць. І ў такім разе выглядае, што на юбілей набягае... Зрэшты, справа не ў юбілеях, а ў самой справе, якую робім. Хачу нагадаць дакумент, з якога пачалася грамадзянская кампанія "Гавары праўду!" Гэта зварот ініцыятыўнай групы па стварэнні кампаніі, подпісы пад якім паставілі народны паэт Рыгор Барадулін, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Генадзь Бураўкін, народная артыстка Зінаіда Бандарэнка, акадэмік Радзім Гарэцкі, прафесар Генадзь Грушавы, міжнародны грасмайстар па шахматах Віктар Купрэйчык, кандыдат філасофскіх навук Таццяна Процька ды іншыя найзнакамітыя і найпаважаныя ў Беларусі творцы, грамадскія дзеячы. "Мана, як ракавая пухліна, пусціла метастазы ва ўсе сферы нашага жыцця. Яна, мана, пануе ў ідэалогіі, яна гаспадарыць у эканоміцы. Скрозь і паўсюль мана, мана, мана – і нічога, апроч маны. Гэта духоўная катастрофа. Для барацьбы з маной ёсць адна зброя – ПРАЎДА. Адкрытая, бясспрэчная, вечная. Вялікая, чыстая, святая. Балючая, пякучая, цярновая. Мужная, непераможная ПРАЎДА. Васіль Быкаў казаў: няхай на іхнім баку перамога, але на нашым баку – ісціна. Праўда, з якой выстаім. Дзеля гэтага мусім мы гаварыць праўду. Не дзеля ўлады, не дзеля апазіцыі – дзеля будучыні нашых дзяцей! Гавары праўду – і ты дапаможаш сабе і сваім родным. Гавары праўду – і ты дапаможаш сваёй краіне і свайму народу. Гавары праўду – і ты ўбачыш, наколькі лягчэй, наколькі святлей табе стане жыць. Проста гавары праўду..." Мы ні ў чым не здрадзілі ніводнаму слову, напісанаму ў гэтым дакуменце. Праўду мы не толькі казалі ⎯ мы даводзілі яе ўсімі нашымі дзеяннямі, якімі выкрывалі ману. У адстойванні праўды ⎯ а праз гэта ў вырашэнні рэальных праблем ⎯ мы дапамагалі, дапамагаем і будзем дапамагаць рэальным людзям. І тысячы людзей далучаліся і далучаюцца да нас у Барысаве і Салігорску, Бабруйску і Магілёве, Бярэсці і Смалявічах ⎯ па ўсёй Беларусі. Менавіта ў гэтым ПРАЎДА, а не ў тым, што выдумляюць пра нас у дзяржаўных СМІ ⎯ дый не толькі ў дзяржаўных. Ні з кім так не змагаюцца няпраўдай, як з кампаніяй "Гавары праўду", што сведчыць толькі пра нашу сілу. Са слабымі так не змагаюцца. Праўда ⎯ сястра Волі. І некалі ў вольнай Беларусі день 25 лютага стане святочным. Днём Праўды, як 25 сакавіка ⎯ днём Волі. Віншую нашых актывістаў у Беларусі, у Літве і Польшчы, у іншых краінах замежжа з днём Праўды! Дзякую ўсім, хто выстаяў і выстойвае пад ціскам сённяшняй улады, пад сцюжай рэпрэсій. Мы выстаім і пераможам! Нідзе і ніколі ў свеце не бывала такога, каб праўда ўрэшце не адольвала ману..
25.02.12 14:02
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў