Хочаш беларускай мовы – дакажы, што яна табе патрэбна!

Прыемная  навіна прыйшла з берагоў Буга. Мясцовы клуб "Дынама-Брэст" ў ХХІІІ чэмпіянаце Беларусі па футболе ў Вышэйшай лізе будзе пісаць прозвішчы на форме футбалістаў па-беларуску. 
Здавалася б, што ў гэтым такога, шэраговая з'ява, хіба можна лічыць за навіну тое, на якой мове будуць надпісы на форме?

Магчыма і так, але не ў Беларусі, дзе фармальна пры роўнасці моў перавага паўсюль аддаецца рускай мове. Да таго ж ужо шмат часу ні адзін з клубаў Вышэйшай лігі беларускага футбола не выкарыстоўваў беларускую мову на сваёй спартыўнай форме. Адным словам, для мяне, як чалавека, што паважае беларускую мову і жадае яе больш шырокага выкарыстання гэта была добрая навіна. 

Да таго ж футбол мне таксама падабаецца і мой родны ФК "Гомель", падаецца, сур'ёзна стаў на шлях беларусізацыі футбола і спадзяюся таксама падтрымае брэсцкіх дынамаўцаў і сваіх заўзятароў, 73% якіх падтрымлівае напісанне прозвішчаў гульцоў на форме па беларуску.

Між тым, праглядаючы каментары да гэтай навіны на спартовых і не спартовых сайтах, я заўважыў там каментары накшталт "У ПСЖ надпісы па-французку, у "Манчэсцеры" - па-англійску, а ў "Баварыі" - па-нямецку. І ў Беларусі, натуральна, павінны быць па-беларуску, знайшлі мне навіну!" 

Так, магчыма, у Беларусі і павінны быць па-беларуску, але калі ўсіх задавальняе па-руску, то навошта адыходзіць ад агульнапрынятага ў Беларусі стандарта? Да таго ж я б прывёў у гэтым прыкладзе не ПСЖ, Манчэсцер ці Баварыю, а першы на сённяшні час каталонскі футбольны клуб "Барселону". Каталонская мова нават не дзяржаўная ў Іспаніі, але галоўная старонка сайта па-каталонску, надпісы на форме таксама і ўпэўнены, што дыктар на стадыёне таксама па-каталонску гульню асвятляе. Адзінай прычына тут у тым, што заўзятарам патрэбна каталонская мова ў футболе, а клуб ведае аб гэтым пажаданні і ідзе насустрач заўзятарам.

Тое ж самае і ў Беларусі. Упэўнены, што калі б я не  звярнуўся ў 2012 годзе да кіраўніцтва "Дынама-Брэст" з прапановай больш шырока ўжываць беларускую мову, а ў 2013 годзе не нагадаў аб гэтай прапанове, былі б і ў гэтым чэмпіянаце надпісы на форме па-руску. Бо, як я ўжо казаў, навашта рабіць нешта новае, калі і старое ўсіх задавальняе.

Канечне, сітуацыя з беларускай мовай у Беларусі складаная, але нельга і не справядліва перакладаць усю адказнасць на заняпад беларускай мовы на дзяржаву. У заняпадзе беларускай мовы ў першую чаргу вінаватыя мы самі. Так, дзяржава не асабліва падтрымлівае беларускую мову, але з чаго вы ўзялі, што яна павінна нешта падтрымліваць? Па-сапраўднаму пакажыце, што мова патрэбна і сітуацыя зменіцца. Бо і ў Барселоне маглі б спакойна іспанскую мову выкарыстоўваць.

Беларуская ж мова фармальна з рускай у роўных правах, проста каб у сённяшняй сітуацыі яе выкарыстоўваць трэба прыкласці больш намаганняў, быць першапраходцам. Я ведаю шмат людзей, што вядуць сваю справу па-беларуску, выкладаюць па-беларуску, размаўляюць увесь час па-беларуску і па-беларуску вядуць эканамічную, тэхнічную і яшчэ шмат якую дакументацыю, якую звычайнаму чалавеку не зразумець, няглядзячы на тое, на якой бы мове гэта напісана не было. І ўсё ў іх добра.

Трэба проста разумець, што сапраўдных мованенавіснікаў у Беларусі адзінкі, і тое гэта нянавісць у іх выклікана нейкімі ірацыянальнымі праблемамі ці комплексамі. Для большасці ж проста ўсё роўна, якой мовай ты карыстаешся ў працы, галоўнае выконвай свае абавязкі якасна.

Таму проста пачніце выкарыстоўваць беларускую мову самі, паказвайце пры нагодзе, што ў той ці іншай сферы вам патрэбна беларуская мова і вашы пажаданні безумоўна будуць улічаны.

Але калі вас задавальняе сітуацыя, калі беларуская мова не гучыць і вы нічога не хочаце на практыцы зрабіць, каб яна загучала, то не кляніце дзяржаву, уладу і памяркоўнасць іншых, што мова знікае - у яе знікненні вінаваты будзеце толькі вы.

Але і ў яе адраджэнні будзе ваша прамая заслуга.

Проста вызначыцеся самі, чаго вы жадаеце.



Першая публікацыя telegraf.by

.
16.04.13 23:55
загружаются комментарии