Такія розныя прэс-канферэнцыі...

За многія гады працы ў журналістыцы давялося прысутнічаць на многіх прэс-канферэнцыях. Былі яны самыя розныя, аднак збольшага не давалі нейкай незвычайнай, не кажучы ўжо – сенсацыйнай інфармацыі. Прэс-канферэнцыі ў Беларусі наогул – справа руцінная, часцей за ўсё такая вось "галачка" для графы "выканана". Такімі яны звычайна бываюць у Віцебску ў дзень адкрыцця чарговага "Базару". Акрамя дзяжурных фраз там нічога не пачуеш. І ходзяць на іх журналісты дзеля таго, каб зрабіць такі ж няўцямны дзяжурны сюжэт ці проста засведчыць: я ўжо прыехаў. І толькі аднойчы на маёй памяці там адбылася надзвычай незвычайная прэсавая канферэнцыі, на якую журналістаў склікаў прадусар групы "На-На" Бары Алібасаў. Гэтую сустрэчу з Алібасавым і ўдзельнікамі ягонага калектыву прадстаўнікі прэсы гарантавана запомнілі на ўсё жыццё. Пачалося ўсё на баржы, якую папіхаў ззаду цеплаходзік уверх па Заходняй Дзвіне. Пытанні Алібасаву пачалі задаваць, як толькі баржа адсунулася ад берага. Прадусар, трэба прызнацца, за словам у кішэню не лез, адказваў рэзка, напорыста і нават агрэсіўна, асабліва ў адрас тых журналістаў, з якімі ўжо быў знаёмы. Можна нават казаць – хаміў. Мяне творчасць "На-На", зразумела, абсалютна не хвалявала, а таму я паехаў проста за кампанію з беларускімі калегамі. Пытанняў Алібасаву таксама не задаваў. Нават тады, калі той шырокім жэстам запрасіў журналістаў да фуршэтнага стала. І вось тут пачалося! Далёка не ўсе і зусім не адразу зразумелі, што здзек над журналістамі працягваецца. Нехта зламаў, здаецца, зуб аб манету, схаваную пад кавалкам бутэрброднай каўбасы. Нехта, выпіўшы бакал віна, раптам убачыў на дне нешта вельмі падобнае на вялізнага павука. Нехта, раструшчыўшы валоскі арэх, выцягнуў з яго... прэзерватыў. Што было ў салатах, пірожных – можна толькі здагадвацца. Вось такім чынам прадусар Алібасаў працягваў помсціць прадстаўнікам прэсы... Але і гэта было яшчэ не ўсе! Спектакль працягваўся. Прыстаўшы да берага, баржа "выпусціла" прэсу на бераг, дзе быў запланаваны пікнік. Чым там частавалі ці журналісты меліся харчавацца "зсабойкамі" – таксама не памятаю. Але дакладна памятаю, як раптам нешта пачало выбухаць, загучалі стрэлы, на паляну з крыкамі вылецелі ўзброеныя людзі ў масках і брутальна паклалі ўсіх прысутных на зямлю, дарэчы, працуючы пры гэтым зусім не напаўсілы, а як належыць. Пазней высветлілася, што гэты эпізод, задуманы Алібасавым, азначаў "вызваленне захопленых журналістамі ўдзельнікаў "На-На". Арыгінальна, ці не праўда? Толькі ў некаторых журналістак па першых выбухах здарылася непадробная гістэрыка... У 1989 годзе шляхам неверагоднага збегу абставінаў я патрапіў у Варшаве на прэс-канферэнцыю Стыві Ўандэра, дзе аказаўся адзіным журналістам з-за "жалезнага" Буга. Доўга дзівіўся, як напорыста, раскавана і дакладна працуюць польскія калегі, уразіўся, што першае пытанне прагучала ад карэспандэнткі тэлеканалу "Салідарнасць", якая тады яшчэ не была пры ўладзе. І толькі праз нейкі час сцяміў: гэта ж такая нагода прывесці для "Знамя юности" неверагодны эксклюзіў! І ўзняў руку. Вядучы заўважыў гэта і даў мне слова. Задаць пытанне я не паспеў: невідучы вялікі Уандэр пастукаў пальцам па гадзінніку і папрасіў прабачэння: 45 хвілін, адведзеных на пытанні, скончыліся... 1 кастрычніка гэтага году прэс-служба Міністэрства культуры Беларусі запрасіла мяне на прэс-канферэнцыю з нагоды пачатку чарговага Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета. Месца правядзення было незвычайнае: будынак цырку. Тлумачылася гэта тым, што і распачацца фестываль павінен быў сумесным шоў сімфанічнага аркестру і артыстаў цырку. І ўсё прайшло б, відаць, няблага, калі б... Закуток фае, дзе адбывалася прэс-канферэнцыя, быў аснашчаны ўзмацняльнай апаратурай. Аднак было такое адчуванне, што паставілі яе дзеля адчэпнага, так і не наладзіўшы гучанне належным чынам. Тое, што казалі ў мікрафоны выступоўцы, даходзіла да прэсы збольшага як нейкае няўцямнае вуркатанне. Да ўсяго іншага, адначасова на арэне адбывалася рэпетыцыя сімфанічнага аркестру. І калі пачынаў гучаць Чайкоўскі, сэнс далей праводзіць прэс-канферэнцыю наогул траціўся. Падумалася: ну нехта ж павінен быў прадугледзець гэта! Дарэчы, непрыемна ўразіла і граматычная памылка на рэкламным беларускамоўным плакаце аднаго са спонсараў фестывалю. Аддаю належнае актыўнасці працы прэс-службы беларускага Мінкульта: інфармацыі прыходзіць шмат і своечасова. Аднак у гэтым выпадку не трэба было, відаць, ісці ўслед арганізатарам фестывалю. Пакіньма цыркавое цырку, а Чайкоўскаму не арэну, а ўсё ж канцэртную залу....
21.10.11 12:22
загружаются комментарии

Дмитрий Подберезский