СТАГОДДЗЕ БХД. 2012-2017


Кампаніі БХД 2012-2016 гадоў

Першай агульнанацыянальнай кампаніяй, якую хрысціянскія дэмакраты разгарнулі пасля крызісу 2011-га года, выкліканага разгромам Плошчы і дэмакратычнага руху і акцыяў салідарнасці, была Кампанія ў абарону жыцця. Дзякуючы высілкам Вольгі Кавальковай, якая далучылася да БХД пасля кампаніі 2010 года, у Менску прайшоў шэраг круглых сталоў, дзе арганізацыі пралайф-руху скаардынавалі працу ў галіне змены заканадаўства. Было сабрана больш 25 тысячаў подпісаў за змены ў Закон аб ахове здароўя. У снежні 2014 года Палата прадстаўнікоў прыняла змены, якія скарацілі колькасць сацыяльных паказнікаў да аборту ад 9 да 2 і далі права дактарам адмаўляцца ад правядзення аборта.

Натхнёныя поспехам, хрысціянскія дэмакраты ўзяліся за кампанію “Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю”. У 2013-16 гадах у дзясятках гарадоў былі сабраныя подпісы за абмежаванне часу продажу алкаголю, узросту рэалізацыі, адасабленне спіртнога ад прадуктаў харчавання, забарону парасонавых брэндаў. На мясцовым узроўні хадэцкія антыалкагольныя захады далі рэальны плён.

У канцы 2014 года БХД з ініцыятывы Віталя Рымашэўскага пачала шырокамаштабовую кампанію “Народны кантроль”, мэтай якой было дамагчыся паляпшэння умоваў жыцця для насельнікаў асобных гарадоў – у галінах медыцыны, экалогіі, прадпрымальніцтва, адпачынку. Так, у Віцебску хадэкі дамагліся будаўніцтва паліклінікі й рамонту інфекцыйнага шпіталя, а таксама роварных дарожак, у Гародні – адкрыцця медпункта на кірмашы, у Гомелі – ачысткі гарадскога вадаёма. Агулам сябры БХД за год, да лета 2015 года сабралі звыш 80.000 подпісаў па значных грамадскіх праблемах.

Важную і выніковую кампанію ў 2014-15 гадах правялі Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты: “Беларусь – у Балонскі працэс”. Маладыя хадэкі пад кіраўніцтвам Марыны Хоміч сабралі больш 6 тысячаў подпісаў за далучэнне Беларусі да Балонскага працэсу – і ў сярэдзіне 2015 года ЕС адчыніў дзьверы для беларускай сістэмы адукацыі.

Працягвалася кампанія “Люблю Беларусь”, у рамках якой выйшлі яшчэ 3 музычныя зборнікі “Беларускі хрысціянскі хіт” - “Бардаўскі хрысціянскі хіт”, “Пілігрымскі хіт” і “Люблю Беларусь”, прайшлі яшчэ два выпускі “Дыджэяў Адраджэння”, шэраг канцэртаў і вечарынаў.

“Выбарчыя кампаніі” 2012-2016

У “выбарчых” кампаніях за 2012-2016 гады БХД пераспрабавала ўвесь спектр тактыкі – ад байкоту і папярэдняга зняцця да ўдзелу і назірання з мэтай ускрыць фальсіфікацыі. Падчас “парламенцкай” кампаніі 2012 года хрысціянскія дэмакраты абвесцілі, што не будуць удзельнічаць у “выбарчым” спектаклі, пакуль рэжым не вызваліць палітычных вязняў. Адначасова БХД сканцэнтравалася на назіранні – і вылучыла ва ўчастковыя камісіі сотні назіральнікаў.

Падчас мясцовай кампаніі 2014 года мы вылучылі каля 180 прамоўцаў, з іх падалі дакуманты на рэгістрацыю 131, а зарэгістраваны быў ўсяго 41 – рэжым зрабіў высновы з папярэдняй хадэцкай кампаніі. Падчас нашай акцыііі супраць “свіной чумы”, калі ў прыватнікаў з нагоды нібыта хваробы знішчалі пагалоўе свіней, да БХД далучылася некалькі дзясяткаў вясковых гаспадароў і фермераў, і ў выніку хадэк , гаспадар Валер Білібуха (адзіны на ўсю апазіцыю) стаў дэпутатам сельскага савету ў Бярозаўскім раёне.

Перад кампаніяй 2015 году БХД прапанавала дэмсілам вылучыць на “прэзідэнцкія выбары” адзінага кандыдата, і, каб стварыць зручную перамоўную пляцоўку, адмовілася вылучаць уласнага прэтэндэнта. Але нават гэты палітычны альтруізм не спрацаваў: паўтара гады перамоваў патанулі ў асабістых амбіцыях лідэраў іншых сілаў, і ў выніку БХД, як і большасць дэмакратаў, “выбары” байкатавала ды арганізоўвала моцнае незалежнае назіранне (звыш 340 назіральнікаў).

У “парламенцкай” кампаніі 2016 году вылучылася 32 хрысціянскія дэмакраты, з якіх 24 былі зарэгістраваныя і выкарысталі збор подпісаў і пікеты дзеля шырокай працы з людзьмі – прычым гэтым разам хадэкі ішлі ў адзіным спісе правацэнтрысцкай кааліцыі , разам з Аб’яднанай Грамадзянскай Партыяй і Рухам “За свабоду”.

Трэба зазначыць, што на “выбарах” усіх узроўняў БХД аказалася найбольш моцным складнікам незалежнага грамадскага назірання “Права выбара” (хрысціянскія дэмакраты ў 2015 і 2016 гадах вылучалі найбольш назіральнікаў сярод усіх дэмакратычных партыяў і арганізацыяў – 346 і 352 адпаведна, рыхтавалі найболей скаргаў, ускрывалі самыя яркія факты фальсіфікацыяў) - і ў выніку ў 2014-2016 кааліцыйную кампанію ачольваў топ-мэнэджар БХД Дзяніс Садоўскі.

З’езд БХД 2015 года. Абноўленая і пашыраная Праграма БХД.

13 чэрвеня 2015 года ў прысутнасці 205 дэлегатаў і каля 100 гасцей у Менску прайшоў чарговы з’езд БХД. З’езд пераабраў сустаршынямі Георгія Змітрука, Віталя Рымашэўскага і Паўла Севярынца, сфармаваў новую Нацыянальную раду і падрыхтаваў чарговую партыйную рэгістрацыю. Галоўным жа ягоным вынікам стала прыняццё абноўленай і пашыранай Праграмы БХД “Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”– дакуманта на больш як 90 старонак з 12-ці раздзелаў, які рыхтаваўся з канца 2010-га года.

Канцэптуальнай асновай для Праграмы засталася палітычная платформа, выпрацаваная яшчэ ў 2005 годзе і зацверджаная на першым з’ездзе адноўленай БХД у 2009-ым. Разам з тым, на працягу 2010-2013 гадоў падчас шэрагу круглых сталоў і канферэнцыяў з удзелам экспертаў хрысціянскімі дэмакратамі былі распрацаваныя цэлыя новыя праграмныя блокі – прынцыпы ўзаемадзеяння асобы і супольнасці, арганізацыя новай структуры дзяржаўнага кіравання, сістэма мясцовага самакіравання і адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа, узаемадзеянне з цэрквамі, сістэма правасуддзя, бяспекі і правааховы, палітыка ў галіне падтрымкі сям’і, адукацыі, прадпрымальніцтва, маладзёвай сферы. Трэба асабліва адзначыць ўнёсак у гэтую працу Змітра Кухлея, Алеся Шамякіна, Віталя Рымашэўскага, Вольгі Кавальковай, Марыны Хоміч, Максіма Гацака.

У абмеркаванні новых тэкстаў, іх дапаўненні і ўдакладненні найбольш актыўна ўдзельнічалі Аляксей Шэін, Юрый Клімовіч, Мікалай Баўсюк, Таццяна Севярынец, Юлія Фралова, Галіна Каржанеўская, Георгій Змітрук. Рэдагаваць Праграму мне давялося ў спецкамендатуры ў Купліне. Нарэшце, пасля канчатковага ўзгаднення сярод кіраўніцтва, 90-старонкавы тэкст быў прыняты на з’ездзе 13 чэрвеня 2015 года.

“Партыя Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” з’яўляецца народнай партыяй і ажыццяўляе дактрыну сучаснай хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі. БХД аб’ядноўвае людзей шырокага ідэйнага спектру: хрысціянскіх дэмакратаў, прыхільнікаў цэнтрысцкай хрысціянска-сацыяльнай плыні, а таксама прыхільнікаў каштоўнаснага кансерватызму” - сцвярджае Праграма БХД- 2015. – “Мы вызнаем, што чалавек створаны на вобраз і падабенства Божае. Разам з тым грэх, які увайшоў у чалавечую прыроду, не дае магчымасці для самавыпраўлення – і, як хрысьціянскія дэмакраты, мы бачым адказ на ўсе пытанні чалавечага існавання ў Богачалавеку Ісусе Хрысце”.

Праграма БХД 2015 года прадугледжвае сярод іншага дэкамунізацыю грамадскага жыцця, шырокую дзяржаўную падтрымку беларускай мовы і культуры, свабоду сумлення і пашырэнне правоў цэркваў, падзел Беларусі на воласці і паветы дзеля больш эфектыўнага гаспадарання, прыватную ўласнасць на зямлю, інавацыйны і сэрвісна-лагістычны шлях развіцця эканомікі, вынішчэнне карупцыі паводле “Закону Лінкальна”, накапляльныя пенсіі, страхавую медыцыну, комплекс мер дзеля абароны жыцця і падтрымкі сем’яў, стварэнне міжканфесійнага хрысціянскага універсітэту, актыўную маладзёвую палітыку, грунтаваную на стымуляванні адказнасці.

“Урад для народа”

Новую якасць Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі як палітычнай сіле надала кампанія “Урад для народа”.

На працягу траўня - снежня 2015 года БХД з дапамогай вядучых незалежных экспертаў, хадэцкага Інстытута дэмакратыі і сацыяльнага рынку (дырэктар – Зміцер Кухлей) і Паўлам Пракаповічам у якасці менеджара распрацавала дзесяць законапраектаў і канцэпцыяў у ключавых галінах рэфармавання.

Так, пры ўдзеле кіраўніка Таварыства Беларускай Мовы Алега Трусава быў падрыхтаваны праект “Закона пра культуру”, доктара юрыдычных навук, прафесара, суддзі Канстытуцыйнага суда Міхаіла Пастухова – “Праект рэформы сістэмы правасуддзя”, былога кіраўніка Нацыянальнага банка Станіслава Багданкевіча і экс-прэм’ера Беларусі Міхаіла Чыгіра – “Канцэпцыя эканамічнай мадэрнізацыі Беларусі”, доктара Уладзіміра Дунаева – праект “Закона аб адукацыі”, кіраўніка “Асацыяцыі беларускіх медыкаў” Андрэя Вітушкі – “Канцэпцыя рэформы сістэмы аховы здароўя” , вайсковага эксперта Андрэя Паротнікава – праект “Закона аб абароне”, самога Змітра Кухлея – “Канцэпцыя развіцця ЖКГ” (адпаведны круглы стол з удзелам хадэкаў прайшоў нават на афіцыйным узроўні), кіраўніка Беларускай Асацыяцыі Журналістаў Андрэя Бастунца – “Канцэпцыя рэфармавання медыйнай сферы ў Беларусі”, юрыста Вольгі Кавальковай – “Канцэпцыя пенсійнай рэформы”, энэргетыка Станіслава Гусака – “Канцэпцыя дыверсіфікацыі паставак вуглевадародаў у Беларусь”.

У кожнай тэме былі праведзеныя круглыя сталы і канферэнцыі, праекты рассылаліся ў дзяржаўныя ўстановы і на міжнародную экспертызу.

Са стварэннем заканадаўчай базы для пераменаў БХД займела статус партыі, гатовай браць адказнасць за краіну.

Перспектывы Беларускай Хрысцянскай Дэмакратыі

У 2014-ым мы разам з прэс-сакратаром БХД Максімам Гацаком і журналістам Анатолем Шырвелем заснавалі першы ў Беларусі міжканфесійны хрысціянскі інфармацыйны партал “Крыніца.інфа” ды Супольнасць хрысціянскіх журналістаў і блогераў. Стогадовая традыцыя беларускіх хрысціянскіх медыяў пад эгідай БХД аднавілася – і нашай марай сталася стварэнне самай чытанай інфармацыйнай платформы ў краіне ды рэгіёне.

У выніку шырокіх кампаніяў БХД умацавалася ў рэгіёнах і Менску. Агульная спісавая колькасць сябраў БХД перавысіла 4000 чалавек. Дзейсныя супольнасці хрысціянскіх дэмакратаў узначалілі Алег Аксёнаў у Магілёве, Павел Пракаповіч у Менскай вобласці, Яўген Анішчанка ў Воршы, Сяргей Верамеенка ў Гародні, Віктар Гарбачэўскі на Берасцейшчыне, Алесь Шарыпаў у Гомелі, Андрэй Гайдукоў у Наваполацку, Дзіяна Чэбышава ў Полацку, Багуслаў Мацук у Мёрах, Раман Ганчароў у Маладзечне, Алег Кокаш у Наваградку, Таццяна Малашчанка ў Баранавічах, Уладзімір Шыла ў Салігорску, Дзяніс Дашкевіч у Рагачове, Арсень Чыгір у Асіповічах, Зміцер Вінаградаў у Мядзелі, Святлана Манько-Раткевіч у Заслаўі, Вольга Кавалькова ў Менску.

У жніўні 2015 года на Данбасе загінуў кіраўнік берасцейскай гарадской арганізацыі БХД, які паехаў дабраахвотнікам (капеланам і медыкам) абараняць незалежнасць Украіны ад расейскай агрэсіі, 32-хгадовы Алесь Чаркашын. Праз год на сродкі, сабраныя па ўсёй Беларусі, хрысціянскія дэмакраты паставілі на могілках пад Берасцем помнік Алесю. Пасля украінскай “Рэвалюцыі годнасці” і вайны на Данбасе менавіта БХД выступіла ініцыятарам стварэння “Камітэту салідарнасці з Украінай” у 2014 годзе і “Камітэту бацькоў беларускіх дабраахвотнікаў ва Ўкраіне” у 2016-ым.

Увосені 2015 года БХД на прапанову Віталя Рымашэўскага разам з АГП і Рухам “За Свабоду” заснавала правацэнтрысцкую кааліцыю – ядро для яднання ўсіх дэмакратычных сіл. Пагадненне было падпісана таксама і на найвышэйшым палітычным узроўні ЕС - прэзідэнтам Еўрапейскай Народнай Партыі Жозэ Долем, які 31 жніўня 2016-га прыехаў з візітам у Мінск. Ужо ўвосені 2016-ага правацэнтрысты вылучылі адзіны спіс прамоўцаў у “парламенцкай” кампаніі, і стварылі агульную Асамблею Народных Прадстаўнікоў (свайго роду народны парламент).

На 2017 год БХД запланавала шырокае адзначэнне стагоддзя хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі. Вечарыны памяці, усталяванне крыжоў ды мемарыяльных шыльдаў, набажэнствы, якія сумяшчаюцца з навукова-практычнымі канферэнцыямі, экскурсіямі, прэзентацыямі законапраектаў БХД ды кнігаў “Беларуская хрысціянская дэмакратыя 1917-2017” і “Сто асобаў БХД”, распаўсюд партыйнай Праграмы і працяг кампаніяў – найлепшы адказ на пытанне пра жыццяздольнасць хрысціянска-дэмакратычнай ідэі ў Беларусі.

70-гадовае панаванне камунізму з рэвалюцыямі і войнамі, і дваццацігоддзе прарасійскай дыктатуры прывялі Беларусь да страшнага маральнага правалу. У Беларусі ўкаранілася норма хлусіць, красці, піць, фальшаваць выбары. Краіна выйшла на першае месца паводле ужывання алкаголю на душу насельніцтва ў свеце, на першае месца ў Еўропе па колькасці зняволеных жанчынаў, практычна страціла беларускамоўную адукацыю.

І, як і для пасляваенных Германіі ды Італіі, стала відавочна: каб выцягнуць 10-мільённы народ з гэтай ямы, патрэбная сіла, заснаваная менавіта на ўкарэненых ва ўласнай гісторыі маральных прынцыпах. На хрысціянстве і патрыятызме. Перспектыва хрысціянскай дэмакратыі зараз, у пачатку ХХІ стагоддзя – гэта перспектыва выжывання беларусаў як нацыі і Беларусі як дзяржавы.З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя"


#100гадоўБХД


31.12.17 17:44

Павел Севярынец