СТАГОДДЗЕ БХД. Як пачыналася партыя


Да пачатку рэвалюцыйных падзеяў 1917 года і ў колішняй сталіцы ВКЛ, занятай немцамі Вільні, і ў старажытнай Гародні, і ў Беластоку, і ў губернскім прыфрантавым Менску, і ў Магілёве, дзе знаходзілася Стаўка Мікалая ІІ, тлелі агмяні беларускага хрысьціянскага руху – найперш каля касцёлаў і ў асяроддзі свядомай інтэлігенцыі.

“Беларускі нацыянальны каталіцкі рух пачаўся ў дзвюх вучэльнях: у Віленскай каталіцкай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу, дзе вучылася і беларуская моладзь (часцей за ўсё сялянскага паходжання). У гэтых вучэльнях утварыліся беларускія гурткі. У 1911 г. рэктар Віленскай семінарыі афіцыйна прызнаў існаваньне беларускага гуртка і дазволіў яму мець беларускую бібліятэчку. У Каталіцкай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу беларускі гурток стварыўся ў 1912 г., а ў 1914 г. ужо налічваў 70 сяброў і меў вялікую бібліятэку, у тым ліку каталіцкія кнігі і часопісы. Дзейнасць гуртка была актыўнай дзякуючы падтрымцы прафесара Браніслава Эпімаха-Шыпілы.” – піша прафесар Анатоль Грыцкевіч у працы “Пачаткі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”.

Ядро масавай нацыянальнай хрысціянска-дэмакратычнай партыі на момант гістарычных зрушэнняў склалася усё-такі не на рассечанай фронтам, спустошанай і скрываўленай беларускай зямлі, а ў сталіцы імперыі і калысцы рэвалюцыі – Санкт-Пецярбургу, у 1914-ым перайменаваным у Петраград.

Прычынаў было некалькі. Найперш, любая грамадcкая ( а пагатоў беларуская) дзейнасць па абодва бакі ад лініі фронту успрымалася і расейскімі, і нямецкімі вайсковымі й тылавымі структурамі з падазрэннем – і найчасцей жорстка падаўлялася. Па-другое, менавіта Петраград быў сэрцам агромністай дзяржаўнай машыны і перавалачнай базай вайны: велізарныя масы жаўнераў і афіцэраў, інжынераў, рабочых, гандляроў, чыноўнікаў, а таксама уцекачоў штодня віравалі на ягоных вакзалах, вуліцах ды установах. Па-трэцяе, паколькі сталіца імперыі ўжо 200 гадоў высмоктвала інтэлектуальныя, творчыя, навуковыя сілы з ускраінаў – менавіта там гуртаваліся самыя здольныя, амбітныя, актыўныя асобы. І нарэшце – без цара, занятага ў Стаўцы, якраз Петраград з 1915 года ператвараўся ў эпіцэнтр апазіцыйнага, дэмакратычнага, а затым і рэвалюцыйнага руху.

Сапраўдным “гняздом” БХД стаўся беларускі гурток Пецярбургскай духоўнай акадэміі, дзе ў пачатку ХХ стагоддзя навучаліся на ксяндзоў найбольш адораныя хлопцы з Беларусі.

Заснаваў гэты гурток у 1912-ым годзе Люцыян Хвецька. Паводле сведчання навучэнца акадэміі ксяндза Адама Станкевіча, менавіта ён пачаў сталыя сустрэчы і заклаў асновы арганізацыі, у якую напачатку увайшлі сямёра: “…Л. Хвецька, А. Цікота, П. Пякарскі, С. Шырокі, Францук, І. Жаўняровіч, В. Гадлеўскі”. У 1913-ым гурток быў зарэгістраваны афіцыйна, кіраўніком стаў П. Пякарскі, сакратаром – В. Гадлеўскі, з 1916 году сакратарства пераняў Адам Станкевіч.

Гэты гурток усталяваў сувязі са студэнтамі-беларусамі Пецярбургскага універсітэту і пачаў ладзіць супольныя сходы на кафедры ксяндза Францішка Будзькі.

Апекуном і душой гэтай беларускай паводле формы і хрысціянскай паводле зместу супольнасці стаў прафэсар Браніслаў Ігнатавіч Эпімах-Шыпіла. Ураджэнец Полаччыны, навуковец энцыклапедычнага розуму, даследчык беларускай даўніны, рэдактар першага зборніку вершаў Янкі Купалы, Эпімах-Шыпіла быў адначасна глыбокім вернікам. Вольна размаўляў на лаціне, ведаў і выкладаў старажытнагрэцкую – і лічыў, што Беларусі найперш патрэбныя пасвечаныя і адукаваныя духоўныя правадыры. З ягонай ініцыятывы беларусы Петраграда заснавалі легендарнае выдавецтва “Загляне сонца і ў наша ваконца”, якое пачало выдаваць масавымі накладамі надзённую беларускую літаратуру, і стварылі дабрачыннае Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны.

Пры гуртку была закладзеная беларуская бібліятэка (фундавала Магдалена Радзівіл), створаны хор, працавалі гістарычная і літаратурная секцыі, выходзіў часопіс “Светач”.

У гэтым гуртку мы ўпершыню знаёмімся з будучымі лідэрамі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і агулам усяго беларускага руху міжваеннага часу – айцом Фабіянам Абрантовічам, будучым рэктарам Каталіцкай духоўнай семінарыі, ксяндзамі Адамам Станкевічам, Вінцэнтам Гадлеўскім, Францішкам Будзькам, Аляксандрам Астрамовічам ( Андрэем Зязюлям), заснавальнікам “Крыніцы” Люцыянам Хвецькам, будучым генералам ордэну марыянаў Андрэем Цікотам, будучым грэка-каталіцкім біскупам, пакутнікам Антонам Неманцэвічам, гераічнымі святарамі Міхалам Пятроўскім, Віктарам Шутовічам і многімі іншымі.

Апошні пункт статуту гуртка сцісла фармуляваў дэвіз будучай беларускай хрысціянскай дэмакратыі: “Буду ісці з воклічам у вуснах: “З Богам для народу!”.

Божы провід своечасова падрыхтаваў “новыя мяхі для новага віна”. Бо неўзабаве грымнула Лютаўская рэвалюцыя, расейскае самадзяржаўе рухнула, і ў віры падзеяў згуртаваная апостальская каманда святароў-беларусаў з Пецярбургскай акадэміі дзейнічала зладжана, арганізавана і ў адным духу.


З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"

Працяг будзе

#100гадоўБХД.
19.05.17 14:14
загружаются комментарии

Павел Севярынец