Гэй бэн-Іном

28 чэрвеня - дзень памяці Янкі Купалы.

Ягоная смерць у гатэлі “Масква”, дзе 76 гадоў таму ён зляцеў у лесвічны пралёт, дасюль загадка. Разгадаць яе ў рэальным свеце, колькі разоў ні спрабаваў я гэта зрабіць, мне не ўдалося. І мяркую, што наўрад ці ўдасца некаму іншаму. Цяпер я нават думаю, што яно і не трэба, бо сама па сабе таямніца заўсёды вышэй за яе разгадку. Але “таямнічых” матэрыялаў набралася багата, шкада было іх губляць, таямніца вярэдзіла, таму я вырашыў разгадаць яе ў тым свеце, у які перайшоў Купала са свету гэтага і дзе нічога іншага для нас, апроч таямніцы, няма.

Яшчэ адным штуршком для напісання рамана пра Купалу стала тое, што мне заўсёды не хапала чалавечага маштабу, у якім традыцыйна падаецца Купала. Скажам, калі прачытаць кнігу ўспамінаў пра яго “Такі ён быў”, дык адказу на тое, які ён быў, там ніякага. Там увогуле няма чалавека, паэта. І я вырашыў маштаб павялічыць, каб чалавека Івана Луцэвіча, паэта Янку Купалу ўбачыць насамрэч такім, якім ён быў.

Раман пачынаецца з дня гібелі Купалы, з ягонага пахавання, на якое ён сам прыходзіць з Крамля пасля сустрэчы са Сталіным, – і час ад часу сюжэт рамана вяртае Купалу з ягонай смерці ў ягонае жыццё…

НА КРЫЖЫ

Урывак з рамана “Гэй бэн-Іном”

НА КРЫЖЫ

Урывак з рамана

(Дзея адбываецца на Краснай плошчы ў Маскве, дзе на лобным месцы раскрыжаваныя на адным крыжы Купала і Сталін).

— Павярніце крыж, — прагучаў, калі Купала папіў, ужо знаёмы ціхі голас з даху маўзалея. — Цяпер яму казаць.

Віленскія пакутнікі павярнулі крыж — і Купала прадстаў перад Страшным судом. Вочы ў вочы з Хрыстом.

“Што прад Ім мовіць?.. Верш прачытаць?.. Але які верш прачытаць Богу? Ці напісаны такі?..”

— А можна мне пачытаць вершыкі? — падняў галаву ўгору, нібы пытаючы дазволу ў Хрыста, Лётчык. — А то ўсе чытаюць, чытаюць… — І не чакаючы, што скажа Сын Божы, пачаў: “Мой мілы таварыш, мой лётчык, вазьмі ты з сабою мяне!..”

Ён чытаў вочы ў вочы — і з задавальненнем убачыў, як скаланулі Купалу першыя, з нечаканым сэнсам радкі некалі напісанага ім дзіцячага верша. Паківаўшыся ўзад-уперад, Лётчык зняў шлем і, паціраючы лоб, нібы з цяжкасцю ўспамінаючы, што ў тым вершы далей, раптам прачытаў:

Юду не страшыў суд.

Крочыў з кута ў кут,

Крочыў з кута ў кут,

Круціў запацелы вус!..

А думка біла па нервах:

Паспець бы прадаць першым!

Паспець бы прадаць першым!

Пакуль не прадаў Ісус…»

Зноў нацягнуўшы шлем, Лётчык змоўк і разам з усімі глядзеў на Хрыста і Юду, чакаючы, што скажа, што зробіць кожны з іх, але ні Хрыстос, ні Юда не сказалі, не зрабілі нічога. І ніхто нічога не сказаў, нічога не зрабіў, і тады святы Пётр крыкнуў так, нібы не мог болей галавою ўніз вісець на сваім крыжы, трываць не мог: “Гэта ты, Юда?!.” — а безгаловы Павел, укленчыўшы, спытаў немаведама як і чым, можа быць, німбам над ім: “Гэта ты, Госпадзі?..”

Лётчык, здзіўлены тым, што Сын Божы прамаўчаў, не адказаў на ягоны выпад, нервова паторгваў шчакой і, чакаючы, пазіраў на Купалу…

Мусібыць, усё ж трэба было нешта сказаць. Толькі што? І што з таго толку? Вунь Сталін як на крыжы выгінаўся! А што пачуў? “Ты сказаў…”

Але і прамаўчаць не выпадала.

— Усе мае вершы я прамаўляў да Бога і прамовіў іх, дзякуючы Яму, — павольна, ледзь размыкаючы сасмяглыя вусны, пачаў Купала, і тут жа “лётчык”, які гатовы быў “узяць яго з сабой”, спытаў хуценька: “Пра лётчыка з хлопчыкам таксама прамаўляў да Бога?” — і Купалу нібы ўдарылі пад дых — ён захлынуўся адчаем. Не праз боль, не. Праз непапраўнасць усяго, што было ягоным жыццём, якое гэтак з’іначылі, перакруцілі, што яно стала зусім не ягоным, праз безвыходнае разуменне таго, што ў чым бы ён ні паспавядаўся і ні пакаяўся, усе будуць пытацца, казаць толькі пра хлопчыка з лётчыкам, а ягоная споведзь, пакаянне ягонае будуць выглядаць толькі як апраўданні. Дык перад кім апраўдвацца?.. Хіба толькі прад Богам. А калі толькі прад Ім, то як? Сказаць: “Не я забіў, а мяне забілі!” Дык Ён гэта ведае. І Купала з цяжкасцю, бо вусны проста запякліся, прагаварыў: “Таму й цяпер прамаўляю да Цябе аднаго: Госпадзі! Даруй мне, што маці ў вайне, у агні пакінуў! І хоць яна сваёй смерцю памерла, але…”

— Божа, не слухай яго! — гэтак хутка, што вецер у вянку прасвістаў, кіданулася ад лобнага месца да маўзалея, узляцела да даху Спагада. — Маці сама засталася! Падумала, што ў машыне ёй месца не хапае. Месца можна было знайсці, нейкія клункі выкінуць, але яна сказала, што не… “Яшчэ вы, — сказала — будзеце праз мяне дабро выкідваць!” І не паехала. А ён…

— Добра, добра, — злавіў вянок Лётчык і гэтак адштурхнуў яго ад маўзалея, што Спагада ветрам адляцела зноў да лобнага месца. З разгону ўдарылася ў крыж, у грудзі Купалы, ухапілася за ягоную руку: “Не нагаворвай на сябе! Скажы ім, што ты ні ў чым не вінаваты! Што цябе няма за што судзіць”.

І яна заплакала…

Сталін, пачуўшы плач, хмыкнуў: “Калі б слёзы нашых жанчын выкуплялі нашу віну… Я вунь жонку майго сакратара расстраляў. Дык яна плакала перад расстрэлам і казала, што муж яе ні ў чым не вінаваты. А ён, што яна не вінаватая, не сказаў мне. Казаў толькі, што ягонай віны няма… Дык і вы, Іван Дамінікавіч, такое ўжо казалі. Памятаеце?.. Не забыліся на адказ?..”

Так, ён сапраўды ўжо казаў такое. На сваім першым допыце ў ДПУ. “Я не ў чым не вінаваты, мяне няма за што судзіць”. А яму адказалі: “У нас не бывае не вінаватых. — Потым дадалі. — У нас і яшчэ ў адным месцы”.

Ён спытаў: “Дзе?..” І пачуў: “На Страшным судзе”.

Дык вось ён тут. І тут не страшней, чым там. Бо там ты вінаваты без суда. А тут усё ж суд. Хоць і Страшны. Няхай судзяць.

— Там, калі нават ты не вінаваты, страшней, чым тут, — прамовіў ён, і Сталін зрабіў выгляд, нібы здзівіўся.

— Ды ну?.. Зрэшты, я там не быў. Але ведаю, што там няма вінаватых без суда. Кожнаму суд называе ягоную віну. Здраду радзіме, нешта яшчэ… І за гэта судзяць. А тут за што?.. Вось патрыярх, калі нас раскрыжоўвалі, звінаваціў мяне… — пакруціў Сталін галавой, шукаючы позіркам галаву патрыяха Ціхана, якую падняў з брукаванкі і трымаў у руках архімандрыт Данскога манастыра Ісідар… — чуеце вы, святы Ціхан Бесцялесны?.. Вы звінавацілі мяне ў тым, што я паставіў ідэю вышэй за чалавека. І не шкадаваў людзей дзеля ідэі. Так. Паставіў. І не шкадаваў. Але скажыце: Бог ¾ ён хто? Не ідэя?.. Ці вы не памятаеце, як даводзілі мне пад крыжамі Данскога манастыра: “Мая ідэя ¾ Бог!” А калі так, дык чаму дзеля вашай ідэі можна людзей не шкадаваць, крыжаносцаў насылаць на іх, а дзеля маёй ¾ не?

Бог ён Бог! — падскочыла галава патрыярха, Ісідар ледзьве яе злавіў. — Ён — усёстваральнік!

Ён ідэя. Няхай сабе, як вы кажаце, ўсёстваральная. Але больш ён ніхто. І болей нікім ён, колькі вы ні падскоквайце, не будзе, — голасам, у якім адчувалася шкадаванне, што архімандрыт не ўпусціў на брукаванку галаву патрыярха, казаў далей Сталін. ¾ Ён нават не бацька таго, хто на гэты суд нас паклікаў. Бацька Хрыста Іосіф! Цясляр, які яго карміў! А сын бацьку, які карміў яго, чым аддзячыў?.. Нічым. Нідзе не ўспомніў нават. Толькі пра свайго ўсявышняга бацьку казаў, які воляй нябеснай… А пра бацьку зямнога, які потам і крывёй, ні слова. Дый пра маці… А яна ж родная. Крэўная, тут ужо не адпрэчыць. Людзі казалі яму, сыну Марыі: “Дабрашчаснае ўлонне, якое насіла Цябе, і грудзі, якія Цябе ўскармілі!” А ён што ў адказ? “Дабрашчасныя тыя, хто чуе слова Божае і трымаецца яго”. Яму кажуць пра тую, якая нарадзіла яго, а ён ¾ пра Божае слова! Пра ідэю, дзеля якой сышоў з дому, выракся радні, братоў і сёстраў… Дык ці варта нам, Іван Дамінікавіч, — стукнуў патыліцай у крыж Сталін, які рабіў гэта так, нібы ў госці завітваў, — праз нашых матак вінаваціцца, калі нават Божы Сын маці сваю пакінуў? І ўвогуле спытайцеся ў Яго: чаго Ён пайшоў да Яна Хрысціцеля, да якога ўсе хадзілі ачышчацца ад грахоў?

Калі б у патрыярха не была адсечаная галава, яна б у яго адарвалася — гэтак ён, абураны, ёй матлянуў. Так матлянуў, што, мусіць, горла яму сутаргай перакрыла, і ён сказаць нічога не здолеў.

Купала на гэта таксама не сказаў нічога. Падумаў: “Я не Божы Сын… І не мне Яго судзіць, а Яму мяне”, — але прамаўчаў, бо не мог вырашыць: калі ты выракаешся бацькі і пакідаеш маці, каб стаць сынам Бога, наперад ведаючы, што цябе праз гэта чакае, ты ўпадаеш у спакусу, ці прыносіш ахвяру?..”

Зрэшты, Сталін і не чакаў ягонага адказу, бо прамаўляў не да Купалы і не да патрыярха, а да Хрыста, які чамусьці выбраў у суразмоўцы не цара, а паэта. “Чаму?..” Гэта прыніжала Сталіна, ён нерваваўся і спрабаваў як наймацней зачапіць Сына Божага, каб той адказаў яму, як роўнаму. Дзеля гэтага шукаў і нарэшце знайшоў найбалючае месца, націснуў там, дзе гняздзечка на сэрцы…

Падобна было, што Хрысту забалела.

— Бог не мусіць адказваць перад царом, — прамовіў Ён, выслухаўшы Сталіна, які адразу ж выгукнуў: “А чаму цар мусіць адказваць перад Богам, калі Бог робіць тое самае, што цар?” — ды Хрыстос зноў нібы не пачуў яго. — Але паэту Бог можа гукнуцца, калі адчуе, што паэт здольны Бога пачуць. Калі спакусамі слых яму не заклала.

Ён нібыта не заўважаў, што на крыжы двое… Сталін спытаў з’едліва: “І што скажа паэт Богу?” — а Купалу працяла: “Як даўно Ён не гукаўся! Бо не адчуваў, што пачую… Бо слых спакусамі заклала… — І раптам закарцела спытаць. — А сам Ты ці зведаў спакусы, Госпадзі? І ці толькі ўздымаўся ад імі, ці бывала, што ўпадаў?”

Ён не спытаў пра гэта, занадта дзёрзкім здалося пытанне, але Сын Божы пачуў не прамоўленае. Павярнуўся да апосталаў: “Чулі?..” — і стаў казаць ці то Купалу, ці то Сталіну, ці то вучням сваім.

— Сатана, — кіўнуў Ён у бок “лётчыка”, — спакушае мяне вяршыць суд, які можа вяршыць толькі Бацька мой. Ён і раней спрабаваў увесці мяне ў спакусу. Але наўрад ці адзін з вас пытаецца пра тое, як д’ябал, калі быў я галодны, спакушаў мяне ператварыць у хлеб камяні. І наўрад ці цікавіць другога з вас, як ён спакушаў мяне валадарствам над светам. А ўсіх вас цікавіць прасцейшае: хто мой зямны бацька? Як быццам гэта вызначае ў кімсьці, хто ён сам…

Купала адчуў, як напружыўся Сталін, чакаючы, ці адкажа яму Хрыстос?

— Мяне называлі і сынам цесляра Іосіфа, і сынам цара Давіда, — доўжыў Сын Божы. — Першае я не прымаў. А другое прыняў. Той, хто не верыць, што я зрабіў гэта па волі нябеснага бацькі майго, можа лічыць, што я спакусіўся. — І дадаў, памаўчаўшы. — Ці што дзеля нябеснага забыўся на зямнога бацьку і пакінуў маці.

Апосталы глядзелі на Хрыста так, нібы ўпершыню яго ўбачылі: гэтакіх размоў з імі раней Ён не вёў. Дый Купала не чакаў, што Хрыстос на непрамоўленае пытанне адкажа, таму спытаў, разгубіўшыся, Сталіна: “Ён назваўся сынам цара, каб стаць царом?..” — а Сталін, задаволены тым, што ўсё ж зачапіў Хрыста, выгнуўся на крыжы: “Каб стаць Богам! Бо хто б сына цесляра Сынам Бога прызнаў? Ніхто! Сын цесляра — гэта сын цесляра. А ў сыне цара Бога прызналі! Яшчэ б ім не прызнаць, калі цар для іх і ёсць Бог!”

Апошнія словы Сталін амаль пракрычаў, і хоць Хрыстос на гэта нават брывом не павёў, Купалу ўсё ж здалося, што Ён пашкадаваў пра сказанае.

Але так толькі здалося.

“Вы чулі?.. — сеў Хрыстос за стол да вучняў сваіх. — Дзе тыя, якія гэтаксама казалі?.. Дзе той, хто казаў, што адзін не можа зратаваць усіх?..” — пытаў Ён апосталаў, і нешта ў галосе ягоным было… не, не гнеўнае, не пагрозлівае, чаго можна было чакаць пасля слоў, сказаных Сталіным, а такое, што чуецца ў галасах тых, хто пасля доўгіх сумневаў штосьці канчаткова вырашыў, і тут ужо Сталін, пэўна, пашкадаваў пра сказанае — па крыжы знізу ўверх і зверху ўніз пракацілася хваля страху. Уверх — сухая, уніз — волглая.

Купала кожны раз адчуваў спінай, калі на Сталіна хваля за хваляй то мацней, то слабей накочваўся страх, які ён спрабаваў адолець, напускаючыся то на патрыярха, то на Хрыста, але гэтым разам хваля была асабліва моцнай, па крыжы ажно дрыжыкі пайшлі, і Сталін раптам зашаптаў горача да Купалы: “Вы чулі?.. Ён сказаў, што адзін можа зратаваць усіх… Гэта пра вас… Я не ведаю, чаму, але пра вас, чуеце?.. Нечага ён ад вас чакае — і трэба адказаць яму нешта… Не маўчыце… Скажыце тое, што мне казалі… Пра гняздзечка на сэрцы…”

Гэткага моцнага, раптам як бы ўспацелага сталінскага страху Купала не чакаў. Ён адчуў гэты мёртвы, едкі, з чужым пахам страх, які выцякаў, здавалася, з патыліцы правадыра, і страх гэты, страх чалавека, якога баяліся ўсе, мог быць Купалу ў слодыч, але ў слодыч ён не быў. Ён быў гарчэйшы за пераспелы палын, гэты страх, бо ў ім, у гэтым чужым страху, была пражытая траціна купалавага жыцця.

“Ён усіх змушаў баяцца, бо баяўся сам. І ён, і Ленін, і Гітлер, і ўсе, колькі іх было. Усе яны — страх. Толькі страх і больш нічога. І за гэта, за тое, за што ненавідзяць, іх любілі?..

Тады любоў — што такое?..

І што такое Бог, які любоў?

Той самы страх?.. Праз страх любяць Бога? А калі Бог, як кажа Сталін, ідэя, дык Ён — ідэя страху?..”

“Ды не трэба пра гэта! — зноў горача зашаптаў Сталін. — Пра боль кажыце, які пасяліўся там, дзе была душа… І што боль стаў душой… Не мне ж пра гэта казаць…” — выцякала з патыліцы Сталіна, які ў страху чапляўся за Купалу, бо той быў найбліжэй, дый болей учапіцца не было за каго, і Купала так, нібы згадваў, што азначае кожнае слова, пачаў казаць пра страх, які пасяліўся там, дзе была душа, выцясніў душу з яе жытла, з маленькага гняздзечка на сэрцы, у якім яна спявала, і страх гэты, заняўшы месца душы, як бы стаў ёю, душою, якая развучылася спяваць, а толькі крыкам крычала, гэтак драпаючы сэрца, што кроў, здавалася, пырскала з вачэй, якімі ўжо глядзець на свет не хацелася, бо ўдзень і ўночы праз гэты страх у іх было цёмна, чорна, - зазірнуў Купала ў агатава-чорныя, якія былі як бы й далёка ад яго, цераз плошчу, і ў той жа час зусім блізка, вочы Хрыста, напоўненыя, як азёры вадою, любоўю, у якой патанаў, здавалася, створаны Ягоным Бацькам свет, дзе Купала жыў і памёр, а Сын Божы сказаў, калі Купала змоўк: “Майго настаўніка звалі Купалам.*** Таму я тут. А не дзеля таго, каб вяршыць суд, які Бацька мой нябесны вяршыць будзе”.

Крыж перастала біць дрыжыкамі.

- Я пасланы любіць, а не судзіць, - доўжыў Хрыстос. - Але ўсе тут чакаюць суда, а не любові. Бо ведаюць, што любіць няма за што. Бо грашаць. Бо прадаюць, забіваюць… І я падумаў: калі чакаюць, дык няхай дачакаюцца. Няхай ён будзе. Няхай яшчэ не страшны, але суд. І адразу ўбачыў, што кожны чакае суда над кім заўгодна, але не над сабой, - казаў Сын Божы, і відаць было, як пакутуе Ён праз тое, што кажа, а Ганна, мусібыць, падумала, што суд пачынаецца, зашаптала пад крыжам: “Скажы, што цябе забілі… Што Сталін забіў,” - але Купала не захацеў яе пачуць.

Затое захацеў пачуць Сталін.

— І што? — спытаў ён ужо без той гарачай, бо хваля страху сыйшла па крыжы ў зямлю, дрыготкі, якая была нядаўна ў голасе. — Калі нават забіў, дык гэта мая віна. Але не ягонае апраўданне. Так і патрыярх Ціхан, і бязбожнік Кашкадамаў апраўдацца могуць: “Сталін забіў нас!” Хай сабе так. Але ж не дзяцей нявінных. Гэта хіба грахі з іх здымае?.. Калі здымае, дык чаму зараз мы з настаўнікам Хрыстовым на адным крыжы?..

Хрыстос усміхнуўся. Купала ніколі не бачыў Яго такім на абразах, паспрабаваў уявіць усмешлівага Хрыста на крыжы - і не здолеў, падумаўшы: як яны далёка адно ад аднаго, усмешка і крыж.

- Я не сказаў, што настаўнік, я сказаў, што ў яго імя майго настаўніка, - удакладніў, ужо не ўсміхаючыся, Хрыстос. - Імя прарока. І яны так падобныя, што я падумаў… - глянуў Сын Божы ў напружаныя твары апосталаў… - я падумаў, што гэта не выпадкова… - паклаў Ён далонь на руку апостала Яна, які нервова прастукаў пальцамі па стале… - бо не спраўдзіліся іх прароцтвы, - перавёў Ён позірк на Купалу і дагаварыў ледзь чутна, так, што Купала падумаў, што толькі ён Яго і пачуў. - Як і мае.

*** Арамейскае Тавэла (як і грэцкае Баптыстэс) падаецца ў перакладах Евангелля як Хрысціцель. Але гэта, так скажам, ідэйнае, патрэбнае царкве талкаванне слова. Дакладнае ж ягонае значэнне: той, хто амывае. І калі дакладна перадаваць сэнс слова па-беларуску (дый па-руску), дык Тавэла гэта Купала.

28.06.18 22:11

Уладзiмiр Някляеў