ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ. Новы Запавет


Многія прызвычаіліся глядзець на такую гісторыю даволі сумна, паныла й без асаблівай цікавасьці. Маўляў, ну, былі паняволеным народам... Але момант ісьціны заключаецца ў найвышэйшым, біблейскім сэньсе гэтых драматычных падзеяў. Беларускі арэол сьвятла й духовасьці пасьля падзеньня ВКЛ азарыў Расею й паў-Эўропы. Беларусь – вельмі рэдкі выпадак у сусьветнай гісторыі – дамаглася адраджэньня дзяржаўнасьці ня зброяй, не паўстаньнем, крывавым тэрорам ці рэвалюцыяй гвалту, а любоўю, цярпеньнем і ўнутранай сілаю духу. Менавіта так 2000 гадоў таму перамог на крыжы Хрыстос, вызваляючы й ратуючы сьвет Сабою. Амаль усім падчас укрыжаваньня здавалася, што Яго жыцьцё скончылася правалам, і гэта было страшнае расчараваньне. Але далейшае ўваскрасеньне й фэнамэнальны распаўсюд хрысьціянства па ўсёй зямлі давялі, што перамога была абсалютная.

Зараз беларускі Новы Запавет перажывае эпоху Эвангельляў. Зноў і зноў – як у Бібліі, якая паўтарае гісторыю сьмерці й уваскрасеньня Ісуса чатыры разы. Зноў і зноў апошнія чатыры стагодзьдзі Беларусь увасабляла гэтую гісторыю, штораз паміраючы й уваскрасаючы.

Але цяпер, пасьля апошняга ўкрыжаваньня, калі мы (ужо ў які раз!) замест мёртвага цела ўбачылі ў пустой магіле бел-чырвона-белы сьцяг, калі апошні фама няверуючы ўжо ўсклікнуў: “Госпадзе мой і Божа мой!” – за Эвангельлямі надыходзіць пара Дзеяў Сьвятых Апосталаў. Потым – Апостальскіх Пасланьняў. І затым – апошняга Адкрыцьця, поўнага зьзяньня нябёснае славы.

А значыць, наперадзе Беларусь чакае яшчэ больш вялікая гісторыя. Гісторыя падарожжаў, пакутаў і павучаньняў, празь якія народы пойдуць да спазнаньня Бога. Гісторыя місіі й пропаведзі ашаламляльных маштабаў – па ўсім зямным шары.

Гісторыя, што захапляе дух і ясна адказвае, Чаму.

Гэта ня містыка. Гэта рэальная гісторыя датаў, зьяваў, падзеяў, асобаў, зафіксаваная у беларускіх кроніках.

Апошнія некалькі стагодзьдзяў гісторыю Беларусі пісалі суседзі. Расейская, польская, летувіская, савецкая акупацыйныя канцэпцыі разрывалі Беларусь, выхопліваючы яе з рук адзін у аднаго, на Северо-Западный Край, Крэсы Ўсходнія ці літоўскія правінцыі. Толькі ў ХХ стагодзьдзі, намаганьнямі Доўнар-Запольскага, Ластоўскага, Ермаловіча, Грыцкевіча ды Арлова на абломках савецкае імпэрыі паўстаў цэласны й самастойны нацыянальны пагляд, і Беларусь заняла свой пачэсны пасад між народамі.


З кнігі "Люблю Беларусь"

Працяг будзе
09.01.18 19:04

Павел Севярынец