Арлы і мухі

У даўнія часы разумныя аўтахоны цяперашняе Італіі прыдумалі шмат прыслоўяў, якія і цяпер прыдатныя да многіх падзеяў сучаснасьці. У тыя часы казалі: "Aquila non captat muscas". Часы змяніліся, аднак айчынныя "арлы" дагэтуль палююць на мух... Зрэшты, пісаць з нагоды чарговага скандалу вакол "Еўрафэсту" – нацыянальнага адборачнага туру дзеля выяўлення таго, хто будзе прадстаўляць "сінявокую" на чарговым "Еўрабачанні", асаблівага жадання не было. Проста гэта не тая галіна, прабачце, музыкі, якая ўваходзіць у сферу маіх інтарэсаў. Аднак тыя маштабы, той узровень, на які выйшаў скандал, пераважылі. Я вось што адразу ўявіў сабе: прэзыдэнт Абама загадаў стварыць камісію дзеля таго, каб праверыць вынікі галасавання адносна вызначэння лепшых на чарговай цырымоніі GRAMMY. Уявіць сабе такую абсурдную сітуацыю проста немагчыма: тамака мухі лётаюць асобна ад катлет. І ў выніку ўсе неяк ужываецца. Але тое ў краінах цывілізаваных. Што да краін, дзе "арлам" няма больш чым займацца, як разборкамі ў галіне папсы, тое цалкам рэальна. Калі б які Іанэску мог адсочваць сітуацыю ў цяперашняй Беларусі, спадчына тэатру абсурду напэўна ўзбагацілася б яшчэ не адным шэдэўрам... Для праверкі вынікаў галасавання на "Еўрафэсце" былі прыцягнуты і Следчы камітэт, і Ўпраўленне "К" КДБ. Мужныя афіцэры "ператрахвалі" брудную бялізну папсовага конкурсу – годная справа для сапраўдных мужчын! І колькі б не казаў наш "арол", што для яго на першым плане стаяла пытанне "справядлівасці", адразу ж падумалася: вам, "арол", што, больш нічым няма займацца, як разборам вынікаў чарговай тэлепраграмы? Што, іншых "мух" у краіне няма? Чаму ж тады Следчы камітэт не займецца, напрыклад, такім пытаннем: якім чынам прывезеная з Егіпту бульба можа быць таннейшай за беларускую? І кітайскі часнык – за айчынны? Дык не ж: у папсе корпаюцца... Я не глядзеў той "Еўрафэст", хоць збольшага дастаткова добра знаёмы з творчым патэнцыялам ягоных фіналістаў. Выключна асабістае меркаванне: тыя нумары, якія давялося бачыць у выкананні Гунеш, сапраўды вартыя ўвагі. З іншага боку, гады з тры-чатыры таму быў на прэзентацыі прадусарскага цэнтру "Спамаш", які прадстаўляе Ланская. З усіх гадаванцаў цэнтру менавіта яна падалася мне найбольш прыдатнай з пункту гледжання прафесіяналізму, хоць яе дэбютны альбом проста расчараваў: быў ён амаль ніякі. За выключэннем дзвюх песень аўтарства Ўладзіміра Кандрусевіча, які тады якраз і працаваў мастацкім кіраўніком "Спамаша". Праўда, пару гадоў таму назад сышоў. Як я разумею, з той самай прычыны: "Aquila non captat muscas". І маладая дзяўчына з псеўданімам Ланская патрапіла, наколькі можна здагадацца, у рукі вольных стралкоў ад папсы. Думаю, галава закруцілася ад прапанаваных перспектыў. І пайшло-паехала! Гран-пры "Славянского базара"? Не пытанне. Званне заслужанай артысткі? Калі ласка! Муха носу не падточыць, бо нават Следчы камітэт не зацікавіўся, на якой такой падставе спявачка, якая не дала аніводнага сольнага канцэрту, выдала адзін альбом атрымлівае такое званне ў такім узросце. Ланская не пачырванела, не адмовілася. Ды Бог з ім, са званнем – атавізмам савецкага часу. Заўважу, што да выступу ў конкурсе на "Славянском базаре" мінулага году Ланскую рыхтаваў сам Валерый Дайнэка. Дык вось ён таксама – усяго толькі заслужаны. Але ж – Артыст! Дарэчы, наўрад ці ён узяўся б за працу з цалкам безнадзейным матэрыялам... Але... Ланская сама пагадзілася на прапанаваныя ёй умовы, даверыўшыся абяцанкам-цацанкам. І пагарэла. Прычым так, што цяпер, я лічу, яе кар'ера скончана. Так, яе будуць паказваць у розных фанерных тэлепраграмах, аднак нават у беларускім тэрарыўме пап-сяброў яна цяпер – чужая. Назаўсёды. Тыя, хто абяцаў ёй шыкоўнае жыццё ў будучыні, самі ж яе яшчэ жывой, маладой і здаровай і "закапалі". Не лепшая будучыня і ў тых, хто насамрэч выйграў той "Еўрафэст". Я пра групу "Light Sound". Памятаю, падчас аднаго з "Амбасовішчаў" у рэзыдэнцыі пасла ЗША ў Раўбічах яны нават выйгралі конкурс і атрымалі ў падарунак порта-студыю. А потым – такое ўражанне, што аніякай мэты, апрача як засвяціцца дзе толькі магчыма, у хлопцаў не было. Яны спяваюць на англійскай мове амерыканскія песні, назваўшы дэбютны альбом "Па дарозе ў Галівуд". Прабачце, "Going To Hollywwod". Ага, па вялікаму рахунку, у кожным амерыканскім ВНУ такіх "саўндаў" мабыць з паўдзесятка будзе. І наўрад ці хто з іх выдаваў альбом пад назвай "Going To Eurovision". Таму што... Правільна: "Aquila non captat muscas". І пасля ўсхваляваных прылюдных падзяк "арлу" за справядлівасць можна цалкам упэўнена казаць: лічылі сябе рокерамі – апынуліся таннай папсой. Бо сапраўдным рокерам тое "Еўрабачанне" – што нашым "Дажынкі". Так што – "Going To Dazhynki". Аркестр прыехаў... Аднак у нас конкурс "Еўрабачанне" – на чале дзяржаўнай палітыкі. Да ягонага ўвасаблення былі прыцягнуты дзяржаўныя сродкі, а таксама (у памеры 50% бюджэту) грошы... прадусарскага цэнтру "Спамаш". Здагадайцеся з трох разоў, хто ж павінен быў перамагчы? Дзікая, абсурдная сітуацыя: дзяржава выдаткоўвае грошы на шоў-бізнэс, які пры спрыяльных для яго ўмовах сам павінен даваць грошы дзяржаве! "Спамаш" – прыватная структура, якая тым не менш напэўна дзейнічала згодна з даўно вядомымі савецкімі прынцыпамі: прапіхнуць сваіх. Незайздросны бізнес... І я не здзіўлюся, што ў бліжэйшы час на паверхню выплывуць і цалкам пэўныя сумы "ахвяраванняў"... Кода ўсёй гэтай п'есы тэатру абсурду такая: вымовы аб'яўлены міністру культуры Паўлу Латушку і старшыні Белтэлерадыёкампаніі Генадзю Давадзьку, заўвагі аб'яўлены кіраўніку Адміністрацыі Ўладзіміру Макею, намесніку прэм'ер-міністра Анатолю Козіку, першаму намесніку кіраўніка Адміністрацыі Аляксандру Радзькову. Хто-небудзь мне можа растлумачыць, якім канцом да "Еўрафэсту" стаяць усе гэтыя людзі?! Ах, да... Арлы павінны займацца сваёй працай: мух лавіць! Так што палёт – нармальны... Толькі вось чаму ў Беларусі ўсе арлы – памерам з вераб'ёў?.
25.02.12 16:45
загружаются комментарии

Дмитрий Подберезский