Салавей і змей

На гадзінніку дванаццаць без пяці... Кіраўнік Беларусі салаўём заліваеццам пра райскае жыццё беларусаў.
 
У гэтай песні ні слова пра неверагодна “шчаслівых” палітвязняў Міколу Статкевіча, Алеся Бяляцкага, Павала Севярынца, Змітра Дашкевіча, Эдуарда Лобава, Міколу Аўтуховіча, Васіля Парфянкова, Аляксандра Малчанава, Мікалая Дзядка, Аляксандра Францкевіча, Ігара Аліневіча, Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенку, пра пакуты Сяргея Каваленкі, пра “шчаслівыя” слёзы Любові Кавалёвай, пра арышты “шпіёнаў” Антона Сурапіна і Андрэя Гайдукова, пра “шчаслівыя” спатканні ў турмах Марыны Адамовіч і Насты Палажанкі, якая два гады дамагалася дазволу на тое, на што нідзе ў людскім свеце дазвол не патрэбны: на шлюб з каханым. Ні слова ў салаўінай песні пра “шчаслівых” беларускіх гастэрбайтэраў, пра ўведзенае дэкрэтам №9, якім у чарговы раз папіраецца Канстытуцыя, крэпасное права, пра моладзь, што пакідае бацькоўскую зямлю, ва ўсе бакі свету ўцякаючы ад беларускага “шчасця”, пра палітэмігрантаў - і раптам я падумаў: а колькі жыве салавей?..
 
“Столькі, колькі пяе”, - адказала б мая маці, якая нікому не жадала зла.
 
Я таксама нікому зла не жадаю, тым больш перад Новым годам, але чамусьці ўспамінаюцца словы не толькі маёй маці, беларускі, але й прымаўка майго рускага бацькі: “Ёсць змяя на кожнага салаўя”.
 
Рэальных падстаў для таго, каб чакаць у наступаючым годзе радыкальных зменаў у краіне, нібыта няма (пра пастаўкі нафты, газу і нават пра двухмільярдны расійскі крэдыт дамоўлена, ці ва ўсякім разе, песня пра гэта саспяваная), але ёсць жа рэчы інфернальныя. Я не аматар усходніх астралагічных навук, але глядзіце, што адбывалася ў гады Змяі: 1905 - першая рэвалюцыя ў Расійскай імперыі, 1917 - другая рэвалюцыя, 1953 - канец эпохі сталінізму, 1989 - падзенне прарасійскіх, дакладней, прасавецкіх рэжымаў ва Ўсходняй Еўропе - беларускі рэжым застаўся апошнім...
 
Яшчэ ў школе, прачытаўшы “Прарока” Пушкіна, з якога зразумеў, што мудры Змей (“И жало мудрыя змеи...”) спакушаў першых людзей зусім не яблыкам, а магчымасцю выбару, я напісаў верш “Рай” з такімі апошнімі радкамі:
 
Пяскамі замяло
 
Краіны і народы -
 
І рай, дзе ўсё было,
 
Ды не было свабоды.
 
Каб нас саміх і нават памяць пра нас не замяло пяскамі, пылам гісторыі, мы мусім здабыць тое, чым спакушаў у раі людзей мудры Змей.
 
З Новым годам!
.
31.12.12 18:45
загружаются комментарии

Уладзiмiр Някляеў