“Змагры” за беларускую мову – на словах тысячы, на справе 0,5%

На пачатку 2012 года ў новай рэдакцыі быў прыняты закон “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”. Адметны ён тым, што пасля 2-х гадоў перапіскі з чыноўнікамі ўсіх узроўняў грамадзянская ініцыятыва “Справаводства па-беларуску!” дамаглася таго, што зараз у адпаведнасці з законам на пісьмовы зварот павінен давацца адказ на мове зварота. 

Гэта ўжо не навіна, і адмыслоўцы, каму цікава беларуская мова і што дэкларуюць любоў і змаганне за яе гэту норму добра ведаюць і спадзяюся выкарыстоўваюць у перапісцы. Чаму я напісаў “спадзяюся”? Нажаль да гэтага мяне змусілі прыкрыя, але факты.

Каб ацаніць эфект ад прыняцця нормы, забяспечваючай адказ на зварот на мове зварота “Справаводства па-беларуску!” пачала збіраць інфармацыю аб тым, колькі і на якой мове было падазена зваротаў у раённыя і гарадскія выканаўчыя камітэты Беларусі ў 2011 і 2012 годзе.
Ідэя была ў тым, каб параўнаць па гэтаму крытэру 2011 і 2012 год – калі колькасць зваротаў на беларускай мове павялічыцца, гэта будзе азначаць тое, што сапраўды, для таго, каб беларуская мова ў Беларусі развівалася, для яе патрэбны дадатковыя нарматыўна-прававыя гарантыі. Калі ж колькасць беларускамоўных зваротаў не павялічыцца, ці павялічыцца нязначна, то гэта будзе казаць аб тым, што вырашэнне праблемы выкарыстання беларускай мовы павінна весціся не толькі гэтым, але і іншымі шляхамі, альбо, калі казаць аб самым дрэнным варыянце, беларуская мова ўжо беларусам наогул не патрэбна.

І хоць не заўсёды чыноўнікі ідуць у гэтым на сустэчу, так ці іначай за 2011 год удалося атрымаць інфармацыю з 23 рэгіёнаў Беларусі. Чыноўнікам гэтых 23 рэгіёнаў грамадзяне даслалі за 2011 год 13007 зваротаў. 

І колькі вы думаеце з іх было на беларускай мове? Толькі 70. Толькі 0,54% зваротаў ад агульнай колькасці было на беларускай мове. 

І як здзекліва адзначалі некаторыя чыноўнікі даючы інфармацыю “у райвыканкам за 2011 год паступіла толькі 2 звароты і ўсе яны былі ад Вас”. Канечне, можна было дапусціць, што паколькі ў 2011 закон яшчэ не працаваў, то ў 2012 годзе лічбы будуць нашмат лепшымі.
Але адміністрацыі, якія далі статыстыку па дадзеным за 2012 год паведамілі, што было пададзена 10310 звароты, а з іх па-беларуску было пададзена толькі 57 зваротаў ці 0,55% ад агульнай колькасці.

Адчуваю, што зараз адмыслоўцы і “любіцелі” беларускай мовы пачнуць старую песьню аб 200-гадовай расейскай акупацыі, аб заніжаным статусе беларускай мовы ў сучаснай Беларусі. Усё гэта так, але ж кожны дзень я бачу ў шматтысячных суполках у cацыяльных сетках, што створаны якраз па “моўнай” прыкмеце ці з мэтай абароны беларукай мовы, як гэтых суполках разгортваюцца “жэстачайшыя” бітвы і дыскусіі аб беларускай мове, аб тым як трэба за яе змагацца і што трэба рабіць для яе ўзвышэння і росквіту.

Але дзе ўсе гэтыя людзі ў жыцці? Дзе, вельмі панства, ваша рэальная праца для падняцце аўтарытэту беларускай мовы? Усім вашым вялікім словам і лозунгам кошт 0,54-0,55%. 

Выпраўляйце сітуацыю, падвышайце статус беларускай мовы рэальнымі справамі. Мінімум, што вы можаце зрабіць, гэта ўзяць ў руку асадачку і напісаць ў бліжэйшы да вас выканкам, установу, арганізацыю, спартовы клуб ці любую іншую грамадскую ўстанову. І нават калі ў вас няма да іх канкрэтнага пытання, што канечне ж не так, то пажадайце ім плёну ў працы на карысць Беларусі і беларускай мовы. 

І папрасіце даслаць вам пісьмовы адказ.







.
07.04.13 20:46
загружаются комментарии

Ігар Случак