Пясок на Плошчы

 Да палемікі Максімюка, Дубаўца і Сідарэвіча. Даўно заўважана: чым больш абмежаваны чалавек (грамадства) у дзеяннях, тым больш катэгарычны ён (яно) у выказваннях. Пачну з мовы, на якой напісана (ці не напісана, бо адзін з апанентаў сцвярджае, што яе як бы й няма) тая літаратура, пра якую палеміка. У прамежку паміж публікацыяй артыкула Я. Максімюка і «адлупам» (так пішуць у каментарах) А.Сідарэвіча «НН» публікуе гэткі ж палемічны тэкст Сяргея Дубаўца пад назвай: «Усе нашы цывілізацыйныя праблемы мы церпім дзеля ўтульнасці рускамоўных». Там аўтар сцвярджае: «У беларускай дэмакратыі больш няма нічога святога. Апроч мовы. Гэтую каштоўнасць згубіць проста немагчыма. Яна застаецца галоўным крытэрам адрознення апазіцыі і ўлады, дэмакратыі і сатрапства, незалежнасці і правінцыйнасці, культуры і сэрвіроўкі царскага стала». Словы звязаныя, як у пераважнай большасці тэкстаў С. Дубаўца (публіцыстычны талент якога гэткі ж бясспрэчны, як і каштоўнасць той, у якой ён выяўляецца, мовы), амаль бікфордавым шнуром. Але пра якую Вы беларускую дэмакратыю, Сяргей? Дзе і калі Вы яе бачылі? І каму Вы даводзіце бясспрэчнае, што мова — каштоўнасць, якую немагчыма згубіць? Чытачам «Нашай Нівы»? І чаму менавіта мова — галоўны крытэр адрознення апазіцыі і ўлады, калі і тут, і там ёсць і рускамоўныя, і беларускамоўныя як крэўныя дзеці Беларусі, гэтак і падкінутыя ёй сучыя сыны? Далей. «Мова — наш галоўны ўнутраны дыскамфорт. І гэта праўда, якую вам пацьвердзіць кожны беларускамоўны…» Я не пацверджу. Так, мяне раздражняе, калі я прашу ў кавярні гарбаты, а ў адказ чую: «Хто тут гарбаты?.." Але куды больш я напружваюся, калі нехта тупа маўчыць і глядзіць убок, чуючы пра забітых Ганчара і Захаранку, Завадскага і Красоўскага. Пра палітвязняў. І аніякага ўва мне дыскамфорту, калі размаўляю з рускамоўным прафесарам Георгіем Лепіным, які даводзіць, што Беларусь павінна будаваць не атамную электрастанцыю, якая можа яе знішчыць, а развіваць альтэрнатыўную энергетыку, якая яе ўратуе, скіруе да новых тэхналогій, насамрэч дасць штуршок для развіцця. Не «адчуваю я гіпофізам (цытую С.Дубаўца), што мы па розныя бакі лініі фронту», хоць «гаворым на розных мовах: я на прыніжанай у Беларусі, але роднай мне мове дэмакратыі, ён — на навязанай яму сіламоц мове каляніяльнае дыктатуры». Дарэчы, гіпофіз — гэта не зусім мазгі. Дакладней, зусім не мазгі. Ён хоць і знаходзіцца ў чэрапе, але не мае адносінаў ні да нашай здольнасці па-рознаму думаць, ні да ўмення на розных мовах размаўляць. Дык вось на якой мове паразмаўлялі Я.Максімюк і А.Сідарэвіч? Максімюк — на роднай яму мове дэмакратыі? Сідарэвіч — на навязанай яму сіламоц мове каляніяльнае дыктатуры? Не. На мове гіпофізу, які (што магчыма, бо гэта залоза, якая адказвае за рэпрадуктыўную функцыю) нешта адчувае. Максімюк, адчуўшы гіпофізам Сідарэвіча, параіў яму змагацца за беларускую літаратуру перш за ўсё мазгамі. «Але мазгамі мы, — піша ён далей, — не змагаемся… Ну і ў выніку маем тое, што маем. „Вялікую малую літаратуру“, якой ніхто не ведае, ні малы, ні вялікі». Што азначае: не маем нічога. У тым ліку — і найперш — мазгоў. «Сам дурань! — адказаў Сідарэвіч, гіпофізам адчуўшы Максімюка. — Во табе ад мяне!» І ўзяў вілы, і накідаў таго, што віламі кідаюць. «Чалавек працуе на амерыканскай радыёстанцыі „Свабода“… Зарабляе за службу ў беларускай секцыі РС… А наагул цікава (і гэта цікавасць натураліста) сачыць, як людзі робяцца інтэлектуальнымі гультаямі, як упала іх творчая актыўнасць. Як яны адарваліся ад глебы, Бацькаўшчыны і народа!» Чым не допіс Лукаша Бэндэ?.. Чым не 30-я гады?.. Засталося толькі ліквідатараў з НКВД у Прагу падаслаць. Вось да чаго прыводзіць узаеманецярпімасць. Дарэчы, пра даносы, ліквідатараў і з гэтым звязанае. У адной са сваіх публікацый Ян Максімюк (якога я, у адрозненне ад Сідарэвіча, не маю намеру закалоць віламі, бо ён аўтар мноства беларускіх тэкстаў, якія з цікавасцю чытаю), пішучы пра прадвызначэнне нацыянальнага творцы, апраўдвае польскага літаратара, які пісаў даносы, праз што выжыў і, напісаўшы, апроч даносаў, някепскія тэксты, спраўдзіў тым самым сваё прадвызначэнне. Гэта, маўляў, вышэй за ўсё. А што ж тады ёсць, спадар Ян, гісторыя (калі яна Вам вядомая) з някепскім беларускім празаікам Эдуардам С., за якім, як і за Алесем К., і за Эдзі А., шлейф даносаў — і якога па смерці, нягледзячы на ягоныя някепскія тэксты, двойчы выкопвалі з магілы і вешалі? Гэта «вілы Сідарэвіча» ці ўсё ж нешта іншае? Для мяне — іншае, бо за гэтым — нацыянальная трагедыя, якая не абмінула і Падляшша. У нацыянальнай трагедыі імя Купала не можа быць падмененае мянушкай Лупака. Гэта ўжо я пра тое, у чым Вы, спадар Ян, падтрымалі Альгерда Бахарэвіча. Таленавітага літаратара (якому дай Бог стварыць яшчэ столькі ж своеасаблівых тэкстаў, колькі ён ужо стварыў), якога і я гатовы падтрымаць ва ўсім, толькі не ў гэтым. Не ў тым, што Купала, калі б зрабіў сабе як след харакіры, застаўся б Янкам, а так — стаў Каінам. Калі Рыгор Сітніца ды іншыя «тутэйшыя» гэтага катэгарычна не прынялі, з «еўрапейскага» боку запярэчылі: «Ды вы (тутэйшыя) не зразумелі! Тут не пра тое, тут глыбей!» Тым больш, калі глыбей. «Ян Максімюк, як мне помніцца, матэматык паводле адукацыі», — спрабуе Сідарэвіч яшчэ і гэтым уесці Максімюка. Дык вось пра матэматыку. У чым беларуская праблема? У тым, што беларускасць (Беларусь і беларусы) — не аксіёма (якая ёсць — і ні ў зуб нагой), а тэарэма, якая вымагае і вымагае доказаў. Гэта стамляе, знясільвае, раздражняе (дастаткова згадаць песімістычнае стаўленне да будучыні Беларусі Васіля Быкава напрыканцы ягонага жыцця). Адсюль (гэта ўжо Я.Максімюк): нічога ў нас няма, бо не думаем мазгамі — з той прычыны, што мазгоў няма таксама! Але складаныя тэарэмы хутка (і просценька) не даказваюцца. Колішні доказ тэарэмы Фермі — гэта том тэкстаў і формул, сённяшні — тры радкі. На доказ тэарэмы Пуанкарэ спатрэбілася амаль стагоддзе, але й цяпер яе працягваюць даказваць, шукаючы доказы больш простыя, бо знойдзены — складаны і для большасці гэткі ж незразумелы, як сама тэарэма. Беларусь — тэарэма няпростая. Час першай хвалі нацыянальнага Адраджэння прыпаў на час трансфармацыі (з манархічнай у савецкую) імперыі. Час другой хвалі — на час распаду імперыі і ўзнікнення (як вынік распаду) незалежных дзяржаваў. Гэтыя працэсы, адначасова і ўзаемазвязаныя, і антаганічныя, вельмі няпростыя — і займаюць, як сведчыць гісторыя, значна болей часу, чым доказ самай складанай тэарэмы ў матэматыцы. А мы хочам усё і ўсім давесці сёння! І нервуемся, бо стаміліся даводзіць! Лаемся, бо лічым, што астатнія даводзяць не так, як мы! Каб так, дык ужо давялі б!.. Каму? Не што, а менавіта: каму? Самім сабе? Лепшыя горшым? Тыя, якія «еўрапейскія», тым, «якія «тутэйшыя»? І наадварот?.. Увогуле: ці гэта мы даводзім адзін аднаму сваю лепшасць ці горшасць? Ці гэта не намі хочуць нам жа давесці, што ўсе мы — тое, што віламі кідаюць? Не падобна? Чаму? Калі тое, што адбываецца ў літаратуры, адбываецца і ў палітыцы, дзе таксама выразна пазначыўся падзел на «еўрапейцаў» і «тутэйшых». З тым жа наборам узаемных абвінавачванняў. Зняважлівасць да ўсяго, што робіцца сіламі (няхай кволымі, але яны тыя, якія маем; ці ёсць іншыя, а мы пра іх не ведаем?), якія хоць неяк спрабуюць супрацьстаяць рэжыму, стала супольным месцам не толькі ў каментарах гэбэшных троляў ды БТ. Вось і Сяргей Дубавец у згаданым тэксце як бы рэмаркай пракідвае: «Уявіце сабе рух „Европейская Вологодчина“ ці кампанію „Говори правду“ ў Таганрогу ці рух „За свободу“ ў Кацярынбургу… Там таксама ёсць праціўнікі дзейных губэрнатараў, але на агульную сытуацыю іх дзейнасць уплывае не больш, чым дзейнасць нашых кампаніяў і рухаў. Чаму? Таму што і не мусіць. Паводле прыроды сваёй». А што ўплывае, Сяргей, «паводле прыроды сваёй»? Якія іншыя сілы маглі б паўплываць? Якімі іншымі сродкамі? Па якіх тэхналогіях і з чаго іх можна стварыць?.. Што мы маем у выніку?.. Можна вынесці за дужкі некарэктнасць у адносінах да тых актывістаў апазіцыі, якіх толькі ў гэтым годзе па дзесяць разоў кідалі ў вязніцы. Можна не зважаць на пагарду ў адносінах да рупліўцаў беларушчыны, якія шчыруюць у «Дзеяслове» «Arche», «Нашай Ніве», у незалежных выдавецтвах, якія выдаюць і выдаюць (болей, чым выдавецтвы дзяржаўныя) беларускія (не горшыя за еўрапейскія) кнігі. Але нельга не заўважаць вось чаго: аказваецца, ні беларускай літаратуры, ні беларускага супраціву антыбеларускаму рэжыму ў Беларусі няма! А дзе яно ўсё? Ды недзе там… Калі, з якога часу гэта пачалося? У літаратуры — пасля таго, як раструшчаныя былі яе арганізацыйныя структуры. Не толькі Саюз беларускіх пісьменнікаў — рэдакцыі часопісаў, газет. У палітыцы — пасля таго, як апазіцыю (зразумела ж: псеўдаапазіцыю!) раструшчылі катком рэпрэсій. Тых, хто застаўся ў раскіданых гнёздах, і пачалі дзяўбсці пералётныя птушкі. Спачатку (калі працэс арганізоўваўся) птушкі з мянушкамі, а пасля, калі працэс пайшоў, падляцелі (можа, і не ўсведамляючы, што яны ў працэсе) птушкі з імёнамі. Гэтыя працэсы стыхійныя? Нікім не скіраваныя і ніяк не звязаныя? Дакладней, іх не скіроўвае, не звязвае нішто і ніхто?.. Ну, калі так лічыць, давайце скубсціся. Можа, пуху на падушку пад галаву Беларусі наскубаем. Я не заклікаю да абдымкаў з пацалункамі — скрозь птушыны грып. Дый даўно ўжо разумею, на што людзі здольныя, на што — не. Але ў любым выпадку мы здольныя на большае, чым птушкі. Хоць бы не каркаць. Я ў электрычцы нядаўна чуў, як беларус, якому каркнулі: «Дурань стары!.." —  спакойна спытаў: «А вы не параіце, як разумным стаць?.." Ужо згаданы прафесар Георгій Лепін, распавядаючы пра альтэрнатыўныя спосабы здабычы энергіі, тлумачыў мне, што энергія — скрозь. У паветры: адна малекула, цёплая, падымаецца, другая, халодная, апускаецца — і, калі ласка, энергія. Ва ўсім яе, раскіданай на зямлі і ў космасе, больш, чым можа быць у любой колькасці АЭС. Трэба толькі мець тэхналогіі, каб энергію сабраць, інакш яна — як бы і не яна. Гэтаксама як пясок, які прывезлі і рассыпалі, раскідалі па плошчы — нібы й не пясок. Пыл. А не раскіданы, замяшаны з цэментам, ён мог бы стаць не пылам, а бетонам. Гэта і ёсць адзіная тэхналогія стварэння беларускай сілы, альтэрнатыўнай сіле антыбеларускай..
18.10.12 11:25
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў