Відэадыктоўка Каліноўскага ад Шарамета, Барадача ды Мацкевіча: будзе?

Адкрыты ліст  ад Падгола да беларусаў, кіраўнікоў партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў, чальцоў творчых саюзаў, і рухаў.
Наблізіўся час, які адметны тым, што 150 год таму адбылося вызвольнае паўстаньне нашых продкаў. Грамадзкасьць Беларусі рыхтуецца да ўшанаваньняў герояў паўстаньня, а 2013 год абвясьціла Годам Кастуся Каліноўскага. Створаны і аргкамітэт па сьвяткаваньню гістарычнай падзеі. А год гэты адметны яшчэ і тым, што мы пачалі жыць у ім, страціўшы эканамічны суверэнітэт і апынуліся ў эўразійскай мытнай прасторы. Ды за ім насоўваецца год, калі мы страцім і палітычны суверэнітэт і эўразійскі зьвяз паглыне нашу дзяржаву. Адзін са шматлікіх рэальных крокаў да нашага яднаньня, пратэсту супроць павольнай здачы суверэнітэту і падрыхтоўкі будучага супраціву паглынаньню Беларусі Расіяй - талакой зладзіць агульнанацыянальную дыктоўку па лістах з-пад шыбеніцы Каліноўскага. Зладзіць дыктоўку 2-га лютага ў дзень яго народзінаў. Першым этапам нашай нацыянальнай дыктоўкі магла б стаць інтэрнэт-дэманстрацыя. Выбітныя асобы нашага часу, літаратары і мастакі, вучоныя і студэнты, грамадзкія і палітычныя дзеячы могуць выступіць з відэазваротам да беларусаў з заклікам напісаць супольна агульнанацыянальную дыктоўку па лістах з-пад шыбеніцай Каліноўскага і пасьля звароту начытаць знакаміты тэкст. Яго вучаць дзеці ў школе, забываць дарослыя і настаў час давесьці словы Каліноўскага да насельніцтва. І відэазвароты можна рыхтаваць і выстаўляць на сайты ўжо зараз. Начытаць відэадыктоўкі змогуць былыя рэпрэсаваныя і іхныя бацькі ды родзічы. Я бачу як яны агучваюць словы Каліноўскага, сказы зь яго лістоў па чарзе, эстафетным чынам, начытваючы па сказе ці па некалькі. Такім жа эстафетным чынам могуць напісаць лісты з-пад шыбеніцы Каліноўскага чальцы журналістых калектываў і выставіць на сайтах сваіх выданьняў. І было б цудоўна, калі б усе чальцы Рады беларускай інтэлігенцыі заклікалі беларусаў пісаць дыктоўку па Каліноўскаму і начыталі тэкст па ягоных лістах у відэакліпах. Тое ж магуць зрабіць сябры БАЖа, Таварыства беларускай мовы. Пад час дыктоўкі змогуць аб’яднацца беларусы замежжа: і паміж сабой і з намі. Відэазварот і дыктоўка па Каліноўскаму з вуснаў Івонкі Сурвілы і ад такой гістарычнай асобы, як Зянон Пазьняк надалі б упэўненасьці нам у гатоўнасьці супольна адстойваць суверэнітэт і незалежнасьць. А дыктоўка Каліноўскага з вуснаў Станіслава Шушкевіча надала б яго закліку “паўсюль размаўляць па-беларуску” вялікую моц і перакананьне. Відэазварот пісаць дыктоўку па Лістах з-пад шыбеніцы, які можа зрабіць Павал Шарамет, а таксама начытаны ім тэкст, стаў бы адметнай з’явай у палітычным жыцьці Беларусі і Расіі. Партыйныя ды грамадзкія актывісты разам са сваімі лідарамі могуць начытаць дыктоўку Каліноўскага і выставіць на сваіх партыйных сайтах. Мы можам паспрабаваць дамагчыся такога выкананьня дыктоўкі, каб гістарычны тэкст стаў мастацкім творам. На ўдзел у інтэрнэт дэманстрацыі не патрэбен дазвол уладаў, за яе не могуць пакараць штрафамі і суткамі, таму любы жадаючы можа начытаць сваю версыю тэкста Каліноўскага дадаць свае каментары і заклікі і даслаць у незалежныя СМІ.   У дзень народзінаў Каліноўскага тыя, хто дыктаваў нам, хай сядуць разам з намі: літаратары поплеч з чытачамі, палітычныя лідары поплеч з шэраговымі актывістамі, бацькі разам з дзецьмі, мастакі поплеч з прыхільнікамі сваёй творчасьці, журналісты разам з чытачамі іх газэт ды слухачамі радыё, ды інтэрнэт выданьняў, сядуць і напішуць словы самаахвярнага героя. Кожны, хто захоча ўдзельнічаць і не зможа прыйсьці ў офіс да сяброў, зможа пісаць дыктоўку Каліноўскага з інтэрнэт сайтаў. Прычым, пісаць зможа з голаса таго творцы, творы якога любіць, а самога творцу паважае. І тады мы яшчэ больш замацуем неўміручасьць зварота Каліноўскага, яго ідэяў і памкненьняў да свабоды і незалежнасьці нашага краю. І тады тыя хто хоча быць беларусам і хто заклікае “будзьма беларусамі”, наблізяцца да беларушчыны і наблізяць сваю Радзіму да яе. Так можа атрымацца наша беларуская салідарнасьць – агульнанацыянальная дыктўка. Пад новы год нават уладар краіны заявіў: «Мы немало пережили, через многое прошли. Но всегда – вместе!  Подтверждая неразрывные духовные связи и сплочённость единой семьи – белорусской нации». Вядома ж, што адзінай сям’і – беларускай нацыі мы не маем. І гэтая навагодняя дэкларацыя-калыханка заклікана ўбаюкаць нас. Нам дыктуюць, як жыць, што чытаць, як пісаць. Пасьля падаўленьня ў 2010-м годзе народнага супраціву дыктатуры на палітычным полі Беларусі, як паганкі павырасталі самапрызначаныя нацыянальныя лідары. Яны спрытненька ўскочылі на апусьцеўшую палітычную арэну і зладзілі на ўвесь інтэрнэт сьвет клаўнаду, дзе беларусам, змагарам, абаронцам нацыянальнай культуры і яе здабыткаў і творцам адвялі роль статыстаў. Нам не хапае самаахвярнасьці, салідарнасьці, затое ў некаторых дзеячоў занадта нарцысызму. Мы зацята ваюем паміж сабой, а нас без боя ўжо паланілі. Нам пачалі дыктаваць, што рабіць прайдзісьветы і махляры ад палітыкі. Настаў час сказаць: “Годзе!” Дыктаваць нам, што рабіць і як мусяць нацыянальныя героі.  Дзесяткі год агульнанацыянальныя дыктоўкі пішуць палякі і літоўцы, пішуць грамадзяне іншых еўрапейскіх краінаў. Яны ўжо адстаялі сваю незалежнасьць і пішуць дыктоўку салідарнасьці са сваёй мовай, выяўляючы лепшага знаўцу. Для нас покуль больш важна праявіць салідарнасьць са сваімі нацыцянальнымі героямі, якія перад смерцью, перад сустрэчай з Богам пісалі не прашэньні цару аб памілаваньні, а пісалі сваім паплечнікам ды нам – сваім нашчадкам як бараніць сваю Радзіму. У Літве 2013 год заканадаўцамі абвешчаны годам Каліноўскага. Давайце паспрабуем і мы скарыстаць мажлівасьць наблізіцца да эўрапейскіх народаў на іхных сучасных узорах нацыянальнай салідарнасьці. Уладзімір Падгол   Накіравана кіраўнцтву БНФ і ўсіх партыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў, суполцы мастакоў Пагоня і іншых творчых зьвязаў. Усім экс кандыдатам у прэзыдэнты і тым, хто не прызнаў сябе эксам і лічыць сябе кандыдатам ды рыхтуецца да далейшай барацьбы. Запрашэньне быць госьцем нашай дыктоўкі салідарнасьці накіраван амбасадарам краінаў ЭЗ як былым, якія ўжо пісалі з намі дыктоўку, так і тым, хто працуе сёньня ў Беларусі. Атрымана згода аб удзеле ў інтэрнэт дэманстрацыі ад літаратараў Ул.Арлова і С. Законнікава, ад кіраўнікоў грамадзкіх аб’яднаньняў руха “За свабоду” А.Мілінкевіча і “Гавары праўду” Ул.Някляева, пагадзіліся начытваць дыктоўку літаратурны перакладчык В.Сёмуха і мастак А. Марачкін. Рыхтуюцца да начытваньня дыктоўкі Зінаіда Бандарэнка і стваральнік незалежнага ліцэя Л. Баршчэўскі. Мерацца чытаць тэкст Каліноўскага бацькі рэпрэсаваных Г.В.Сіўчык і яе паплечнікі. Палітычныя лідары Р. Кастусёў і А.Лябедзька. Мерыцца агучыць словы Каліноўскага былы кіраўнік амбасады Славакіі ў Беларусі Любамір Рэгак. Сьпіс жадаючых начытаць дыктоўку Каліноўскага адкрыты. Спачатку чытаем, а потым усе разам пішам.   ДАДАТАК

Ліст з-пад шыбеніцы.
Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і можа раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца,- но не жаль згінуць за тваю праўду.
Прыймі, народзе, па шчырасці маё слова прадсмертнае, бо яно як з таго света толькі для дабра твайго напісана.
Няма ш, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і науку. Тагды ён толька магчыме жыці ў багацтве, папраўдзе, тагды ён толька, памаліўшысь Богу, заслужыць неба, калі збагаціць наукай розум, разаўе сэрца і радню цэлу сэрцам палюбіць. Но як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам наука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай наукі,- адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу.
Для таго, Народзе, як толька калі пачуеш, што браты твае з-пад Варшавы б’юцца за праўду й свабоду, тагды і ты не аставайся ззаду, но, ухапіўшы за што зможаш, за касу, сакеру, цэлай грамадой ідзі ваяваці за сваё чалавечае і народнае права, за сваю зямлю радную.
Бо я табе з-пад шeбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ не будзе.

Твой слуга Яська-гаспадар

 
.
09.01.13 6:08
загружаются комментарии

Владимир Подгол