Сiмвалы

Беларусь ⎯ гэта яе мова, яе гісторыя, яе сімвалы. І хоць вы застрэльцеся ⎯ будзе так, бо не бывае інакш. Сцяг ⎯ сімвал. Можна што заўгодна зрабіць са сцягам-палотнішчам. Спаліць, падраць, выцерці аб яго ногі. Але нельга нічога зрабіць са сцягам-сімвалам. Гэтаксама што заўгодна можна зрабіць з чалавекам Каваленкам. Арыштываць, засудзіць, забіць. Але нічога нельга зрабіць з Каваленкам-сімвалам. Каваленка-чалавек можа памерці. З дня на дзень. Каваленка-сімвал не памрэ ніколі. З веку ў век. І з веку ў век тыя, хто мае дачыненне да ягонага арышту і зняволення, калі яны давядуць яго да смерці, будуць называцца забойцамі. Генеральныя і негенеральныя пракуроры, вярхоўныя і невярхоўныя суддзі, таварышы ў цывільным і ў форме, у парламенце і ўрадзе ⎯ усе, хто ва ўладзе. Лукашэнку да такога звання не звыкаць. Але нават для яго тут большая, чым была ў іншых выпадках, небяспека. Бо адно ⎯ канкурэнты ў палітыцы. У барацьбе за ўладу. Зусім іншае ⎯ сімвалы. Сімвалы немагчыма перамагчы. Адолець. Знішчыць. Сімвалы ⎯ вечнае. Як сімвал славы, якім стаў Каваленка, гэтак і сімвал ганьбы, якім стануць ягоныя каты..
14.03.12 16:37
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў