"Путем ходьбы на двух ногах"

10 студзеня суд Кастрычніцкага раёна г. Мінска прыгаварыў актывістаў кампаніі “Гавары праўду” Святлану Волкаву да 5 сутак, Юрыя Фабішэўскага і Аляксея Марозава да 10 сутак арышту па арт. 23. 4 (непадпарадкаванне міліцыянтам). Гледзячы на Святлану, зусім яшчэ дзяўчынку, дый на Юрыя з Аляксеем, немагчыма было зразумець, як і ў чым яны маглі не падпарадкавацца мардаваротам, якія іх затрымалі. А тыя сведчылі: не падпарадкоўваліся! І ўспомніўся ўжо даволі даўні суд над маладафронтаўцамі, якіх затрымалі на святкаванні Дня Волі. 
Сведчыў на судзе нейкі сержант Рыбакоў. Затрыманы ім маладафронтавец пытае: «А куды ж, у які бок мы ішлі? Вы павінны гэта ведаць, бо Вы кажаце, што мы з Вамі стаялі «твар у твар»? — і б е л а р у с к і міліцыянт крычыць у адказ: «Какой «твар»? «Какой твар»? У меня «лицо», а не «твар»! Не знаю я никакого «твара»!
Я тады раптам падумаў, што не заўважаў раней, як яно блізка: т в а р  і  т в о р. На паверхні ляжыць, а не заўважаў.
Гэты сержант Рыбакоў — твор без твару. Не даляпіў Гасподзь.
А далей дыялог на судзе над Кацярынай Красновай.
Адвакат: «За что вы задержали девушек?»
Скрыганоўскі (баец спецназу): «Они пытались прокрасться на каток».
Адвакат: «Что значить прокрасться?»
Скрыганоўскі: «Не понимаю вопроса».
Адвакат: «Каким образом они шли?»
Скрыганоўскі: «Каким-каким! Путем ходьбы на двух ногах!..» 
І Кацярына аказалася вінаватай.
Некалі ж усё гэта павінна скончыцца, сыйсці з нашага жыцця «путем ходьбы на двух ногах».
.
13.01.13 22:43
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў