Ці народзіць вайна імітатараў дзіця незалежнасьці?

Ведаеце, у чым нашы праблемы? Усе мы  адны і тыя ж рэчы называем рознымі імёнамі. Вось, напрыклад, пад’язжае да перакрыжаваньня аўто і яго кіроўца, бачучы чырвонае сьвятло, кажа сваім пасажырам -  зялёнае! І газуе. А там таксама газуюць. Куча металалому і нябожчыкаў – вынік няправільнага азначэньня. Амаль тое ж бывае пасьля палітычных перакрыжваньняў – палітычныя нябожчыкі. Праўда некаторыя спрабуюць самагальванізавацца і дэманструюць нам сцэны жахаў, прамаўляючы і пішучы палітытыка падобныя тэксты.
Пасьля выбараў у парламант, ці кажучы па-іншаму – байкоту мы сталі сьведкамі новай вайны імітатараў.
Але спачатку некалькі слоў пра выбары-байкот. Як па мне, дык пад час выбараў адныя імітавалі іх, угаворваючы грамадзянаў выбіраць кандыдатаў за намеры засыпаць лужыны і цыраваць дахі. Такіх заахвочвала галоўная рэжысёрка палітычнага цырка, заклпікаючы яшчэ больш шчыльна збліжацца з выбаршчыкамі. А другія імітавалі байкот выбараў, арганізуючы яго пальцамі на клавіатуры. Атрымліваўся гэткі палітыка наркатычны сэанс ці прасцей кажучы палітычны ананізм. Вынікам яго стала вайна адных дысыдэнтаў супраць другіх. Прычым усе яны лічылі сябе апазыцыянерамі, а тыя, хто лічыў сябе журналістамі таксама называлі дысыдэнтаў апазыцыянерамі і апасьля наданьня гучнага статуса асобам крытыкавалі іх за недахоп ці недасканаласць апазыцыйнасьці. Гэта адбывалася прыкладна так: называлі двор-тэр’ера вайком і кпілі зь яго, што не так шчэрыць зубы і ды і голас не прымушае мурашоў бегаць па скуры адзінай палітычнай жывёлы ў Рэспубліцы.
Бадай толькі ўладар Ўлады толькі і выкарыстаў выбары, каб панішчыць аўтарытэт сваіх апанэнтаў. Ён мэтанакіравана крочыў да чарговай прэзыдэнскай бітвы па галовах палітычных нябожчыкаў, каб на палітычных могілках апынуцца “жывее всех жівых”.
І вось байкотныя выбары імітатараў прайшлі, і вайна дысыдэнтаў разгарэлася зноў у імітацыйным стылі.
Самая абсурдная сцэна толькі што прагучала ў пастаноўцы ЛДП. Яе лідар заявіў пра намер дамагацца шанаваньня роднай мовы і яе выкарыстоўваньня дзяржаўнымі чыноўнікамі. Пры гэтым інтэрвію беларускай службе радыё Свабода Гайдукевіч даў па руску. Я б паверыў у шчырасьць намераў кіраўніка ЛДП, каб пад час выбараў у парламант хоць адзін кандыдат ад ЛДП прамаўляў да выбаршчыкаў па-беларуску. Яны ж у колькасьці больш за сотню мерыліся трапіць у дзяржаўную установу, у дэпутаты і мусілі б зладзіць дэманстрацыю шанаваньня мовы. Намеры Гайдукевіча тут жа скрытыкавалі лідары грамадзкай думкі з асяродзьдзя адраджэнцаў. Цяпер у Гайдукевіча ёсьць шанс даказаць сур’ёзнасьць намераў: усім сябрам партыі публічна з запрашэньнем журналістаў  напісаць дыктоўку па беларускай мове. Дыктаваць можна запрасіць Трусава, ці Зінаіду Бандарэнку. Мог бы і сам Гайдукевіч падыктаваць. Правяраць тэксты неабавязкова, дастаткова іх пакласьці ў архіў ці партыі, ці сямейны. А вось тэкст узяць “Лісты з-пад шыбеніцы Каліноўскага”, яго ў школе дзеткі праходзяць. Тут і закіды ў прарасійскасьці можна будзе адкінуць.
Яшчэ адным палітычным спэктаклем стаў выступ уладара ўсіх выкладчыкаў Беларусі перад студэнтамі – эканамістамі. Прывяду толькі адзін фрагмэнт з лекцыі, які мне блізкі. “Мы построили свое суверенное и независимое государство. Оно уже существует и никто это уже не может подвергнуть сомнению. Это уже реалии. Это – самое главное. Все остальное – производное и Вы это видите. Видите положительное и недостатки… Мы создали Дом не только для Вас, для Вас это уже реальность, но для ваших детей и внуков». (ОНТ 18.11.2012; 20.26)
 Шмат часу я вёў завочную палеміку з уладаром нашай Рэспублікі. Яна пачалася недзе ў 1996 годзе. Ён даводзіў, што наша краіна гэта “мост”, “ворота в евразию», «наши общий дом с теми, кого мы знаем столетиями”. Я і спачатку мой аднадумца Лявон Баршчэўскі паказвалі, што Беларусь – гэта наш Дом. І яшчэ, як казаў Уладзімер Караткевіч: “Наш Дом, наш Храм”. Да гэтай пазыцыі далучаўся Аляксандр Мілінкевіч і тады, калі ў 1996-м у Гародне зладзіў конкурс “Наш Дом – Беларусь”, і тады, калі ўключыў гэтую ідэалагему ў свой праект Народнай праграмы.
Але ж які Дом мы маем сёньня з нашай краіны? Калі хочаце, можна яго назваць трохсьцен: тры сьцяны ёсьць, а вось на ўсходзе, дзе – Расія, сьцяны няма. А раз няма сьцяны дык і брамы няма таксама. І тады наш Дом – проста прыбудова да Расіі. А што за дах над намі? Лётаюць у нашым небе раз-пораз расійскія зьнішчальнікі зь ядравай зброяй на борце. Я прашу прабачэньня ў тых, хто прыкладна гэткія радкі чытае ўжо надцаты раз, але ж набліжаюсь да галоўнай імітацыі дысыдэнтаў – мемарандуму. Мы сёньня жывем у дзяржаве, якая ня толькі не мае самай працяглай мяжы, што ўтварае просты праход наркакур’ерам, нелегалам, злачынцам усіх кірункаў, мы жывем ня толькі пад белымі крыламі буслоў, але і пад белымі крыламі носьбітаў ядзерных крылатых ракетаў - такі жудасны дах у нашым Доме.
Больш таго, мы ўжо працяглы час жывем, дэлегаваўшы частку эканамічнага суверэнітэту эўразійскай эканамічнай камісыі. І ніводзін за дысыдэнтаў з лэйблам “палітычны лідар” не ставіць пытаньне аб скасаваньні нашага статусу інвалід-суверэнітэту. Заўважьце, што любы кампутар пры немажлівасьці паўнавартасна працаваць, напіша слова “інвалід”. А наперадзе 1915 год – год ня толькі выбараў прэзыдэнта, але і стварэньня эўразійскага палітычнага зьвязу. Яго ў Крамлі плануюць пабудаваць з утварэньня наднацыянальнага эўразійскага парламанту. Пад яго “крыламі” рыхтуюць “падвесіць” законы наўпроставага дзеяньня, якія даб’юць незалежнасьць і суверэнітэт. І ніякія краіны, да якіх зьвяртаюцца падпісанты мемарандуму БНР, не будуць ратаваць нашу незалежнасьць таму, што ня толькі “народ безмолствует”, а таму што дысыдэнты, іхныя лідары ня хочуць падаць свой голас супроць рэал політык Крамля - рэальных утварэньняў эўразійскай эканамічнай камісыі, эўразійскага зьвязу.
Мемарандум мог бы набыць сапраўды магутнае гучаньне, каб яго падпісалі напярэдадні выбараў у парламант і сотні кандыдатаў з лагеру дысыдэнтаў выйшлі б зь ім, як палітыкі, на тэлеэкраны, у радыёэфір, на старонкі газэтаў. А перад выбарамі ўсе сышлі б з афіцыйных бюлеценяў, заклікаўшы выбаршчыкаў рыхтавацца да абароны незалежнасьці і суверэнітэту. На памяць можна было б падарыць нашым выбаршчыкам адмысловы бюлецень-улётку з пытаньнямі:
Ці выступаеце Вы ЗА Незалежнасьць і Суверэнітэт Беларусі?! ТАК!
Ці хочаце Вы жыць годна у нышам Доме – Беларусь?! ТАК
І вось тады б і заклаўся грунтоўны падмурак да выбараў прэзыдэнта ў галовах выбаршчыкаў.
А так атрымалася, як у Гайдукевіча з памкненьнем да абароны беларускай мовы.
Карацей: дарага лыжка да сьнеданку, а мемарандум – да выбараў..
19.11.12 20:32
загружаются комментарии

Владимир Подгол