Памяцi прафесара Генадзя Мураўева

Генадзь Мураўёў памёр. Прафесар медыцыны, адзін з вядучых айчынных анколагаў. Чалавек, з якім я сябраваў яшчэ з мінулага стагоддзя. “Што я сказаць вам хачу, шаноўныя...” - пачынаў ён звычайна і на медычных кансіліумах, і ў сяброўскіх застоллях. Дык вось што я хачу Вам, шаноўны Генадзь Мікалаевіч, сказаць. Вы годны чалавек. Сапраўдны беларус. Свядомы, - як грэбліва кажа той, каго не ў гэтым слове згадваць. Вы былі ці не адзіны не толькі ў Інстытуце анкалогіі, а ва ўсіх сённяшніх шпіталях і клініках, хто вёў справаводства, выпісваў рэцэпты і пісаў дыягназы па-беларуску. Ведаючы замежныя мовы, Вы прынцыпова (калі гэта было не за мяжой) па-беларуску выступалі на навуковых сімпозіумах, канферэнцыях. А галоўнае: Вы не толькі пісалі і прамаўлялі па-беларуску - Вы па-беларуску жылі. Праз што і мелі праблемы. На Вас крывіліся, але трывалі. З пасады знялі, але на працы пакінулі. Бо адмысловец, якіх мала. Вы разумелі, хто ёсць хто ў сённяшнім скаламучаным беларускім свеце. Апекаваліся Васілём Быкавым у ягоныя апошнія дні. Калі ўзнікла праблема ў бацькі аднаго з палітвязняў, дастаткова было набраць нумар Вашага тэлефона... Я пазнаёміўся з Вамі не ў шпіталі - у лазні. У КАП - клубе аматараў пары. У асяродку людзей, якія (у пераважнай большасці) не адскочылі ад мяне праз палітыку, засталіся сябрамі. Калі пасля хатняга арышту з маёй хаты сышла варта і можна было мне патэлефанаваць, Вы патэлефанавалі ў першы ж дзень. “Мяркую, здароўя табе турэмныя “дактары” не дадалі, так што давай паглядзім, што там аднялося”. Калі галоўны ўрач шпіталя хуткай дапамогі дазволіў забраць мяне з палаты рэанімацыі ў турэмную камеру, Вы даcлалі яму тэлеграму, у якой было ўсяго адно слова. «Нягоднік». Адно слова з клічнікам. Пазней на маю заўвагу, што, бадай, не варта было так, Вы сказалі, што, калі б былі паэтам, дык, можа, знайшлі б гэтаму слову сінонім, але, паколькі доктар, дык і не шукалі. Тут Вы хітравалі. У беларускай мове Вы пачувалі сябе гэтак вольна і натуральна, як не кожны паэт. Памятаю, як Вы даводзілі, што Клуб Аматараў Пары названы не зусім па-беларуску. І слушна даводзілі. Бо ў лазні не пара, як у паравозе, а дух. Тут справа не ў мове, а ў Вашых перакананнях. Адно з іх: галоўнае ў чалавечых адносінах - яснасць. І чысціня, як у лазні. Вы жылі духам. Таму бездакорна выглядалі фізічна. У 74, як у 47. Смерць падкасіла Вас, як маланка дуб. Любячы музыку, паэзію, Вы напамяць ведалі процьму вершаў. Найчасцей чыталі Купалу, словамі якога з верша “Ворагам беларушчыны” пыталіся ў тых, каго лічылі вартым тэлеграмы ў адно слова з клічнікам: “А што ж вам беларус такога Пасьмеў зрабіць, пасьмеў сказаць?..” - і самі сабе адказвалі нібы ў разгубленасці: “Дык нічога ж такога... Тады за што?..” Вы паспелі шмат сказаць. Яшчэ болей зрабіць. І калі на 70-годдзі, пачаўшы: “Што я сказаць вам хачу, шаноўныя...” -  далей казалі, што, можа быць, нешта ў жыцці й заслужылі, але наўрад ці права прысесці хоць на хвілінку ў застоллі з Купалам, дык няпраўда Ваша. З кім жа тады, калі не з такімі беларусамі, як Вы, сядзець Купалу ў нябесным застоллі?...
30.09.12 16:41
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў