Мышка ў жаху. 07.03.2017

Я заўсёды-заўсёды апраўдваў нашу апазіцыю. Прам біўся як мышка галавой у цвічок і тарахцеў: не чапайце, не чапайце, апазіцыя нам нічога не павінна. Апазіцыя проста ў пэўны момант мусіць арганізаваць існуючы, але неарганізаваны пратэст. І вось сёння я вам магу сказаць. Мышка прабіла цвічком галаву. Мышка стамілася.
Дарагая апазіцыя. Лічы, што гэта ліст у якім мышка з дзіркай вапіе: калі пратэст узначальваюць анархісты - гэта, прабачце, трындзец. Мышка так і кажа "трындзец" з клічнікам на канцы. Гэта значыць, што збірайце і пакуйце рэчы, лідары рухаў і партыяў. Вы клёвыя, разумныя, умелыя. Але, рэбзя, калі ў маёй краіне натоўпы за сабой водзяць невядомыя хлопчыкі з закрытымі тварамі, з палымянымі сэрцамі і чыстымі як аперацыйны пакой галовамі - страшна мне. Я размаўляў з анархістамі некалькі разоў за апошні час. Яны слаўныя. Мілыя. Але яны не могуць адказаць ні на адно пытанне. Нават на пытанне: "што будзе прыкметай таго, што анархізм перамог". У іх няма адказаў, але ёсць лозунгі і рашучаць. Крута, канешне, але ў нас тут стогадовы юбілей з таго часу, калі мы гэта праходзілі. Вы ў курсе?

Таму ў мяне для вас яшчэ адна гісторыя для паралелі. Учора на разбор намётаў на Курапаты таксама прыходзілі анархісты. І таксама мілыя і слаўныя. Яны стаялі, стаялі, па-дзіцячы сарамліва ўсміхаліся, а пасля спыталі, чым дапамагчы. І ім адразу навалілі працы. Вельмі добра - сказалі ім, - што вы прыйшлі. Давайце, дапамагайце. І харошыя анархісты разам з астатнімі насілі, разграбалі, вывозілі, ламалі, палілі, палілі, палілі...Але ніфіга нічога не ўзначалілі, бо нельга узначаліць па-першае ўзначаленых, а па-другое асэнсаваных. Нельга падысці да тых, хто працуе і прапанаваць іх узначаліць не будучы пасланым нахер. Вось, якая штука. 
Так што, калі анархісты павялі за сабой шматтысячны мітынг, дарагая мая апазіцыя, то шанец быць пасланымі нахер з'явіўся менавіта ў вас і, скажу па шчырасці, гэта справядліва, хаця мышка ў ціхім жаху з гэтай нагоды. Мышка ў ціхім жаху...

Грымотагалосны і лікуючы калгас 19.07.2016 3

Ведаеце, калі людзі кажуць, што "я паспытаў нязведанае", яны могуць рознае мець на ўвазе. Часцей за ўсё нешта не надта уражвальнае. Ну, там, беларускамоўны мент, ці сумленны суддзя ці, ў скрайнім выпадку, талерка з іншапланетнікамі. Але вось я нядаўна уразіўся. 

Сядзім з мамай на лецішчы, фарбуем сабе домік. Ну і тут па вушах пачынае валіць нейкая цыганшчына. І не тыпу Кустурыцы, хаця і гэтага камуніста з кібіткі я не тое, каб вельмі. А такая цыганшчына-цыганшчына: "цігані едут, цігані едут, цигани табарам живут!". І так гучна, што я на лясах на вышыні 6 метраў вібрырую. Ну, думаю, от жы ж паскудства, пайду сварыцца. І, галоўнае, ведаю, куды ісці - ёсць у нас на дачы адно месца ў стылі "піпец". Такі участак абнесены прафнасцілам, завалены арматурай, газасілікатнымі блокамі і іншым барахлом, на тэрыторыі якога сто пабудоў, зробленых з гаўна і свіста і дзе жывуць людзі, скажам так з вельмі сумніўнымі маральнымі якасцямі і гнуткім стаўленнем да чужой прыватнай ўласнасці. Пра іх - асобная гісторыя - іншым разам. 

Іду я да гэтых таварышаў такі злы і кумекаю, як жа мне на іх паўздзейнічаць з улікам таго, што там, за металічным плотам, вечна поўны двор быкаватых пацаноў гадоў 25, чыя тэмпература перманентна 36,6+40. Падыходжу і разумею, што "цігані едут" - не адтуль. Іду далей па вуліцы і даходжу да акуратненькага маленькага доміка настаўніцы музыкі, усёй такой адвечна "благауханнай і асіяннай." якая ладзіць у сябе вечарыны ў стылі "сіребрінный век" з чытаннямі русссскай класікі і усяго такога. Да доміка дамы, якая праперфарыравала мозг братану і ягоным сябрам за тое, што яны на выходных п'юць піва і граюць на гітары. Якая на ўсе дачы разнесла вердыкт, што "Уладзік з Вадзікам співаюцца" і наогул ступілі на склізкую сцяжынку.

І вось я падыходжу да яе доміка і слупянею. Яны там у колькасці чалавек дзесяці паставілі крэслы паўколам, селі - як у кансерваторыі - шырока расплюшчылі вочы і ўнемлюць. А перад імі з мікрафонам (!) і калонкамі (!) выступае пузаты "цыган", у атачэнні "цыганак", якія носяцца і трасуць топікамі, абвешанымі, недэнамінаванымі манеткамі. "Дарагіі гості, дарагая імінінніца, к вам пріехал ціганскі табар! Встрічайті!!!!"
Ну і яны паслухмяна пляскаюць у ладкі - сустракаюць. благауханныя і асіянныя. Сказаць, што я ахуеў - значыць не сказаць нічога. Пасярод 6 сотак садовага таварыства - табар. Табар!!!

Я машу і сігналізую рукамі і да мяне выходзіць яна - віноўніца ўрачыстасцяў.
- Доўга, кажу, ў вас табар будзе гасціць?
- Не-не. Хвілін сорак.
Разгарнуўся і пайшоў дадому, заўважаючы, як з "тэрыторыі мэдмакса" вылятаюць радасныя пацаны.
- Стас, здарова! Чо там у іх?
- Там у іх рэальныя, сапраўдныя цыгане! - кажу.
- Афiгенна, цыгане! - Прытанцоўваючы узлікавалі саракаградусныя пацаны і хуценька пабеглі да участка настаўніцы музыкі, каб зліцца з ёй у адзіным культурным экстазе, ці хаця б каб пагрэцца ў промнях яе мелічнай велічы.

Сустрэў суседку. Расказаў пра свой экспірыенс. Яна спачатку пакачала галавой, а пасля паціснула плячыма:
- Ну, гэта хаця б не тое, што зараз моладзь слухае: тыц, тыц, тыц! бум-бум-бум.
- Угу, - кажу. Не тыц-тыц, не бум-бум. Гэта, дно. Я бы цыган мяняў па курсе адзін да ста. адзін "алалалэй" на сто самых пачварных "тыцаў".
Суседка не пагадзілася: "жывая музыка - гэта жывая музыка. Мастацтва".

Ішоў я і думаў. Адкуль гэта бярэцца? Гэты невыкаранімы грымотагалосны і лікуючы калгас. Чаму яны любяць вось такое? Скажам, папулярныя ў апошнія дні Ісландцы? Калі б перасадзіць іхную музыку, а на яе месца паставіць вось гэтую - лепсаў, цыган, валерый, газманавых, дарафеевых, ухцінскіх, лесапавал - ісландцы, прыгожыя і белазубыя - сталі бы слухаць? Ну, не адразу, а хаця б праз год? Напэўна, не сталіб. Утапілі бы лепсаў у моры і вярнулі бы сваё. 
 
Дык можа гэта нейкі ген? Ці вось, напрыклад, сабакам жа, бывае, бракуе гаўна ў арганізме, таму яны яго ахвотна ядуць. Можа і гэтым гаўна не стае? Тады ў Рыгорыча ёсць у запасе вяліізны рэсурс, думаю я. І калі ягоны рэйтынг упадзе, - ён проста павінен спець.

Гвалт над людзьмі 09.07.2016 1

Я не ведаю, чаму, але ад усіх міжнародных флэшмобаў патыхае пафасам такога лэвэла, што я канвульсірую проста спазматычна. Калі ўсе становяцца знатакамі жывапісу ці ахвярамі ці маржамі ці шчыра ўдзячнымі некаму за нешта...ты адчуваеш, што жывеш у прасунутым тэрмітніку, у муравейніку, у вуллі, дзе ўсе робяць нешта настолькі асэнсаванае і сінхроннае, што хочацца назначыць сябе галоўным трутнем. Што тычыцца апошняй тэмы гвалту над жанчынамі, то на правах трутня я хацеў бы пры сціжме Ўсіх правільных пчолак адкашляцца і сказаць вось што.

Можаце мяне выпіліць з вулля, але я падазраю, што у праблеме гвалта над жанчынамі на мой сціплы погляд адсутнічае самастойны кампанент жанчыны. То бок, штука ў тым, што гвалт над жанчынай, як над прадстаўніком гендара - штука выключна рэдкая, а вось гвалт моцнага над слабым - справа выключна частая. Ці б'юць мужчыны жанчын? Б'юць. Чаму? таму, што яны слабей. Але не таму, што яны - жанчыны. Ці б'юць мужчыны мужчын? Б'юць. І люлей, наколькі мне падказвае вопыт, часцей за ўсё атрымліваюць мужчыны сціплых габарытаў. Бо біць слабога - рацыянальна, калі ты любіш біць. 

Ці б'юць мужчыны дзяцей? Б'юць. Ці б'юць жанчыны дзяцей - б'юць. Чаму? Таму, што некаторыя людзі (незалежна ад пола) б'юць таму, што проста могуць пабіць.

Так, жанчын часцей гвалцяць сексуальна, але, скажам шчыра, мужчыны, будучы фізічна больш моцнымі, часцей за ўсё лічаць сексуальным аб'ектам менавіта жанчын. Калі ж жанчына прыйдзе ў гейклуб, шанец быць згвалчанай у яе, думаю, будзе імкнуцца да нуля. Чаго нельга сказаць пра слабога мужчыну. Усе мы больш-менш чулі пра спосаб сексуальных узаемадачыненняў паміж мужчынамі ў закрытых установах тыпу турма. Пры гэтым ніхто, нібыта, не ладзіць акцыі ў падтрымку мужыкоў, трахнутых іншымі мужыкамі, я ўжо не кажу пра адпіжжаных, бо у гэтым выпадку, пардон, мы ўсе будзем адначасова і злодзеямі і ахвярамі - пачынаючы з дзіцячага садка.

Карацей кажучы, няма гвалту над жанчынамі, ёсць гвалт над людзьмі: любога полу, любога ўзросту. Але, разумеючы гэта немагчыма тыкнуць пальцам і сказаць, што "вы вінаватыя", "вы - злобныя пахатлівыя жывёлы, не тое, што узвышаныя і вытанчаныя мы", "вы глядзіце на нас як на мяса" - нібыта мужыкі кожны дзень з жорсткасцю гвалцяць свінную рульку.

Са скотствам людзей цяжэй разбірацца, чым са скотствам мужчын, бо ў гэтым выпадку за тваёй спінай няма міл'ёнаў праведнікаў па палавой прыкмеце, няма абвінаваўцаў і абвінавачаных. Бо кожнаму трэба разбірацца з самім сабой.


"Яўрэй" - маркер "скандальнасці" 04.07.2016 28

Я не разумею, што такога скандальнага сказала Алексіевіч. Ну да. Украінцы і прыбалты тут у нас замяшчалі паліцыю, пакуль у 42-м годзе не набралі сваю. 
Ну да. Верагодна у Польшчы яўрэям прыходзілася куды цяжэй, чым у Беларусі. Гэта не значыць, што усе палякі забівалі ўсіх яўрэяў. Нехта забіваў, нехта ратаваў. Але была адметнасць. Дарэчы, у самой Германіі Геббельс перажываў, што простыя немцы не праяўляюць дастатковага мкнення ў справе ачышчэння арыйскай радзімы ад унтэрмэншаў. 
Верагодна, што і ў Беларусі былі біяграфіі у тым ліку і яўрэйскія, на базе якіх можна было б сказаць: нічога жахлівей з чалавекам адбыцца не можа. Усё гэта так. уся першая палова ХХ стагоддзя была такой, што свет быў напоўнены пакутамі і смерцю. І беларусаў і палякаў і яўрэяў і немцаў і рускіх і украінцаў і іншых і іншых і іншых. І па этнічных і па палітычных і па класавых і па якіх заўгодна прычынах. 
Проста слова "яўрэй" - гэта такі маркер "скандальнасці". Сказаў, што у нас усіх "беларусаў" растралялі менавіта таму, што беларусы, то бок нацдэмы, то бок - ворагі народа ну і насраць. Расстралялі і расстралялі. Выслалі і выслалі. Сказаў, што катавалі яўрэяў - скандал. НУ канешне. Яўрэяў жа ніхто не катаваў. Ні літоўцы ні палякі. Адны немцы пакуль не адмаўляюцца, калі і яны адмовяцца - застанеца пачаць лічыць, што яўрэі самі сябе знішчылі.
Іншае пытанне, што варта было б ужо неяк напэўна заканчваць абмяркоўваць гэтыя віны і пакуты, бо з імі усё ясна і свет зараз жыве куды больш актуальнымі вінамі, пакутамі і наогул праблемамі.
Я не бачу кантэкста выказвання нашай пісменніцы. То бок, я не ведаю, навошта яна вырашыла пра гэта пагаварыць. У любым выпадку - там няма нічога скандальнага. Падазраю, што ў залежнасці ад сітуацыі і пытання, яе спіч можна ўспрымаць у градыенце ад банальнасці да адэкватнасці.

Мікраспутнік Макрапамідорава 25.05.2016 25

Ладна. Не хацеў я пра "Спутнік", не хацеў. Але вось.

Негадуе грамадства. Не туды чалавек пайшоў працаваць. Палыхнула, ведаеце. Адразу. Кожны дзень розныя людзі ўладкоўваюцца ў розныя месцы, але Памідораў, канешне, усё паламаў.

Карацей, пытанне ў мяне. Вось скажыце, калі на БТ Дарафееў выклікаў “мікраінфаркт” з самавыпілам у Ярмошынай - вам спадабалася. А калі ён вымушаны быў з'ехаць у Кіеў - то не спадабалася. Вам падабалася, калі Бабарыка сказаў: "Жыве Беларусь"? Падабалася. Калі Макей чытаў Купалу, калі Латушка адстайваў нашу "скрадзеную" гісторыю, нават калі наша светач сказала, што мы - не рускі мір, - падабалася.

То бок, калі унутры ненавісных вам структур адбываецца нешта добрае - вы станоўча рэагуеце? Ці не?
Калі апазіцыя балатуецца ў прэзідэнты - вам падабаецца і нават калі ў парламент - падабаецца. І нават у гарсавет - няблага. А вось калі Памідораў ідзе на Спутнік - не падабаецца. А чаму?
Працаваць апазіцыянеру ў му..цкім парламенце - можна і трэба? А працаваць нармальнаму чалавеку ў му..цкай рэдакцыі - нельга і кепска? Значыць, вы разумееце, што парламент зрабіць нармальным можна толькі калі яго напоўніць нармальнымі людзьмі.

А спутнік - як? Як вы паўплываеце на ягоную рэдакцыйную палітыку, калі там будуць працаваць адны му..акі?
БТ, дарэчы, стаў зборышчам гэтых самых, таму, што яго гэтыя самыя засталіся, а іншыя - сышлі. Няўжо, калі б там былі ўсё спрэс Філімонавы - нас бы так кукожыла ад экранчыка?
Спутнік, значыць. Будзем знішчаць і забараняць, трэба думаць? І як вы думаеце яго забараніць? І хто гэта зробіць? Ваша петыцыя? Ці Лукашэнка? На Лу спадзеяцеся? Што ён, хоць і вы яго ненавідзіце, стане заступнікам вашай волі? Ці чакаеце, пакуль “Спутнік” стане сараўдным "спутнікам і пагромам"? І тады палягчэе?
Да ўсе нашы людзі павінны навадніць гэтыя сцаныя рэдакцыі. Гэтыя смярдзючыя структуры, мянтуру, ЖЭК, віна-гарэлачную краму, БТ, Універсітэт і дзіцячы садок. І тады можна будзе памяняць нешта і ў садку і ў Спутніку.

У садку можна дзецям не паказваць Луку па целеку, як раней паказвалі кашпіроўскага, а ў Спутніку можна казаць тое, што ты хочаш тым, хто хацеў кісялёва.

І гэта, рабяты 1:0 на нашу карысць, а не "ужас-ужас". Калі б мяне паклікалі на БТ, дзе б я мог казаць, што думаю "ягонаму" лехтарату - я бы ўжо прасаваў сабе кашулю, але БТ нікога не пакліча. А калі Спутнік паклікаў, значыць ён не той, што БТ, але Памідораў усё той жа Памідораў.
Як бы вам сказаць: сітуацыю ў краіне ў цэлым і у спутніку ў прыватнасці трэба мяняць сабой і не таму, што, бла-бла-бла, чалавек упрыгожвае месца. А таму, што ў нас, ды і наогул, няма іншых інструментаў. Мы можам зрабіць нешта толькі сабой. Я - сабой, ён - сабой, Памідораў - Памідоравым. І не трэба сябе шкадаваць, ашчаджаць і станавіцца ў позу беззаганнасці: не буду, не маё. Пранесці сябе незаплямленым праз усё жыццё і памерці нахрэн нікому не патрэбным нічога не зрабіўшы - "не найлепшае на зямлі", як сказаў адзін наш паэт.

Наш, з чалавечым тварам. 19.04.2016 2

Арыштавалі байца "Азова". Сказалі, што нацыст. І? Да...нацыст! Але гэта наш нацыст. Харошы. Добры. І мы павінны увасці ў становішча. Чаму? Таму, што ён ваяваў за добрых. І забіваў кепскіх. І калі ён вернецца да нас мы, як удзячныя людзі, павінны сказаць добраму нацысту, што мы разумеем, што нацызм бывае з чалавечым тварам. Вось падлеткаў жа гэтых, антыфашстскіх, беларускіх, ён не забіў? Ну... прымусіў зігаваць. І што? Павінен жа быў бы забіць. А раз не забіў то што? То скажам яму дзякуй, бо ён узняўся, так мовіць, над парадыгмай. Выйшаў за рамкі. І давайце скажам усім яўрэям, што вось у нас цяпер ёсць добры нацыст. Наш. І ці не маглі б вы, яўрэі, каб яго не траўмаваць не пераходзіць лінію Партызанскага праспекта? Вам шкада? Вам не шкада. Мы супраць вас, яўрэі, пакуль нічога не маем. Хадзіце сабе ў кінатэатр "Салют" ці куды там вам падабаецца. Але праз праспект не хадзіце. І цыганам там усялякім перадайце. І наогул гэтым "загарэлым" каб не пераходзілі лінію. Бо у нас там, ад "Пралятарскай" пачынаюцца усялякія добрыя людзі з чалавечым тварам...а яны, як убачаць якога-небудзь "жыда", так могуць не паспець выйсці за рамкі і ўваспарыць над парадыгмай...і наб'юць ім матрац...Так што давайце жыць разам. Гэта наша краіна, Беларусь. Яна для ўсіх. Для нацыстаў і для іх ахвяраў. І мы мусім паважаць адзін аднаго і не пераходзіць лінію Партызанскага Праспекта. Дзякуй!

Пра змаганне 02.04.2016 3

Размаўляў неяк з літоўцам на прадмет змаганняў і усёй фiгні. 

Карацей, сказаў мне літовец што яны супраць саўка гераічна змагаліся, а беларусы сядзелі на срацы роўна. 

- А чо вы тады незалежнасць у тым жа 91-м атрымалі, гераічныя, - пытаю. 

Карацей. Чытаю ў Паўліны Купрысь (на НН): больш за 500 сялянскіх выступленняў адбылося ў БССР толькі за тры з паловай месяцы 1930-га. 1163 тэрарыстычныя акты ў вёсцы (сярод іх 117 забойстваў актывістаў і 861 падпал калгасаў і калгасных двароў) зарэгістравалі органы НКВД ад 1 студзеня 1933 да 10 верасня 1934 у БССР.

Для здушэння супраціву ў сакавіку 1930 у Лельчыцкі раён былі накіраваны кавалерыйскі эскадрон, у Жыткавіцкі — чырвонаармейскі атрад, у вёску Ляскавічы Петрыкаўскага — атрад міліцыі і падраздзяленне пагранічных войскаў з двума кулямётамі.

Павесіць дзесяць камсамольцаў, а яшчэ дзесяць выгнаць — пастанавілі сяляне Лучынскага раёна Магілёўскай акругі, разграміўшы сельсавет і абраўшы старасту.

Разгромам хлебных крамаў суправаджаўся масавы жаночы стыхійны бунт у Барысаве 7—9 красавіка 1932.


Еўрапейскі Пакістан 16.03.2016 1

Вось дарма, дарэчы, Беларусь какетнічае, называючыся свецкай дзяржавай. На самой справе для нас нават статус клерыкальнай недастатковы. Нам трэба стаць тэакратычнай праваслаўнай дзяржавай. Еўрапейскім Пакістанам, ці Марока, але з моцным ухілам у хрысціянства, у праваслаўе. 

Я тут чытаю, што штрафы для ІП могуць быць паменшаны (увага) у 100 разоў! вось гэта прыкольна. У хрысціянстве існуе такая штука, як першародны грэх. Якая дазваляе называць грэшным любога чалавека ад нараджэння. То бок любы чалавек разглядаецца як грэшнік, як вінаваты. 

Але і выкупленне грахоў, скажам шчыра, звычайна праходзіць не надта балюча. Хадзі, кайся, маліся, купляй свечкі і рабі выгляд, што следуеш дагмату. То бок - грашы і кайся і крыху плаці. І тады праслізнеш у няшчыльна прычыненыя дзверы рая. 

Карацей, гэтыя "маленькія штрафы" для іпэшнікаў - гэта афігіцельна хрысціянская штука. 

Дзяржава не адмяняе штрафы, не мяняе законы, прызнаючы права прадпрымальніка весці дзейнасць так, як для ўсіх зручна. Не. Дзяржава проста робіць штрафы малюсенькімі. Але усеабдымнымі. Як новы падатак. 

Вялікі штраф - гэта калі ты хочаш нешта выкараніць і ведаеш, што так будзе лепей. Але нельга увесць вялікі штраф на "папісяць". Людзі звар'яцеюць, а пісяць не перастануць.
 
Таму трэба проста аб'явіць, што пісяць - кепска і браць са сцулёў па рубліку. І людзі будуць сарамліва працягваць пісяць і плаціць. Бо дзяржава зацікаўлена ў тым, каб яе грамадзяне былі злачынцамі, але пры гэтым каб не трэба было іх саджаць. Каб людзішкі баяліся, каб ведалі што за імі бясконцая чарга касякоў. І тут і там. Але каб зналі, што калі хадзіць ў падатковую, плаціць дробныя штрафы, пісаць тлумачальныя даведачкі, то нічога з табой не здарыцца. 

Проста трэба лісліва пасміхацца, казаць кантралюючым органам нешта тыпу "слаб чалавек", "ну вы ж панімаеця", "не устаяў", "не усачыў". А кантралюючы орган будзе не загадваць прыхраначыць грэшніка да слупа, а проста казаць "заплаці дзесяціну", "напішы, што больш так не будзеш" і "ідзі і болей не грашы". Да наступнага раза...


Санкцыі i глiсты 01.03.2016 1

Нішто так не пераконвае ў бессэнсоўнасці санкцыяў, як твар караля мятлы і шуфля на мітынгу прадпрымальнікаў. 

У яго выпучаны вочы, ён ваяўніча трымаецца за чаранок рыдлёўкі. Ен кідаецца на журналіста, ён з трох вядомых яму слоў генеруе 100 праклёнаў у адрас незадаволеных. Ён абараняе свой лад жыцця, сваё месца ў харчовым ланцугу. Сваё права быць глістом і жэрці гаўно ў сваім свеце, які абмяжоўваецца вядром у сялянскім сарціры тыпу "ачко". 

Санкцыі, санкцыі...Санкцыі - гэта калі вы кажаце таму, хто вырабляе гаўно, што вы не дадзіце яму спачатку на лобсцер, пасля на курынае крыльца. Пасля нават на хлеб з кефірам. 

І, канешне, вытворца гаўна будзе непакоіцца. За сябе. Але не за сваіх глістоў. Ён будзе трсці кулаком, ён будзе вінаваціць крэдытора ў арганізацыі голада, але ён не будзе хвалявацца за паразітаў, бо глісты спачуваюць яму безумоўна і на самым нізавым узроўні. 
Гліста не хвалюе рацыён таго, хто павінен раз на дзень навальваць кучу. Гліст проста хоча гаўна. Рэгулярнага, смярдзючана, на якое не пасквапіцца больш ніхто ў свеце. Прырода ў сваёй геніяльнасці адвяла яму гэтае месца і ён яго не выбіраў. Але таго, хто супраць гаўна гліст люта ненавідізць. Гліст не бачыць сябе збоку, гліст не разумее вынікаў сваёй дзейнасці. Гліста не цікавіць, працэс стрававання і адкуль што бярэцца. 

Чаго наогул чакаць ад арганізма, у якога неба над галавою - гэта сфінктар і дзірачка? Я дык нічога не чакаю. Нічога.


Пра рускі мір i галоўнае 19.02.2016 13

Вось чэсслова. НІколі я не меў ніякай патрэбы аплакваць цяжкую долю гомасексуалістаў. Не цікавіла мяне гэта тэма. Але як толькі пачытаеш якія-небудзь каменты ў якіх "садом", "мужык павінен быць мужыком", "гамасексуалізм ненатуральная ў прыродзе з'ява" - як хочацца узяць цвік, метафарычны, канешне, і ўбіць яго ў башку аўтару каментара. Ёж жы ж вашу маць. 

Ну ты расплюшчы вочы, калі сабачка з яйкамі залазіць на другога сабачку з яйкамі. Ну зазірні ты ў інтэрнет. Ну няма ніводнага жывёльнага віда, дзе няма гамасекаў, не кажучы ўжо пра спрэс бісэксуальных банабо ці там чаек ды лебедзяў. І калі я чытаю што гомікаў трэба лячыць, я адразу думаю, што лабатамія - неблагі сродак для аматараў прымусовага лячэння, бо яны куды небяспечней за так званых "садамітаў". 
Тое самае было ў мяне з яўрэямі. Ніколі мяне не цікавіла гэтая тэма. Я пра іх не думаў.Прынамсі, не болей, чым пра армянаў ці зулусаў, напрыклад. Чуў, што ёсць нейкія там людзі, якія іх (яўрэяў) ненавідзяць, але і яны мяне не цікавілі. 

Я наогул ніколі не меў схільнасці высвятляць чалавечую нацыянальнасць. Але як пачытаю пра "праклятых жыдоў", якія увесь свет давялі да ручкі і нават асфальт у Расіі стырылі, так і думаю: тваю жыж маць, каментатар. Ну чаму ты такое чмо няўжо цябе менавіта яўрэі да ручкі давялі...

Тое самае пра рускі мір. Ніколі я не задумваўся, як рускі глядзіць на свет. Якая, здавалася б, мне розніца? Як ён у сваёй краіне жыве? І пра што думае? Як ён любіць свае былінкі, тычынкі, бярозкі і песцікі. І раптам - херак і аказваецца, што ён не толькі на песцікі глядзіць. А ён на мяне глядзіць і на зэдлік на якім я сяджу і упэўнены, што я сапсаваны паляк і займаю сваім зэдлікам месца на ягонай рускай зямлі.
Вельмі верагодна, што адначасова ён, дарэчы, ненавідзіць "жыдоў" і "підараў". "Жыдоў", "підараў" і мяне з маім зэдлікам пасярод ягонай рускай зямлі.

І я палову жыцця думаю цяпер чорт ведае пра што. А пра галоўнае не думаю. А галоўнае ў тым, што ў мяне сёння госці і трэба па бухло ў краму бегчы...


Востраў пацаноў. 25.01.2016 3

Ну, паколькі гэта блог, то я без прэамбулаў. На гэты раз мне не падабаецца востраў слёз. 
Па-першае, гэта проста уродскі помнік. Суб'ектыўна, канешне. 
Па-другое, у нас куды ні плюнь - паўсюль абеліск загінулым недзе і неяк. Таму ўзнікае пытанне, навошта смуткаваць яшчэ і пасярод Свіслачы? Чаму не на Плошчы Перамогі ці каля Стэлы? І я скажу, чаму. Таму, што ў нас пры ўладзе і бабле вельмі спецыфічныя людзі. Якія не ўмеюць проста сказаць. Яны умеюць толькі праараць на вуха. Гэта традыцыя няўмення камунікаваць. Іх стыль - гэта "эх, яблычка", і "украсць так миллион, любить так королеву". Слухаць музло на увесь вагон, сварыцца з бабай на ўсю вуліцу. Яны спінным мозгам разумеюць, што горад - лепей за вёску, а цэнтар горада лепей за Гатава, але не могуць растлумачыць, чаму. 
Адпаведна, калі яны будуюць дом, то гэта павінен быть "самы ах...ы дом у самым цэнтры". калі гатэль - то зноў у цэнтры, калі "помнік пацанам", то "так, шоп ніхто міма не прашол" - у цэнтры. Для іх горад - не горад, а палігон, на якім можна пабудаваць самую высокую піраміду, усё як закладзена ў генах, якія не заткнуць. 
Таму калі будуецца помнік, то ён мусіць быць максімальна пошлы як песні Круга і максімальна ж пафасны. Бо інакш - як праслязіцца? Нельга аплакваць сваіх дома ці ў парку. Трэба плакаць ля помніка. У цэнтры горада. На спецыяльным месцы. Сярод вады. І каб бабло кідаць праз краты шчодрай жменяю. А богу маліцца трэба у самага ах...га храма ўсіх святых. І каб прыступак было шмат і купалоў шмат. І па-багатаму.

Кругазварот еўрабачання ў прыродзе 24.01.2016 16

Кожны год я чытаю, што ўсім насраць на гэты папсовы конкурс з нулявой значнасцю пад назвай "еўрабачанне".  
Пасля чытаю, што нарэшце з'явілася каманда за якую не сорамна і мы павінны зрабіць, каб "наша" каманда перамагла.  

Пасля чытаю, што "наша" каманда не перамагла, што "нас падманулі", што галасаване было несумленным. 

Пасля чытаю, што тыя, хто перамаглі - ганьба і аб'ектыўнае фуфло.  

Пасля чытаю як усе з заміраннем сэрца чакаюць: а можа быць гэтае фуфло дзіўным чынам пераможа ў фінале. 

Пасля чытаю, што фуфло не перамагло, хаця на фоне астатніх выглядала не так і фуфлова і што наша фуфло засудзілі ў гейропе, што палякі і рускія, і літоўцы не далі нам вышэйшы бал і вось такія яны братушкі і нарэшце чытаю, што ўсім насраць на гэты папсовы конкурс з нулявой значнасцю пад назвай "еўрабачанне".

Рускія плачы ў футляры і без. 26.12.2015 13

Я раскажу вам, за што я люблю ангельскую і амерыканскую літаратуру і чаму мяне не кранае руская. Руская літаратура гэта бясконцы несканчаемы Дастаеўскі, які плаўна перацякае ў Чэхава з ягонымі "устрыцамі". Памятаеце? Хлопчык з бацькам просяць міласціну каля рэстарана.
"— Дайте устриц! Дайте мне устриц! — вырывается из моей груди крик, и я протягиваю вперед руки.
— Помогите, господа! — слышу я в это время глухой, придушенный голос отца. — Совестно просить, но — боже мой! — сил не хватает!" 
І ім даюць устрыц. І хлопчык да адвала нажыраецца устрыцамі пад смех "кармільцеляў".
Гэты бясконцы ментальны калапс, дзе падзенне чалавека, ягоны злом - заўсёды не старт, і нават не сярэдзіна апавяданне - гэта финал. Вы разумееце, пра што я? Зламацца, апусціцца, папрасіць міласціну, памерці так, каб усім стала сорамна за твой стан, каб чытачы заплакалі і папрасілі ў цябе прабачэння за твае пакуты і каб ты іх ужо не пачуў. Вось гэта - руская літаратура. Хроніка самазабойства расцягнутага ў часе. Хроніка забойства расцягнутага ў часе. Летапіс прыніжэнняў. Грэх роспачы. Гімн скрусе.
Амерыканская літаратура - гэта калі ўсё пачынаецца з таго, з чаго заканчваецца руская. А далей развагі чалавека пра ягонае месца, пра ягоны спосаб, пра ягоную сутнасць і шлях. Гэта - Драйзер, гэта Лондан, гэта Рэнд, гэта Уорэн і вось вам у английских "фарсайтах" чувак даведзены да мяжы, звольнены з працы маючы маладую хворую на запаленне лёгкіх жонку...думае пра самазабойства. Хоча уключыць газ... А пасля ідзе прадаваць паветраныя шарыкі! Шарыкі ідзе прадаваць на вуліцу. І палісмэн уваходзіць у ягоны стан і не праганяе яго і купляе у яго адзін шарык. А пасля яшчэ адзін чувак купляе шарык.
- Рэшты не трэба, - паспешліва кінуў Сомс і пайшоў далей, сам сабе дзівячыся. Навошта ён купіў гэтыя штукі, ды яшчэ пераплаціў ўдвая, ён і сам не разумеў. Ён не памятаў, каб раней з ім здараліся такія рэчы. Дзіўна! І раптам ён зразумеў, у чым справа. Гэты малы такі пакорлівы, лагодны, такога трэба падтрымаць у нашы дні, калі так абуральна паводзяць сябе камуністы. І бо ў рэшце рэшт гэты небарака таксама ... ну, на баку капіталу, таксама ўклаў зберажэнні ў гэтыя шарыкі! Гандаль! ...
...Бікет глядзеў яму ўва след ў захапленні. Дзвесце пяцьдзесят працэнтаў прыбытку на двух шарах - гэта справа!"
Дык вось.
Калі ў мае цяжкія часы у мяне не было за што купіць хворай жонцы лекі ў аптэцы - я падпрацоўваў разнарабочым. Сценкі там фарбаваў, прынясі-падай. Мой бацька, малады архітэктар, у такой жа сітуацыі, маючы сям'ю, сеяў гранітную крошку на вытворчасці гранітных помнікаў. Бацька маёй жонкі хадзіў прадаваў дзвярное шкло па кватэрах, пакуль ягоныя справы не наладзіліся.
 І дзецям , як я лічу, трэба ведаць, што усе праблемы вырашаюцца вось так. Калі ты бярэш сраку ў жменьку і робіш роўна тое, што зрабіў бы персанаж кнігі, якая напісана не для таго, каб выціснуць з цябе апошняе: слёзы. Ды і першае - слёзы.
Я некалькі гадоў таму пісаў, што рускую літаратуру трэба выключыць як прадмет і паставіць яе ў кантэкст сусветнай. І нават не таму, што гэтая літаратура не наша. А таму, што фраза "чаму нас вучыць кніга" - не пустая і небессэнсоўная. Дзеці павінны убачыць яе ў кантэксце канкурэнтнасці ідэяў і вырашыць для сябе, ці блізкае для іх адвечнае і беспрасветнае галашэнне маленькага чалавека ў футляры і без.

Унутранае сонца і хованкі 22.12.2015 2

Дзіўная дзіўнасць. Вершы ў мяне пішуцца тады, калі я сяджу без працы. Тады я зыру у вакно (і лепей калі за вакном нейкая срань і слота) і пакутую. У галаву прыходзіць нейкі радок і херак - атрымаўся верш. У якім пакуты, срань і слота. Пры чым я не вельмі кантралюю працэс напісання, яно само атрымліваецца. Зараз справа іншая. Кладуся спаць раніцай і падымаюся той жа раніцай. Херачу як тата Карла. Гэта павінна гарантаваць адсутнасць вершаў. 

Але пару дзён таму у галаве перад сном пачалі актыўна зараджацца вершы-эмбыёны, вершы-мутанты. І нават не вершы, а проста.

Спачатку усё пачынаецца адной фразай, з якой па старой звычцы павінен бы - херак - і самастойна нарадзіца верш. Без майго удзелу. Але так не адбываецца.

За першай проста прыходзіць другая фраза, пасля трэцяя. У форме канспекта. Я так звычайна не вершы, а артыкулы ў Ніву і на Партызан пішу... І так увесь верш без намка на рыфму, без намёка на тое, што з гэтага эмбрыёна вырасце нешта з ручкамі і ножкамі. Ну вось апошні (запісаў перад сном): 

"Гэта такая гульня. Хованкі. ты становішся і прыкладаеш далоні да вачэй. Дзеці кажуць, што ты водзіш, дзеці смяюцца, дзеці разбягаюцца. Дзеці крычаць: "лічы". Ты прыціскаеш далоні да вачэй і бачыш фіялетавыя кругі. Бачыш сінія кругі. Калі мацней прыціснуць - ты бачыш унутранае сонца. Ты лічыш, спачатку да дзесяці, пасля да ста. Пасля лічыш, колькі хапае сіл. 
А калі ты прымаеш далоні з твару і азіраешся - сонца ужо зайшло і нават крыху астыла.
Усе дзеці схаваліся. Адны ў сябе. Другія за мяжу. Большасць даўно схавалася пад зямлёю. А табе застаецца толькі сказаць: тук-тук сам за сябе. кожны сам за сябе".

Читать другие новости