ПАСЛАННЕ ПАЎЛА

Павел Вінаградаў, якому 24 красавіка 25 гадоў, сустракае свой першы юбілей у вязніцы.
Чаму?
Ён у чым-небудзь вінаваты?..
Ні ў чым. Гэта не ён пасадзіў у турму ні ў чым не вінаватага кандыдата ў прэзідэнты Міколу Статкевіча, у знак салідарнасці з якім Павел вывесіў над уваходам у метро на мінскай Нямізе плакат: «Свабоду Статкевічу!»
Атрымаў за гэта 12 сутак.
У мінулым годзе з гэтых сутак у яго склаліся больш за 60 турэмных дзён. Два месяцы з дванаццаці.
Суткі ў нас нібы ўжо і не лічацца пакараннем. Наадварот ¾ як бы нават актам гуманізму. Скажыце, маўляў, дзякуй, што дванаццаццю гадамі не пакаралі...
Але Паўла Вінаградава каралі не толькі суткамі. У маі 2008 года яму прысудзілі два гады, у маі 2011 - чатыры. Разам з усімі суткамі - гэта амаль сем гадоў турмы з дваццаці пяці гадоў жыцця... Дзякуй Богу, што не ўсе адсядзеў.
Калі ён выйшаў з турмы за Плошчу, яму прапанавалі паехаць за мяжу. Вучыцца. Гэтага дамагаюцца многія, а ён адмовіўся. Усміхнуўся: “Там, кажуць, добра. Баюся прывыкнуць”.







Ён і ў судах усміхаецца, гледзячы на міліцыянтаў, якія сведчаць, што ён лаяўся, біўся і ледзь іх не скалечыў, на пракурораў, якія з пальцаў высмоктваюць абвінавачванні, на суддзяў, якія, пацеючы, зачытваюць не імі напісаныя прыгаворы. Неяк я спытаў: “Ты ўсміхаешся, бо адчуваеш сябе вышэй за іх?” Ён адказаў: “Не. Я ўяўляю сябе на месцы кожнага з іх - і мне смешна”.
У яго абаяльная ўсмешка - у кампаніі “Гавары праўду!” ён самы ўсмешлівы. Ён добразычлівы. Ён гатовы ў любую хвіліну любому прыйсці на дапамогу, ён адкрыты для дабра, а над ім чыняць і чыняць суды.
За што?..
Ёсць такая рэч у чалавеку: адчуванне ўласнай годнасці. Рэдкае ў нашай краіне ў наш час адчуванне. І ўсё ж яно ёсць, і менавіта яно ¾ падмурак, на якім стаіць чалавек у змаганні за свае ідэалы, перакананні. На гэтым падмурку ён можа стаяць з некім, а можа і адзін. Як Сяргей Каваленка са сцягам за волю, як Генік Лойка з расцяжкай за родную мову, як Алесь Пушкін з асвечаным партрэтам змагара за Беларусь. І на сцягах, і на расцяжках, і на партрэтах, якія яны ўздымаюць, напісана: “За нашу і вашу годнасць!” Менавіта за гэта сённяшняя ўлада, якая падгрэбла да сябе ўсіх нягоднікаў, чыніць і чыніць над імі суды.
Павел Вінаградаў на гэтых судах усміхаецца... 
.
24.04.13 11:20
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў