КРЫЖ НАШ...

На гербе горада Маладзечна - выява Багародзіцы. На покрыве, якое трымае яна ў руках - тры крыжы. Паколькі крыж - сімвал хрысціянскай веры, дык можна зрабіць выснову, што ў Маладзечне жывуць хрысціяне. Прычым, хрысціяне - як простыя гараджане, гэтак і гарадскія кіраўнікі, бо герб зацверджаны іх рашэннем. Але выснове, што кіраўнікі горада таксама хрысціяне, супярэчыць тое, як яны абыходзяцца з сімвалам хрысціянскай веры. Я маю на ўвазе крыж-камень у памяць пра пакутнікаў за волю і незалежнасць Беларусі, які 27 сакавіка 1993 года быў усталяваны ў цэнтры горада і асвечаны трыма хрысціянскімі святарамі: праваслаўным, каталіцкім і ўніяцкім. Гэта значыць, што ён - святыня. Ён паўстаў на тым самым месцы, дзе ўжо стаяў некалі каменны крыж, зруйнаваны савецкімі ўладамі. І вось новыя ўлады горада, ужо нібы не савецкія, падарвалі падмурак пад новым крыжам-каменем і кінулі яго спачатку наўзбоч дарогі, а потым зацягнулі пад агарожу гарадскога парка.

Маладзечанцам свае дзеянні гарадскія кіраўнікі патлумачылі жаданнем дабраўпарадкаваць горад перад “Дажынкамі”. Дык калі яны вырашылі зрабіць добрую справу, чаму ж зрабілі яе патаемна? У цёмнай начы, калі робяцца справы злыя, чорныя? Таму што ведалі: робяць справу не боскую, а сатанінскую: апаганьваюць святыню. І не хацелі, каб людзі гэта бачылі.

Але тое, чаго не ўбачыць ноччу, добра відаць днём...

На плошчы ў цэнтры горада замест крыжа-каменя, хрысціянскай святыні, з’явіліся аголеныя юнак і дзяўчына. Скульптура, якая сімвалізуе Купалле. Свята яшчэ дахрысціянскае, паганскае. Маладзечанцы пачалі пратэставаць, збіраць подпісы. Не супраць скульптуры - супраць кашчунства. Патрабавалі: “Пастаўце скульптуру там, дзе ёй месца. Напрыклад, у парку. А на плошчу вярніце крыж”.

Людзей не пачулі, святыню не вярнулі...

Пакутны лёс помніка пакутнікам доўжыўся. Камусьці ён малозіў вочы нават пад агарожай парка, у які (зноў жа нібыта дзеля дабраўпарадкавання) “руплівыя” гарадскія ўлады раптам вырашылі зрабіць новы ўваход. Чамусьці менавіта там вырашылі ўваход зрабіць, дзе стаяў крыж-камень. Не справа і не злева ад яго, не ў любым іншым месцы доўгай агарожы... І калі ў трэці раз учынілі здзек над святыняй, над Крыжам Госпада - угневаўся Гасподзь і раскалоў камень!

Удоўж і ўпоперак.

Крыж-накрыж.

Гэта знак Божы - і ўсім, хто меў дачыненне да святатацтва, тройчы б пакаяцца і паставіць крыж-камень на месца, дзе ён быў асвечаны. Але маладзечанскія чыноўнікі наўрад ці гэта зробяць, бо больш, чым гневу Боскага, баяцца кары Лукашэнкі. Менавіта дзеля таго, каб выслужыцца перад ім, яны і цягалі камень па ўсім горадзе - усё далей ад людзей. У выніку раскалоўся не толькі камень - раскалоўся горад.

Чаму?

Помнік пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі з’явіўся тады, калі мэрам горада быў Генадзь Карпенка. Маладзечна ў той час называлі горадам Сонца - такі ў ім лунаў светлы, вольны дух. Лукашэнка ні пры жыцці Карпенкі, які быў ягоным непрымірымым праціўнікам, ні пасля ягонай смерці, абставіны якой дасюль не высветленыя, ніводнага разу ў “карпенкавым горадзе” не быў. А калі ў 2011 годзе ўсё ж сабраўся на маладзечанскія “Дажынкі”, тады з гарадской плошчы і знік сімвал, звязаны з іменем Генадзя Карпенкі.

Крыжа-каменя ў Маладзечне не стала па той жа прычыне, па якой няма ў Мінску вуліцы Васіля Быкава, помніка Кастусю Каліноўскаму - ды нават Пятру Машэраву. Ідзе вайна з гісторыяй, з народнай памяццю - і няхай бы ў сваім трызненні быць першым і нязменным прэзідэнтам, найпершым і адзіным героем на беларускай зямлі Лукашэнка расколваў камяні! Тады не было б праблем на камбінаце “Граніт” у Мікашэвічах. Дык не: ён расколвае грамадства. Таму праблемы ва ўсім і паўсюль. Як у адносінах з людзьмі, гэтак і ў адносінах з Богам.

Апошнім часам Лукашэнка павёў актыўную палітычную гульню на рэлігійным полі. Не аднойчы ён выказваў надзею на візіт Папы ў Беларусь. На нядаўняй сустрэчы з апостальскім нунцыем у Беларусі арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроці Лукашэнка дзякаваў за падтрымку, якую Ватыкан аказвае ў наладжванні стасункаў з Еўразвязам. 5–6 ліпеня папскі легат Кардынал Жан-Луі Таран мае намер удзельнічаць у святкаваннях 400-годздзя прыбыцця абраза Маці Божай Будслаўскай. Дык узнікае пытанне: каму і як бачацца далейшыя стасункі з Ватыканам, візіт намесніка Хрыста, якім з’яўляецца Папа, у краіну, дзе апаганьваецца сімвал хрысціянскай веры?..

Намер наведаць Мінск 29–30 ліпеня для ўдзелу ва ўрачыстасцях да 1025-годздзя хрышчэння Русі мае і патрыярх Кірыл. Якраз у гэтым годзе на Ражство Хрыстова ён заявіў, што за апаганьванне хрысціянскіх святыняў трэба караць - і караць жорстка. Дык пытанне тое самае: удзел патрыярха ва ўрачыстасцях з нагоды хрышчэння ў краіне, дзе апаганьваюцца сімвалы хрысціянскай веры, - гэта нармальна? Калі нармальна для свецкай улады, дык як яно для іерархаў царквы?.. Для святароў, якія асвячалі крыж-камень?.. Для вернікаў?.. Ці патрыярх не святкаваць едзе, а караць?.. 

У Маладзечне апаганьваецца Крыж Госпада, а ў Сочы Лукашэнка дорыць Троіца-Георгіеўскаму манастыру часцінку Святога Дрэва Гасподняга. У веры, як і ў палітыцы, у яго дзве мадэлі паводзінаў і дзеянняў: хатняя і выязная. Але вера - не палітыка. Бог адзін, Ён паўсюль - і Ён усё бачыць светлым днём і ў цёмнай начы.

Дый людзі не сляпыя.

 

.
02.07.13 17:16
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў