Больш за 70 чалавек пісалі Агульнанацыянальную дыктоўку ў Магілёве

Больш за семдзесят магілёўцаў 20 лютага ўзялі ўдзел у напісанні агульнабеларускай дыктоўкі, прымеркаванай да Міжнароднага дня роднай мовы. У чацвёрты раз яе арганізавала гарадская суполка Таварыства беларускай мовы і клуб "Натхненне". Эсэ Максіма Багдановіча "Хто мы такія?" рупліўцы беларукай мовы пісалі ў Палацы культуры вобласці. Тэкс начытвала настаўніца магілёўскай гімназіі N1 Ганна Бандарэнка. Беларускую дыктоўку разам пісалі дзеці малодшых класаў і пенсіянеры. Шмат моладзі. Актывісты палітычных партыяў, грамадскіх арганізацыяў і проста неабыякавыя да стану мовы людзі. - Дыктоўка збірае неабыякавых людзей да беларушчыны. Усіх іх аб'ядноўвае пашана да роднай мовы. Дыктоўка – гэта безумоўна падзея. Яе напісанне для Магілёва ўжо традыцыя. Людзям сталага веку хочацца ўзнавіць у памяці свае школьныя, студэнцкія гады, а малым дзецям даведацца, што ж гэта такое – пісаць тэксты па-беларуску, – адзначае старшыня суполкі ТБМ Алег Дзячкоў. Сёлетняя дыктоўку шырока анансавалася ў дзяржаўных СМІ. Напярэдадні старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Станіслаў Бара-даўка павіншаваў па-беларуску магілёўцаў з Днём роднай мовы. Віншаванне кіраўнік гарадской вертыкалі скончыў словамі "Са святам!". Ці ёсць святам у Беларусі ўсясветны Дзень роднай мовы? Руплівец беларушчыны, удзельнік дыктоўкі Міхась Булавацкі не адразу адказвае – задумваецца: - Калі гэты дзень яшчэ ня стаў святам то ён абавязкова ім стане. Цяпер гэта крыху сумнае свята. Калі з мовай усё ў парадку, мы гэты дзень не заўважаем. Калі ж не ўсё ў парадку, то мы адзначаем гэтае свята мовы. Таму яно і сумнае. Пісаў дыктоўку і былы кандыдат на прэзідэнцтва ад партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Для яго Дзень роднай мовы – свята. - Для ўсяе Беларусі гэты дзень пакуль не з'яўляецца святам – да жалю. Кожны з нас, хто напрыклад сёння прыйшоў на дыктоўку, рабіць свой унёсак, каб сітуацыя з мовай палепшала. Я веру, што лепшыя часы для беларускай мовы прыйдуць. Лепшыя часы абавязкова надыдуць. Дыктоўку пісалі больш за гадзіну. Амаль усе ўдзельнікі здалі яе на праверку. Вынікі, паабяцалі арганізатары, стануць вядомымі цягам тыдня. Паводле Радыё Свабода..
21.02.11 15:33
загружаются комментарии

Станіслаў Суднік