Гісторыя Гомельскай вуліцы Гомеля 17.09.2016 1

Гомельская вуліца з'яўляецца адной з самых старажытных вуліц Гомеля і гэта не магло адбіцца на тым, што вуліца зведала 5 перайменаванняў - апошняе ў 2014 годзе.



Наогул, толькі яшчэ адна вуліца, акрамя Гомельская, пераймяноўвалася 5 разоў - сучасная вуліца Кніжная, што першапачаткова была Рамесленай, а пасля 2-м завулкам, Тэльмана. У 1957 годзе яна стала Кніжнай, а пасля ў траўні 1973 года стала Хатаевіча. Але гэта назва праіснавала рэкорды тэрмін - толькі 4 месяцы і ў верасні 1973 года вуліца зноў стала Кніжнай.




Назва вуліцы Гомельскай з'яўляецца гістарычнай. 

Гомельская вуліца з'вілася ў горадзе сённяшнім Залінейным раёне пасля пасля пабудовы чыгуначных шляхоў праз Гомель ў 70-я гады 19 ст.

У 1776 года, калі пасля Першага падзелу Рэчы Паспалітай 1772 года частка Украіны была далучана да Расійскай імперыі  мястэчка Палавіцы было перайменавана ў Екацярынаслаў.

Прыкладна пасля 70-х гадоў 19-ст. Гомельская вуліца стала насіць імя Екацярынаслаўская.



У 1926 годзе Екацярынаслаў быў перайменаваны ў Днепрапятроўск і пасля гэтай даты гомельская Екацярынаслаўская вуліца была перайменавана ў вуліцу Днепрапятроўскую.

Затым Днепрапятроўскай вуліцы была вернута гістарычная назва - вуліца Гомельская.




Дарэчы, Днепрапятроўск таксама не так даўно перайменаваны і хоць не атрымаў гістарычнай назвы Палавіцы, але займеў імя без саветызмаў і русізмаў - Дняпро.

Акрамя гэтага, ва ўкраінскім Дняпры ёсць вуліца Гомельская.

Да 21 траўня 2013 года Гомельская вуліца насіла гістарычную назву, пакуль не здарылася чарговае безгустоўнае і безсэнсоўнае перайменаванне - вуліцы Гомельскай надалі імя Пенязькова. 




Жыхары вуліцы не сталі гэта трываць і масава пачалі выказваць пратэст супраць перайменавання - 178 жыхароў вуліцы выказалася супраць Пенязькова і толькі 5 гэта перайменаванне падтрымалі. 

Жыхароў можна зразумець - не шмат у Гомелі засталося вуліц з "нармальнымі" назвамі і ім зусім не хацелася жыць на вуліцы імя чарговага героя ці савецкага дзеяча. 

Такая прынцыповая пазіцыя месцічаў не засталася без увагі і 29 траўня 2014 года, праз год пасля перайменавання Гомельскай вуліцы зноў, ужо ў другі раз, была вернута гістарычная назва.




А Пенязькова паслалі на Шведскую горку, дзе адна з новых вуліц у хуткім часе атрымала яго імя - жыхары яе, вядома, такой назвай былі задаволены - сапраўды, ці можа быць лепшай назвай вуліцы, чым назва імя савецкага дзеяча ці ўдзельніка вайны?  Будзем спадзявацца, што Гомельскую вуліцу ўжо больш не закрануць ніякія безсэнсоўныя перайменаванні.

Але застаецца адкрытым пытанне аб тым, што ў Гомелі шмат вуліц носяць негістарычныя назвы, шмат вуліц носяць назвы, што не адпавядаюць палітычна-гістарычным рэаліям, а таксма шмат вуліц носяць імёны людзей, што не заслугоўваюць таго, каб іх імёнамі вуліцы былі названыя.


Гомельскія студэнты Тартускага ўніверсітэта 10.09.2016

Гісторыя Тартускага ўніверсітэта  пачынаецца з 1632 года, але мала хто ведае, што з яго сцен выйшлі кіраўнік урада Беларускай Народнай Рэспублікі Антон Луцкевіч, прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Усевалад Ігнатоўскі і іншыя палітычныя, грамадскія і культурныя дзеячы.

Менавіта Усеваладу Ігнатоўскаму  належыць выраз «Вучыць беларуса трэба на беларускай мове».

Але яшчэ менш вядомым фактам з'яўляецца тое, што з 1632-га да 1918 года ў Тартускім універсітэце вучыліся 2204 беларускія студэнты. Большасць з іх — 1414 чалавек — займаліся тут у 1892—1918 гадах.

Ад 1896 да 1918 г. у Тартускім універсітэце  вучылася 245 беларускіх студэнтаў. Першыя беларускія зямляцтвы не мелі рэгістрацыі і дзейнічалі сакрэтна, таму што студэнцкія карпарацыі былі забароненыя. 

Пасля рэвалюцыі 1905—1907 г. студэнцкія арганізацыі легалізавалі. У перыяд ад 1906 да 1908 г. было зарэгістравана 43 студэнцкія карпарацыі пры Тартускім універсітэце. Да канца ХIХ стагоддзя былі створаныя па тэрытарыяльнай прыкмеце Мінскае, Магілёўскае і Чарнігаўскае беларускія зямляцтвы. 

16 лістапада 1907 года загадам Савета прафесуры ўніверсітэта былі зацверджаны статуты Мінскага і Віленскага беларускіх зямляцтваў.

 У кастрычніку 1910 г. на юрыдычны факультэт Тартускага ўніверсітэта паступае Антон Луцкевіч, будучы кіраўнік ураду Беларускай Народнай Рэспублікі, дзякуючы якой паўстала сённяшняя Рэспубліка Беларусь.



Выконваючы загад Рады Міністраў, рэктар Тартускага ўніверсітэта У.Аляксееў 14 студзеня 1911 г. забараняе ва ўніверсітэцкіх корпусах «студэнцкія зборы ненавуковага характару».

Вінаватыя ў парушэнні адлічваюцца з універсітэта. Увесну 1911 г. Мінскае і Віленскае зямляцтвы спынілі існаванне. У 1916—1917 гадах узнікае яшчэ некалькі карпарацый беларускіх студэнтаў. 

Сярод іх былі і Гомельскае, і Бабруйскае зямляцтвы, статуты якіх былі зацверджаны Саветам прафесуры 3 снежня 1916 года. 




Пасля зацвярджэння статута 24 лютага 1917 года да іх далучылася і Віцебскае зямляцтва.

На жаль, няма звестак аб гомельскіх студэнтах, што вучыліся ў Тартускім універсітэце да 1892 года.




Але ў перыяд з 1892-га па 1918 год іх тут вучылася роўна 100 чалавек.  Гэта 7% ад агульнай колькасці беларускіх студэнтаў, што атрымлівалі адукацыю ў Тарту ў гэты перыяд.

З самога Гомеля было 38 прадстаўнікоў. З сучасных Гомельскага і Рагачоўскага раёнаў — па 14 ад кожнага.

З Рагачова — 4 студэнты,  13 — з сучаснага Мазырскага раёна, а з самога Мазыра — 6 чалавек. З сучаснага Рэчыцкага раёна было 8 чалавек, а з самой Рэчыцы — 3.

Адным з гомельскіх студэнтаў Тартускага ўніверсітэта Пётр Карповіч , што навучаўся на медыцынскім факульцеце ў 1898-1899 гадах.



У 1901 годзе Пётр Карповіч забіў міністра адукацыі Расійскай імперыі Мікалая Багалепава, за што відаць і атрымаў у самым цэнтры Гомеля вуліцу, што носіць яго прозвішча, а таксама аднайменны прыпыначны пункт.



У той жа час іншы студэнт эстонскага ўніверсітэта, Антон Луцкевіч, што стаў бацькам-заснавальнікам сучаснай Беларусі такога гонару ў Гомелі не атрымаў - відаць тэрарыст Карповіч гэтага заслугоўваў больш.

Цікава, што са 100 гомельскіх студэнтаў Тартускага ўніверсітэта, што навучаліся ў ім у перыяд з 1892-га па 1918 год, 41 вучыўся на юрыдычным факультэце.




Першай коннай статуі Беларусі - 170 год 26.08.2016

Сёлета спаўняецца 170 год з таго часу, як у Беларусі з'явіўся першы конны помнік.



У 1846 годзе ў Гомелі быў устаноўлены помнік князю Юзэфу Панятоўскаму. Гэта была першая конная статуя на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Дастаўлена яна была водным шляхам з Польшчы і ўстаноўлена на пляцоўцы каля паўднёвай вежы гомельскага палаца, дзе знаходзіліся таксама дзве турэцкія гарматы.



Гісторыя з'яўлення помніка наступная. Помнік князю Юзафу Панятоўскаму - праца дацкага скульптара Бертэля Торвальдсена. Манумент быў замоўлены ў 1817 годзе. У 1829 годзе ў Варшаве была створана мадэль помніка. Скульптура была адліта з бронзы ў 1832 годзе, аднак з прычыны рэпрэсій пасля паўстання 1830—1831 гадоў не магла быць усталявана паводле ранейшых планаў перад Палацам намесніка.



Манумент быў канфіскаваны і ў разабраным стане перавезены ў Новагеоргіеўскую крэпасць (Модлін). У 1840-х гадах помнік быў падораны Мікалаем I Івану Фёдаравічу Паскевічу, вывезены ў Дэмблін (Івангарад) і, нарэшце, у Гомель, дзе ён быў усталяваны ля палаца Паскевіча.

Манумент быў вернуты ў Польшчу ў 1922 годзе ў адпаведнасці з Рыжскім дагаворам. У 1923 годзе быў усталяваны ў двары каралеўскага палаца перад каланадай Саксонскага палаца і магілай Невядомага салдата.

Пасля прыгнечання Варшаўскага паўстання быў падарваны 19 снежня 1944 года.

Новую адліўку скульптуры, створаную 1948-1951 па мадэлі, якая захавалася ў музеі Торвальдсена ў Капенгагене, падарыў Польшчы дацкі ўрад. Яна была ўсталявана перад Старой Аранжарэяй у Лазенкоўскім парку, а з 1965 года — перад Палацам намесніка, цяпер рэзідэнцыяй прэзідэнта Польшчы.



Торвальдсен адлюстраваў князя Панятоўскага на кані, як на антычным мануменце Марка Аўрэлія на рымскім Капітоліі. Помнік не спадабаўся жыхарам Варшавы, з прычыны таго, што князь быў апрануты ў рымскі, антычны строй замест рыцарскіх даспехаў.



Трэба заўважыць, што ў 1812 годзе, ваюючы на баку Напалеона супраць Расіі, Панятоўскі ваяваў за аднаўленне Рэчы Паспалітай, канфедэратыўнай дзяржавы, у склад якой уваходзіла беларускае Вялікае Княства і Польскае Каралеўства.

Такім чынам Юзэф Панятоўскі ваяваў за незалежнасць сённяшняй Рэспублікі Беларусь. Слушнай будзе неабходнасць ўсталявання ў Гомелі копіі помніку Юзэфу Панятоўскаму на старым месцы. І не абавязкова бронзавага, прыгажосць яго не будзе горшай, калі ён будзе зроблены і з іншага матэрыялу.  

І кожны гамяльчанін пабачыць у помніку нешта сваё:  нацыянальнаарыентаваны беларус будзе бачыць у ім помнік герою барацьбы за незалежнасць Беларусі, манументальнае увасабленне "Пагоні", больш памяркоўны гамяльчанін - падарунак цара Мікалая Першага уладальніку гомельскага палаца Паскевічу, а звычайны гамяльчанін ці госць Гомеля - проста прыгожы помнік, каля якога хочацца сфатаграфавацца.  

Гэта ідэя знайшла сваю падтрымку і ў кіраўніцтва Гомельскага палацава-паркавага ансамблю: "Сапраўды, даволі працяглы час конная статуя Панятоўскага знаходзілася ў нашым горадзе. Дастаўленая ў 1846 годзе водным шляхам з Польшчы, яна была ўстаноўлена на пляцоўцы каля паўднёвай вежы палаца, дзе знаходзіліся таксама дзве турэцкія гарматы, якія былі ваеннымі трафеямі фельдмаршала Івана Фёдаравіча Паскевіча.

У нейкім сэнсе гэта ж можа быць аднесена і да помніка Панятоўскаму, які для польскага народа стаў сімвалам нацыянальнай незалежнасці і быў створаны на народныя грошы. Таму жаданне палякаў вярнуць гэты сімвал на радзіму пасля таго, як Расійская імперыя скончыла сваё існаванне, здаецца абсалютна натуральным. 

Мы не будзем абмяркоўваць палітычныя пытанні аб справядлівасці ці не справядлівасці Рыжскай дамовы, але ж нельга не пагадзіцца з тым, што помнік быў адным з найбольш адметных аб'ектаў, якія ўпрыгожвалі гомельскую сядзібу Паскевічаў.  Разам з іншымі дэкаратыўнымі элементамі (вазы, гроты, скульптуры і г.д.) ён стварыў той рамантычны вобраз палацава-паркавага комплексу, да якога імкнуўся яго аўтар - польскі архітэктар А. Ідзкоўскі. 

Копія статуі Панятоўскага і зараз магла б стаць прывабнай славутасцю, як для гамяльчан, так і для гасцей Гомеля.  Але для ажыццяўлення такога праекта патрэбны як мінімум дзве ўмовы: наяўнасць фінансавых сродкаў (ніякім бюджэтам яны не прадугледжаны) і, як мы лічым, узгадненне такой магчымасці з польскім урадам, а гэта выходзіць за межы паўнамоцтваў."



Калі з пошукаў сродкаў сітуацыя больш складаная (культура ў Беларусі традыцыйна спансуецца ў апошнюю чаргу), то з узнадненнем ідэі з польскім бокам дакладна праблемы не павінна ўзнікнуць. У лютым 2015 года Гомель наведваў на той час Надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешэк Шарэпка. Сярод іншага яму было зададзена пытанне аб тым, як ён адносіцца да усталявання ў Гомелі копіі помніка Юзэфу Панятоўскаму.

Адказ пасла палягаў у тым, што ён асабліва і не супраць гэтай ідэі, галоўнае, каб на яе рэалізацыю былі сродкі.  Адным з варыянтаў, як іх знайсці, можна зноў узяць польскі вопыт, згаданы ў адказе "помнік Панятоўскаму, які для польскага народа стаў сімвалам нацыянальнай незалежнасці і быў створаны на народныя грошы." - у нашым выпадку - за кошт бюджэту Гомеля, які фармуецца за народныя грошы ў выглядзе падаткаў. 



Станоўча да ідэі аднаўлення ў Гомелі поніка Юзэфу Панятоўскаму адносіцца і Гомельскі гарвыканкам: "Памнік Юзэфу Панятоўскаму лічыцца лепшай работай скульптара Берталя Торвальдсэна.

 Копія статуі і зараз магла б стаць прывабнай адметнасцю як для гамяльчан, так і для гасцей горада. Статуя, што знаходзіцца зараз у Варшаве, - падарунак урада Даніі польскаму народу. У сувязі з гэтым абмяркоўваць яе перамяшчэнне ў горад Гомель уяўляецца некарэктным".

Тут можна толькі удакладніць, што гаворка не вялася і не вядзецца аб перамяшчэнні помніка з Варшавы ў Гомель - Гомелю будзе дастаткова і копіі, тым больш, што і ў Варшаве зараз толькі копія стаіць.  Далей гарвыканкам паведамляе: "У дадзены момант рэдукцыя (паменьшаная копія) статуі знаходзіцца ў дзяржаўнай гісторыка-культурнай установе "Гомельскі палацава-паркавы ансамбль".



Напрыканцы Гомельскі гарвыканкам выказвае празаічную, але сённяшнюю рэальнасць: "Стварэнне копіі ў арыгінальным памеры патрабуе значных фінансавых выдаткаў, што не прадугледжана бюджэтам горада Гомеля."

 Хочацца спадзявацца, што бюджэт горада прадугледзіць падобныя выдаткі на наступны год, тым больш, што самі гарадскія ўлады прызнаюць тое, што помнік Юзэфу Панятоўскаму Гомелю неабходны. 

З іншага боку, помнік можна атрымаць і без вялікіх укладанняў па польскаму сцэнару, пра які пісалася ў адказе гарвыканкама "Статуя, што знаходзіцца зараз у Варшаве, - падарунак урада Даніі польскаму народу."  Думаю, урад Даніі не пашкадуе падарунка і для народа беларускага - галоўнае, перамовы паспяхова правесці.  

Тут ужо задача для МЗС Беларусі і кіраўніцтва Гомеля - хіба не цудоўна звязаць Беларусь такім чынам сяброўскімі адносінамі з адной з самых пасьпяховых краін Еўропы ды яшчэ і падарунак гамельчукам і беларусам прынесці?

Наогул, копіяй аднаго помніка Юзэфа Панятоўскага можна не толькі падараваць Гомелю і Беларусі прыгожы помнік мастацтва, але і замацаваць добрыя адносіны з трыма вядучымі еўрапейскімі краінамі - Польшчай (з якой у нас адзін нацыянальны герой Юзэф Панятоўскі), Францыяй (з дзядамі якой нашы дзяды поплеч ваявалі ў Вайне 1812 года супраць Расіі) і Даніяй (чый скульптар стварыў гэты цудоўны твор мастацтва). 

Ужо толькі дзеля гэтага помнік Панятоўскаму ў Гомелі павінен быць. 

90 год 2-га ўзбуйнення Беларусі 22.08.2016

Трэцяя Устаўная грамата БНР была прынята ва ўмовах, калі паводле Брэсцкага міру Савецкая Расія пагадзілася на акупацыю тэрыторыі Беларусі Германіяй. 

Рада БНР выступіла з патрабаваннем перагледзець Брэсцкую мірную дамову. На землях, дзе жыве і мае лічбавую перавагу беларускі народ, абвяшчалася вольная, незалежная дзяржава.

У склад Беларусі былі ўключаны Магілёўская, Мінская, Віцебская, беларускія часткі Гродзенскай, Віленскай, Смаленскай, Чарнігаўскай і суседніх губерняў.



Пацвярджаліся таксама правы і вольнасці грамадзян і народаў Беларусі, абвешчаныя Другой Устаўной граматай ад 9 сакавіка 1918 г., у тым ліку і роўнасць усіх моваў народаў Беларусі.

 У развіццё ІІІ-й Устаўной граматы Народны Сакратарыят БНР прыняў пастанову аб тым, што беларуская мова аб’яўляецца дзяржаўнай, але нацыянальныя меншасці маюць права карыстацца сваёй мовай у стасунках з дзяржаўнымі ўстановамі БНР. У той жа час афіцыйная акты, дакументы, перапіска паміж дзяржаўнымі ўстановамі БНР павінна весціся па-беларуску.

 У 1918 г. сакратар Паўночна-заходняга камітэту РКП(б) Вільгельм Кнорын, латыш па паходжанню (сапраўднае прозвішча – Кнорыш) заявіў: “Мы считаем, что белорусы не являются нацией, и что те этнографические особенности, которые их отделяют от остальных русских, должны быть изжиты”. 

Разам з тым, кароткачасовае існаванне БНР ігнараваць было немагчыма, таму па патрабаванню савецкага кіраўніцтва РСФСР была створана ССРБ.




Як вядома, адной з важнейшых дат для жыхароў Гомеля і Гомельшчыны з'яўляецца 1335 год - год уваходжання Гомеля ў склад Беларусі. 7 стагоддзяў афіцыйна і юрыдычна Гомельшчына ў складзе Беларусі, спрадвечна насялялася беларусамі і яшчэ да 1335 года была беларускай, але не замацаванай за Беларуссю юрыдычна.

Кропку юрыдычным афармленні Гомеля і Гомельшчыны ў складзе Беларусі паставіў у 1335 годзе Віцебскі князь Альгерд, будучы 12-ты Вялікі князь Вялікага княства Літоўскага, пераемнікам якога зараз з'яўляецца Беларусь. Але калі была ўтворана ССРБ Гомельшчына была адарвана ад Беларусі і яе землі ўвайшлі ў склад Расіі.

У снежні 1923 г. палітбюро ЦК РКП(б) пагадзілася з прапановай ЦБ КП(б)Б далучыць да Беларусі «роднасных ёй у бытавых, этнаграфічных і гаспадарча-эканамічных адносінах» тэрыторыі, а менавіта Горацкі і Мсціслаўскі паветы Смаленскай губерні, Віцебскую губерню цалкам і Гомельскую губерню цалкам, за выключэннем чатырох паветаў былой Чарнігаўскай губерні.

Аднак хутка спецыяльная камісія Цэнтральнага выканаўчага камітэта СССР перагледзела рашэнне палітбюро. У выніку па-за межамі Беларусі пакідаліся Веліжскі, Невельскі, Себежскі паветы Віцебскай губерні, Гомельскі і Рэчыцкі паветы Гомельскай губерні і большая частка Мсціслаўскага павета Смаленскай губерні.

Такім чынам, рашэнне аб узбуйненні было прынята ў Маскве, і ў сакавіку 1924 г. яно было прынята Цэнтральным выканаўчым камітэтам СССР. Рашэнне фармальна зацвердзіў VI надзвычайны з'езд саветаў БССР.




Існуе думка, асабліва ў сучаснай расійскай гісторыяграфіі, што гэтае павелічэнне тэрыторыі Беларусі было штучным і не адпавядала жаданням жыхароў.

Гэту тэзу між іншага абвяргае і той факт, што на той часцы Гомельшчыны, якая яшчэ ўваходзіла ў склад РСФСР у 1924 г., за кароткі час лічба беларускамоўных школ узрасла з 32 да 110, пры тым, што беларусізацыя, якая ў гэты час панавала ў Беларусі на гэтых землях не праводзілася.

У дадзеным выпадку бачна жаданне беларускага народа належыць да беларускай культуры і да беларускай дзяржавы.

8 верасня 1926 г. Народны камісарыят замежных спраў СССР прыняў пастанову аб неабходнасці настойваць у палітбюро ЦК УКП(б), каб Гомельскі і Рэчыцкі паветы былі далучаны да Беларусі. 

4 снежня 1926 г. на аб'яднаным пленуме Гомельскага губернскага і гарадскога камітэтаў КП(б)Б выступіў сакратар ЦК УКП(б) М.Швернік, які праінфармаваў аб пастанове палітбюро далучыць Гомельскі і Рэчыцкі паветы да БССР.

Такім чынам Гомель, Рычыца і ўся Гомельшчына цалкам была зноў уз'яднаная са сваёй гістарычнай радзімай, рэалізаваўшы моцнае жаданне гамельчукоў жыць у роднай Беларусі, а не ў замежнай дзяржаве, чужой для беларусаў як этнічна, так і культурна.

Чаму "руская мова" не "русский язык" 09.05.2016 3

Беларускую мову «рускаю» называлі Скарына, Будны, Цяпінскі ды ўсе іншыя пісменьнікі Беларусі той пары. Не «рускаю», а «маскоўскай» называлі тады ў Беларусі мову Масковіі, мову сучасных расіян і Расійскай Федэрацыі.

Напрыклад, «маскоўскай» называў яе Сымон Будны, «ензык москевскі», казалі тады і у Польшчы. У Польшчы назву гэту пачалі забываць толькі ад пачаткаў ХІХ стагодзьдзя па патрабаванню расійскіх уладаў. Тады пад расійскім націскам быў заведзены для расійскай мовы назоў «ензык росыйскі».

Прычыны, чаму пісьмовую мову ВКЛ «рускаю» не называлі паслы маскоўскія ў тым, што ў Маскве тады так называлі мову сваю, мову расійскую. Паслам маскоўскім, як і ўсім маскоўцам, было ясна, што на мове, якой былі напісаны каралеўскія граматы, ці Статуты ВКЛ, у Маскве ніхто не гаварыў. Адметнасьць дзяржаўнай мовы ВКЛ ад сваёй «русское» мовы маскоўцы і пазначалі назвамі «белорусскій язык», «белорусское письмо» і якія ў гэты час у Маскве ўжо шырака выкарыстоўваліся.

Я. Рудзенка і Ю. Чарняўская заўважаюць: “Шэраг даследчыкаў, прыхільнікаў “вялікарускай канцэпцыі“, лічыў, што беларуская мова не больш, чым мадыфікацыя рускай мовы, адмаўляючы ёй ў спецыфічнасці і самабытнасці. Гэты пункт гледжання лёгка аспрэчваецца наступным фактам: для выдання ў Маскве Трэцяга Статуту ВКЛ спатрэбіўся яго пераклад, у чым не было б ніякай неабходнасці, калі б Статут быў напісаны па-руску”.

Гэта добра з спрэчкі 10 сакавіка 1646 г. ў Варшаве паслоў Масковіі з сенатарамі Польшчы ў пытаньні, якую мову ўжываць пры дыпламатычнай перапісцы караля Рэчы Паспалітай з маскоўскім царом.

 Перамовы маскоўскія паслы пачалі з таго, што зноўку ўзнялі старыя скаргі Масковіі на тое, што ў граматах да цара ад караля ды яго падданых не захоўваецца адпаведная «царскай вялікасьці», вызначаная Палянаўскай дамовай, тытуляцыя.

На пратэст маскоўскіх паслоў паны-рады адказалі: “На Бога прысягаем, што па-польску самодержцы і самодержцу адно і тое ж. Калі-ж па-руску не так, дык на будучыню мы строга будзем сачыць, каб памылкак не было. Ды ў будучыні гаспадару нашаму і пісаць да царскае вялікасьці ў граматах трэба лепш па-польску... тады і памылак не будзе”.

 Прапанова, каб у перапісцы караля з царом перайсці на мову польскую, маскоўскія паслы адкінулі словамі: “Издавна повелось, что грамоты королевские к великому государю пишутся белорусским письмом, и теперь, мимо обычаев, по-польски писать не годится, да у порубежных воевод и переводчиков нет”.

Варшаўская спрэчка маскоўскіх «вялікіх паслоў» з панамі польскай каралеўскай рады паказвае нам тое, што ў 1646 г., або ў 1-й пал. ХVІІ стагодзьдзя, абавязковай афіцыйнай мовай дыпляматычнай перапіскі паміж Польшчай і Масковіяй была, па старой традыцыі, усё яшчэ мова беларуская. Мову каралеўскіх граматаў да цара «беларускай» называлі і самі царскія паслы. Ужыты гэтым разам пасламі Масковіі для старабеларускай пісьмовай мовы назвы «белорусское письмо» не нейкі адзіночны выпадак і не выключэнне. Ведомы тысячы маскоўскіх дакументаў і граматаў, ды і маскоўскія кніжныя выданьні той пары, у якіх мова гэтая называецца «беларускай», хоць побач калі-некалі сустракаецца і назва «литовский язык».

Калі ў ходзе спрэчкі аб памылцы ў царскай тытуляцыі паны каралеўскае рады тую самую мову называлі не «беларускай», як паслы маскоўскія, а «рускай» (хоць-бы ў звароце «дзячкі пішуць, не ведаючы добра рускай мовы»), дык таму, што гэтак афіцыйна называлася тады гэтая мова і ў самой Беларусі, у дзяржаўных яе нават законах.

У артыкуле І-м ІV раздзела Статута ВКЛ 1588 г. было запісана: “А писар земский маеть по-руску литерами и словы рускими вси листы, выписы и позвы писати, а не иншим езыком и словы”.

Вось назовы «рускі», якая тады была афіцыйнай і ў Беларусі, і ў Польшчы, паны каралеўскае рады і трымаліся.

Гэта важна ўсведамляць усім, хто сутыкаецца з архіўнымі ды іншымі пісьмовымі памяткамі таго часу, каб засцерагчыся ад памылковага іх разумення ды памылковых выснаваў. Справу ўскладняе яшчэ і тое, што назва «руская мова» тады здаралася, асабліва ў чужынцаў, і ў разуменьні сучаснага «мова ўсходнеславянская». У такіх выпадках аб’ядноўвала яна мовы беларускую, расійскую і украінскую.

Cтандартызацыя беларускай мовы 06.05.2016 3

У 2010 г. ўступілі ў сілу новыя арфаграфічныя правілы. Проведенная рэформа, па сваёй сутнасці, – акт корпуснога планавання (нармалізацыіі адной з дзяржаўных моў), закранае правапіс і часткова структурныя марфалагічныя кампаненты.
Ва ўмовах актыўнага, ярка выяўленага асіметрычнага білінгвізму, рэалізацыя акту корпуснога планавання не прынясе поспехаў, пакуль у дзеянне не будзе запушчаны механізм статуснага планавання, асноўнай задачай якога павінна стаць рэвіталізацыя асноўных функцый мовы.
Пры багацці моўных формаў, высокім узроўні адукацыі насельніцтва, неабходны перавод нацыянальнай мовы з вобласці псіхалагічнага адчужэння ў вобласць практычнага ўжывання.
Гэты пераход немагчыма вырашыць толькі рэформай правапісу, рэформа павінна праводзіцца ў кантэксце створаных дзяржавай вызначаных умоў, іншымі словамі пры сумяшчэнні карпуснога і статуснага планавання.
Слоўнік юрыдычных тэрмінаў, падрыхтаваны ў Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі (далей – НЦПІ) (далей – СЮТ-2012)[S52], выразна адрозніваецца ад большасці папярэдніх тым, што прызначаны выконваць ролю нарматыўнага: створаны аўтарытэтнай дзяржаўнай установай, размешчаны на Нацыянальным прававым Інтэрнет-партале (www.pravo.by). Акрамя таго, гэта першы электронны іншамоўна-беларускі слоўнік юрыдычнай тэрміналогіі, што стварае яму перавагу перад папяровымі варыянтамі больш шырокай даступнасцю для карыстальнікаў.
З прычыны таго, што ў нашай краіне законы ствараюцца на рускай мове і потым толькі частка з іх перакладаецца на беларускую, некаторыя юрыдычныя тэрміны не праходзяць апрабацыю ў юрыдычнай літаратуры.
Пэўную частку тэрмінаў, асабліва ўстойлівых тэрміналагічных словазлучэнняў, аўтарам СЮТ-2012 давялося, па сутнасці, ствараць упершыню
Аднак не варта было захапляцца празмернай тэрмінатворчасцю пры наяўнасці практыкі выкарыстання таго або іншага тэрміна. Перш чым прапанаваць беларускі эквівалент, неабходна ўпэўніцца, ці не функцыянуе ўжо патрэбны адпаведнік, ўважліва вывучыўшы не толькі выдадзеныя раней слоўнікі юрыдычнай тэрміналогіі, а перш за ўсё – афіцыйна апублікаваныя тэксты законаў на беларускай мове.
У адваротным выпадку атрымліваецца, што адно і тое ж паняцце ў розных крыніцах мае неаднолькавае лексічнае выяўленне.
Назіранні за беларускімі эквівалентамі, прапанаванымі аўтарамі СЮТ-2012, прыводзяць да высновы аб неабходнасці сэнсавай і граматычнай карэкціроўкі пэўнай часткі прапанаваных тэрмінаў.
Каб пазбегнуць недакладнасці пры вербальным увасабленні паняцця, неабходна трымацца нормаў літаратурнай мовы.
Варта таксама ўлічваць і вопыт папярэдняга выкарыстання тэрмінаў як у лексікаграфічных крыніцах, так і ў заканадаўчых тэкстах. Хочацца спадзявацца, што аўтарскі калектыў будзе працягваць працу і над пашырэннем аб’ёма слоўніка, паколькі прадстаўленыя 7014 лексічных адзінак далёка не поўнасцю адлюстроўваюць тэрміналагічны корпус сучаснага беларускага заканадаўства.
Першым крокам на шляху забеспячэнні абароны мовы часта становіцца замацаванне афіцыйнай моўнай нормы, афіцыйнага моўнага стандарту.
Фармальна-юрыдычным спосабам дасягнення гэтай мэты становіцца выданне галоўнай дзяржаўнай акадэміяй слоўнікаў і даведнікаў, якія адлюстроўваюць моўныя стандарты, найперш у вобласці лексікі і арфаграфіі дзяржаўнай мовы.
Прыкладамі стандартнага падання нацыянальнай мовы ў выглядзе набору слоўнікаў могуць быць: у Нямеччыне - DUDEN, Standartwerk zur deutschen Sprache, у Вялікабрытаніі – Standard Reference Books, у Францыі - Dictionnaire del'Académie française, стандарты арфаграфіі, апублікаваныя ў Journal officiel і даступныя на сайце Французскай акадэміі.
Стандартызацыя мовы дазваляе выразна вызначыць адрозненне паміж афіцыйнай і гутарковай моўнай нормай, праводзіць адрозненне паміж арыгінальнымі і запазычанымі словамі, і, хоць непазбежным вынікам гэтага становіцца кансервацыя афіцыйнай мовы, для мэт прававой вызначанасці выданне такіх стандартаў відавочна неабходна.
Стандартызацыя мовы дазваляе паралельна вырашыць і шэраг пабочных задач, напрыклад усталяваць мяжу паміж мовамі і дыялектамі (юрыдычна вырашыць праблему, якая застаецца не да канца вырашанай у лінгвістыцы).
У адсутнасць стандартызацыі мовы правовые нормы, падобныя правілам у Беларусі аб абавязковым выкарыстанні літаратурнай нормы дзяржаўнай мовы, застаюцца ў прававым сэнсе нявызначанымі.

Беларуская мова і правы спажыўцоў 13.04.2016 1

Агульная моўная сітуацыя яскрава адлюстроўваецца на этыкетках тавараў. Беларускія вытворцы выкарыстоўваюць на этыкетках рускую мову, толькі назоў прадпрыемства, прадстаўлены адным словам, часам можна сустрэць на беларускай мове, усе астатнія звесткі, у тым ліку інструкцыя па выкарыстанню – на рускай мове.

Таварныя знакі і этыкеткі адлюстроўваюць агульную сітуацыю, у якой нацыянальная мова гуляе сімвалічную, ідэнтыфікацыйную, эстэтычную, але не выконвае галоўную - камунікатыўную функцыю. Беларускія таварныя знакі ў цэлым адлюстроўваюць схільнасць мажарытарнаму ўплыву – мова этыкетак у пераважнай большасці - руская).

 Дзяржаўныя органы і юрыдычныя асобы (асабліва ў галіне сувязі, аховы здароўя, бытавога абслугоўвання) не заўжды распрацоўваюць бланкі на абедзвюх дзяржаўных мовах, а пры вусных зваротах часта прымушаюць грамадзян перайсці на больш зразумелую супрацоўнікам такіх органаў і асоб мову, што з’яўляецца недапушчальным і не можа грунтавацца на артыкуле 8 Закона “Аб мовах”.

 Больш за тое дзяржаўныя органы павінны зацвярджаць і распаўсюджваюць формы дакументаў на абедзвюх дзяржаўных мовах: мытныя дэкларацыі, падатковыя дэкларацыі, заявы, даведкі і г.д., бо менавіта грамадзянін ці юрыдычная асоба маюць права выбіраць мову, якая ім больш зразумелая для запаўнення дакументаў, але наперад трэба зразумець змест такіх форм. Міністэрствам юстыцыі павінны быць цэнтралізавана распрацаваны натарыяльныя дакументы, падрыхтаваныя на беларускай мове для выканання арт. 16 Закона “Аб мовах”, ч. 3 арт. 20 Закона “Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці”.

Выбіраць мову натарыяльных дзеянняў павінны асобы, якія іх заказваюць. Банкаўскія ўстановы і іншыя юрыдычныя асобы павінны дазваляць фізічным асобам выбіраць мову заключаемай так званай. “публічнага” дамовы. Інфармацыя на таварах (у тым ліку інструкцыі па эксплуатацыі), а таксама інфармацыя пра паслугі і работы амаль заўжды даводзіцца на адной дзяржаўнай мове. Фармальна гэта адпавядае арт. 13, 30 Закона “Аб мовах”, арт. 5 Закона “Аб абароне правоў спажыўцоў”.

 З-за несупадаючай з Канстытуцыяй канструкцыі нормы церпяць простыя спажыўцы. У прыватным выпадку грамадзяніна, што прасіў Міністэрства па падатках і зборах распрацаваць новы беларускамоўны бланк падатковай дэкларацыі. Міністэрства паведаміла грамадзяніну, што бланкі незацверджанай формы выкарыстоўваць нельга, а, паколькі заканадаўства не абавязвае дзяржустановы прымаць нарматыўныя прававыя акты на дзвюх дзяржаўных мовах, то міністэрства зацвердзіла форму падатковай дэкларацыі на рускай мове.

У апошні час над правам атрымліваць інфармацыю на беларускай мове навісла дадатковая пагроза. Закон «Аб мовах » дае вытворцам права выбару мовы маркіроўкі тавараў, пазначаючы ў арт. 30, што «маркіроўка тавараў, этыкеткі на таварах, інструкцыі па карыстанні таварамі выконваюцца на беларускай або расійскай мове».

Тое самае гаворыць і Закон «Аб абароне правоў спажыўцоў», які ў п.9 арт. 7 «Інфармацыя аб таварах (работах, паслугах)» замацоўвае тую норму, што «інфармацыя, прадугледжаная пунктамі 1–8 гэтага артыкула, на беларускай або рускай мове дакладным і разборлівым шрыфтам даводзіцца да ведама спажыўца ў дакументацыі, якая дадаецца да тавараў (работ, паслуг), на спажывецкай тары (упакоўцы), этыкетках або іншым спосабам, прынятым для асобных відаў тавараў (работ, паслуг)». Тое самае ў гэтым законе прапісана і ў п. 4 арт. 8 «Інфармацыя аб вытворцах (выканаўцах, прадаўцах)».

Дзяржаўны стандарт Беларусі № СТБ 1100-2007 «Харчовыя прадукты. Інфармацыя для спажыўца. Агульныя патрабаваннi» сцвярджае, што любы беларускі вытворца можа выканаць упакоўку свайго тавара па-беларуску. У чацвёртым раздзеле гэтага дакумента ёсць п. 4.3, дзе сказана, што «інфармацыя для спажыўца ў выглядзе тэксту наносіцца на беларускай і/або рускай мове і пры неабходнасці на замежнай мове ў адпаведнасці з нормамі мовы, на якой прыведзена інфармацыя». Тэхнічны рэгламент Мытнага саюза № ТР ТС 005/2011 «Аб бяспецы ўпакоўкі», які цяпер дзейнічае і ў Беларусі, трыма радкамі п. 4 арт. 6 перакрэсліў усе нормы, прапісаныя і ў Канстытуцыі, і ў Законе «Аб мовах», і ў Законе «Аб абароне правоў спажыўцоў», і ў адпаведных рэспубліканскіх стандартах. Цяпер у нас з дзвюх раўнапраўных моў, адна нават заканадаўча атрымала больш высокі статус.

Названая папера прадпісвае, што «інфармацыя павінна быць выкладзена на рускай мове і на дзяржаўнай(ых) мове(ах) дзяржавы-чальца МС пры наяўнасці адпаведных патрабаванняў у заканадаўстве(ах) дзяржавы(ў)-чальца(оў) МС». Згодна п. 4.1.2 ТР МС “Харчовая прадукцыя ў частцы яе маркіроўкі” (ТР ТС 022-2011), “…маркіроўка запакаванай харчовай прадукцыі павінна быць нанесена на рускай мове і на дзяржаўнай(ых) мове(ах) дзяржавы-ўдзельніцы Мытнага саюзу пры наяўнасці адпаведных патрабаванняў у заканадаўстве(ах) дзяржавы(аў)-удзельніцы(аў)…”.

“Або” ў артыкуле аб маркіроўцы Закона “Аб мовах” зводзіць сітуацыю да наступнага: руская мова зараз у маркіроўцы азначанай прадукцыі абавязковая, а беларуская – не. Калі нашыя законы даюць права вытворцу абіраць – падаваць інфармацыю на ўпакоўках сваіх тавараў па-руску або па-беларуску, а новы Тэхнічны рэгламент патрабуе, каб руская мова прысутнічала абавязкова, то пра беларускую мову можна нават і не задумвацца – выбар відавочны.

Бо абавязковасць беларускай мовы нідзе не патрабуецца, а свядомае выкарыстанне дзвюх дзяржаўных моў выкліча дадатковыя расходы і паставіць канчатковую прадукцыю ў няроўныя канкурэнтныя ўмовы з «аднамоўнаю».

Яшчэ да ўводу ў дзеянне ТР МС я даслаў нашым парламентарыям пісьмовыя звароты з прапановамі ўнясення зменаў у законы «Аб мовах» і «Аб абароне правоў спажыўцоў», якія прадугледжвалі абавязковае патрабаванне прысутнасці на любой прадукцыі (таварах, работах і паслугах) інфармацыі аб ёй на абедзвюх дзяржаўных мовах. І менавіта тады пераважная большасць дэпутатаў адказвала, што не падтрымлівае мае прапановы, бо (тут ледзь не ва ўсіх адказах былі цалкам ідэнтычныя, нібы раздрукаваныя з аднаго файла, толькі з рознымі подпісамі, фармулёўкі абгрунтавання) «рэалізацыя прапановы прывядзе да дадатковых выдаткаў, а значыць — да павышэння цэн на тавары (работы, паслугі), што відавочна супярэчыць інтарэсам нашых грамадзян».

Пасля таго, як выкрылася ганебная сітуацыя з віцебскім прадпрымальнікам, які не змог атрымаць сертыфікат адпаведнасці на прадукт, што быў аздоблены без выкарыстання рускай мовы, я вырашыў аднавіць перапіску з парламентарыямі ў сувязі з новымі акалічнасцямі, якія ўзніклі ў справе.

Але дагэтуль толькі некалькі дэпутатаў ў сваіх адказах выказаліся, што пры ўнясенні ў парламент законапраекта аб унясенні зменаў у Законы «Аб мовах» і «Аб абароне правоў спажыўцоў» яны падтрымаюць змены таго кшталту, што інфармацыя аб таварах і паслугах павінна даводзіцца да ведама спажыўца на абедзвюх дзяржаўных мовах.

На сённяшні час мае прапановы аб унясенні змен у Закон “Аб абароне правоў спажыўцоў” паводле якіх інфармацыя аб тавары павінна даводзіцца да спажыўца адразу на двух дзяржаўных мовах падтрымліваюць больш за 20 дэпутатаў. Таксама дадзеныя змены падтрымлівае Міністэрства культуры і Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследванняў.

Даследаванні паказваюць, што да 70% беларусаў станоўча ўспрымаюць рэкламу на беларускай мове, а 37% – лічаць, што яе ў рэкламе не хапае. У 2012 годзе я звярнуўся да дэпутатаў Палату прадстаўнікоў з прапановай падтрымаць змены ў адпаведныя артыкулы закона «Аб рэкламе», паводле якіх рэклама павінна быць адначасова на дзвюх мовах, альбо ўвесці норму 70% рэкламы на беларускай мове.

Такі падыход, забяспечыць стварэнне і трансляцыю рэкламнай прадукцыі на дзвюх дзяржаўных мовах і павысіць статус беларускай. Нарматыўнае рэгуляванне двухмоўя ў рэкламе падштурхне да выкарыстання і павысіць канкурэнтаздольнасць беларускай мовы. У выніку выйграюць як спажыўцы, так і беларускі бізнес.

На сённяшні час дадзеныя прапановы не рэалізаваны.

Беларуская мова ў законатворчасці 11.04.2016

Канстытуцыйны Суд дае інфармацыю аб тым, што ў эталонным банку прававой інфармацыі з прыкладна 200 тысяч нарматыўных актаў толькі 3,1% нарматыўных прававых актаў на беларускай мове. Яны датычаць актаў аб узнагароджанні дзяржаўнымі ўзнагародамі і ганаровымі граматамі, па кадравых пытаннях, аб правядзенні перамоваў па праектах міжнародных дамоваў, іх падпісанні і іншага. Іншымі словамі беларускамоўныя акты не толькі малаколькасныя, і маюць нязначны з юрыдычнага пункту погляду тэхнічны характар і невялікія па аб’ёме.

Акты дзяржаўных органаў Беларусі прымаюцца толькі на адной з дзяржаўных моў, а грамадзянін не можа ўздзейнічаць на гэты працэс (арт. 7 Закона “Аб мовах”, ч. 2 арт. 54 Закона “Аб нарматыўных прававых актах”). Само па сабе прыняцце нарматыўнага прававога акта на адной мове не абмяжоўвае правоў грамадзяніна. Немагчымасць карыстацца ўзнікае з-за адсутнасці перакладу тэксту нарматыўнага прававога акта на другую дзяржаўную мову.

Публікацыя на абедзвюх мовах павінна адбывацца адначасова, а калі гэта немагчыма – акт павінен лічыцца апублікаваным з моманту публікацыі яго на другой дзяржаўнай мове.

У 2015 г. старшыня Канстытуцыйнага Суда у штогадовым пасланні прэзідэнту Беларусі і абедзвюм палатам Парламента адзначыў, “што ў наш час для забеспячэння вольнага доступу да правасуддзя заканадаўчыя акты, якія закранаюць правы і свабоды грамадзян, мэтазгодна выдаваць на дзвюх дзяржаўных мовах – беларускай і рускай, у адпаведнасці з палажэннямі артыкула 17 Канстытуцыі пра роўнасць дзвюх дзяржаўных моў”.

Магчымасць і неабходнасць выдання прававых актаў Беларусі на дзвюх дзяржаўных мовах робіцца відавочным, калі згадаць, што на працягу большай часткі савецкага перыяду заканадаўчыя, урадавыя і некаторыя іншыя прававыя акты Беларусі афіцыйна публікаваліся на беларускай і рускай мовах.

Трэба адзначыць, што прыняцце Канстытуцыі 1994 г., правядзенне рэспубліканскага рэферэндуму 1995 г. не паўплывалі на двухмоўе: “Веснік Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь”, “Збору ўказаў прэзідэнта і пастаноў Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь”, а таксама на палажэнні нарматыўных актаў, якія прадугледжвалі выданне гэтых крыніц на беларускай і рускай мовах. Са з’яўленнем выдання нацыянальнага рэеестру прававых актаў Рэспублікі Беларусь як крыніцы афіцыйнага апублікавання прававых актаў выпуск “Веснік Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь”, “Збору ўказаў прэзідэнта і пастаноў Урада Рэспублікі Беларусь” спыніўся, і прававыя акты перасталі выдавацца на дзвюх дзяржаўных мовах. Выданне Нацыянальнага рэестру прававых актаў за нумарам 1 з’явілася ў студзені 1999 г. на рускай мове. Адпаведна заканадаўчым нормам Нацыянальны рэестр змяшчае акты на мове іх прыняцця.

Паколькі акты прымаюцца, як правіла, на рускай мове, то і ў Нацыянальным рэестры адлюстравана часцей за ўсё толькі адна гэта мова. Дэкрэт ад 24 лютага 2012 г. №3 зрабіў Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь крыніцай афіцыйнага апублікавання актаў, пакінуўшы ў ім норму аб тым, што акты публікуюцца на мове іх прыняцця.

Яшчэ 27 снежня 2011 г. Савет Міністраў у Палаты Прадстаўнікоў быў унесены прект Закона “Аб прававых актах Рэспублікі Беларусь”, што павінен замяніць дзеючы Закон “Аб нараматыўных прававых актах”, але да гэтага часу проект у Палаты прадстаўнікоў не разглядаўся.

Тым не менш, цікава выглядае арт. 45 “Парадак прыняцця (выдання) прававога акту” праекта закона “Аб прававых актах”, што рэгулюе мову прававых актаў. Ён прадугледжвае наступнае:
а) Па рашэнні нарматворчага органа (службовай асобы) прававы акт прымаецца (выдаецца) на беларускай і (або) рускай мовах;
б) Праекты законаў, уключаныя ў штогадовы план падрыхтоўкі законапраектаў на беларускай мове, прымаюцца на беларускай і рускай мовах.
в) Унясенне ў прававыя акты змен, тлумачэнне, прыпыненне, аднаўленне, падаўжэнне дзеяння, іх адмена альбо прызнанне страціўшымі сілу ажыццяўляюцца на тых дзяржаўных мовах, на якіх дадзеныя прававыя акты былі прынятыя (выдадзеныя).
г) Законы ў сферах заканадаўства аб дзяржаўных сімвалах, дзяржаўных мовах і дзяржаўных узнагародах, рэлігійных і нацыянальных адносінах, аб адукацыі, навуцы, культуры, сродках масавай інфармацыі прымаюцца на беларускай і рускай мовах.
д) Афіцыйны пераклад праекту закона на беларускую (рускую) мовы ажыццяўляецца адпаведным структурным падпадзяленнем Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага збору Рэспублікі Беларусь перад разглядам праекту закона ў другім чытанні.

Як бычым, праект крыху канкрэтызуе нарматворчую дзейнасць у параўнанні з дзеючым законам “Аб НПА”, але разам з тым ён выглядае яшчэ больш дыскрымінацыйным у адносінах да беларускай мовы, чым дзеючы закон. Роля беларускай мовы зводзіцца толькі да сферы культуры і сімволікі, а беларускамоўныя праекты законаў у абавязковым парадку неабходна прымаць на двух дзяржаўных мовах, але ў той жа час такой нормы не прадугледжана для рускамоўных праектаў НПА.

Такім чынам, калі дадзены праект закона “Аб прававых актах” будзе прыняты, роля беларускай мовы ў законатворчасці ячшэ больш зменшыцца, што непрымальна і таму дадзены праект у прапанаванай Саветам Міністраў рэдакцыі прымаць немэтазгодна.

Необходна змяніць закон “Аб нарматыўных прававых актах” у накірунку выдання ўсіх НПА на двух дзяржаўных мовах адначасова.

455 год гербу Гомеля 14.10.2015 3

2015 год выдаўся шматлікім на гістарычныя юбілеі Гомеля: 680 год далучэння Гомеля князем Альгердам да Беларусі ў 1335 годзе, 480 год вызвалення Гомеля князем Юрыям Радзівілам ад маскоўскай акупацыі ў 1535. 
Чарговы юбілей Гомеля - наданне гораду герба ў 1560 годзе Вялікім князем Жыгімонтам ІІ Аўгустам.



Герб меў выгляд шчыта на якім у чырвоным полі змяшчаўся срэбны кавалерыйскі крыж.



Вытрымка з вялікакняскага прывілею Жыгімонта ІІ Аўгуса ад 21 сакавіка 1560 года:
"«Присылали до нас подданные нашы мещане места Гомейского, оповедаючы, што ж они печати месткое, которое бы справы местьские печатовали мели, в себе не мають и для того великое заструдненье в тых справах и потребах местских им частокрот деется… Ино мы з ласки нашое господарское… печать местьскую з гербом крыжа им дали и мети дозволили и сим листом нашым дозволяем. Мають вжо они от того часу тое печати и гербу помененого во всих справах и потребах, оному месту належачих, вживати и им печатоватися по тому, яко и у ыншых местах нашых Великого князства Литовского обычай того заховывается.» — Привилей мещаный гомейский на печать местьскую"



Цікавым з'яўляецца той факт, што Гомель атрымаў герб яшчэ не маючы Магдэбургскага права - гэта права ён атрымае толькі крыху больш чым праз стагоддзе.

Наданне гораду без Магдэбургскага права паказвае вялікае значэнне Гомеля для дагачаснай Беларусі і павагу з боку Вялікага князя да жыхароў Гомеля, што неслі няспынную памежную варту і абаранялі Беларусь ад нападаў з усходу.



Пасля акупацыі часткі Беларусі разам з Гомелем у 1772 годзе Расейскай імперыяй Гомель прыйшоў у поўнае занядбанне, таму адміністрацыйны цэнтр акупацыйнымі ўладамі быў перанесены з Гомеля ў суседні горад Новая Беліца, які быў імі заснаваны ў 1777 годзе. Рускія ўлады далі Новай Беліцы ў 1781 годзе герб:
«В верхней части щита, часть герба Могилевского: в золотом поле половина Российского герба. В нижней — лежащая спокойно рысь, в голубом поле; ибо таковых зверей в окрестностях сего города весьма много».
«Гербоўнік П. П. фон Вінклера»

у 1855 годзе герб Новай Беліцы акупацыйная расійскія ўлады перадалі Гомелю.



Пасля аднаўлення незалежнасці Беларусі ў краіне пачаўся працэс вяртання населеным пунктам гербаў.

Але па невядомай прычыне рашэннем Гомельскага гарадскога выканаўчага камітэта ў 1997 годзе за герб Гомеля быў абраны не гістарычны герб Гомеля 1560 года, а герб Новай Беліцы 1781 года, прысвоены ёй акупацыйнымі расійскімі ўладамі, толькі без двухгаловага арла.



Сітуацыя яшчэ больш недарэчная тым, што пераемнік Новай Белаіцы, сучасны Навабеліцкі раён Гомеля таксама з мае 2002 года свой герб (гэта, дарычы, адзіны выпадак у Беларусі, калі раён горада мае свой герб), які маль цалкам супадае з гербам Гомеля - розніца толькі ў позе рысі.



Герб Гомеля



Герб Навабеліцкага раёна Гомеля

Такім чынам герб Гомеля 1560 года быў гербам горада з 1560 па 1772 год, то бок 212 год.

Герб Новай Беліцы, на падставе якога створаны сучасны герб Гомеля быў гербам Новай Беліцы з 1781 па 1855 год і з 2002 па сённяшні дзень, то бок агулам па стану на 2015 год 87 гадоў.

Герб Гомеля, створаны на падставе герба Новай Беліцы быў гербам Горада з 1855 па 1917 год і з 1997 па сённяшні дзень, то бок агулам па стану на 2015 год 80 гадоў.

Як бачым, сённяшні герб Гомеля заснаваны на падставе герба Новай Белаліцы 1781 года быў быў гербам горада нават меньш, чым гербам Новай Беліцы, а гістарычны герб Гомеля 1560 года быў гербам больш, чым гербы Гомеля і Новай Беліцы разам узятыя (212 год і 167 год адпаведна).

Таму, лагічна, ужо прыйшоў час выправіць гэту гістарычную несправядлівась, пакінуўшы герб Новай Беліцы Навабеліцкаму раёну Гомеля, а Гомелю вярнуць стары гістарычны герб 1560 года, што заўжды яму належыў, нададзены беларускім Вялікі князем Жыгімонтам ІІ Аўгусам і мае годную і шматвекавую беларускую гісторыю. 




480 год вызвалення Гомеля ад маскоўскай акупацыі 03.10.2015 6

Гомель і Гомельская вобласць вось ужо 680 гадоў знаходзяцца ў складзе Беларусі, але не ўсім гэта гістарычная справядлівасць падабаецца зараз, а тым больш не падабалася і раней. Шмат якія чужынцы-заваёўнікі хацелі аспрэчыць права беларускага народа Гомельшчыны на сваю зямлю, захапіць адну з краінаабразуючых частак Беларусі, паняволіць яе жыхароў. 

Больш за ўсё да гэтага спрычыніліся продкі сучасных расейцаў, чыя тагачасная дзяржава Маскоўскае княства - Маскоўскае царства - Расійская імперыя - СССР увесь час спрабавала адарваць ад Беларусі Гомельскую зямлю, захапіць тое, што ёй ніколі не належала.

 На гэты конт слушную заўвагу мне зрабіў гісторык Яўген Малікаў: "Узгадваючы 1335 г. і перамогу нашых продкаў, не забудзцеся ўзгадаць, у каго ж яны "захапілі" (дакладней адбілі ці вызвалілі) Гомель. Нашы продкі з Вялікага княства адбілі Гомель (разам з іншымі гарадамі гістарычнай Севершчыны) у мангола-татар. Дакладней у іх намеснікаў. Таму перажываць, як было прынята ў гісторыкаў канца ХІХ ст. што "Гомель несправядліва захапіла Літва" (а Масква ў той час увогуле знаходзілася ў амаль першабытным стане!) могуць толькі тыя, для каго "лепш мангола-татарам, чым Літве (ВКЛ)". 



 Хочацца спадзявацца, што расейцы з сучаснай Расійская Федэрацыя нарэшце перакрэсліць ганебную практыку сваіх продкаў і перастануць спрабаваць забраць сабе тое, што ніколі ім не належала. Хоць сітуацыя ва Украіне паказвае, што да гэтага ёй яшчэ далёка. Таму беларусам, асабліва гамельчукам, магілеўцам, віцябчанам, трэба добра ведаць сваю гісторыю, ведаць, адкуль гістарычна ў Беларусь прыходзіла найбольшае гора і пагроза, сябраваць са сваім усходнім суседам (бо сябраваць з суседзямі натуральны стан як чалавека, так і дзяржавы), але памятаць, што гэта за сусед і быць падрыхтаваным пры неабходнасці паставіць яго на месца.



 Вяртаючыся да юбілейнай для Гомеля даты - 480 год вызвалення ад маскоўскай акупацыі, трэба адзначыць, што цягнулася яна 35 гадоў з 1500 па 1535 год. Акупаваны Гомель быў падчас 4-й Руска-Беларускай (Літоўскай) вайны 1500-1503 года. Усяго такіх войнаў паміж беларусамі і рускімі ў перыяд з 1368 па 1582 год было дзевяць. У 4-й Руска-Беларускай вайне саюзнікамі Маскоўскага княства быў хан Менглі І Гірэй, разам з якім рускімі і быў здзейснены напад на хрысціянскую Беларусь.



 Для мяне гэта вайна мае і асабістае значэнне - тады было акупаванае і маё роднае мястэчка Свяцілавічы, першая летапісная згадка аб якім якраз і звязанае з гэтай вайной. 



 Цяжкія гады акупацыі (для параўнання: падчас ІІ Сусветнай вайны Гомель пад нямецкай акупацыяй быў толькі 3 гады) скончыліся ў 1535 годзе, калі падчас 7-й Руска-Беларускай вайны 1534-1537 гадоў Вялікі гетман ВКЛ, князь Юрый Радзівіл Геркулес адбіў наш горад ад акупантаў. Сімвалічна, што вярнуў Гомель Беларусі князь Юрый Радзівіл роўна праз 200 год з даты, калі князь Альгерд Гомель да Беларусі далучыў упершыню. 



 Важна памятаць сваю гісторыю і шанаваць памяць сваіх герояў. Некаторая праца ў гэтым накірунку ўжо вядзецца - адной з новых вуліц горада Жыткавічы Гомельскай вобласці ў будучым плануецца надаць імя князя Юрыя Радзівіла, што вызваліў Гомель у 1535 годзе ад маскоўскай акупацыі. Юрый Радзівіл сапраўдны ганаровы грамадзянін горада, што цвёрда канстатаваў: Гомель заўжды быў і заўжды будзе беларускім.

Читать другие новости