Мы i яны

Заўтра 2 гады Плошчы, на якой - насупраць адзін аднаго - былі і застаемся мы і яны. 

Мы і яны. І Беларусь. Яны, як і мы, кажуць: яна ў нас адна. І нібыта яно так. І не так. Бо надта ўжо розныя ў нас Беларусі. 

Яны тут не жывуць, яны тут палююць. Гэтаксама яны маглі б паляваць дзе заўгодна. Але там - свае паляўнічыя. Адстраляюць. 
Іх Беларусь - бязмоўная, бяздумная. Бяспамятная, бязмозглая, каб круціць ёй, як яны ўсхочуць. Для іх яна - тое, што ў рот, што ў жывот. Што чарка і скварка. А для нас - што ў душу, што ў сэрца. Што дух і кроў. 

Як спалучыць гэтая дзве Беларусі? З чаго пачаць? Мы меркавалі: з духа. З ідэі нацыянальнай. А яны вырашылі: з чаркі ды скваркі. З ідэі сацыяльнай. І павесілі білборды: «Мы любім Беларусь». Якую? Тую, дзе яны п’юць? Абжыраюцца? Дык паўсюль п’юць і жаруць. Але толькі тут раптам гукнецца глыбока ў памяці тупат Пагоні каля Крэўскага замка. Толькі тут захлынецца знячэўку душа, слухаючы Купалінку. Нечым такім, што не выказаць. Што гэта? Адкуль?.. Вось тое, што гукаецца ў памяці, чым захлынаецца душа - і ёсць Беларусь.

Для таго, каб яна гукнулася ў памяці - трэба мець памяць. Не чужую - сваю. Каб гукнулася ў душы - трэба мець душу. Сваю - не чужую. А тым больш, не здабытую на паляванні. 

.
18.12.12 20:14
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў