Памылка ці помста палітычнага дзеда Шушкевіча?

Ад ацэнак найноўшай гісторыі, асабліва тых, якія робяць лідары грамадзкай думкі, залежыць эфектыўнасьць пераходу нашых дысыдэнтаў у стан апазыцыянераў. А менавіта мажлівасьць аб’яднаньня. Адсюль будзе і шанец на перамогу над дыктатарам і яго паслугачамі. Сярод тых, хто прэтэндуе на палітычные лідарства, адмыслове месца займае С.Шушкевіч. Яго слухаюць палітычныя дзеячы на Захадзе. Прыслухоўваецца моладзь, якая не была ў варунках палітычных падзеяў 90-х гадоў. І вось па радыё  Свабода некалькі дзён таму былы сьпікер парламанта агучыў шэраг ня проста спрэчных ісьцін, а проста фактаў, якія неадпавядаюць рэчаіснасьці.   Станіслаў Шушкевіч:Прааналізуйце вынікі выбараў 1995-1996 года: ніводнага прадстаўніка БНФ не абралі ў парлямэнт. На справядлівых, сумленных выбарах. Чыя гэта памылка: народу ці БНФ? – Гэта памылка БНФ. Таму што яны не змаглі ацаніць свае сілы, і не падцягнулі абоз. Яны перасталі працаваць зь людзьмі, а працавалі толькі ў парлямэнце. Гэта вялікая памылка. І трэба гэту памылку выпраўляць, а лепей – працаваць так, каб Беларусь зацьвердзілася беларускай. (07.12.2012 18:19 http://www.svaboda.org/content/interview/24790360.html) Поўны тэкст пытаньня і адказу гл. Ніжэй тэкста.   Прывяду толькі некалькі фактаў справядлівых, сумленных выбараў” 1995 года. 1. Сябра БНФ Валянцін Голубеў дэпутат Вярхоўнавга Савета 12-га скліканьня у Мінску па месцы свайго жыхарства выбары 1995 выйграў. І вось пасьля падліку галасоў стала вядома, што на выбары прыйшло быццам бы 49% выбаршчыкаў і выбары не адбыліся. Сябры каманды Голубева праверылі сьпісы выбаршчыкаў і знайшлі, што ў іх былі запісаны дзесяткі нябожчыкаў. Увогульле колькасьць выбаршчыкаў раптам павялічылася на сотні адзінак. Доказы паклалі кіраўніку акруговай камісыі. Той праігнараваў нябожчыкаў. 2. Сябра БНФ Сяргей Антончык дэпутат Вярхоўнавга Савета 12-га скліканьня пайшоў на выбары праз некалькі месяцаў пасьля чытаньня ў ВС-12 даклада па карупцыі ў камандзе Лукашэнкі. Калі газэты выйшлі з белымі плямамі на месцы даклада па загадзе А.Фядуты, Антончык паехаў па Беларусі і выступаў у дзесятках вялікіх і маленькіх гарадах з аповедам пра зьмест дакладу. Зібраліся сотні людзей. Спецслужбы вялі паляваньне за дэпутатам. Закрывалі залы. Даходзіла да боек паміж паслугачамі Лукашэнкі і прыхільнікамі справядлівасьці. На бок бэнээфаўца пераходзілі камуністы. Ветэраны КПБ кідаліся пасьля сустрэч на шыю Антончыку, цалавалі яго. І гэта па Шушкевічу называецца: Яны перасталі працаваць зь людзьмі, а працавалі толькі ў парлямэнце”. Пад час выбараў на выбарчых участках Антончыка дзяжурылі нарады з супрацоўнікаў спэцслужбаў. Практычна ў ягонай акрузе было ўведзена вайсковае становічша. Напрыканцы дня выбараў на участках Антончыка агенты спэцслужбаў забіралі урны, выносілі ў суседнія пакоі і праз пяць мінут вярталі для падліку галасоў. Адтуль вывальваліся стопкі сапсаваных бюлеценяў. У выніку як і ў Голубева выбары не адбыліся. Але ў 1996 у гэтай акрузе выбары выйграў Грушавы, за яго заклікаў галасаваць Антончык. 3. У Барысаве па акрузе, дзе ішоў кандыдатам ў дэпутаты папулярны рабочы Каленік. Ішоў супроць Кебіча. Назіральнікаў з выбарчых участкаў у вайсковых частак выкідвалі. ЛІТАРАЛЬНА! Па загадзе афіцэраў жаўнеры хапалі назіральнікаў за рукі і ногі і кідалі за ганка на зямлю. Адной жанчыне назіральніцы, калі яна запатрабавала паказаць нутро ўрны перад пачаткам галасаваньня надзелі кайданкі і адвезлі ў пастарунак. 4. На акрузе Алеся Бяляцкага на дзень выбараў студэнтаў накіравалі дамоў і з іхнымі галасамі зрабілі тое, што рабілі на апошніх выбарах. 5. Зянон Пазьняк пачынаючы з 1993-га 1994-а года літаральна жыў у аўто, наведваючы людзей па ўсёй краіне. Было шмат выпадкаў, асабліва ў 1994-м калі пасьля яго візытаў людзі цэлымі вёскамі ўступалі ў БНФ – сотні людзей адразу! І гэта называецца па Шушкевічу “перасталі працаваць зь людзьмі”. 6. Прыклады фальшаваньняў тых выбараў можна прыводзіць і прыводзіць. І спадзяюся гэта будзе зроблена сумленнымі гісторыкамі. Больш таго не ўсё так проста адбылося з перамогай Лукашэнкі ў 1994-м, якую Шушкевіч прызнае “чыстай”. Пасьля першага тура выбараў прэзыдэнта тады ў 1994-м былі падменены галасы Пазьняка, які ўвайшоў у другі тур на галасы Кебіча. Тады ў фінале мусілі сустрэцца Лукашэнка і Пазьняк. І невядома, чым бы скончыўся той двубой. Невыпадкова дыктатар паставіў мэту пазбавіцца ад небясьпечнага канкурэнта і ў 1996-м дамогся гэтага.   Чаму такому паважанаму ў сьвеце палітыку як Шушкевіч зараз спатрэбілася ўводзіць у зман слухачоў Свабоды? Тут ёсьць некалькі версыяў. Па-першае, гэта помста БНФ-у ўвогульле і ў прыватнасьці Сяргею Навумчыку, які нядаўна прывёў факты з дзейнасьці Шушкевіча, якія не робяць яму гонару і гэта яшчэ мягка кажучы, робячы карэкцыю на ўзрост палітычнага дзеда і стан яго здароўя. Па-другое, становішча Лукашэнкі стала хісткім. Набліжаецца 2015 год, калі ўладары Крамля запатрабуюць ад уладара зямлі  нашай увайсці ў склад Эўразійскага Саюза ды аддаць частку палітчынага суверэнітэту. І вось тут, калі Лукашэнка заўпарціцца, крамлёўскія палітыкі могуць падумаць аб яго замене. У 2015-м у нас жа выбары прэзыдэнта. І тады да гэтага моманту трэба маральна панішчыць патэнцыйных канкурэнтаў з БНФ. Ці атрымаецца? Вопыт у Шушкевіча ў гэтым багаты. Да 1994-га года - таго часу, які зараз Шушкевіч заклікае не ўзгадваць, ён шмат парупіўся ў змаганьні з БНФ.   Дарэчы ў сваім інтэрвію Шушкевіч шмат цікавага сказаў пра нашу інтэлігенцыю. І гэта будзе другая гісторыя…   Цытата цалкам  
Імя:: Віктар.
05.12.2012 23:20
Паважаны Станіслаў Станіслававіч, па праўдзе кажучы, ці адчуваеце вы за сабою хоць трошкі віны і адказнасьці за тое, што амаль паўмільёна подпісаў беларусаў за новыя выбары ў ВС былі , мяхка кажучы, праігнараваны і вамі ў тым ліку за конт вашай слабай волі і дажа здрадніцкай пазіцыі ў шуканьні "згоды" з камуністычнай большасьццю, хаця Закон патрабаваў іншага ? Мы тады не мелі б таго, што маем сёньня. Згодны ? Дзякуй за адказ.
Адказаць
Імя:: Станіслаў Шушкевіч
07.12.2012 18:19
Вы мяне прабачце, але хочацца назваць Ваша пытаньне не зусім разумным. Я ня мог зрабіць, каб адбыўся рэфэрэндум. Я мог толькі паставіць гэта пытаньне на Вярхоўным Савеце, каб адбыўся рэфэрэндум. Мы ставілі, гэта пытаньне, але Вярхоўны Савет яго адкінуў. Што можна было яшчэ зрабіць? – нічога. А цяпер, заўважце, я Вам па сутнасьці пытаньня адкажу: кіньце "даіць" гэтыя часы, 1991-92 гады. Глядзіце ў будучыню. Чаму Вы сёньня нічога ня робіце, каб Беларусь была вольнай і незалежнай?!. Нічога ж ня робіце, толькі языком плявузгаеце, абмяркоўваючы гэтыя старыя пытаньні!.. Заўважце, што зрабіў Беларускі Народны Фронт: гэта была цудоўная структура ў 1988 годзе, гэта была цудоўная структура ў 1991-1992 гадах, калі 25 чалавек часамі вялі за сабой фактычна ў дзесяць разоў больш апанэнтаў, і прымаліся рашэньні ў Вярхоўным Савеце. І паверце, што я прыклаў руку два таго, што яны прымаліся. Інакш бы яны не былі прынятыя. Але Беларускі Народны Фронт хацеў большага, – гэта значыць ня ўмець узважыць свае сілы, ня ўмець разабрацца. І што мы атрымалі?.. Прааналізуйце вынікі выбараў 1995-1996 года: ніводнага прадстаўніка БНФ не абралі ў парлямэнт. На справядлівых, сумленных выбарах. Чыя гэта памылка: народу ці БНФ? – Гэта памылка БНФ. Таму што яны не змаглі ацаніць свае сілы, і не падцягнулі абоз. Яны перасталі працаваць зь людзьмі, а працавалі толькі ў парлямэнце. Гэта вялікая памылка. І трэба гэту памылку выпраўляць, а лепей – працаваць так, каб Беларусь зацьвердзілася беларускай. .
09.12.12 23:18
загружаются комментарии

Владимир Подгол