Лiст Алесю Бяляцкому

30 гадоў як мы пазнаёміліся, Алесю. Ты прыйшоў з Анатолем Сысам. Абодва светлыя, узнёслыя. Такія чыстыя, што душа ў кожным, як крынічная вада ў крышталі.  Хіба мог я ўявіць, што параненую душу Сыса Бог так хутка пакліча ў нябёсы? Ці што табе буду пісаць лісты ў турму?..  Гэты ліст, юбілейны, я сабраўся напісаць табе доўгі-доўгі. Гэткі ж, як тваё бліскучае даследванне па маіх вершаваных лістах, напісаных з турмы да Волі. Згадаць усё, што нас радавала, яднала, і ўсіх, хто нас яднаў і радаваў. Пасля падумаў: надта шумная будзе кампанія. А мне б хацелася, каб на тваім 50-годдзі мы хоць 5 хвілін пасядзелі толькі ўтрох. Як тады, калі ты прыйшоў да мяне з Анатолем Сысам. Тваім сябрам, братам. Паэтам, роўным Максіму Багдановічу.  Цяпер ён на нябёсах, ты ў турме... Але я жывы і пакуль на волі. І я прыдумаў, як нам зноў сабрацца ўтрох, як трыццаць гадоў таму, калі мы адзін аднаго радавалі. Калі Сыс абдымаў нас і не плакаў, як яно здаралася ў ягоным адзінотным жыцці пазней, а смяяўся: “Які я шчаслівы!..” – і чытаў вершы...  Уяві, што верш, прысвечаны табе, чытае ён. Як я ўявіў, што верш, прысвечаны яму, чытаеш ты... А я вам, родныя мае, нешта прачытаю, калі мы наступным разам сутрэнемся.  З юбілеем, Алесь!  РЫМЦЕЛІ  Алесю Бяляцкаму   Калі слухаць і слухаць,  Як выюць за кратамі вецер са снегам,  Як у фортцы звініць і звініць зледзянелае шкло,  Можна ўспомніць варагаў з хазарамі і печанегаў -  Шмат чаго, што мінула, нібы не было.  Можна ўспомніць Афіны і Рым,  і падумаць пра рымлянак,  Пра гетэр - не хапае за кратамі рымскіх гетэр…  Але ўспомніўся мне  воўк у лесе зімовым пад Рымцелямі:  Як, унюхаўшы пах чалавечы, ашчэрыўся звер!  Не таму, што галодны. Я бачыў па бруху: наеты.  Ён да логвішча йшоў  - і не быў я ў патрэбу яму.  Але пах, які вычуў ён,  быў не з ваўчынага свету:  Звер учуяў турму.  Можна ўспомніць, калі  зазвініць капяжамі адліга,  І за кратамі  ценькне вяснова нараніцы птах,  Як ашчэрваўся свет на Хрыста  і на Марціна Лютэра Кінга,  На любога і кожнага, хто чалавечынай пах.  Можна ўспомніць… Але  у ваўчыных вачах [FONT=Symbol]-[/FONT] не пра тое…  Скрозь прапахла зямля  потам,  спермай,  мачою,  крывёю  Ад Афінаў і Рыма - і да Калымы,  Ды нішто і ніхто ў гэтым свеце не пахне турмою -  Толькі мы.  ЛЁН             Анатолю Сысу  Дом мой дом на чатыры вакны  Лён мой лён на чатыры вятры  Рваў я рваў лён з чатырох старон  Выбiраў лёс з чатырох вакон  Лён мой лён вырваны вырваны  Лёс мой лёс выбраны выбраны  Праў я лён з нiтамi зрэбнымi  Браў я лёс бiты цярэблены  Я аддам лён мой вятрам вятрам  А сябрам лёс мой аддам аддам  Нешта ў iм я не дарабiў  Калi рваў бiў ды церабiў  На сяброў я не пажалюся
  У вятроў толькi спытаюся
  Што ж я што ж не дарабiў забыў  Ды каго ж не далюбiў згубiў.
25.09.12 11:06
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў