Як з г... куля!

Шчыра кажучы, такога ў маёй журналісцкай практыцы за ўсе гады не было: адна нядаўняя публікацыя выклікала на сайце "Народнай волі" амаль 60 каментароў. А ўсё з-за чаго? З-за таго, што дазволіў сабе перайсці на асобу. Праўду кажучы, быў у маім жыцці яшчэ адзін эпізод, які выклікаў вялікую ўвагу з боку ўсіх датычных да гэтай галіны дзейнасці людзей. У лютым 1996 годзе разам з калегам мы паехалі ў Італію на аўтобусе. Паездка мелася анансаваць новы турыстычны маршрут з наведваннем карнавалу ў Венецыі. Нас ўзялі дзеля таго, каб мы потым разрэкламавалі гэты маршрут, які насамрэч звёўся да звычайнага наведвання "чаўнакамі" аптовых баз з абуткам, вопраткай ды сумкамі. У самой Венецыі мы былі з паўдня і ў самы апошні дзень карнавалу. У спецрэпартажы "Песни про Италию" для газеты "Имя" я падрабязна апісаў многія моманты падарожжа ўключна паборы на межах і патаемнае перасячэнне ўначы ледзь не на "кабан'іх капытцах" мяжы Ўкраіны і Беларусі на зваротнай дарозе. Публікацыя выклікала нервовую рэакцыю з боку турагенцтва, аднак ягоная назва імгненна зрабілася вядомай прынамсі ўсім гандлярам на стадыёне "Дынама". Нумар газеты хадзіў па руках, што, як мне здаецца, і патрэбна было тым, хто замаўляў рэкламу... Маю публікацыю ў "НВ" пра дзівосы мінскага джаз-клуба Яўгена Ўладзімірава адзін з ягоных абаронцаў таксама назваў замоўленай. Так, гэта была замова. Ужо хоць таму, што я стаміўся чытаць у анонсах і на афішах тую хлусню, якой джаз-клуб зацягваў на свае канцэрты слухачоў. Эпітэты "легендарны", "выдатны", "знакаміты" і іншыя не менш гучныя суправаджаюць ці не кожны канцэрт у джаз-клубе. "Выдающейся" спявачкай рэкламаваўся нядаўні прыезд у Мінск Ванды Гузман, анонс канцэртаў якой адразу прымусіў насцярожыцца прынамсі тых аматараў музыкі, якія здольныя адэкватна ўспрымаць хоць бы эпітэты. Таму што ў анонсе тым было аж зашмат таго, што ў інтэлігентных колах прынята называць "локшынай на вушы". Інакш кажучы – і проста памылак, і элементарнай хлусні. Пра што і напісалася, ужо хоць бы таму, што паток падману працягваўся, нягледзчы на мае неаднаразовыя асабістыя звароты ў той джаз-клуб з настойлівымі просьбамі перастаць дурыць людзей. Не, хлусня працягвалася. Афішы аб'яўлялі пра выступ выдатнага блюзавага гітарыста з Тэхасу Сціва Крамера (калі не памыляюся), які на паверку аказваўся... мінскім гітарыстам Севам Крамушчанкам. Так, Сева некалькі год жыў у Штатах і насамрэч добра выконвае блюз. Але – прабачце... Ведаеце, сярод тых каментаў на сайце "Народнай волі" была цэлая хваля допісаў абаронцаў джаз-клубу і асабіста Ўладзімірава. Такая хваля, што мадэратар вымушаны быў папярэдзіць: перастанце, маўляў, пісаць пад рознымі імёнамі з аднаго IP-адрасу. Але былі і допісы мінскіх музыкаў, якія мелі справу з "найбольш запатрабаваным музыкам краіны", як сціпла піша пра сябе Яўген на сайце джаз-клуба, чый дызайн, як аказалася, быў амаль цалкам скрадзены з сайту прадзюсарскага цэнтру "Jazz In Kiev". Пасля дыскусія перакінулася ў Фэйсбук, дзе абаронцаў джаз-клубу "Рогі і капыты" амаль не знайшлося. Я гэта да чаго? Звярніце ўвагу: ледзь не кожная другая афіша гастралёраў у Мінску ўтрымлівае тыя ж самыя эпітэты кшталту "легендарны". Крытэрыі легендарнасці, канешне ж, вызначыць няпроста, аднак нутром, бадай, кожны аматар музыкі сам для сябе іх вызначае. Безумоўна, па-рознаму. Для некага і Стас Міхайлаў – легендарны, для іншага і Уда Дыркшнайдэр на лягенду не цягне. Магчыма, менавіта з-за гэтага жыве і распаўсюджваецца афішны словаблуд, які мусіць прыцягнуць людзей на канцэрты з адной мэтай: адбіць "бабкі". А зусім не пазнаёміць з раней не вядомым і насамрэч годным увагі выканаўцам. І вось як спыніць такіх дзялкоў, якія пад выглядам зорак часта вязуць да нас музычны сэканд-хэнд? Шляхі ёсць, але яны настолькі складаныя і забюракратызаваныя, што наўрад ці нехта захоча прайсці іх да канца. І выйсце магло быць, бадай, адно: галоснасць у такіх справах. Інакш кажучы, экспертныя выказванні ды каментары ў СМІ, агульных ды спецыялізаваных. Аднак ва ўсёй краіне сёння няма аніводнага прысвечанага музыцы выдання. Аніводнага! А іншыя СМІ лічаць за лепшае ціхай сапай браць рэкламу такіх "ліпавых" канцэртаў, чым паспрабаваць яе праверыць ды хоць нейкім чынам звярнуць увагу на дзеянні махляроў ад музыкі. Вось чаму той мой артыкул пра дзялішкі джаз-клуба я асабіста расцаніў як пробны камень, які бразнуўся ў стаячае балота. І ўжо пасля з жахам падумаў: а што будзе, калі гэтая хвароба раптам перакінецца на айчынных палітыкаў? Калі ледзь не кожнага другога пачнуць называць "легендарным", "выдатным", "знакамітым"? Во канцэрт пачнецца!....
02.02.12 12:51
загружаются комментарии

Дмитрий Подберезский