Іх справа — ламаць, а наша — стаяць!

22 лістапада а 12:00 у Мінскім гарадскім судзе адбудзецца чарговае паседжанне па «справе» Уладзіміра Някляева аб «закліку да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». Такім заклікам суд Ленінскага раёна Мінска палічыў словы, сказаныя Някляевым у інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат»: «Калі ў вас ёсць воля бараніць свае правы, трэба ісці і іх бараніць».

На пытанне Някляева: «Хіба грамадзяне Беларусі бараніць свае правы не павінны?» суд адказу не даў. Не ўзяў ён пад увагу і літаратурна-моўныя экспертызы «Саюза беларускіх пісьменнікаў», «Беларускай асацыяцыі журналістаў» і «Беларускага ПЭН-Цэнтра», якія далі заключэнне, што закліку да ўдзелу ў несанкцыяваным масавым мерапрыемстве ў выказванні Някляева не ўтрымліваецца — у ім толькі выяўленая ягоная грамадзянская пазіцыя. Cуддзя С. Метленок прысудзіла вядомаму паэту і палітыку 10 сутак арышту.

Уладзімір Някляеў з прысудам не згадзіўся і падаў скаргу на рашэнне суда Ленінскага раёна ў Мінскі гарадскі суд. Адначасова ён звярнуўся ў адкрытым лісце да галоўнага рэдактара газеты «Советская Белоруссия» Паўла Якубовіча і старшыні «Белдзяржтэлерадыё» Генадзя Давыдзькі з тым, каб яны як журналісты, кіраўнікі вядучых дзяржаўных СМІ, далі прафесійнае заключэнне: «Утрымліваецца ў тэксце інтэрв'ю заклік да ўдзелу ў акцыі 21 кастрычніка, ёсць падставы для турэмнага зняволення ці няма?»

Мы звязаліся з Някляевым  і запыталі, ці была нейкая рэакцыя на гэты ліст.

— Была. У эфіры першага канала Беларускага тэлебачання яны моцна здзівіліся, што я гэты ліст напісаў. Нібыта я пісаць не ўмею… І паабяцалі вярнуцца да майго ліста пазней. Але ўжо, бадай, зусім спазніліся — заўтра суд.

— Мо вы проста паставілі іх у нязручную сітуацыю? Сказаць, што ў вашых выказваннях закліку не было, яны не могуць, бо знайходзяцца на дзяржаўнай службе…

— Ну і што? Ёсць жа яшчэ асабістыя рашэнні. Мужчынскія. Я б на іх месцы такое рашэнне прыняў. І яны пра тое ведаюць.

Зрэшты, такой бяды.

А што да нязручнасці… Пры трох папярэдніх арыштах мяне даводзілі да стану, які небяспечны для жыцця. Таму я падумаў, што чацвёрты раз можа быць апошнім. І ў такім стане мне яшчэ думаць пра тое, што нехта праз мой зварот адчуе нейкую нязручнасць?..

Ведаеце, апошнім часам мне ўсё часцей задаюць адвечныя пытанні. І на волі, і ў турме. Ну, кшталту, што такое чалавечае жыццё, лёс? Нібыта я ведаю. Але ўзрост, досвед — і трэба адказваць… Дык вось, чалавечы лёс — гэта тыя магчымасці, якія ты скарыстаў для выяўлення чалавечага ў сабе, і тыя, якія — не.

Сваім адкрытым лістом я, апроч астатняга, даваў яшчэ і магчымасць. І магу прызнацца, што меў з гэтым праблему. Але цяпер яна не мая.

А якога рашэння вы чакаеце ад Мінскага гарадскога суда?

— Прадказаць рашэнні нашых судоў немагчыма, бо яны абумоўленыя рашэннямі выканаўчай улады. Але правільным рашэннем была б адмена прыгавора суда Ленінскага раёна Мінска.

Дарэчы, калі б раённы суд разглядаў маю «справу» не амаль месяц таму, а сёння, дык прысуд быў бы інакшым. Максімум — штраф. Сёння ўвогуле, калі вы заўважылі, суды сцішэлі. Нават за ўдзел (а не тое што за інтэрв'ю СМІ) у несанкцыянаваных мерапрыемствах апошнім часам толькі штрафуюць. Ніводнай пасадкі на суткі, ніводнага прысуду да зняволення. Звязана гэта выключна з палітычнай сітуцыяй, якая на сёння склалася, і сведчыць найперш пра тое, што ўсе так званыя адміністрацыйныя працэсы ў адносінах да актывістаў апазіцыі палітычна матываваныя.

— Раней вас часта судзілі без вас. Завочна. Вы не з'яўляліся ў суды і не падавалі скаргаў на іх рашэнні. Чаму ж падалі зараз? Ды яшчэ са зваротам да кіраўнікоў дзяржаўных СМІ?

— Гэта варта было зрабіць, каб звярнуць увагу грамадскасці на тое, што ў нас пачынаюць судзіць не толькі за дзеянні, але і за словы, якія не падабаюцца ўладзе. За палітычныя погляды, за публічна выказаную грамадзянскую пазіцыю. Гэта яшчэ адзін адкрыты наступ на канстутыцыйныя правы грамадзян Беларусі, што я не магу прыняць — і з чым буду змагацца, чаго б мне яно ні каштавала.

Іх справа — ламаць, а наша — стаяць.

http://naviny.by/article/20171121/1511265874-uladzimir-nyaklyaeu-ih-sprava-lamac-nasha-stayac;

21.11.17 20:02



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте
здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў