Агульнанацыянальная дыктоўка ў Менску

Галіна Абакунчык

У Міжнародны дзень роднай мовы Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны правяла першы этап чацьвёртай агульнабеларускай дыктоўкі. Сёлета дыктоўка прысьвечаная 120-годзьдзю ад дня нараджэньня Максіма Багдановіча. Менская дыктоўка адбылася ў літаратурным музэі Максіма Багдановіча пры ўдзеле вялікай колькасьці людзей.

Агульнанацыянальную беларускую дыктоўку ў Менску пісалі ў два заходы – усе ахвотныя не зьмясьціліся ў музэйнай залі. Па традыцыі ўдзел у акцыі прыняў амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан, а сёлета да яго далучыўся таксама прадстаўнік расейскай амбасады ў Беларусі.

Сярод вядомых людзей – мастак Аляксей Марачкін: "Я пісаў дыктоўку разам са сваёй жонкай Ірынай Сяргееўнай. Гэта, канечне, вялікае сьвята – Міжнародны дзень роднай мовы – і хацелася, каб ініцыятыву ТБМ падтрымала дзяржава. Каб гэты і наступныя гады былі гадамі беларускай мрвы – гэта вельмі важна".

Удзельнікі дыктоўкі – людзі рознага веку і заняткаў. Гэтым разам было шмат моладзі.

Карэспандэнтка: "Вы ўпершыню прымаеце ўдзел у дыктоўцы?"

Юначка: "Не, летась таксама пісалі".

Карэспандэнтка: "Прыйшлі самі ці нехта змусіў?"

Юначка: "Не, як можна? Самі прыходзім, з задавальненьнем пішам і яшчэ атрымоўваем прызы".

Карэспандэнтка: "Цяжка было пісаць? Задаволеныя, як напісалі?"

Юнак: "Не, ня цяжка, і задаволены. Пісьменнасьць яшчэ ня надта згублена пасьля школы, што вельмі прыемна – роднай мовы не забываю".

Карэспандэнтка: "Для чаго вы гэта робіце?

Юнак: "Каб падтрымаць родную мову. І мне вельмі прыемна і радасна, што бачу шмат такіх жа маладых людзей. Гэта азначае, што беларуская мова не загіне".

На чацьвёртай агульнанацыянальнай дыктоўцы сёлета пісалі вядомы верш Максіма Багдановіча "Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...".

Вынік пераўзышоў найлепшыя чаканьні, кажа адзін з арганізатараў акцыі, старшыня ТБМ Алег Трусаў:

"Я вельмі задаволены, бо гэта першая дыктоўка, калі ў залі не хапіла месца. І я вельмі ўдзячны музэю, бо яны стварылі аўру Максіма Багдановіча. Тут нават можна набыць паштоўку з партрэтам Максіма Багдановіча і тэкстам, які мы зараз пішам. Людзі вельмі задаволеныя, і мы таксама, бо такога аншлягу ў нас яшчэ не было".

Алег Трусаў паведаміў, што чацьвёртая агульнанацыянальная дыктоўка сёлета будзе праводзіцца ў тры этапы і завершыцца ў Дзень волі 25 сакавіка
22.02.11 12:58



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Станіслаў Суднік