Тэкст агульнанацыянальнай дыктоўкі

Тэкст, які Рада ТБМ прапануе для правядзення IV Агульнанацыянальнай дыктоўкі, прысвечанай юбілею Максіма Багдановіча

Хто мы такія?

Беларусы! Мы – вялікі народ, нас дванаццаць мільёнаў, шырока раскінуліся мы і спрадвеку жывём тут. Гэта наш край, наша старонка. Калісьці ў нас была свая дзяржава, скрозь чутно было нашу беларускую гаворку. У ёй пісалі законы, разбіралі справы па судах, вучылі ў школах, друкавалі кнігі, спраўлялі набажэнствы ў царкве ды касцёле. І ўсе размаўлялі па-нашаму: і чыноўнікі, і папы, і паны над панамі, і вялікія князі, што правілі краінай.

Жывём мы паміж народаў моцных, і маем шмат крыўды ад іх. Агляніцеся: усё наша роднае, беларускае, марнуецца, нішчыцца, знікае, бо яго забіваюць, яго прыглушаюць, ім пагарджаюць, а чужое пануе, мае сабе пашану і павагу. I – хто ведае? – быць можа, пройдзе колькі часу, і не пазнаем мы ані нашага краю, ані нашых дзяцей. I будзе скрозь усё чужое, нязвычнае, а свайго роднага – нічога.

Дык няхай жа не станецца так! Не пакінем свае гаворкі, сваіх песняў, сваіх звычаяў – свайго кроўнага, спрадвечнага, беларускага. Не адрачомся, не забудзем, не кінем на глум; будзем шанаваць, бараніць, дзецям сваім пра тое распавядаць.

Чытайма, браткі, кніжкі і газеты, пісаныя ў нашай беларускай гаворцы. Тады прыйдзе канец нашай цемнаце, праясняцца нашыя вочы, і кожны крок, што мы ступім па зямлі, будзе крокам да блізкага шчасця, да светлага жыцця.

Паводле Максіма Багдановіча

(1915)

Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...

Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы

У ціхую сінюю ноч

І сказаць:

"Бачыце гэтыя буйныя зоркі,

Ясныя зоркі Геркулеса?

Да іх ляціць наша сонца,

І нясецца за сонцам зямля.

Хто мы такія?

Толькі падарожныя – папутнікі сярод нябёс.

Нашто ж на зямлі

Сваркі і звадкі, боль і горыч,

Калі ўсе мы разам ляцім

Да зор?"

Максім Багдановіч

(1915
15.02.11 19:38



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Станіслаў Суднік