Беларускамоўны футбол у Гомелі. Ці пачуе клуб меркаванне заўзятараў?

У сталіцы ўжо нікога не здзівіш беларускамоўнымі ініцыятывамі. Мова даволі шырока распаўсюджана сярод прасунутай часткі нашых суайчыннікаў, якіх збірае Мінск з усёй Беларусі. Асноўнае культурнае жыццё, у тым ліку і беларускамоўнае таксама канцэнтруецца ў Мінску. А калі ёсць попыт, то з’яўляюцца і прапановы – у рэкламе, спорце і іншых галінах беларуская мова набывае ўсё большае распаўсюджванне.
Але Гомель гэта не Мінск і для майго гораду моўнае пытанне ўсё яшчэ вельмі абцяжаранае шматлікімі комплексамі і міфамі. Тым дзіўным і нечаканым з’яўляецца той факт, што за апошнія 4 месяцы ў гомельскім каляфутбольным асяродку адбылася, падаецца, сапраўдная моўная рэвалюцыя. Канечне, распаўсюд беларускай мовы ў каляфутбольным асяродку з’яўляецца агульнабеларускай тэндэнцыяй, якая не магла не захапіць ва ўсёй сваёй шырыні і Гомель, але ў гэтай сітуацыі мяне здзівіла тая хуткасць, з якой беларускамоўныя настроі захапілі гамяльчан.

 На афіцыйнай старонцы ФК “Гомель” Вконтакте ФК «ГОМЕЛЬ» | FC «GOMEL» [Official Group]  18 лістапада 2012 года ў суполцы было створана апытанне якое паведамляла, што “Рэгламент чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па футболу сцвярджае (п.7.8 ): "..над номером футболиста должна быть размещена надпись на белорусском или русском языке печатными буквами с фамилией или псевдонимом футболиста с высотой букв 7,5 см…» і пытаннямі аб тым, на якой мове хацелі б бачыць гомельскія заўзятары надпісы на спартыўнай форме футбалістаў ФК “Гомель”.

У  апытанні прыняло ўдзел 452 чалавек, з якіх 241, ці 53,3% падтрымала надпісы па-руску.  Такім чынам, хоць і не на шмат, але пытанне было станоўча вырашана на карысць рускай мовы і зноў узнімаць яго ў бліжэйшы час не мела сэнсу, бо тыя, для каго гуляюць футбалісты, выказаліся адназначна за рускую мову. Цікава і тое, што ў мінулым чэмпіянаце праз галасаванне каманда таксама праз галасаванне абірала, на якой мове ёй пісаць прозвішчы на форме і іх выбар супаў з пажаданнямі заўзятараў – была абрана руская мова.

Але 30 сакавіка пачаўся новы чэмпіянат Беларусі ў Вышэйшай лізе і лагічна было паглядзець, як змянілася стаўленне заўзятароў да мовы футболу. На гэты раз штуршком для стварэння адпаведнага апытання стаў  адказ ФК "Гомель" наконт захадаў, якія клуб будзе рабіць у новым сезоне для папулярызацыі беларускай мовы.

У адказе акрамя іншага паведамлялася, што як і ў 2012 годзе, у 2013 дыктарскае суправаджэнне гульняў на гомельскім стадыёне будзе праводзіцца на беларускай мове, а пытанне, на якой мове будуць надпісы на форме футбалістаў зноў будзе вырашаць каманда.

Здавалася б, сітуацыя нічым не адметная ад сітуацыі, што была не больш як паўгады таму, але тут ёсць адзін нюанс. Справа ў тым, што большасць заўзятароў не ведала, што моўнае пытанне вырашаецца самой камандай, людзям падавалася, што як часта бывае, усе пытанні вырашаюцца зверху, без уліку гульцоў, адміністрацыі і ў першую чаргу заўзятароў. Убачыўшы адказ з ФК “Гомель” адміністратары суполкі ФК «ГОМЕЛЬ» | FC «GOMEL» [Official Group] зноў стварылі  апытанне на тэму на якой мове павінны быць надпісы на форме гомельскіх футбалістаў, далучыўшы да яго і адказ з клуба.

На гэты раз у апытанні прыняло ўдзел больш чым у тры разы заўзятароў гомельскага клуба, сярод якіх былі таксама і прадстаўнікі каманды. Але не колькасць была галоўнай, а тое, што з 1737 чалавек 1255 ці 72,3% аддалі свае галасы за беларускую мову! 

А толькі 4 месяцы таму ў падобным апытанні за беларускую мову было толькі 46,7%. Асабіста я быў уражаны такой рэзкай зменай настрояў, бо колькасць тых заўзятароў, што падтрымлівала рускую мову, зменшылася з 53% да 28%, іншымі словамі ў два разы. Мае ж прагнозы былі такімі, што ў лепшым выпадку за беларускую мову ў гэтым годзе будзе на 5-7% больш чым у мінулым сезоне.

Нават сярод тых удзельнікаў каманды, што прымалі ўдзел у інтэрнэт-галасаванні моўныя прыхільнасці падзяліліся. Напрыклад, той жа дырэктар ФК “Гомель” Яўген Пабалавец выказаўся за беларускую мову. Што казаць, вельмі прыемная навіна і тэндэнцыя назіраецца сярод прыхільнікаў гомельскага клуба.

Але якую мову абярэ каманда ФК “Гомель”. У мінулым сезоне іх сімпатыі супалі з сімпатыямі заўзятароў, і была абрана руская мова. У гэтым сезоне абсалютная большасць заўзятараў за беларускую мову і спадзяемся, каманда пачуе іх голас і як у мінулым сезоне выбар каманды і заўзятароў супадзе. Бо футбол гэта камандная гульня, а футбалісты, адміністрацыя і заўзятары гэта адна каманда. А поспехі прыходзяць толькі тады, калі ў камандзе гармонія і ўзаемапавага.

 Аддаючы даніну павагі меркаванню заўзятароў, клуб можа быць упэўнены ў добрай падтрымцы і поўных трыбунах. І перамогах.



 Першая публікацыя telegraf.by

.
13.04.13 10:28
загружаются комментарии