Хрысціянская дэмакратыя як "Трэці шлях"


Абгрунтаванне хрысціянскай дэмакратыі як шляху развіцця чалавецтва ў эпоху Новага часу - заслуга рэлігійнага філосафа, абата, аднаго з родапачынальнікаў хрысціянскага сацыялізму Фелісьена Рабэра дэ Ламене. У 1830 г. выйшла яго кніга «Будучыня», у якой была прадпрынятая спроба спалучыць у новых гістарычных умовах хрысціянства і дэмакратыю.

Разам са “старым парадкам” рэвалюцыйная стыхія разбурала царкву, сям’ю, грамадскія інстытуты і наагул каштоўнасць чалавечага жыцця. Урэшце, каб адказаць на прамы выклік хрысціянскаму светапарадку, Ватыкан пачаў заахвочваць стварэнне так званых “каталіцкіх групаў дзеяння” у Італіі, Францыі й нямецкамоўных дзяржавах; святары і вернікі арганізоўваліся на дэмакратычных прынцыпах і сталі адваёўваць палітычныя пазіцыі праз канкурэнтную барацьбу з ліберальнымі, сацыялістычнымі ды камуністычнымі сіламі.

Разгортванне хрысціянскай дэмакратыі у паўнавартасную палітычную ідэалогію звязваюць з эпохай рэвалюцыі 1848 г. Вострыя супярэчнасці гэтага перыяду прымушалі Царкву шукаць саюзу з народам, састыкоўваць дактрыны каталіцызму і дэмакратыі, фармаваць палітыку супрацоўніцтва, а не знішчальнай барацьбы паміж працай і капіталам. Хрысціянска-дэмакратычныя перакананні паўсталі як плён напружанага пошуку грамадскай згоды.

Разам з тым, адносіны паміж новастворанымі хрысціянска-дэмакратычнымі аб'яднаннямі і Цэрквамі складваліся няпроста. Царква, досыць кансерватыўная паводле сваёй прыроды, нягледзячы на глыбокія грамадскія змены, працягвала вызнаваць дактрыну перавагі духоўнай улады над свецкай - і змагалася за вяртанне згубленых пазіцый. З пачатку ХІХ амаль да пачатку ХХ стагоддзя афіцыйная Царква супрацьпастаўляла буржуазна-дэмакратычным і ліберальным ідэям свой саюз з манархіямі – абсалютнымі і канстытуцыйнымі.

Але ужо ў другой палове XIX ст. шырокае развіццё набыў рабочы рух, свет апанавалі ідэі сацыяльнай роўнасці і класавай барацьбы. На мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў сацыял-дэмакратыя і камунізм, адстойваючы сацыяльную справядлівасць праз нянавісць да эксплуататараў, літаральна спустошвалі цэрквы – бо клір у сваёй масе заставаўся абаронцам улады і капіталу. У сувязі з пашырэннем і паглыбленнем небяспечных сацыяльных з'яў у грамадстве ў Касцёле сталі нарастаць плыні, якія выступалі за змену царкоўнай пазіцыі – і фармуляванне “трэцяга шляху”.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе.


#100гадоўБХД

.
11.01.17 23:58
загружаются комментарии

Павел Севярынец