Гэта наш палескі стыль?

Хоць гаворка пойдзе пра футбол і беларускую мову, асноўна тэмай усё ж будзе хлусня. Хлусня і непавага адзін да аднаго, што на прыкладзе футболу развілася ў беларускім грамадстве, прымушаючы людзей забываць аб тым, якую памяць яны пакінуць аб сябе. Забываць аб тым, што мур, узбудаваны на хлусні ніколі не будзе ні моцны, ні прыгожым, ні даўгавечным і хутка разбурыцца, хутчэй за ўсё наогул не дабудаваным. 
 
Футбольны клуб "Гомель" навёў мяне на думку звярнуцца ў 2012 годзе да ўсіх клубаў Вышэйшай лігі беларускага чэмпіянату з прапановай больш выкарыстоўваць беларускую мову ў іх жыцці. Падштурхнула тое, што на гомелькім стадыёне "Цэнтральны" з'явіўся дыктар, што каментаваў матчы па-беларуску. Для Беларусі гэта, нажаль, рэдкасць. Таму ў 2012 годзя ў ФК "Гомель" ліст з прапановамі нават не дасылаўся, бо, здавалася, клуб сапраўды стаў на шлях беларусізацыі. Ад большасці клубаў у 2012 годзе прыйшоў адказ, што, паколькі чэмпіянат ужо пачаўся, уводзіць нешта новае, у тым ліку і мову, зараз альбо немагчыма, альбо складана. Канечне ж, гэта былі адпіскі, але хоць і прыкрыя, ды ўсё ж лагічныя і прамой хлусні ў іх не было. Але, між тым, клубы запэўнівалі, што ў наступным чэмпіянаце, паспрабуюць правесці прапановы ў жыццё.
 
Таму ў 2013 годзе быў падрыхтаваны новы  зварот да клубаў, з прапановай выкарыстання беларускай мовы. На гэты раз ён быў дасланы і ў ФК "Гомель", бо была ўпэўненасць, што клуб пачаўшы з беларускамоўнага дыктара, можа без праблем пашыраць беларускую мову і далей, стаўшы сапраўдным флагманам у гэтым пытанні для іншых клубаў беларускага чэмпіянату.
 
Таму спынімся на гомельскім клубе. 25 лютага 2013 года прыйшоў даволі пазітыўны  адказ за подпісам намесніка дырэктара ФК "Гомель" Віталя Кушнера, дзе між іншым паведамлялася, што "в 2012 году озвучивание матча производилось на белорусском языке и практика прошлого года по дикторскому сопровождению на белорусском языке сохранится и в сезоне 2013 года." Безумоўна, гэта была пазітыўная навіна пазнака зараджэння добрай традыцыі. Акрамя гэтага паведамлялася, што "выбор языка, на котором будут написаны фамилии футболистов на спортивной форме, принадлежит команде. В 2012 году такое голосование проходило, и команда выбрала русский язык. Голосование по этому вопросу в 2013 году состоится позже, и о результатах Вы можете узнать дополнительно." Безумоўна, было прыемна даведацца, што моўнае пытанне вырашаецца калегіяльна, улічваючы пажаданні большасці футбалістаў. З іншага боку ўзнікала пытанне, ці слушна прыслухоўвацца толькі да меркавання футбалістаў, не ўлічваючы меркаванне заўзятароў і адміністрацыі клуба. Бо ўсё ж, як мне падаецца, перафразуючы словы выбітнага беларуса, не заўзятары для футболу, а футбол для заўзятароў. З такой прапановай і быў накіраваны  зварот да кіраўніцтва клуба. 
 
Неабходна адзначыць, што  На афіцыйнай  старонцы ФК “Гомель” Вконтакте ФК «ГОМЕЛЬ» | FC «GOMEL» [Official Group]  18 лістапада 2012 года ў суполцы было створана апытанне якое паведамляла, што “Рэгламент чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па футболу сцвярджае (п.7.8 ): "..над номером футболиста должна быть размещена надпись на белорусском или русском языке печатными буквами с фамилией или псевдонимом футболиста с высотой букв 7,5 см…» і пытаннямі аб тым, на якой мове хацелі б бачыць гомельскія заўзятары надпісы на спартыўнай форме футбалістаў ФК “Гомель”.
 
У  апытанні прыняло ўдзел 454 чалавек, з якіх 241, ці 53,1% падтрымала надпісы па-руску.  Такім чынам, хоць і не на шмат, але пытанне было станоўча вырашана на карысць рускай мовы і зноў узнімаць яго ў бліжэйшы час не мела сэнсу, бо тыя, для каго гуляюць футбалісты, выказаліся адназначна за рускую мову.
 
Напачатку сёлетняга чэмпіянату адміністратары суполкі ФК «ГОМЕЛЬ» | FC «GOMEL» [Official Group] зноў стварылі апытанне па тэме, на якой мове павінны быць надпісы на форме гомельскіх футбалістаў.
 
На гэты раз у апытанні прыняло ўдзел больш чым у тры разы заўзятароў гомельскага клуба, сярод якіх былі таксама і прадстаўнікі каманды і адміністрацыі. Але не колькасць была галоўнай, а тое, што з 1761 чалавек 1270 ці 72,1% аддалі свае галасы за беларускую мову.
 
Таму лагічна, што меркаванне заўзятароў павінны было быць улічана як футбалістамі, так і клубам.
 
Але далей пачынаецца самае цікавае і тут важна ўлічваць храналогію развіцця падзей.
 
22 красавіка 2013 з ФК "Гомель" паступіў  адказ на зварот.
 
У ім за подпісам дырэктара ФК "Гомель" Яўгена Пабалаўца паведамлялася, што "у сезоне 2013 агучванне пад час матчаў каманды на стадыёне "Цэнтральны" працягнецца на беларускай мове, а таксама мы паспрабуем на афіцыйным сайце пачаць друкаванне навінаў на беларускай мове". Што і казаць, інфармацыя вельмі пазітыўная. Але гэта было не ўсё.
 
У адказе паведамлялася таксама, што "у гэтым сезоне пры прыняцці рашэння, на якой мове пісаць прозвішчы на майках гульцоў, улічвалася адразу некалькі фактараў. А менавіта: жаданне саміх футбалістаў (вынік іх галасавання быў агучаны галоўным трэнерам - руская мова), меркаванне кіраўніцтва клуба (беларуская мова), меркаванне балельшчыкаў (беларуская мова) і меркаванне тытульных спонсараў клуба (гандлёвыя знакі напісаны ў рускай транскрыпцыі). Улічваючы вышэй прыведзеныя фактары, было прынята рашэнне, што ў сезоне 2013 на гульнявых футболках прозвішчы гульцоў будуць пісацца на рускай мове.
 
Падаецца, усё цывілізавана, дэмакратычна і прыгожа, у лепшых традыцыях Fair Play.
 
Але Fair Play па-гомельску трактуецца крыху інакш, чым гэта прынята ў іншых улубах і чэмпіянатах.

Разгледзім адказ па пунктах.

25 красавіка ў 13.59 на сайце  Еўрарадыё з'явіўся каментар прадстаўніка клуба (нажаль у матэрыяле не было пазначана яго прозвішча), які паведаміў, што "мы были готовы писать на беларускай мове, это совершенно не принципиальный вопрос. Может быть беларуская мова какого то бы и шарма добавила, но я говорю, что от клубов сейчас в соответствии с новым Указом требуют деньги зарабатывать и естественно мнение рекламодателей в этой связи должно быть если не определяющим, то должно иметь очень большой вес".

З гэтага каментара можна меркаваць, што рэкламадаўцы не жадаюць, каб надпісы прозвішчаў футбалістаў на іх форме былі па-беларуску.
Гэта суадносіцца з лістом з клуба ад 22 красавіка, дзе сказана, што пры вырашэнні пытані мовы прозвішчаў улічвалася меркаванне тытульных спонсараў клуба (гандлёвыя знакі напісаны ў рускай транскрыпцыі).
 
Але размова аб перакладзе гандлёвых знакаў рэкламадаўцаў ніколі не вялася, аб чым і сведчыць тэкст звароту да клуба , дзе прапаноўвалася пісаць па-беларуску не ўсе надпісы на форме футбалістаў, а толькі іх прозвішчы.

Таму зараз узнікае пытанне, ці сапраўды тытульныя спонсары і рэкламадаўцы выказваліся за напісанне прозвішчаў футбалістаў па-руску, альбо толькі за тое, каб па-руску пісаліся толькі іх гандлёвыя знакі. Але, як было сказана вышэй, гэта іх права ніколі не ставілася пад сумнеў.
 
Можна выказаць меркаванне, што такім чынам была зроблена спроба матываваць і звязаць ужо і так прынятае рашэнне ўжываць рускую мову з пазіцыі эканамічнай абгрунтаванасці.
 
Так сама ў матэрыяле Еўрарадыё паведамлялася, што "у клубе кажуць, што галасаванне, якое праходзіла ў "Вконтакте", выклікала шмат сумненняў. Пасля аналізу тых, хто галасаваў за беларускую мову, кіраўніцтва клуба высветліла, што там шмат накрутак і большасць удзельнікаў цяжка назваць заўзятарамі клуба. Таму вынік у 70% на карысць роднай мовы не стаў вызначальным".
 
Між тым, у лісце ад 22 красавіка паведамлялася, што пры прыняцце рашэння аб мове напісання прозвішчаў на форме футбалістаў улічвалася меркаванне заўзятароў, што выкаўаліся за беларускую мову.
 
Ні аб ніякіх накрутках і аб тым, хто заўзятар, а хто не, размовы ў згаданым лісце не вялося. Узнікае пытанне, навошта наогул стваралася апытанне ў адкрытай афіцыйнай суполцы клуба ў Вконтакте, дзе, дарэчы, апытанне было не ананімным, навошта на яго спасылаліся без нейкіх прэтэнзій ў лісце ад 22 красавіка, а ўжо 25 красавіка паведамляць аб тым, што апытанне ў Вконтакце абсалютна не легітымнае па некалькіх крытэрах і ў разлік не бярэцца. Можна меркаваць, што ў выпадку, калі б 72% заўзятароў выказаліся не за беларускую, а за рускую мову, да іх бы прэтэнзіяў не было. Да таго ж у дадзеным выпадку накруткі не магчымы па той прычыне, што апытанне, як ужо было сказана, праходзіла не ананімна і кожны голас і асобу можна бачыць і праверыць. Той жа Яўген Пабалавец галасаваў за беларускую мову.
 
Выклікае здзіўленне і ўпамінанне аб тым, што "большасць удзельнікаў цяжка назваць заўзятарамі клуба". Цікава, як вызначалі, хто заўзятар ФК "Гомель", а хто не. Можа пыталі членскі білет, чэрап мералі ці на паліграфе правяралі? Падаецца, кожны клуб зацікаўлены ў росце колькасці сваіх прыхільнікаў, а такія маркетынгавыя хады дакладна прыхільнасці яму не дабаўляюць. Заўзятары пазбаўляюцца права голаса, іх меркаванне не ўлічваецца.
 
Таму ўзнікае пытанне, ці патрэбна ім хадзіць на стадыён "Цэнтральны" і плаціць грошы за квіткі? Каманду можна і на выяздах падтрымаць, што і робяць гомельскія фанаты, адныя з найлепшых у Беларусі, а звычайны заўзятар можа гульню і праз трансляцыю на тым жа партале tut.by паглядзець, які свае футбольныя агляды, дарэчы, праводзіць па-беларуску. А гэтае рашэнне ён прыняў праз тую ж апытанку ў Вконтакце, калі перамагла беларуская мова. І ў яго не было недарэчных прэтэнзій наконт таго,  што можа быць вынікі накручаныя, а большасць удзельнікаў апытання не з'яўляюцца наведвальнікамі сайта.
 
Ці патрэбна ў такім разе заўзятару наведваць фірмовую краму ФК "Гомель" і набываць там атрыбутыку клуба? Яе можна набыць і ў Барысавіча, ці ў хлопцаў з фанацкага сектару.
 
Калі "от клубов сейчас в соответствии с новым Указом требуют деньги заробатывать и естественно мнение рекламодателей в этой связи должно быть если не опредиляющим", а меркаванне заўзятараў не ўлічваецца, то ці варта дапамагаць клубу ў гэтым выпадку "деньги заробатывать"? Падтрымаць каманду можна і без гэтага.
 
У тым жа матэрыяле Еўрарадыё акрамя вышэй названага паведамлялася, што "адміністрацыя клуба выказалася за беларускую, футбалісты — за рускую мову". Гэта інфармацыя супадае з той, што была агучана ў лісце ад 22 красавіка. А матэрыял Еўрарадыё, нагадаю, з'явіўся 25 красавіка ў 13.59.
 
25 красавіка ў 14.23 на сайце газеты  "Наша Ніва" з'яўляецца каментар нападаючага ФК "Гомель" Генадзя Блізнюка, дзе ён паведамляе, што "Нават не ведаю, як гэта каментаваць. Асабіста я ні ў якім галасаванні не ўдзельнічаў. Але цяпер я не ў Гомелі. Ну, можа, сапраўды большасць захацела, каб было па-расейску. Патэлефануйце капітану Сяргею Канцавому".

Журналіст тэлефануе капітану ФК "Гомель" Сяргею Канцавому і атрымоўвае наступны адказ "Сам толькі што прачытаў гэтую навіну ў інтэрнэце. Скажу адно, што ў нас ніхто пра гэта не пытаўся".
 
Што мы бачым? Капітан каманды ні аб якім галасаванні не чуў і сам даведаўся аб ім з інтэрнэту. Няхай Генадзь Блізнюк аб'ектыўна не мог удзельнічаць у галасаванні, бо быў на лячэнні ў Мінску, але капітан каманды Сяргей Канцавы быў на месцы і выказаўся ад імя каманды "Скажу адно, што ў нас ніхто пра гэта не пытаўся".
 
Узнікае пытанне: хто хлусіць? Варыянтаў можа быць некалькі. Разгледзім некалькі дзеючых асоб, чые пазіцыі ў дадзеным выпадку могуць быць дыяметральна супрацьлеглымі.
 
Намеснік дырэктара ФК "Гомель" Віталь Кушнер складаў ліст, у якім паведамляецца, што футбалісты прагаласавалі за рускую мову.
 
Дырэктар ФК "Гомель" Яўген Пабалавец паставіў пад гэтым лістом свой подпіс.
 
Галоўны трэнер ФК "Гомель", зыгодзячы з ліста, агучыў вынікі галасавання і тое, што футбалісты абралі рускую мову.
 
Капітан ФК "Гомеля" паведаміў ад імя футбалістаў, што "ў нас ніхто пра гэта не пытаўся".
 
Магчыма, у зман мог увесці і невядомы пасярэднік, што паведаміў галоўнаму трэнеру пра вынікі галасавання, якога не было.
 
Як бачна, сітуацыя неадназначная. Адміністрацыя паведамляе, што галасаване было і была абрана руская мова, капітан каманды сведчыць аб тым, што галасавання наогул не было.
 
Але вернімся да храналогіі развіцця падзей.
 
25 красавіка ў 17.27 на ў раздзеле "Канферэнцыя" на афіцыйным  сайце ФК "Гомель"  з'явілася пытанне зарэгістраванага наведвальніка сайта пад нікам "ЗелёноБелый". Прывяду яго цалкам:

 1) "Учора з’явілася інфармацыя, што футбалісты «Гомеля» адмовіліся ад таго, каб прозвішчы на іх майках пісаліся на беларускай мове. Такі адказ прыйшоў грамадскаму актывісту Ігара Случаку. Адказ за подпісам дырэктара клуба Яўгена Пабалаўца змяшчаў тлумачэнне, што самі футбалісты выказаліся за рускую мову. Такое рашэнне гульцоў агучыў галоўны трэнер Аляксей Мяркулаў".
 2) "Сяргей Канцавы: «У нас ніхто не пытаўся пра мову»". Прокомментируйте пожалуйста."
 
На дадзенае пытанне чалавек адказны за вядзенне канферэнцыі на афіцыйным сайце напісаў, нажаль ананімна, наступнае:
"Пусть автор опуса приведёт конкретную цитату. Я устал от подстав в таком плане. Там чётко сказано, что решение нам озвучил главный тренер. Почему в ответе этого нет? Не знаю... У игроков спросили - все за русский. Так что... Делайте выводы сами..."
 
Гэты адказ наогул цяжкі для ўспрымання, але паспрабуем разабрацца з ім.
 
"Пусть автор опуса приведёт конкретную цитату. Я устал от подстав в таком плане. Там чётко сказано, что решение нам озвучил главный тренер".
 
Мяркуючы па ўсім пад "автором опуса" меўся на ўвазе журналіст "Нашай Нівы", цытаты з  матэрыяла якога і прыводзіць наведвальнік сайта  ад нікам "ЗелёноБелый". Але ў самім жа пытанні "ЗелёноБелого" і была "приведена конкретная цитата", аб тым, што "рашэнне гульцоў агучыў галоўны трэнер Аляксей Мяркулаў". Ад якіх тады падстаў і ў якім плане "устал" той, хто адказваў на пытанне?

Далей ідзе незразумелы выраз "Почему в ответе этого нет? Не знаю...". Што тут мелася на ўвазе... "Не знаю..." Але і ў матэрыяле "Нашай Нівы" і ў самім  лісце было "чётко сказано, что решение  озвучил главный тренер".

І апошні, можна сказаць ключавы момант "У игроков спросили - все за русский. Так что... Делайте выводы сами..."
 
Нагадаю, што гэты адказ на афіцыйным сайце ФК "Гомель" з'явіўся 25 красавіка ў 17.27, у той час як у 14.23 капітан ФК "Гомель" Сяргей Канцавы на сайце "Нашай Нівы" паведаміў, "што ў нас (гульцоў) ніхто пра гэта (мову прозвішчаў на форме) не пытаўся".
 
Зноў узнікае пытанне: хто хлусіць? ФК "Гомель" праз каментар на афіцыйным сайце і ліст ад 22 красавіка, ці футбалісты ФК "Гомель" Генадзь Блізнюк і Сяргей Канцавы праз каментары на сайце "Нашай Нівы"?
 
"Так что... Делайте выводы сами..."
 
Пытанне з мовай можа добра ілюстраваць і сённяшні дрэнны стан ФК "Гомель" у сёлетнім чэмпіянаце. Калі ў адміністрацыі няма нармальнага кантакту з камандай, трэнерскім штабам і заўзятарамі, калі ў трэнерскага штабу няма кантакту з футбалістамі і адміністрацыяй, калі ў футбалістаў няма кантакту з трэнерам, то аб якіх добрых выніках можна казаць і здзіўляцца, што на сённяшні дзень клуб у канцы турнірнай табліцы. Так можна і да першай лігі дагуляцца.
 
Але галоўнае, што нічога годнага і вялікага не можа з'явіцца там, дзе хлусня і крывадушша, дзе няма павагі, дзя кожны шукае толькі сваю выгаду і задавальняе толькі свае патрэбы. У такіх умовах не можа быць каманды. А мова з'явілася толькі лакмусавай паперкай і паказчыкам таго, якая атмасфера зараз у гомельскім клубе.
 
Магчыма надыйшоў час спыніць хлусню і рабіць выгляд, што з домам усё ў парадку, калі сцены і дах ужо ў агні? Можа надыйшоў час перастаць шукаць апраўданні і вінаватых, а пачаць будаваць каманду, дзе заўзятары, футбалісты, трэнерскі штаб, адміністрацыя і спонсары адна сям'я з адной мэтай?
 

Ці можа зараз такі наш палескі стыль? 
.
30.04.13 4:08
загружаются комментарии